Юрыдычная сіла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Юрыдычная сіла (англ.: juridical power) — уласцівасць афіцыйнага дакумента, якая нададзена яму дзеючым заканадаўствам або кампетэнцыяй органа, які яго выдаў. Юрыдычная сіла азначае дастасавальнасць закона ці іншага юрыдычнага дакумента ў пэўны час на пэўнай тэрыторыі.

Нарматыўныя прававыя акты дзейнічаюць ад моманту ўступлення ў сілу да моманту страты сілы. Пры гэтым яны маюць сілу толькі на тэрыторыі дзяржавы, або асобных адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак. Па ступені дастасавальнасці акты падзяляюцца на законы і падзаконныя акты, юрыдычная сіла апошніх ніжэй. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь мае вышэйшую юрыдычную сілу.

Уступленне ў сілу[правіць | правіць зыходнік]

Уступленне ў сілу — прадугледжаны нормамі права (заканадаўствам) парадак надання закону юрыдычнай сілы, г.зн. нарматыўна-прававы акт становіцца дзеючай крыніцай права.

Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законы Рэспублікі Беларусь уступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля іх афіцыйнага апублікавання, калі ў гэтых актах не ўстаноўлены іншы тэрмін.

Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншыя нарматыўныя прававыя акты, за выключэннем дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законаў Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаноў палат Парламента, ўступаюць у сілу з дня ўключэння іх у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, калі ў гэтых актах не ўстаноўлены іншы тэрмін.

Пастановы палат Парламента — Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь уступаюць у сілу з моманту прыняцця, калі іншае не прадугледжана ў саміх пастановах.

Нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, уступаюць у сілу толькі пасля іх афіцыйнага апублікавання. Пры гэтым нарматыўныя прававыя акты публікуюцца пасля ўключэння іх у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не прадугледжана Законам аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. № 361-3.

Страта сілы[правіць | правіць зыходнік]

Страта нарматыўным актам юрыдычнай сілы адбываецца ў наступных абставінах:

а) заканчэнне тэрміну, калі нарматыўны акт выдадзены на пэўны тэрмін;

б) прамая адмена дадзенага акта іншым актам, выдадзеным кампетэнтным праватворчым органам;

в) фактычная адмена (замена), калі кампетэнтным органам выдаецца новы нарматыўны акт, які ўстанаўлівае па гэтым пытанні новыя правілы паводзін; ў гэтым выпадку юрыдычныя нормы, якія дзейнічалі раней, губляюць сілу з дня ўвядзення ў дзеянне новага акта.

Зваротная сіла[правіць | правіць зыходнік]

Зваротная сіла — дзеянне закона ці іншай нормы права ў дачыненні да падзей, якія мелі месца да ўступлення закона ў сілу. Зваротная сіла закона звычайна ўжываецца ў адносінах паміж дзяржавай і індывідамі, прычым робіцца гэта ў інтарэсах індывідаў. Прыкладамі прымянення зваротнай сілы закона з’яўляюцца пенсійнае заканадаўства і нормы крымінальнага права, якія ліквідуюць або змякчаюць адказнасць за раней учыненае злачынства. Тым не менш, Канстытуцыямі многіх краін прымяненне зваротнай сілы закона прама забаронена, перш за ўсё, у крымінальным праве, у выпадках устанаўлення адказнасці, якая раней не існавала або ўзмацнення адказнасці, якая існавала раней.