Юрый Кашыра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрый Кашыра
Дата нараджэння 4 красавіка 1904
Месца нараджэння Аляксандрова, Мёрскі раён
Дата смерці 18 лютага 1943
Месца смерці Росіца, акруговы раён Глыбокае, галоўны раён Мінск, генеральная акруга Беларусь, рэйхскамісарыят Остланд
Шануецца Каталіцкая Царква
Беатыфікаваны 13 чэрвеня 1999
У ліку Блажэнны
Галоўная святыня Царква Найсвяцейшай Тройцы
Дзень памяці 12 чэрвеня
Падзвіжніцтва пакутніцкая смерць
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юрый Кашы́ра (4 красавіка 1904 года, в. Александрова, каля Дзісны — 18 лютага 1943 года, Росіца, акруговы раён Глыбокае, галоўны раён Мінск, генеральная акруга Беларусь, рэйхскамісарыят Остланд) — рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II падчас яго наведвання Варшавы 13 чэрвеня 1999 года.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сям’я, дзяцінства, вучоба і пачатак служэння[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям’і з каталіцкімі каранямі (візантыйскага абраду). Быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве вёске Чарасы. Следам за маці (прыняла каталіцтва ў 1907 годзе) 22 кастрычніка 1922 года Юры прыняў каталіцтва і выбраў менавіта рымскі абрад (у тыя часы яшчэ не было сучасных правіл змены абрада). У 1923 уступіў у Друйскі манастыр марыянаў, дзе таксама вучыўся ў марыянскай гімназіі і такім чынам, скончыў сярэднюю адукацыю. Быў пастрыжаны ў манахі 2 жніўня 1926 года. Навіцыят адбываў у Друі, якім кіраваў айцец Андрэй Цікота. Потым быў пасланы ў Рым для атрымання багаслоўскай і філасофскай адукацыі, потым, пасля вяртання на Беларусь, быў адпраўленны таксама вучыцца ў семінарыю ў Вільні. Пасля сканчэння Віленскайй семінарыі атрымаў дыяканскую, а потым, 20 чэрвеня 1935 года, і прэсвітарскую хіратонію ў друйскай царкве. Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі з ордэнскай моладдзю катэхізатарам, таксама займаўся выхоўваннем семінарыстаў. У 1938 годзе польскія ўлады, за яго прабеларускую дзейнасць, адыслалі яго і іншых айцоў-марыян. Яго адыслалі да манастыра марыян у Расне. Пасля таго, як у 1939 годзе бальшавікі захапілі Расну, ён вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы. Праз пэўны час айцец Юры вымушаны зноў пераехаў у Вільню, каб зноў апынуцца ў Друі. У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. У 1943 застаўся разам зь людзьмі, зачыненымі фашыстамі ў вясковай хаце, дзе й згарэў жыўцом.

Пазней, разам з айцом Ляшчэвічам, вёў пастарскую дзейнасць у Росіцы на Віцебшчыне. Адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Місія ў Росіцы[правіць | правіць зыходнік]

Фасад Царквы Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы.

Нягледзячы на тэрытарыяльную блізкасць да Друі, Росіца не ўваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы, дзе рэлігійнае жыццё каталікоў не парушалася ніякімі пераследамі, але заставалася ў складзе БССР, на тэрыторыі якой жорсткі пераслед рэлігіі пачаўся амаль што адразу з усталяваннем на Беларусі камуністычнай улады. Каб вырашыць праблемы тых жыхароў БССР, якія, хоць і былі прыгнечаны трагедыяй пачатку вайны, але намагаліся ўзнавіць сваю сувязь з Богам і Царквой, восенню 1941 года, айцы-марыяне і сёстры-еўхарысткі пачалі рыхтавацца да місіі. У верасні 1941 года 4 сястры з Друйскага манастыра выправіліся за былую савецка-польскую мяжу. У тую ж самую восень пытанне аб місіях ва Усходняй Беларусі было ўзгоднена з тагачасным Віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім, які і блаславіў марыян і сясцёр-еўхарыстак на працу.

Першая Святая Імша ў Росіцы пасля доўгага перапынку адбылася яшчэ да прыезду туды місіянераў з Друі. У самым пачатку вайны нейкі час там працаваў айцец Гайлевіч. У лістападзе туды прыехаў з сёстрамі-еўхарысткамі айцец Ляшчэвіч.

На момант прыезду ў Росіцу айца Юрыя з неараманскай рыма-каталіцкай царквы зрабілі вясковы клуб, яго вежы знеслі, а званы аддалі мясцоваму калгасу. У вёсцы была спустошана таксама і праваслаўная царква.

У чэрвені 1942 года ў росіцкай місіі адбыліся змены: айцец Чачот, які датуль займаўся рамонтам царквы ў Росіцы і дапамагаў у душпастырскай працы айцу Ляшчэвічу, вярнуўся ў Друю, а ў Росіцу замест яго прыехаў айцец Юры Кашыра.

Генеральная маці законнай супольнасці сясцёр-еўхарыстак Юзэфа Жук успамінае росіцкую місію наступным чынам:[1]:

" Дарослыя прыходзілі на свае навукі, калі вечарэла, і слухалі іх дзве альбо тры гадзіны. У той самы час іншая сястра ў другім доме або ў іншым пакоі вучыла моладзь.

Калі курс навучання ўжо быў закончаны, прыязджалі святары і для ўсіх, хто прыходзіў на навуку, рабілі апошні іспыт. Назаўтра ж ранкам спавядалі, хрысцілі, бласлаўлялі шлюб і адпраўлялі Святую Імшу, у якой удзельнічалі ўсе жыхары вёскі і разам з сёстрамі прымалі Святую Камунію. (…)

Пасля супольнага снедання мясцовыя людзі ўрачыста развітваліся з місіянерамі і місіянеркамі, спяваючы часта са слязьмі на вачах рэлігійныя песні, да прыкладу: «Не пакінь нас, Езу, не пакінь» альбо «Літасціва маці»… Місіянеры часцей за ўсё вярталіся ў свае галоўныя місійныя пункты, а місіянеркі ішлі ў наступны катэхетычны пункт, каб там зноў пачаць сваю працу, навучаючы рэлігіі наступную групу і рыхтуючы яе да экзаменаў.

І зноў людзі прымалі сясцёр з радасцю ў свае хаты і дзяліліся з імі, у літаральным сэнсе, кавалкам чорнага хлеба. (…)

"
Помнік ахвярам нацыстаў у Росіцы.

У 1943 годзе ў сувязі з павышанай актыўнасцю партызанаў-камуністаў праз некалькі дзён пасля новага года сфармаваная з добраахвотнікаў карная экспедыцыя з’явілася ў Друі і пачала праводзіць вучэнні, заняўшы верхні паверх манастыра[2]. Неўзабаве экспедыцыя перасякла Дзвіну і накіравалася ў Росіцу. Як толькі карнікі пакінулі марыянскі манастыр, семінарыст Генрых Тамашэўскі выехаў у Дрысу, дзе айцец Ляшчэвіч кожную нядзелю адпраўляў Святую Імшу, з мэтай папярэдзіць апошняга аб небяспецы. Генрых Тамашэўскі ўспамінаў наступнае[3]:

" Я павінен быў доўга пераконваць айца, што існуе небяспека. Ён слухаў, усміхаўся, крыху нерваваўся, але я так і не змог яго пераканаць.

— Я павінен вярнуцца. Там людзі. І да таго ж я пакінуў Святое Прычасце у царкве. Я не магу дапусціць, каб яго зневажалі. А таксама там айцец Юры. Як я магу пакінуць яго ў такой бядзе?

Урэшце, каб мяне суцешыць, ён дадаў:

— Зраблю ўсё, што неабходна, і заўтра ж з айцом Кашырам мы вернемся сюды.

Назаўтра мы раз'ехаліся. Ён — у Росіцу, я — у Друю. Бачыліся тады ў апошні раз.

— Ну, трымайся. Маліцеся за нас.

— Айцец, вяртайцеся яшчэ сёння зноў у Дрысу. Заўтра ўжо можа быць позна…

Гэта было ў нядзелю. 14 лютага.

"

У аўторак раніцай, 16 лютага, пачалі біць званы: карнікі зганялі ў росіцкую царкву матак з немаўлятамі, дзяцей, маладых і старых людзей, а таксама сясцёр-еўхарыстак[4]. Па сведчаннях Марты Пірог, многія жыхары паспелі збегчы з вёскі, але тых, каго лавілі падчас уцёкаў, зганялі ў розныя памяшканні, замыкалі, абкідвалі гранатамі і падпальвалі. У росіцкай царкве былі святары Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. У адрозненні ад вясковых жыхароў, яны мелі права свабодна ўваходзіць у царкву і пакідаць яе, а таксама ў любы момант пакінуць Росіцу. Святары, аднак, засталіся і выконвалі свае абавязкі: адпраўлялі Святую Імшу, удзялялі Прычасце, спавядалі, хрысцілі дзяцей і дарослых, бласлаўлялі, суцяшалі тых, хто быў у роспачы, прыносілі дзецям хлеб. Аказваць духоўную дапамогу святарам дапамагалі сёстры-еўхарысткі. Айцу Ляшчэвічу ўдалося вызваліць з царквы спачатку адну сястру (ён прапанаваў яе карнікам на ролю гаспадыні ў іх штабе), а потым і іншых: нямецкі афіцэр дазволіў, каб усе манахіні перайшлі з царквы ў плябанію (для абслугоўвання афіцэраў), дзе і размяшчаўся штаб. Карнікі заявілі людзям, што іх вывезуць у лагеры, а дамы ў вёсцы паляць для таго, каб іх не змаглі заняць камуністычныя партызаны[5].

У сераду, 17 лютага, салдаты пачалі дзяліць людзей у царкве на групы: на правы бок царквы — для адпраўкі ў лагер, на левы — тых, што павінны былі пайсці ў агонь. Сведкі адзначаюць, што немцы паводзілі сябе больш гуманна за паліцаяў: напрыклад, нямецкі жаўнер выратаваў маці Юліі Бабок, скасаваўшы рашэнне паліцая адправіць яе на спаленне, абгрунтаваўшы гэта тым, што сям’я мусіць быць разам; дзяўчынка з сям’і Грабоўскіх, якая трапіла ў групу на лагер, а яе брат, тата і маці — на спаленне, угаварыла афіцэра выратаваць іх усіх. Святары не ўваходзілі ў ніводную з груп: ім дазвалялася пакінуць царкву і вёску ў любы момант. Апоўдні групы людзей з левага боку царквы пачалі вывозіць партыямі на латышскіх санях нібыта ў лагер, аднак жыхары бачылі, што везлі іх не ў кірунку чыгуначнай станцыі, а ў іншы бок. Падводы хутка вярталіся пустыя, а праз некалькі хвілін дамы пачалі гарэць і пачуліся асобныя стрэлы. Са слоў падвозчыкаў і тых нямногіх, каму ўдалося збегчы, людзей замыкалі ў будынках, а будынкі падпальвалі, а ўцекачоў расстрэльвалі, або зноў кідалі ў агонь — дзяцей жа наколвалі на штыкі[6].

У той жа дзень па абедзе, каля 16 гадзін айцец Ляшчэвіч развітаўся з жыхарамі вёскі і сказаў, што яго выклікаюць паказаць склад, хаця ўсім было вядома, што ніякага склада ў Росіцы няма. Па згадках сястры-еўхарысткі Ядвігі Віршуты, айцец Антоній быў радасны і з усмешкай сказаў[7]:

" Трымайцеся і маліцеся, я еду паказаць склад, і ўжо больш не вярнуся. "

Вечарам у царкву вярнуўся айцец Юры і паведаміў, што айцец Антоній забіты, а заўтра будзе забіты і ён сам[7]. Адной з магчымых прычын забойства айца Антонія магла з’яўляцца раз’юшанасць карнікаў,

Такім чынам айцец Антоній Ляшчэвіч прыняў мучаніцкую смерць 17 лютага 1943 года Ён быў расстраляны[7]. Адной з магчымых прычын забойства айца Антонія магла з’яўляцца раз’юшанасць карнікаў, выкліканая пастаяннымі просьбамі да іх Ляшчэвіча аб вызваленні прынамсі дзяцей і міласэрнасці да іх.

На наступны дзень, адмовіўшысь пакінуць вернікаў, быў спалены айцец Юры разам са сваімі вернікамі ў царкве Найсвяцейшай Тройцы.

Беатыфікацыя і ўшанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы.

У 1999 годзе 108 каталіцкіх святароў з Беларусі звярнуліся да Папы Рымскага Яна Паўла II з прашэннем беатыфікаваць святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру, прылічыўшы пакутнікаў да ліку блажэнных — адной са ступеней святасці ў Каталіцкай Царкве. Папа задаволіў гэту просьбу, і беатыфікацыя беларускіх мучанікаў адбылася 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве падчас наведвання Папам Польшчы з Апостальскім Падарожжам, прычым цікавым супадзеннем з’яўляецца тое, што ў гэты жа дзень былі беатыфікаваныя 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны (з улікам Ляшчэвіча і Кашыры) — менавіта столькі беларускіх святароў хадайнічалі перад Янам Паўлам II аб царкоўным праслаўленні росіцкіх мучанікаў[8].

Адным са 108 беларускіх просьбітаў да Папы быў айцец Леон — рыма-каталіцкі святар з Войстама, у парафію якога ўваходзіла Абрамаўшчына. З ініцыятывы айца Леона ў Абрамаўшчыне на месцы, дзе стаяла хата сям’і Ляшчэвічаў, быў усталяваны крыж. Штогод 13 чэрвеня (у дзень беатыфікацыі Ляшчэвіча) на гэтым месцы праводзіцца свята вёскі[8], дзе таксама сканчваецца паломніцтва Друя—Росіца.

Сярод веруючых жыхароў Абрамаўшчыны распаўсюджана вера ў тое, што айцец Антоній яшчэ пры зямным жыцці аберагаў вёску і яе жыхароў і працягвае рабіць гэта пасля смерці: менавіта так веруючыя вяскоўцы тлумачаць тое, што падчас Другой сусветнай вайны сярод жыхароў Абрамаўшчыны загінулі толькі 2 чалавекі і што ў 1960-я гады ў вёсцы абнавіўся і заміраточыў абраз Маці Божай[8].

У Росіцу рэгулярна арганізоўваюцца рэлігійныя пілігрымкі, напрыклад, вядомае паломніцтва Друя—Росіца, і іх таксама наведваюць і простыя турысты[9][10].

Малітва праз заступніцтва блаславёнага[правіць | правіць зыходнік]

" Усемагутны вечны Божа,

Ты адарыў ласкаю пакутніцкай смерці

блаславёных Юрыя і Антонія,

Якія нават у хвіліну пагрозы для іх жыцця

Далі сведчанне духу любові,

адданай пастырскай службы

і прынялі смерць разам з братамі.

Спашлі нам праз іх заступніцтва

ласку мужнасці,

каб нашае штодзённае служэнне бліжнім

сталася ўдзелам у жыцці Царквы

і давяло нас да вечнай радасці святых.

Праз Хрыста, Госпада нашага. Амэн[10].

"

Зноскі

  1. Пялінак 1999, с. 28.
  2. Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак CB няма тэксту
  3. Пялінак 1999, с. 29—30.
  4. Ксёндз Часлаў Курэчка: «Я шчаслівы чалавек»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2020. Праверана 25 сакавіка 2021.
  5. Пялінак 1999, с. 31—33.
  6. Пялінак 1999, с. 33—35.
  7. а б в Пялінак 1999, с. 36.
  8. а б в Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак RH няма тэксту
  9. Пляц мучаніцтва. Зімовая пілігрымка ў Росіцу
  10. а б Жодзінцы пабывалі ў Росіцы Архівавана 13 жніўня 2013.