Юрый Радзівіл Геркулес
| Юрый Радзівіл | |
| Партрэт Юрыя Радзівіла «Геркулеса», XVII ст. | |
Герб «Трубы» |
|
| Нараджэнне: | 1480 |
|---|---|
| Смерць: | красавік 1541 |
| Дынастыя: | Радзівілы |
| Бацька: | Мікалай Радзівіл «Стары» |
| Маці: | Соф'я з Манівідаў |
| Жонка: | Барбара з Кішкаў Барбара з Колаў |
| Дзеці: | ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ганна Альжбета, Барбара |
Юрый РАДЗІВІЛ, мянушкі «Віктар», «Пераможца», «Літоўскі Геркулес» (каля 1480 — красавік 1541) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч.
Сын канцлера Мікалая Радзівіла Старога.
З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т.л. вялёнскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—1514), гарадзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—1517, ваявода кіеўскі ў 1511—1514, гетман надворны (польны) у 1520—23 гг., кашталян троцкі ў 1522—1527 і віленскі з 1527, адначасова маршалак надворны з 1528 і вялікі гетман ВКЛ з 1531 г. Праславіўся сваім удзелам у войнах, перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім князем Ю. С. Алелькавічам разбіў крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве з татарамі пад Лапушнай (каля Вішняўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27 студзеня 1527 г. разам з К. Астрожскім разбіў татараў на р. Альшаніца за г. Канеў. У 1519-21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534-37 гг. У 1535 г. войска на чале з Ю. Радзівілам і каронным вялікім гетманам Я. Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х гг. разам з канцлерам ВКЛ А. Гаштольдам і жамойцкім старостам Я. Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вялікага князя.
Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ. Валодаў маёнткамі пераважна ў Літве, на Беларусі меў маёнткі Свір, Міхалішкі, Жупраны, Баруны, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Індура, Котра, Табола ў Гродзенскім пав., Жырмуны, Дакудава, Сялец і Збляны ў Лідскім павеце, Уселюб і Ліпск у Навагрудскім пав., Вязынь, Налібакі, Камень Харэцкі ў Мінскім пав.
Быў жанаты з Барбарай Кішкай, пасля з Барбарай Коля, з якой меў дачок Ганну і Барбару (вялікая княгіня літоўская і каралева польская), сына Мікалая. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў.
Галерэя [правіць]
Літаратура [правіць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 62-63.
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Юрый Радзівіл Геркулес
- Асобы
- Нарадзіліся ў 1480 годзе
- Памерлі ў 1541 годзе
- Род Радзівілаў
- Вялікія гетманы літоўскія
- Польныя гетманы літоўскія
- Кашталяны віленскія
- Кашталяны троцкія
- Ваяводы кіеўскія, ВКЛ
- Вялікія падчашыі літоўскія
- Старосты мазырскія
- Старосты гарадзенскія
- Старосты лідскія
- Дзяржаўцы беліцкія
- Старосты вялёнскія
- Старосты мейшагольскія
- Старосты ўценскія
- Старосты мерацкія