З пляцоўкі Вікіпедыя.
Ядловец (Juniperus) — род хвойных раслін сямейства кіпарысавых.
Вядома каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар'я; на Беларусі 1 від — ядловец звычайны, утварае падлесак у хвойных і мяшаных лясах.
Вечназялёныя дрэвы вышынёй 10-12, радзей да 30 м, ці кусты, часам сцелістыя. Каранёвая сістэма моцная і глыбокая. Растуць марудна, жывуць да 500—1000 гадоў. Большасць відаў — двухдомныя. Лісце іголка- або лускападобнае. Мікрастробілы дробныя, авальныя. Пасля апладнення мегастробілы зрастаюцца паміж сабой і ўтвараюць сакаўныя шышкі, сіне-чорныя ці цёмна-бардовыя, якія выспяваюць на 2-3-і год (часам іх называюць шышкаягадамі або ядлоўцавымі ягадамі).
Тэхнічныя, лекавыя, дэкаратыўныя расліны. Драўніна трывалая, устойлівая супраць насякомых і гніення. Салодкія пахучыя шышкі ядлоўца выкарыстоўваюць у харчовай і парфумернай прамысловасці; лісце і маладыя парасткі, багатыя эфірнымі алеямі, што ачышчаюць паветра ад мікробаў — у медыцыне, ветэрынарыі і парфумерыі.
Расліны аказваюць аздараўляльны ўплыў на лес — выдзяляюць фітанцыдаў больш за іншыя хвойныя.