Ліст Якава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Якава)
Ліст апостала Якава

Пачатак ліста апостала Якава ў манускрыпце XII стагоддзя
Раздзел: Новы Запавет
Вікікрыніцы: Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Якуба

Тэкст на Вікікрыніцах

Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ліст апо́стала Я́кава, Сабо́рны ліст Свято́га Апо́стала Ія́кава[1], Сабо́рнае Пасла́нне свято́га Апо́стала Іа́кава[2], Ліст Яку́ба[3], Пасла́ньне Я́кава[4] — адзін з лістоў апосталаў, які ўваходзіць у спіс кніг Новага Запавета. Звычайна паводле візантыйскай традыцыі змяшчаецца пасля кнігі Дзеянняў апосталаў перад першым лістом апостала Пятра, аднак паводле заходняй традыцыі можа размяшчацца пасля ліста Яўрэям.

Адрасат[правіць | правіць зыходнік]

Ліст Якава не мае канкрэтнага адрасату, ён не накіраваны да якой-небудзь асобы ці асобнай царквы, ці цэрквам нейкай мясцовасці. У першым вершы аўтар вызначае адрасата: «дванаццаць кален Ізраіля ў расцярушанні»[5]. Такім чынам, ліст накіраваны да вернікаў-яўрэяў у Дыяспары. Аднак, ліст мог датычыцца не толькі хрысціян-яўрэяў, але і ўсіх вернікаў з кожнага народу.

Аўтар[правіць | правіць зыходнік]

У вершым лісце вызначаецца аўтар — гэта Якаў, які вызначае сабе служкай Ісуса Хрыста. Імя «Якаў» было досыць распаўсюджанае, і ў старажытнай царкве былі вядомы некалькі асоб з такім імем. Аднак, хутчэй за ўсё гэта — Якаў, брат Хрыста. З Евангелляў вядома, што родныя браты Ісуса не падтрымалі Яго вучэння падчас Ягонага жыцця. Але пасля смерці Хрыста Якаў прыняў вучэнне Хрыста і праз хуткі час заняў пануючае становішча ў царкве ў Іерусаліме. Якаў карыстаўся вялікай пашанай сярод вернікаў. Памёр Якаў пакутніцкай смерцю ў 62 годзе н.э.

Асаблівасці ліста і кананічнасць[правіць | правіць зыходнік]

У лісце ёсць пачатак, але няма заканчэння. Ліст вылучаецца добрай, але, ў той жа час, простай грэчаскай мовай, вытанчаным стылям. Відавочна, што аўтар па-майстэрску валодае літаратурнымі прыёмамі.

Ліст даволі доўгі час не быў вядомы большасці цэркваў. Калі ж пра яго стала шырока вядома, то да ліста аднесліся даволі засцярожана, таму што ў гэты час хадзіла вялікая колькасць апакрыфічных твораў ці проста падробак. Гэтым можа тлумачыцца той факт, што ліст адсутнічае ў спісах старадаўніх канонаў. Ва Усходняй царкве ліст быў прыняты раней, чым на Захадзе, але і не аднагалосна. У Заходняй царкве ў апостальскім паходжанні ліста сумняваліся даўжэй, ліст увайшоў у канон толькі ў канцы IV стагоддзя.

Змест ліста[правіць | правіць зыходнік]

Ліст ўяўляе сабой твор з даволі прадуманай кампазіцыяй. Аўтар падымае тры асноўныя тэмы: выпрабаванні, розум і багацце-жабрацтва. Гэтыя тэмы падымаюцца не паслядоўна, а ствараюць складаную структуру і разглядаюцца з розных бакоў. Выпрабаванні павінны прыносіць радасць, аднак могуць пры няправільных адносінах пераўтварыцца ў спакусу. Гэта здараецца пры няправільным разуменні мудрасці і імкненні да зямнога розуму, які ў лісце называецца «бясоўскім». Розум праяўляецца таксама ў верных адносінах да мовы. Пакланенне багаццю таксама вынік адсутнасці духоўнага розуму. Пасля тэмы беднасці апостал пераходзіць да асуджэння багатых і рабалепных адносін жабракоў да заможных братоў у царкве. На практычным прыкладзе апостал паказвае, што такія адносіны супярэчаць Закону Божаму. Асаблівую ўвагу аўтар звяртае на сувязь веры і дзеянняў, нагадваючы, што вера без практычных дзеянняў — мёртвая. Сканчваецца ліст словамі пра дапамогу адзін аднаму і неабходнасці прабачэння бліжняга.

Час і месца напісання ліста[правіць | правіць зыходнік]

Нават прыкладна цяжка вызначыць час і месца напісання, ліст мог быць напісаны ў Іерусаліме недзе паміж 51 і 62 годамі.

Сціслы план ліста[правіць | правіць зыходнік]

  • Прывітанне (1:1)
  • Выпрабаванні, розум і багацце (1:2-11)
  • Выпрабаванні, мова і дзеянні (1:12-27)
  • Пакланенне перад багатымі (2:1-13)
  • Вера і дзеянні (2:14-26)
  • Неабходнасць кантроля мовы (3:1-18)
  • Небяспека кампрамісу з мірам (4:1-12)
  • Выпрабаванні багаццем (4:13-5:6)
  • Розныя настаўленні (5:7-20)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. — Мінск: Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора: Медыял, 2017. — 544 с. — ISBN 978-985-6594-63-5 ISBN 978-985-6914-45-7.
  3. Біблія кананічная. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2017. — 928+336 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-6183-14-3.
  4. Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
  5. Як 1:1

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Джон Ф. Мак-Артур. Толкование книг Нового Завета – Иакова. СПб.: «Библия для всех», 2005. – 240 с. ISBN 5-7454-0924-х
  • Алек Мотиер. Послание Иакова. Пер. с англ. — СПб.: Мирт, 2000. — 267 с.ISBN 5-88869-088-0.
  • Мэтью Генри. Толкование на книги Нового Завета. Том 5: Послания от Иакова — Коринфянам. 1999. 406 с.