Яловыя лясы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яловы лес у Польшчы

Яло́выя лясы́, е́льнікі — фармацыя карэнных хвойных лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае елка. Адносяцца да прыродна-прагрэсіўных эдыфікатараў, здольных укараняцца ў іншыя фітацэнозы і выцясняць іх. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я[1].

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Ельнік імшысты, Ліпічанская пушча, Беларусь

У Беларусі яловыя лясы займаюць плошчу каля 6,9 тыс. км², што складае каля 9,6 % усяго лесапакрытага абшара краіны. Пашыраны амаль па ўсёй тэрыторыі рэспублікі; часцей за ўсё ельнікі сустракаюцца на поўначы Беларусі (прыкладна 70 % усіх яловых лясоў краіны[1]), дзе займаюць тэрыторыі, складзеныя гліністымі і суглінкавымі горнымі пародамі.

Узрост тэхнічнай спеласці 81—90 гадоў. У выніку павышанай эксплуатацыі ў яловых лясах пераважаюць маладнякі. Прадукцыйнасць высокая, насаджэнні вышэйшых банітэтаў (Іа—II) складаюць каля 96 %. Ценевынослівасць елкі спрыяе фарміраванню насаджэнняў з высокай паўнатой, самкнутым полагам[1].

Вылучаюць 12 тыпаў яловых лясоў: імшыстыя, кіслічньм, чарнічныя, арляковыя, даўгамошныя і інш[1]. У напрамку з поўначы на поўдзень яловыя лясы істотна адрозніваюцца. Найбольш устойлівыя фітацэнозы характэрны для Паазер'я. Цёмнахваёвым ельнікам паўночнай часткі Беларусі ўласцівыя ў першым і другім ярусах бяроза і асіна, у падлеску — ядловец, бружмель. У больш паўднёвых раёнах краіны ў першым і другім ярусах яловых лясоў з’яўляецца дуб, ясень і граб, а ў падлеску — ляшчына, брызгліна, жаўтазель, ракітнік.

Па ўскраінах нізінных і пераходных балотаў растуць своеасаблівыя травяна-асотавыя і асотава-сфагнавыя яловыя лясы, якія выконваюць важную водарэгулюючую функцыю — садзейнічаюць устойліваму пераводу павярхоўных водаў у грунтавыя падземныя воды. У падлеску і ў наглебавым полазе гэтых лясоў пераважаюць расліны — гіграфіты.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Яловыя лясы маюць вялікае прыродаахоўнае і гаспадарчае значэнне. Даюць высакаякасны будаўнічны матэрыял, сыравіну для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, атрымання віскознага валакна, кармавых дражджэй, спірту, каніфолі і інш.

Зноскі

  1. а б в г Яловыя лясы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]