Янка Брыль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Брыль
Асабістыя звесткі
Псеўданімы І. Асцюк, Ів. Асцюк, Сымон Бобрык, Пятрусь Дубавец, Рыгор Іванавіч Лапцік, Я. Лупаты, Ілюк Прышчэпа, Я. Пчала і Іван Сведка
Дата нараджэння 22 ліпеня (4 жніўня) 1917
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 2006(2006-07-25) (89 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, дзіцячы пісьменнік, празаік, перакладчык, паэт
Кірунак сацыялістычны рэалізм
Жанр апавяданне, аповесць[d] і паэзія
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў Ордэн «Знак Пашаны» медаль Францыска Скарыны
Народны пісьменнік Беларусі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Я́нка Брыль, поўнае імя Іва́н Анто́навіч Брыль (22 ліпеня (4 жніўня) 1917, Адэса — 25 ліпеня 2006, Мінск) — беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік БССР (1981)[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля, быў малодшым з 10 дзяцей у сям’і[3]. Бацька паходзіў з вёскі Загор’е (цяпер Карэліцкі раён). Маці, Настасся Іванаўна (да шлюбу Чычук), працавала на гаспадарцы. У 1914—1922 гадах сям’я жыла ў Адэсе па месцы працы бацькі[4].

У 1922 годзе сям’я, акрамя старэйшых сыноў, вярнулася на радзіму бацькі ў Загор’е[3], якое паводле выніку Рыжскага міру 1921 года апынулася ў складзе Польшчы (Заходняя Беларусь)[2]. Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц. У 1931 годзе паступіў ў Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца праз нястачу грошай[4].

Разам з старэйшымі братамі працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў. Стварыў у вёсцы драматычны гурток, перакладаў для яго п’есы польскіх і расійскіх аўтараў, удзельнічаў у спектаклях як выканаўца і пастаноўшчык[4]. Пасябраваў з паэтамі Алесем Мілюцём і Міхасём Васільком, пачаў супрацоўнічаць з віленскай беларускай прэсай. У 1938 годзе выступіў з вершамі ў часопісе «Шлях моладзі»[4].

У 1939 годзе прызваны ў Войска Польскае[2], служыў у марской пяхоце ў Гдыні. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у абароне Польшчы, у верасні таго ж года трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон. Быў у лагеры для ваеннапалонных у горадзе Старгард (Памеранія), потым у Вайдэне (Баварыя). Прымусова працаваў рознарабочым у гуце крышталёвага шкла[4].

Паводле біяграфіі, якая існуе з савецкіх часоў, у 1941 годзе Янка Брыль уцёк з палону, вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да савецкага партызанскага руху[2]. Паводле беларускага дзеяча Антона Адамовіча, Брыль не ўцякаў з палону, а быў адпушчаны немцамі за лаяльнасць[5]. Некаторы час жыў у акупаваным немцамі Мінску, працаваў у гістарычным музеі пад кіраўніцтвам Антона Шукелойця, друкаваўся ў пранямецкай «Беларускай (Менскай) газеце»[5][3]. У 1942 годзе Янка Брыль наладзіў сувязь з савецкай партызанскай брыгадай імя Жукава Баранавіцкага злучэння[6]. У 1944 годзе стаў разведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага раённага камітэта камуністычнай партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла», дзе надрукаваў некаторыя свае вершы. Па вызваленні Мірскага раёна працаваў рэдактарам раённай газеты ў Міры, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У кастрычніку 1944 года пераехаў у Мінск, загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык». У розныя гады Янка Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. З 1945 года член Саюза пісьменнікаў СССР. Быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР у 1966—1971 гадах[6]. Уваходзіў у рэдакцыйныя калегіі альманаха «Далягляды», часопіса «Полымя», рэдакцыйны савет выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».

Вёў работу па ўмацаванні сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967—1990). Двойчы абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963—1967, 1980—1985). Член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).

Памёр 25 ліпеня 2006 года ў Мінску, пахаваны на могілках у Калодзішчах.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

З жонкай Нінай Міхайлаўнай (Клаўсуць)[7] меў дачок Галіну і Наталлю, сына Андрэя. Дзед Антона Францішка Брыля.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Нёманскія казакі: апавяданні і нарысы. 1947. Мастак Д. Красільнікаў

Пісаць пачаў з чатырнаццаці гадоў, але дэбютаваў у друку толькі ў 1938 годзе[2]. Пачалася творчая дзейнасць пісьменніка з вершаў, якія асаблівага поспеху аўтару не прынеслі, і з апавяданняў, у найбольш шырока праявіўся талент творцы. У 1946 годзе выйшла з друку першая кніга Янкі Брыля пад назвай «Апавяданні»[2], куды ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям’і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс улюбёнага пісьменнікам Наднямоння працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952 года) і «На Быстранцы» (1955). Ужо першыя творы Брыля ёсць добрымі ўзорамі лірыка-псіхалагічнай прозы. Лірычнае апавяданне Янкі Брыля «Галя» (1953) перакладалася на іншыя мовы, у творы на фоне жыцця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.

Тэма Другой сусветнай вайны адлюстравана ў творчасці Янкі Брыля. У апавяданні «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе», 1958) гераіня не пабаялася даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны фігуруе і ў апавяданнях Брыля са зборніка «Працяг размовы», які ў 1963 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. У 1964 годзе надрукаваны раман «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці». У кнізе багатае спалучэнне эпічных і лірыка-псіхалагічных элементаў, напружана-эмацыянальная плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай савецкай рэалістычнай прозы тых часоў. У 1975 годзе Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам створана дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…» — успаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі.

Адметныя ў творчасці пісьменніка аповесці Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа 1982 года) — творы нацыянальныя, у іх пісьменнік паказвае высакароднасць і прыродную мудрасць беларусаў. Аповесці «Ніжнія Байдуны» ўласцівы аўтабіяграфізм. Аповесць «Золак, убачаны здалёк» — пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы.

Значнае месца ў творчасці Янкі Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х гадоў і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006). Мініяцюры Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік перадае цераз свае ўражанні.

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Янка Брыль вядомы таксама як перакладчык з польскай, рускай і ўкраінскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Баляслава Пруса, Тадэвуша Ружэвіча, Марыі Канапніцкай, Элізы Ажэшкі, Эрнеста Брыля, Яраслава Івашкевіча  (польск.), Аліны Цанткевіч  (польск.), Часлава Цанткевіча  (польск.), Юліяна Кавальца  (польск.), Уладзіслава Мачэжака  (польск.), Войцеха Жукроўскага  (польск.), Лявона Кручкоўскага  (польск.), Льва Талстога, Антона Чэхава, Максіма Горкага, Паўла Бажова, Аляксандра Даўжэнкі, Астапа Вішні, Пятра Казланюка  (укр.) і іншыя[2].

Палітычныя і грамадзянскія погляды[правіць | правіць зыходнік]

Янка Брыль за савецкім часам не ўступіў у камуністычную партыю: «Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша — самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?..»[3]. Адзначаў русіфікацыю беларускага грамадства за часамі СССР[3].

Паводле меркавання Янкі Брыля, Другая сусветная вайна на тэрыторыі Беларусі мела характар грамадзянскай вайны[3].

У канцы 1980-х гадоў падтрымаў рух нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння. У 1989 годзе выступаў на мітынгу ў Курапатах, арганізаваным БНФ[8]. Крытычна ацэньваў пераход беларускага рэжыму да дыктатуры ў канцы 1990-х гадоў, падтрымліваў бела-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!», яго тагачасныя погляды выяўлены ў эсэ «У сцягах нашых многа святла» (1999)[9]. Адкрыта выступаў супраць палітыкі русіфікацыі Беларусі[10].

У завяшчанні 2004 года прасіў больш не друкаваць некаторыя яго раннія савецкія ідэалагізаваныя творы[11].

Узнагароды і прэміі[правіць | правіць зыходнік]

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 года імя Янкі Брыля нададзена вуліцы ў Гдыні. Імя Янкі Брыля носіць вуліца ў Драгічыне.

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор твораў. Т. 1-5. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1979—1981.
  • Выбраныя творы. Т. 1-3. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992—1993.
  • Пішу як жыву: Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994.
  • Вячэрняе: Лірычныя запісы і мініяцюры. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994.
  • Птушкі і гнёзды : выбранае / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. — 463 с. — (Беларуская проза XX стагоддзя).
  • Запаветнае : выбр. тв. / Янка Брыль; [прадм. С. Андраюка; камент. Н. Семашкевіч]. — Мінск : Беллітфонд, 1999. — 442 с., [4] л. фат. — (Беларускі кнігазбор).
  • Птушкі і гнёзды : кн. адной маладосці : раман ; Золак, убачаны здалёк : аповесць : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль. — Мінск : Ураджай, 2001. — 447 с., 1 л. партр. : іл. — (Школьная бібліятэка).
  • Ты мой найлепшы друг : аповесці і апавяданні : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль; [прадм. С. А. Андраюка]. — Мінск : Полымя, 1998. — 446 с., 1 л. партр. : іл. — (Школьная бібліятэка).
  • Дзе скарб ваш : лірыч. проза / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. — 334 с.
  • З людзьмі і сам-насам : запісы, мініяцюры, эсэ / Янка Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 333 с.
  • Сцежкі, дарогі, прастор : лірыч. замалёўкі : [для ст. шк. узросту] / Янка Брыль. — Мінск : Юнацтва, 2001. — 238 с., 1 л. партр.
  • Цуды ў хаціне : апавяданні : [для мал. шк. узросту] / Янка Брыль; [маст. М. С. Будавей]. — Мінск : Юнацтва, 1998. — 111 с. : каляр. іл.
  • Ніжнія Байдуны. Выбраныя творы / Мая беларуская кнiга — Мінск : Попурри, 2016. — 463 с. ISBN 978-985-15-2807-9

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Брыль Янка // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. а б в г д е ё Брыль Янка // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 83. — 737 с.
  3. а б в г д е Янка Брыль: як шчасліва пражыць нешчаслівую эпоху . Наша Ніва. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  4. а б в г д Беларускія пісьменнікі 1992, с. 351.
  5. а б Сідарэвіч, Анатоль. «Грахі» Янкі Брыля . Радыё Свабода (4 жніўня 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  6. а б Беларускія пісьменнікі 1992, с. 352.
  7. БАСИКИРСКАЯ, Елена. Янка Брыль основательно в своем творчестве затронул полонизацию Западной Белоруссии: притеснения, аресты, наказания, шовинистскую ограниченность захватчиков (руск.). www.sb.by (28 жніўня 2021). Праверана 28 кастрычніка 2023.
  8. Кірылаў, Іван. БЧБ і Перамога. Пяць беларускіх класікаў-франтавікоў, якія прыязна ставіліся да нацыянальнага сцяга . Новы Час (8 мая 2022). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  9. «У сцягах нашых многа святла». Стагоддзе Янкі Брыля . Наша Ніва. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  10. БЕЛАРУСКІЯ І РАСЕЙСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ ЗАКЛІКАЛІ РАСЕЮ СПЫНІЦЬ РУСІФІКАЦЫЮ ІХ КРАІНАЎ . Радыё Свабода (16 студзеня 2013). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  11. Янка Брыль: «Перш за ўсё прашу і патрабую больш не друкаваць...» . Радыё Свабода (27 кастрычніка 2018). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  12. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 1991 г. № 1145-XII «Аб узнагароджанні тт. Брыля І. А. (Янкі Брыля), Калесніка В. А., Крысько Т. В. (Васіля Віткі) медалём Францыска Скарыны»(недаступная спасылка) (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Брыль, Я. Мой радавод / Янка Брыль // Роднае слова. 2005. № 6. С. 85-90.
  • Брыль Янка // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 275—276.
  • Брыль Янка // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 83.
  • Брыль Янка // Беларускі фальклор : энцыклапедыя. Мінск, 2005. Т. 1. С. 189—190.
  • Брыль Янка //Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. Мінск, 1994. С. 96-99.
  • Брыль Иван Антонович (Янка Брыль) // Национальная академия наук Беларуси : персон. состав / [сост.: О. А. Гапоненко и др.]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 2003. С. 312.
  • Брыль Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 351—368. — 542 с.; іл.. — ISBN 5-85700-061-0.
  • Янка Брыль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 65-67.
  • Калеснік, У. А. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Уладзімір Калеснік. — Мінск : Народная асвета, 1990. — 256 с. : фат. — (Народныя пісьменнікі БССР).
  • Канэ, Ю. М. Як паветра і хлеб : жыццёвы і творчы шлях Я. Брыля / Юлія Канэ. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. — 320 с., 1 л. партр.
  • Нікіфарава, В. Б. Янка Брыль / Нікіфарава В. Б. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, В. П. Жураўлёў]. Мінск, 2001. Т. 3. С. 479—520.
  • Стральцова, В. М. Іван Антонавіч Брыль : (да 85-годдзя з дня нараджэння) / В. М. Стральцова // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2002. № 3. С. 123—124.
  • Васілевіч, А. Развітанне / Алена Васілевіч. Непаўторны / Генрых Далідовіч. «Апошні паклон» / Алесь Наварыч. Залатыя кросны душы / Уладзімір Ягоўдзік // ЛіМ. 2006. 4 жн. (№ 31). С. 2-3.
  • Бугаёў, Дз. Я. Служэнне Беларусі : (Я. Брыль) ; Спавядальнае слова майстра : (яшчэ пра Я. Брыля) / Дзмітрый Бугаёў // Спавядальнае слова : літ. крытыка, успаміны / Дзмітрый Бугаёў. Мінск, 2001. С. 28-57.
  • Андраюк, С. А. Талент шчыры, чалавечны : Я. Брыль ; Сучасны… Беларускі… Народны : Я. Брыль / Серафім Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі : літ.-крыт. арт. : [для ст. шк. узросту] / Серафім Андраюк. Мінск, 1997. С. 96-115.
  • Нікіфарава, В. З адлегласці часу : творчы вопыт Я. Брыля-раманіста / Вольга Нікіфарава // Полымя. 1997. № 8. С. 241—262.
  • Навумовіч, У. А. Нацыянальны характар беларуса ў аповесцях Янкі Брыля / У. А. Навумовіч // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. 2006. № 2. С. 68-72.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]