Іван Мікітавіч Серада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Янка Серада)
Іван Мікітавіч Серада
Іван Серада, 1918 г.
Іван Серада, 1918 г.
Старшыня Народнага сакратарыята БНР
22 ліпеня 1918 — 11 лістапада 1918
Папярэднік Раман Скірмунт
Пераемнік Антон Луцкевіч
Народны сакратар замежных спраў БНР
22 ліпеня 1918 — 11 лістапада 1918
Папярэднік Раман Скірмунт
Пераемнік Антон Луцкевіч
Сцяг Старшыня Рады БНР
18 сакавіка 1918 — 14 траўня 1918
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Язэп Лёсік
Народны сакратар гаспадаркі БНР
21 лютага 1918 — ліпень 1918
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Тодар Вернікоўскі

Нараджэнне 1 (13) мая 1879
Смерць не раней за 19 лістапада 1943
Месца пахавання
  • невядома
Жонка Ксенія Сцяпанаўна Серада[1]
Дзеці Мікалай (1908—1993)
Наталля (1909—1991)
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітык, ваенны
Месца працы
Прыналежнасць Расійская імперыя і БНР
Род войскаў Руская імператарская армія
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іва́н Мікі́тавіч Серада́, таксама Ян (Я́нка) Серада́ (13 траўня 1879, в. Задзвея, Навагрудскі павет, цяпер Баранавіцкі раён — пасля 19 лістапада 1943) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог, публіцыст. Першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі ўлетку 1918 года. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Нарадзіўся 13 траўня 1879 года ў вёсцы Задзвея Навагрудскага павета ў сям’і святара[2][3].

У 1903 годзе скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. У 1905—1906 гадах у расійскім войску на Маньчжурскім фронце. У 1907—1911 гадах працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы[2].

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1914 года публікаваў допісы і артыкулы на сельскагаспадарчую тэматыку ў часопісе «Саха»[2].

У Першую сусветную вайну на фронце, вайсковы ветэрынар. З 1917 года ўдзельнічае ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. У снежні 1917 года абраны старшынёй Усебеларускага з’езда[2]. Пасля разгону З’езда бальшавікамі, быў арыштаваны разам з яшчэ 27 актыўнымі ўдзельнікамі, але ўсіх хутка адпусцілі. Увайшоў у Выканкам Савета З’езда. У лютым 1918 года ў складзе беларускай дэлегацыі разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім і Аляксандрам Цвікевічам на мірных перамовах у Брэст-Літоўску. 20 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага З’езда сфарміраваў першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят. Янка Серада быў прызначаны сакратаром (міністрам) народнай гаспадаркі. Першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (18 сакавіка—14 траўня 1918). Увайшоў у створаную ў траўні 1918 года Раду старэйшын (Сеньёрэн-канвент)[4]. Пад кіраўніцтвам Янкі Серады Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года бальшынёй галасоў прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 22 ліпеня 1918 года Рада БНР даручыла Яну Серадзе сфармаваць трэці ўрад. У ім Серада заняў пасаду Старшыні Народнага Сакратарыята і быў народным сакратаром замежных спраў да 11 лістапада 1918 года. Быў адхілены з пасады па абвінавачванні ў супольных з Менскім губернскім земствам дзеяннях, некарысных для Рады Рэспублікі[5].

Па расколе БСГ сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У 1919—1920 гадах уваходзіў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт, прэзідыум Найвышэйшай рады БНР[2].

У 1921—1925 гадах навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі Інбелкульта, выкладчык Менскага беларускага педагагічнага тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Менскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума ў 1923—1924 гадах. У ліпені 1925—снежні 1929 гадоў дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 годзе навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Выступаў з артыкуламі па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі[2].

Фота з крымінальнай справы

4 ліпеня 1930 года быў арыштаваны АДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на пяць гадоў. 27 снежня 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 года з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы[2].

Па першым прыгаворы рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10 ліпеня 1988 года, па другім — паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 16 студзеня 1989 года[2].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Як трэба каваць коні. Мн., 1926;
  • Ветэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1-2. Мн., 1927—1928;
  • Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]