Янка Філістовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Філістовіч
Дата нараджэння 14 студзеня 1926(1926-01-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 1953
Месца смерці
Альма-матар
Грамадзянства
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Янка (Іван Андрэевіч) Філісто́віч (14 студзеня 1926, в. Паняцічы, цяпер Вілейскі раён — пасля 11 лістапада 1953, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч на эміграцыі, удзельнiк антысавецкага руху на Беларусі, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады Я. Філістовіча прайшлі ў Заходняй Беларусі. У час 2-й сусветнай вайны, у маі 1943 г. (па іншых звестках восенню 1943 г.) Я. Філістовіч быў мабілізаваны ў 13-ы паліцэйскі батальён (Вілейка, Мінск); перад прыходам Чырвонай Арміі эмігрыраваў у Германію. У жніўні 1944 г. вайсковая частка, дзе ён служыў, была накіраваная ў Італію, дзе да студзеня 1945 г. брала ўдзел у баях супраць англа-амерыканскіх войск. У лютым 1945 г. у Чэхаславакіі за спробу перайсці да чэшскіх партызанаў Я. Філістовіч быў адпраўлены ў турму г. Паддубіца, адкуль быў вызвалены 8 мая 1945 г.

Пасля вайны Я. Філістовіч перабраўся ў Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбонскім (Францыя) і Лювенскім (Бельгія) універсітэтах. Выдаваў часопіс «Моладзь», быў адным з лідараў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі (створана на з'ездзе 26 сакавіка 1949). У Парыжы наладзіў кантакт з Міколам Абрамчыкам, з 11 сакавіка 1951 — сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік ураду БНР. У сакавіку 1951 узяўся за місію наладжвання кантакту беларускіх эміграцыйных уладаў з падполлем на тэрыторыі БССР. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфбэрэн каля Мюнхена, быў накіраваны ў раён з якога паходзіў у складзе амерыканскага дэсанту 9 верасня 1951 г.

Праз сваяка Пятра Кушаля Я. Філістовічу ўдалося наладзіць сувязь з групай С. Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Іллянскага раёна з 1949 г. Я. Філістовіч пераняў камандаванне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць грабяжы і напады на мясцовы актыў. Групе даў назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы» і распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасці[1]. З гэтай мэтай у красавіку 1952 атрад правёў у в. Вязыні пад Маладзечнам напад на друкарню, якая друкавала газету «Шлях да камунізму». Партызаны забралі друкарскую машыну. На ёй планавалася друкаваць газету «Жыве Беларусь!», але адсутнасць друкарскага досведу, а таксама некаторых элементаў не дазволіла ажыццявіць план.[2]

5 верасня 1952 г. аператыўнай групай МГБ БССР была праведзеная аперацыя па ліквідацыі групы Я. Філістовіча. Аднак яму ўдалося ўцячы і ён меркаваў перайсці мяжу з Польшчай, але 9 верасня 1952 г. у вёсцы Ярмолічы Маладзечанскай вобл., у выніку здрады, быў арыштаваны групай мясцовага ўпраўлення МГБ.[3]

Судовы працэс пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Мінску. Я. Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да смяротнай кары. Апошні дакумент, які ўласнаручна падпісаў Я. Філістовіч, гэта яго касацыйная скарга ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, якая датуецца 11 лістапада 1953 г. (скарга напісана ў Мінску). Пасля гэтай даты Я. Філістовіч, як мяркуецца, быў расстраляны. Супраць яго сваякоў і тых, хто дапамагаў у яго дзейнасці, праведзены рэпрэсіі.

Дакументальныя крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Крымінальная справа № 3383 па абвінавачванні Івана Андрэевіча Філістовіча захоўваецца ў Цэнтральным архіве КДБ Рэспублікі Беларусь у Мінску. У справе 23 тамы. Матэрыялы, галоўным чынам пратаколы допытаў Філістовіча, прадстаўляюць сабой каштоўную крыніцу па гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У канверце, прыкладзеным да 23-га тома, захоўваюцца арыгіналы і копіі данясенняў Філістовіча, запісаных яго рукой; нумары эмігранцкага часопіса «Моладзь».

Тэксты шасці шпіёнскіх данясенняў Філістовіча разам з некаторымі іншымі матэрыяламі з крымінальнай справы № 3383 надрукаваны ў часопісе «Беларуская думка» (2009, № 8, с. 74-81).

Зноскі

  1. Ст. Галковский. Контрразведчик // Беларусь сегодня, № 81, 2014
  2. Валаханович… С. 21—22
  3. Антысавецкія рухі…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]