Ян Булгак
| Ян Булгак Jan Bułhak |
|
![]() |
|
| Імя пры нараджэнні: | Jan Brunon Bułhak |
|---|---|
| Дата нараджэння: | 6 кастрычніка 1876 |
| Месца нараджэння: | Асташын каля Навагрудка |
| Дата смерці: | 4 лютага 1950 (73 года) |
| Месца смерці: | Гіжыцка |
Ян БУЛГАК (польск.: Jan Bulhak; 6 кастрычніка 1876, маёнт. каля в. Асташын Навагрудскага пав.[1] — 4 лютага 1950, Варшава) — беларускі і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст.
Змест |
Біяграфічныя звесткі [правіць]
Скончыў класічную гімназію ў Вільні (1897), паступіў на факультэт філасофіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Але абмежаванасць сродкаў прымусіла праз два гады пакінуць вучобу. Да 1912 жыў у вёсцы Пярэсека Мінскага павета, дзе знаходзіўся маёнтак, які ён атрымаў у спадчыну ад маці. Фатаграфіяй зацікавіўся ў 1905 выпадкова, калі яго жонка атрымала ў падарунак фотаапарат. На лёс Я. Булгака як фатографа паўплываў мастак Фердынанд Рушчыц, з якім Я. Булгак пазнаёміўся ў 1910. Намаганнямі Ф. Рушчыца Я. Булгак стаў віленскім гарадскім фатографам. Безумоўны мастацкі ўплыў Ф. Рушчыца на творчасць Я. Булгака, менавіта пад яго ўплывам адбылося пераўтварэнне фатографа-аматара ў фатографа-прафесіянала. Перад тым як заняць пасаду гарадскога фатографа, Я. Булгак прайшоў практыку ў Германіі ў вядомага дрэздэнскага партрэтыста Хуга Эрфурта (ням.: Hugo Erfurth), пабываў у розных мастацкіх суполках, дзе пазнаёміўся з сімвалістамі і імпрэсіяністамі з Германіі і Францыі. У 1912 Я. Булгак заснаваў у Вільні атэлье фатаграфіі з мэтай фотафіксацыі мясцовых помнікаў архітэктуры. Пераважная частка яго творчасці звязаная з Вільняй і Віленшчынай, ён таксама дакументаваў помнікі і пейзажы іншых частак тагачаснай Польшчы. Большасць яго калекцыі зробленая ў 1912—1915, але нават падчас нямецкай акупацыі ў 2-ю сусветную вайну Я. Буглак не пераставаў фатаграфаваць. Серыю сваіх здымкаў ён змясціў у часопісе «Вестник фотографии», з якім супрацоўнічаў у 1913—1914. У доме Я. Булгака на плошчы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тыс. фотаздымкаў, з іх каля 6 тыс. — Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль цалкам згарэла ў 1944. У 1919—1939 кіраваў фатаграфічнай лабараторыяй пры факультэце мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Меў вялікі ўплыў на творцасць віленскіх фотамастакоў, якія цалкам перанялі погляды Я. Булгака на мастацтва. Гэты ўплыў абумовіў развіццё фатаграфіі як мастацтва на Віленшчыне і на тэрыторыі не толькі Заходняй Беларусі, але і ўсёй Польшчы. Быў абраны заснавальнікам Віленскага і Польскага фотаклубаў і Польскага фатаграфічнага таварыства. У 1944, пасля бамбардыровак, Я. Булгак пакінуў Вільню. З 1945 пераехаў з сям'ёй у Варшаву, дзе дакументаваў ваенныя разбурэнні, а таксама помнікі на захадзе Польшчы. Быў адным з заснавальнікаў Саюза польскіх фотамастакоў, пэўны час яго першым прэзідэнтам і старшынёй кваліфікацыйнай камісіі. У Варшаве, пры дапамозе дырэктара Народнага музея Станіслава Лорэнца, адбылася і першая пасляваенная выстава Я. Булгака «Варшава. 1945 г. у выявах Яна Булгака».
Творчасць [правіць]
Я. Булгак прадстаўнік піктаральнай плыні фотамастацтва. Плынь з'явілася ў кан. 19 ст., прымаючы эстэтыку імпрэсіянізму і працуючы з тэмамі пейзажа і архітэктуры. Галоўная тэма ягоных прац — брамы, завулкі, дахі, прырода і святло, калі і з'яўляецца сілуэт чалавека, то падпарадкоўваецца кампазіцыі, інтэгруецца з архітэктурай. Крытыкі і фатографы звяртаюць увагу на тое, што Вільня, сфатаграфаваная Я. Булгаком, нагадвае разагрэты сонцам паўднёваеўрапейскі горад, няма ў ім жыцця, няма людзей, крамаў, рэстаранаў, ёсць чыстая архітэктура. Работы Я. Булгака вылучае незвычайная мастацкасць, пачуццё пейзажу, відавочнае захапленне амаль тэатральнай пастаноўкай кадра, адчуванне прапорцыі і прасторы, а перадусім уменне працаваць са святлом, якое стварае клімат фатаграфіі. Вывучэнне святла вельмі цікавіла Я. Булгака. За фатаграфію «Радасць жыцця», якая паказвала заценены пакой у які пранікаюць промні сонца, Я. Булгак атрымаў узнагароду на Міжнародным фатаграфічным салоне ў Варшаве (1937).
Найбольш вядомыя фатаграфіі Булгака, зробленыя ў Беларусі, характарызуюцца ярка вызначанай этнаграфічнай скіраванасцю: беларускія народныя тыпы, краявіды, вёскі, гаспадарчыя пабудовы беларускіх сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Пярэсека пад Мінскам», «Вечар. Міншчына»). Фатаграфіі Я. Булгака зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільнюса і Варшавы. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя работ фотамастака. У 1999 яна ўпершыню публічна экспанавалася ў мінскай незалежнай галерэі візуальных мастацтваў «Nova».
Аўтар кнiг «Мая зямля» (1919), «Эстэтыка святла» (1936), «Дваццаць шэсць гадоў з Рушчыцам» (1939). Вядомы Я. Булгак не толькі як майстра краязнаўчай фатаграфіі, але і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Аўтар дзесяткаў артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), прац пра мастака Ф. Рушчыца, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць спецыяльная праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагоддзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў» (1942), у якой адлюстравана жыццё Навагрудчыны канца 19 — пачатку 20 ст.
Удзельнік 174 міжнародных выставак.
Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944. Многія яго фота захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Вільнюса і Варшавы, невялікая частка — у Мінску.
У 2012 годзе ў польскі Нацыянальны музей у Варшаве трапіў альбом невядомых раней фота Яна Булгака. Альбом датаваны 1924 годам і ўключае 44 здымкі. Кожны падпісаны Янам Булгакам, што тады працаваў у Вільні, і мае кароткае тлумачэнне. Фотаздымкі складаюцца ў рэпартаж пра жыццё ў Віленскай следчай вайсковай турме. Зняволеныя і ахоўнікі знятыя падчас штодзённых заняткаў.[2]
Сачыненні [правіць]
- Fotografika. Zarys fotografii artystycznej. 1931
- Technika bromowa. 1933
- Bromografika. 1934
Бібліяграфія [правіць]
- Вандроўкі фатографа: Віленскі краявід (фрагменты) / перакл. з польскай мовы Вацлава Арэшкі // Культура. 2001. 13-19 кастр. № 39/40. С. 14.
- Край дзіцячых гадоў / Уклад., прадм. Т. Г. Вяршыцкая; перакл. з польскай Т. Г. Вяршыцкай; перакл. вершаў з польскай мовы С. І. Законнікава; аўтар каментарыяў, подпісаў да фотаздымкаў, бібліяграфіі, артыкула «Жыццё і творчасць Яна Булгака» І. Б. Кухарская. — Мінск : Беларусь, 2004. — 415 с.
- Fotografika. Warszawa, 1931.
- Wędrówki fotografa… Cz. 1—4. Wilno, 1931—36.
- Technika bromowa. Wilno, 1933.
- Bromografika czyli metoda wtórnika. Wilno, 1934.
- Estetyka światła. Wilno, 1936.
- Fotografia ojczysta. Wrocław, 1951.
Зноскі
- ↑ Каля в. Варонча Навагрудскага р-на, побач з касцёлам Св. Ганны, знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.
- ↑ http://warszawa.gazeta.pl/warszawa/1,34862,12342937,Nieznane_zdjecia_znanego_fotografa__z_wiezienia_w.html
Літаратура [правіць]
- Булгак Ян // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 329.
- Булгак Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 124.
- Булгак Ян // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 134.
- Булгак Ян // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 92.
- Булгак Ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 513.
- Булгак Ян // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкалегія : А. А. Воінаў [і інш.]. Мінск, 1993. С. 578.
- Булгак Ян // Фотография : энциклопедический справочник / ред. коллегия: П. И. Бояров и др. Минск, 1992. С. 38.
- Зайцава Т. З гісторыі нацыянальнай фатаграфіі: Ян Булгак у Беларусі / Тамара Зайцава // Гісторыя. Культуралогія. Мастацтвазнаўства: матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», 1 сесія — 21-25 мая, 2 сесія — 4-7 снежня, Мінск, 2000 г. / рэд. калегія: Віталь Скалабан (галоўны рэдактар) і інш. Мінск, 2001. С. 218—220.
- Кошур С. У якім Асташыне нарадзіўся Ян Булгак? / Святлана Кошур // Культура. 2004. 11-17 верас. (№ 37). С. 14.
- Кухарска Я. Ян Брунан Булгак (1876—1950) — забыты мастак Наваградзкае зямлі / перакл. з польскае мовы Натальлі Пятровіч // Спадчына. 2002. № 2/3. С. 143—158.
- Лаўрэш Л. Л. Ян Булгак: паводле Г. Каняста, Інстытут Адама Міцкевіча (Польшча) // Эл. рэсурс pawet.net
У Сеціве [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ян Булгак- Фотагалерэя Я. Булгака (46 фота маёнткаў Зах. Беларусі ў колішніх Віленскім, Навагрудскім, Брэсцкім ваяв.) — Эл. рэсурс pawet.net
- Адноўленае гняздо Яна Булгака — Эл. рэсурс nn.by
- Рэпартаж з турмы ад бацькі беларускай фатаграфіі (У Варшаве знайшоўся альбом невядомых фота Яна Булгака) — Эл. рэсурс nn.by
