Ян Казімір Сапега

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ян Казімір Сапега.

Ян Казімір Сапега (? — 22.2.1730), дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Генерал-фельдмаршал расійскай службы (1726). 3 роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). 3 1682 стараста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяводства. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—1721. Для атрымання дзяржаўных пасад і захавання зямельных уладанняў неаднаразова мяняў палітычную арыентацыю.

У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (12.4.1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706). 13.5.1709 разбіты рускімі войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708-09 вялікі гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паразы шведаў у Палтаўскай Бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі; 11.11.1709 яго 15-тысячнае войска капітулявала каля Брэста і было распушчана. Аднак, страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 17111713) супраць Аўгуста. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор'е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі вялікаму кароннаму гетману А. Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваы прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1714 прапаноўваў Аўгусту II пачаць вайну супраць Расіі ў саюзе са Швецыей і Турцыяй, каб вярнуць Інфлянты. Спрабаваў выкарыстаць у сваіх мэтах барацьбу Віленскай канфедэрацыі 1716 з Саксонскай дынастыяй. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II.

Намераваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой расійскага князя Д.Меншыкава, які хацеў з дапамогай Сапегаў атрымаць Курляндскае Земгальскае герцагства (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа Сапегі ў расійскую сталіцу апісана ў яго дзенніку). Аднак планы Меншыкава не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш Ян Казімір застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру I (1727-1730). Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзяржаўных устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) генерал-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Выступаў за падтрымку Станіслава Ляшчынскага з боку Расіі ў саюзе з Францыяй. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.


Літ.:

Энцыклапэдыя гісторыі Беларусі, т 6. - Мн., 2001, Стар. 222-228