Ян Якаб Слаўэрхоф

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Якаб Слаўэрхоф
Jan Jacob Slauerhoff
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Джон Равенсвуд
Дата нараджэння 15 верасня 1898(1898-09-15)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 5 кастрычніка 1936(1936-10-05)[3][4][…] (38 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства Сцяг Нідэрландаў Нідэрланды
Жонка Darja Collin[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, празаік, перакладчык
Мова твораў нідэрландская
Прэміі
Узнагароды
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Ян Якаб Слаўэрхоф, зрэдку падпісваўся Джон Равенсвуд (нідэрл.: Jan Jacob Slauerhoff; 15 верасня 1898, Леўвардэн, Нідэрланды — 5 кастрычніка 1936, Хілверсум) — паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў Нідэрландаў ХХ ст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў пратэстанцкай сям'і, быў пятым з шасці дзяцей і з самага дзяцінства пакутаваў на астму. Скончыўшы школу (у якой вучыўся разам са сваім сябрам, таксама будучым пісьменнікам, Сіманам Вестдэйкам), Слаўэрхоф абірае кар'еру доктара і паступае ў медыцынскі ўніверсітэт у Амстэрдаме. Аднак гэта не перашкаджае яму займацца літаратурай — першыя вершы Слаўэрхофа друкуюцца ў студэнцкім часопісе «Propria Cures». Аднак пры гэтым паэт не бярэ актыўнага ўдзелу ў студэнцкім жыцці, паглынуты светам сваіх любімых французскіх сімвалістаў — Шарля Бадлера, Поля Верлена, Трыстана Карб'ера, Арцюра Рэмбо, Жуля Лафорга, творы якіх ён перакладаў на нідэрландскую мову. Апроч французскай перакладаў з партугальскай (Эса дэ Кейрош, Паўлу Сэтубал), іспанскай (Рамон Гомес дэ ла Сэрна, Марцін Луіс Гусман, Рыкарда Гіральдэс і інш.) і кітайскай.

З 1921 года вершы Слаўэрхофа пачынаюць друкавацца ў сур'ёзным літаратурным часопісе «Плынь» (Het Getij), а ўжо ў 1923 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік — «Архіпелаг» (Archipel). У тым жа годзе паэт (палічыўшы сябе яшчэ не гатовым да сталага пачуцця) разрывае стасункі з Труус дэ Рэйтэр, з якой заручыўся ў студэнцкія гады, калі дзяўчына вывучала нідэрландскую філалогію, а сам паэт — медыцыну. Не здолеўшы знайсці сабе працу ў Нідэрландах (а падчас навучання ва ўніверсітэце ў Слаўэрхофа з'явілася няшмат сяброў і значна больш — ворагаў), паэт паступае на службу ў Іст-Індскую карабельную кампанію і робіцца судавым доктарам. Аднак ужо ў першым плаванні слабое здароўе Слаўэрхофа нагадвае пра сябе і вымушае яго шукаць працу на сушы. Праз некалькі месяцаў ён зноў падпісвае канктракт з карабельнай кампаніяй і плыве на Далёкі Усход. Да 1927 года, калі заканчваецца кантракт, Слаўэрхоф шмат разоў пабываў у Кітаі, Ганконгу і Японіі.

З 1928 года паэт пачынае плаваць доктарам на судах, што ідуць у Лацінскую Амерыку. Гэтым часам крыху паляпшаецца яго здароўе і шырыцца пісьменніцкая слава (да 1930 года надрукаваныя ўжо шэсць паэтычных зборнікаў і два зборнікі апавяданняў). У вершах Слаўэрхофа адкрываецца дзівосны свет усходніх краін і паўднёвых мораў, ён расказвае пра кітайцаў-кулі, што грузяць суды ад Шанхаю да Кантону, пра партавыя гарады — Порт-Саід, Джыбуці, Сінгапур, пра маракоў і піратаў, пра мужнасць, вернасць і падарожжы на самы край зямлі.

З 1929 года Слаўэрхоф часта бывае ў Нідэрландах, працуе ва Утрэхце ў клініцы дэрматалогіі і венерычных захворванняў. У верасні 1930 года жэніцца з Дар'яй Колін, танцоўшчыцай, балерынай — і некаторы час адчувае сябе вельмі шчаслівым. Аднак ужо ў 1931 годзе зноў захворвае (гэтым разам на пнеўманію) і вымушаны ехаць папраўляць здароўе ў Італію, куды хуткім часам пераязджае і яго цяжарная жонка. Дзіця нараджаецца мёртвым, і Слаўэрхоф упадае ў дэпрэсію, а ў 1932 годзе зноў сыходзіць у мора. Здароўе пагаршаецца, і Слаўэрхоф вырашае выправіцца ў Паўночную Афрыку, але неўзабаве вяртаецца назад. Разам са здароеўм пагаршаюцца стасункі з жонкай, якія праз некаторы час заканчваюцца разводам.

Тым часам пісьменніцкая слава Слаўэрхофа ўсё расце. У 1932 годзе выходзіць яго «Забароненае каралеўства» (Het verboden rijk), гістарычны раман з рысамі магічнага рэалізму, які апавядае пра дзевятнаццатае стагоддзе і жыццё партугальскага паэта шаснаццатага стагоддзя Луіса дэ Камоэнса, аўтара санетаў і гераічнай паэмы «Лузіяды», які, як і сам Слаўэрхоф, бываў на Усходзе. Нідэрландскі паэт неаднаразова звяртаецца да вобразу свайго папярэдніка — напрыклад, у санэце «Камоэнс», — і супастаўляе яго лёс са сваім, бачачы ў гэтым злавеснае папярэджанне (Камоэнс памёр ад чумы). Гэты, а таксама наступны раман Слаўэрхофа «Жыццё на зямлі» (Het leven op aarde, 1934) былі прыхільна прынятыя крытыкай і чытачамі, а паэтычная кніга «Soleares» была ў 1933 годзе ўганараваная прэміяй Ван дэр Хогта.

Пасля 1935 года Слаўэрхоф шмат плавае па свеце. У адной з паездак у Паўднёвую Афрыку ён моцна захворвае на малярыю і ў 1936 годзе вяртаецца ў Нідэрланды — але запозна. Паэт памірае 5 кастрычніка 1936 года, неўзабаве пасля 38-га дня нараджэння, у лякарні ў Хілверсуме, не дажыўшы месяцу да выхаду свайго апошняга зборніка вершаў «Годная магіла марака» (Een eerlijk zeemansgraf).

Пісаў таксама вершы па-французску.

Празаічныя творы Яна Слаўэрхофа перакладаліся на нямецкую, французскую, італьянскую і партугальскую мовы, паэзія — на рускую (Я. Віткоўскі).

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Паэзія[правіць | правіць зыходнік]

  • Паўцень (Clair-obscur), 1926
  • Усходняя Азія (Oost-Azië), 1928 (пад псеўданімам Джон Равенсвуд)
  • Эльдарада (Eldorado), 1928
  • Архіпелаг (Archipel), 1929
  • Балотныя кветкі (Fleurs de marécage), 1929 (па-французску)
  • Сатурн (Saturnus), 1930 (пашыранае і дапоўненае выданне «Паўценю»)
  • Малапрыдатны (Yoeng Poe Tsjoeng), 1930 (пераклады з кітайскай і арыгінальныя вершы)
  • Серэнада (Serenade), 1930
  • Soleares (Soleares), 1933
  • Годная магіла марака (Een eerlijk zeemansgraf), 1936

Проза[правіць | правіць зыходнік]

Драма[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Jan Jacob Slauerhoff — 2009.
  2. Jan Jacob Slauerhoff // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б в Слауэрхоф Ян Якоб // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Jan Jacob Slauerhoff

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Слаўэрхоф, Ян Якаб (Slauerhoff, Jan Jacob) Архівавана 29 лістапада 2009. // Часопіс «ПрайдзіСвет»: Асоба: Аўтары — Эл.рэсурс prajdzisvet.org

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]