Яраслаўская беларуская рада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Яраслаўская беларуская рада, Яраслаўскае беларускае таварыства — беларуская грамадская арганізацыя ў Яраслаўлі ў 1916—18 гадах. Аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў I сусветнай вайны.

Створана восенню 1916. Яе аснову складалі выкладчыкі і слухачы Мінскага настаўніцкага інстытута: У. М. Ігнатоўскі, Дз. А. Сцяпура, М. І. Мароз, А. Кабервейн, С. Курчэвіч-Сеўрук, М. Шымель, М. Ярац, Х. Бурван, Г. Нікіфарава, М. С. Кахановіч, Х. Імшэнік, святар У. Біруля. Цесную сувязь з радай падтрымліваў Максім Багдановіч. Ставіла за мэту згуртаванне беларусаў-бежанцаў вакол нацыянальнай ідэі, аказанне матэрыяльнай і юрыдычнай дапамогі пацярпелым ад вайны, арганізацыю дабрачынных акцый, культурна-асветных лекцый, тэатральна-музычных вечарын. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) разам з арганізацыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасць па нацыянальным усведамленні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала з Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь з Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Беларускай народнай грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на I з’езд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастрычніку 1917, Усебеларускі з'езд 1917. Спыніла дзейнасць вясной 1918 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]