Язэп Нарцызавіч Драздовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Я. Драздовіч)
Язэп Драздовіч
Фатаграфія
Язэп Драздовіч (1928)
Дата нараджэння 1 (13) кастрычніка 1888
Месца нараджэння
Дата смерці 15 верасня 1954(1954-09-15) (65 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік, графік, фалькларыст, настаўнік мастацтва
Месца працы
Жанр жывапісец, графік, скульптар
Вучоба
Уплыў на Фёдар Іванавіч Сухавіла
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (13 кастрычніка 1888, засценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён — 15 верасня 1954, Падсвілле, Глыбоцкі раён; Псеўданімы: Я. Нарцызаў) — беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства і маладосць[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год

Нарадзіўся 13 (1 ст. ст.) кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара[1]. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям’я засталася без зямлі і дома. Сям’я мусіла часта пераязджаць, арандуючы чужую зямлю. Язэп Драздовіч пачаў вучобу ў прыватнай настаўніцы, пасля адвучыўся ў Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева, якую скончыў у 1908 годзе. Праз нястачу Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, планаваў выехаць па заработкі за граніцу.

Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае серыю графічных работ з краявідамі Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага Нашай Нівай.

У 1910 годзе прызваны на службу ў расійскае войска. Пасля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фельчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне на Заходнім фронце. Праз цяжкія ўмовы працы Язэп Драздовіч захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў у шпіталь. Пасля сямімесячнага адпачынку з адведваннем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.

Пасля рэвалюцыі[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Драздовіч (справа) ля вытоку Нямігі, чэрвень 1920 года. Фота Льва Дашкевіча.
Язэп Драздовіч на беларускіх настаўніцкіх курсах у Менску, 1920 год

У 1917 годзе, пасля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Жыў у родных, сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля вёскі Германавічы[1], пасылаў у «Нашу Ніву» допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў. З аптымізмам вітаў Першы Усебеларускі з’езд. У лісце да Антона Грыневіча Драздовіч выказваў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, тэатр.

У 1919 годзе, пасля стварэння БССР, Драздовіч пераехаў у Менск. У Менску працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР, мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», у 1919 годзе арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар[1]. За польскай акупацыяй Менска (9 жніўня 1919 — 11 ліпеня 1920) супрацоўнічаў з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і Беларускай вайсковай камісіяй, афармляў часопісы «Беларускае жыццё» і «Рунь». У Менску Драздовіч стварыў серыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў места — Замчышча, Верхняга Рынка, Татарскага прадмесця. Даследаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры.

1920-я гады[правіць | правіць зыходнік]

Верагодна, адступіў з Менска разам з польскімі войскамі ў ліпені 1920 года. Вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асветніцкую дзейнасць[1]. У 1921—1924 гадах — кааператар. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была закрытая польскай адміністрацыяй.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасцю. Бярэцца за напісанне гістарычнага рамана пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэтая беларускай грамадскасцю аповесць Драздовіча «Вялікая шышка».

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўнення экспазіцыі ён займаўся раскопкамі гарадзішчаў, збіраў фальклор, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспедыцыю на Піншчыну, а ў наступныя два гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з’явіліся ёмістыя альбомы графікі.

Язэп Драздовіч з вучнямі Радашковіцкай беларускай гімназіі, каля 1927 г.
Драздовіч у мастацкай студыі пры Віленскай беларускай гімназіі, у цэнтры Рыгор Шырма. 1926—1927 гг.

У 1924—1926 гадах выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з Таварыствам беларускай школы[1]. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. У 1926—1927 гадах супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка». У 1927 годзе заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі[1]. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч і Мікола Васілеўскі. У 1927—1929 гадах выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі[1].

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 года — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя работы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі Навук.

На пачатку 1930-х гадоў непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спектаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы кааператыўнага выдавецтва «Сяўба».

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя рысункі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».

Дзісенскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Аўтапартрэт, 1943 год
Магіла Язэпа Драздовіча на могілках паміж вёскамі Ліпляні і Малыя Давыдкі. Стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» ў выкананні Алеся Шатэрніка

У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстанціна. Тут мастак стварыў вялікую колькасць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, у часе якіх вырабляў для вяскоўцаў маляваныя дываны і партрэты.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 гадах працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках[1]. Праз нястачу настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляванне і гісторыю. Педагагічная дзейнасць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе ў сувязі з нападам нацысцкай Германіі на СССР у Другой сусветнай вайне. У часе нямецкай акупацыі Драздовіч працягнуў сваю творчую дзейнасць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Па заканчэнні вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заработку былі маляваныя дываны для сялян. Зрэдчас пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны роспіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскую бальніцу, дзе праз некаторы час ён памёр. Пахаваны Драздовіч на могілках паміж вёскамі Ліпляні і Малыя Давыдкі. У 1982 годзе на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар Алесь Шатэрнік).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Вокладка Першага беларускага календара Нашай Нівы на 1910 год, аздобленая малюнкам Драздовіча

У Язэпа Драздовіча было шырокае кола інтарэсаў: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі.

У 1923 годзе ў Вільні была надрукаваная першая частка яго аповесці «Вар’ят без вар’яцтва». Бальшыня ягоных твораў, у тым ліку паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне, і гістарычная аповесць «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з ягонымі ілюстрацыямі засталіся ў рукапісах. У паэме «Трызна мінуўшчыны» (працоўныя назвы «Песні аб мінуўшчыне, або Беларусь спрадвеку», 1936 год) Драздовіч апісвае падзеі, якія адбываліся на нашых землях ад VI да XX ст. У паэме аўтар сам выступае ў якасці Бая-песняра, постаць, якая паўтараецца ў дальнейшых этапах творчасці Язэпа Драздовіча. Падзеі ў аповесці «Гарадольская пушча» адбываюцца на роднай яму Дзісеншчыне ў XIII ст. У Вільні пад псеўданімам Я. Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923).

Навукова-папулярнае выданне «Нябесныя бегі» (1931)

У Свіры праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу «Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня». Дзённікі Язэпа Драздовіча, якія ён вёў у 1930—1950-я гады, былі надрукаваныя ў 1991 годзе («Маладосць» № 5—12). Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931).

Найбольш вядомы як мастак. Першыя малюнкі Язэпа Драздовіча — «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні» зробленыя ў 1907 годзе пад уплывам Мікалоюса Чурлёніса. Сімвалічны сэнс мелі і зробленыя мастаком вокладкі «Першага беларускага календара на 1910 год», кнігі Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» Антона Грыневіча (1920), і інш. 3 самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. Намаляваў у рэалістычным характары серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у карцінах гэтай серыі мастак даў паэтычны вобраз роднага краю («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Гараватка», «Пунькі», «Александрыя», «Стары вадапуск», «Над Дзісёнкай» і інш.). У канцы 1910 — пач. 1920-х стварыў графічныя серыі «Старажытны Менск», «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Менск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Язэпа Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча. На мяжы 1910—1920-х зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, у тым ліку Усяслава Чарадзея, жывапісныя карціны «Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае». У гэты час Язэп Драздовіч склаўся як мастак гістарычнай тэмы. У 2-й пал. 1920-х гадоў стварыў вялікія графічныя серыі (па 14—16 лістоў) «Глыбокае», «Піншчына», «Мір», «Любча», «Шчорсы», «Наваградак і Наваградчына», «Ліда», «Крэва», «Гальшаны», «Баруны», «Трокі», «Меднікі», «Кушляны», «Жупраны», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням, жывапісныя партрэты Францішка Скарыны і Францішка Багушэвіча. Шэраг твораў гэтай серыі вызначаюцца мастацкай завершанасцю, пранікнёнасцю. У гэты час мастак шмат вандраваў па Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 годзе і 1-й пал. 1940-х гадоў напісаў некалькі карцін і акварэлей, прысвечаных Францыску Скарыну. Паводле матываў «Слова пра паход Ігараў» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940—1946 гадах вяртаецца да матываў мінулага — карціны «Палачане выганяюць накінутага ім князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея». Язэп Драздовіч — пачынальнік (у пач. 1930-х) касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940).

Маляваў насценныя дываны, адметныя арыгінальнай пабудовай кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у галіне скульптуры: бюст Францішка Скарыны (1916), «Плач Гарыславы» (выява полацкай княжны Рагнеды, 1916), партрэты-барэльефы Міхася Машары, Антона Грыневіча, Янкі Пачопкі, сваёй маці.

Значнасць асобы Драздовіча[правіць | правіць зыходнік]

«Вечны вандроўнік», помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці Мінска

Сучаснае беларускае мастацтва творча наследуе спадчыну Драздовіча.

Мастацтвазнаўца Надзея Усава згадвае: Значнасць Драздовіча як першага нацыянальнага мастака, народнага філосафа-ўтапіста, самабытнага і арыгінальнага мастака-візіянера выключная для культуры Беларусі[2].

Сучасныя мастакі звяртаюцца да творчасці Драздовіча ў сваіх працах. Творча пераасэнсоўвае спадчыну Язэпа Драздовіча яго зямляк Эдуард Мацюшонак[3].

У незалежнай Беларусі творчасць Язэпа Драздовіча праз яе нацыянальную скіраванасць падвяргаецца цэнзуры. Так, карціна Пагоня (1927), якая з’яўляецца адной з найважнейшых прац мастака, не ўвайшла ў альбом, выдадзены ў 2012 годзе Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі[4]. Карціна не была выстаўленая і на выстаўцы «Сусвет Язэпа Драздовіча», якая праходзіла ў 2018 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі да 130-годдзя з дня нараджэння мастака, хоць карціна захоўваецца ў фондах гэтага музея[5].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Драздовіч. Марка Белпошты, 1994

За савецкім часам творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленнямі аб мастацтве. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасць дзякуючы пісьменніку Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысвечаную жыццю і творчасці Драздовіча.

У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў мінскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах, Навагрудку[6]. У Траецкім прадмесці Мінска ўсталяваны помнік Язэпа Драздовіча аўтарства скульптара Ігара Голубева. У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім быў усталяваны бюст Язэпа Драздовіча на Алеі знакамітых землякоў[7]. У 2018 годзе магіла Язэпа Драздовіча была ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі[8], у гэтым жа годзе на месцы хутара Пунькі быў усталяваны памятны знак у гонар мастака[9]. У Глыбокім працуе Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча[10].

Імем Драздовіча названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці). На радзіме мастака ў вёсцы Пунькі Глыбоцкага раёна штогод праводзяцца міжнародныя пленэры яго імя. У музеі-пакоі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе — яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра.

Творы Язэпа Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі старажытнабеларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музеі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных музеях Беларусі і ў прыватных калекцыях.

У красавіку 2013 года ў Маладзечне была праведзеная навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча»[11][12]. У 2018 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праведзеная выстаўка «Сусвет Язэпа Драздовіча, прысвечаная 130–годдзю з дня нараджэння мастака[13].

Да 135–годдзя з дня нараджэння Я. Драздовіча ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арганізавана выстава «Самародак зямлі беларускай»[14].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя сюжэты[правіць | правіць зыходнік]

Помнікі архітэктуры[правіць | правіць зыходнік]

Касмавізіі[правіць | правіць зыходнік]

Краявіды[правіць | правіць зыходнік]

Маляваныя дываны[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Ліс А., Майсяёнак А. 1996, с. 276.
  2. Н.М.Усава. Уступ // Язэп Драздовіч. — 2-е выданне, дапоўненае. — Мн.: Беларусь, 2012. — С. 12. — 96 с. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-01-1011-4.
  3. Мастак пра мастака: Эдуард Мацюшонак пра асобу і творчасць Язэпа Драздовіча Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
  4. Драздовіч Язэп. Альбом(недаступная спасылка). prastora.by. Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2018. Праверана 18 верасня 2018.
  5. Віктар Марціновіч. Драздовіч без «Пагоні»(недаступная спасылка). budzma.by (26 чэрвеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2018. Праверана 18 верасня 2018.
  6. Уладзімір Арлоў. Язэп Драздовіч. Імёны Свабоды (бел. (тар.)). svaboda.org (12 кастрычніка 2006). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2018. Праверана 14 верасня 2018.
  7. Алею знакамітых землякоў урачыста адкрылі на Дзень пісьменства ў Глыбокім. kraj.by (3 верасня 2012). Праверана 14 верасня 2018.
  8. Могила Язепа Дроздовича стала историко-культурной ценностью (руск.). belta.by (14 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 16 верасня 2018. Праверана 16 верасня 2018.
  9. У Глыбоцкім раёне ўсталявалі памятны знак Язэпу Драздовічу. euroradio.fm (12 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2018. Праверана 15 кастрычніка 2018.
  10. Facebook. www.facebook.com. Праверана 18 верасня 2023.
  11. Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне Архівавана 24 верасня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  12. Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва Архівавана 19 красавіка 2014. // «Рэгіянальная газета»
  13. Выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча»(недаступная спасылка). artmuseum.by. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2018. Праверана 24 верасня 2018.
  14. Выстава «Самародак зямлі беларускай» //csl.bas-net.by

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Багданава Г. Касмічныя хронікі Язэпа Драздовіча / Г. Багданава // Бярозка. — 2002. — № 2. — С. 24-25.
  • Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мн., 1988. — Т. 6. — С. 194—195.
  • Габрусь Т. Зорны шлях вечнага вандроўніка : да 120-годдзя Язэпа Драздовіча / Т. Габрусь // Роднае слова. — 2008. — № 10. — С. 98-101.
  • Ліс А. Вечны вандроўнік: нарыс / А. С. Ліс; [маст. М. Купава]. — Мн., 1984. — 253 с.
  • Ліс А. Вечны вандроўнік // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага раёна. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с.: іл.
  • Коўрык А. Праламленне мастацкіх традыцый у маляванках Язэпа Драздовіча / А. Коўрык // Мастацтва. — 2003. — № 3. — С. 19-20.
  • Кулажанка Л., Мальдзіс А., Сачанка С. Літаратурныя мясціны Беларусі: Краязн. даведнік: У 3 кн. Кн. 1.: Брэсц., Віцеб. і Гомел. вобл. — Мн.: БелЭн, 2000. — 288 с.
  • Ляхоўскі У. Мінскі перыяд жыцця Язэпа Драздовіча (1919—1921 гг.): у адлюстрванні новых архіўных дакументаў // Знакамітыя мінчане ХІХ-ХХ стст. Матэрыялы беларуска-польскай навук. канферэнцыі, Мінск, 12 лістапада 2008 г. — Мінск: Польскі інстытут у Мінску, 2010. — С. 92—101.
  • Малаш Ю. Язэп Драздовіч — вандроўнік, мастак, гісторык / Ю. Малаш // Беларускі гістарычны часопіс. — 1999. — № 2. — С. 78-82.
  • Мяснікоў А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — Мн., 2008. — С. 205—207.
  • Русецкі А. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. — Мн., 2005. — С. 294—297.
  • Усава Н. Матывы і вобразы графікі Язэпа Драздовіча / Н. Усава // Роднае слова. — 1998. — № 10. — С. 160—165.
  • Ліс А., Майсяёнак А. Драздовіч Язэп // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3 Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл. / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.). — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 275—277. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Язэп Драздовіч. Альбом. Мн., 1993.
  • Язэп Драздовіч. Альбом-манаграфія / уклад. М. Купава; рэд. рада У. Басалыга і інш. — Мн., 2002. — 179 с.
  • Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва — інсітус / уклад. В. Лабачэўскай. — Мн., 1997. — 86 с.
  • Ірына Галуза. Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы. — Мн .: Беларуская навука, 2022. — 676 с. — 300 экз. — ISBN 978-985-08-2860-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]