12 меншых прарокаў

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

12 меншых прарокаў:

Авакум — адзін з 12 меншых прарокаў.

Агей — адзін з 12 меншых прарокаў, які жыў і прарочыў у 2-ой пал. 6 ст. н.э., г.зн. пасля вавілонскага палону. Яго прароцкія прамовы заклікалі суайчыннікаў да аднаўленчых работ па рэстаўрацыі іерусалімскага храма.

Амос — адзін з 12 меншых прарокаў, сучаснік прарокаў Іаіля, Асіі і Ісайі. Спачатку быў пастухом і займаўся жывёлагадоўляй. Прароцкую дзейнасць пачаў у часы панавання Іасіі, цара іудзейскага і Ераваама II, цара ізраільскага. Жыў у Ізраільскім царстве ў г. Вефілі. За свае выкрывальныя прамовы, накіраваныя супраць сучасных яму ізраільскіх уладароў, сацыяльнай несправядлівасці і маральнага разлажэння ізраільцян, падвяргаўся нападкам з боку галоўнага вефільскага жраца Амасіі, які патрабаваў ад цара Ераваама II выгнаць яго з горада ў зямлю Іудзейскую.

Асія — адзін з 12 меншых прарокаў, які прарочыў ад пачатку панавання цара Ераваама II і да падзення Ізраільскага царства (723 да н.э.). Яго кніга прароцтваў накіравана супраць агульнага разладу і беспарадкаў у краіне, дзе панавалі крамолы, змовы, міжусобіцы і хваляванні, якія садзейнічалі поспехам знешніх ворагаў. Яна прасякнута духам непрымірымасці, выкрыцця і заклікамі апамятацца, пакуль яшчэ не позна, каб пазбегнуць пакарання божага і пагібелі.

Аўдзей — адзін з ліку 12 меншых прарокаў. Яго прароцтва звернута да ідумеяў, якіх ён дакараў за здрадніцтва, зробленае імі ў дачыненні да сваіх браццяў ізраільцян, калі яны ў час першага разгрому іх царства вавіланянамі перакрылі шлях ізраільцянам да выратавання.

Захарыя — адзін з ліку 12 меншых прарокаў, сучаснік Агея. Нарадзіўся ў часы вавілонскага палону, які яму самому прыйшлося перажыць, і пасля вяртання з палону на радзіму шмат садзейнічаў маральнаму і духоўнаму адраджэнню народа. Кніга яго прароцтваў багата паэтычнымі мясцінамі. У ёй раскрываюцца мроі Захарыя, выказваюцца розныя пагрозы ворагам, прадказваюцца некаторыя будучыя падзеі, а таксама прышэсце месіі—збавіцеля.

Іаіль — адзін з ліку 12 меншых прарокаў. Паводле біблейскага падання, яго дзейнасць праходзіла ў Іерусаліме ў часы панавання Іяаса. Яго прароцтвы, як сведчыць змест аднайменнай біблейскай кнігі, у значнай ступені мелі апакаліптычны характар.

Іона — адзін з 12 меншых прарокаў.

Малахія (у перакладзе са стараяўрэйскай — мой веснік) — адзін з ліку 12 меншых прарокаў, паводле біблейскага падання, паходзіў з Зевулонава пакалення і памёр у маладым узросце. Яго прароцкая дзейнасць праходзіла ў 5 ст. да н.э., калі Іерусалімскі храм ужо быў адбудаваны пасля вавілонскага палону. Ён выступаў змагаром за веру і закон продкаў, выкрываў і крытыкаваў насельніцтва і свяшчэннікаў за адсутнасць стараннасці ў захаванні традыцыйных абрадаў веравызнання і пагражаў ім страшным боскім судом за розныя заганы і грахі. Кніга Малахіі пабудавана ў форме своеасаблівага дыялогу паміж богам і прарокам, з аднаго боку, і народам — з другога.

Міхей — адзін з ліку 12 меншых прарокаў, які прапаведаваў у Іудзеі. Яго прароцкая дзейнасць адносіцца да часоў панавання іудзейскіх цароў Іяфана, Ахама і Езекіі, калі Ізраільскае і Іудзейскае царствы хутка хіліліся да свайго заняпаду. Прадказваў разбурэнне Іерусаліма, узнікненне дыяспоры і іншыя беды і няшчасці, якія спасцігнуць народ.

Навум — адзін з ліку 12 меншых прарокаў з Галілеі, што ў паўночнай Палесціне. Паводле падання Іосіфа Флавія, прароцкую дзейнасць пачаў у часы панавання Езекіі (745—716 да н.э.), якая працягвалася да першых гадоў панавання Манасіі. Яго прароцкая кніга пропаведзяў змяшчае ў сабе яркі малюнак сучаснага яму рэлігійна-маральнага і палітычнага становішча Палесціны і разам з тым падае шмат звестак па гісторыі Асірыі.

Сафоній — адзін з 12 меншых прарокаў, паходзіў са знатнага роду, жыў у часы панавання іудзейскага цара Іасіі ў 7 ст. да н.э., калі пад уплывам набожнага цара іудзеі вярнуліся да веравызнання сваіх продкаў, але само Іудзейскае царства знаходзілася ўжо напярэдадні свайго заняпаду. Прадказанне Сафоніі аб гэтай небяспецы і заклік да пакаяння складаюць галоўны змест яго кнігі прароцтваў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.177, 178. ISBN 5-343-00151-3..