432-гі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
432-гі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр
Нарукаўны знак 432-га ГВКМЦ
Гады існавання З 2003
Краіна  Беларусь
Падпарадкаванне Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства абароны
Тып вайсковая медыцынская ўстанова
Удзел у Міратворчая аперацыя ААН у Ліване,
Місія беларускіх ваенных медыкаў у Сірыі

Установа аховы здароўя «432-гі ордэна Чырвонай Зоркі Галоўны ваенны медыцынскі клінічны цэнтр узброеных сіл Рэспублікі Беларусь»  — медыцынскі шматпрофільны спецыялізаваны цэнтр, а таксама навуковы, навучальна-метадычны цэнтр медыцынскай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і клінічная база ваенна-медыцынскага факультэта БДМУ.

У 432-м ГВКМЦ праводзіцца поўны комплекс дыягнастычнай і лячэбнай дапамогі пацыентам, высокі ўзровень падрыхтоўкі лекараў і наяўнае высакакласнае медабсталяванне дазваляюць ажыццяўляць лячэнне мноства захворванняў. 432-гі Галоўны ваенны медыцынскі клінічны цэнтр узброеных сіл РБ не мае аналогаў на тэрыторыі Беларусі. Вялікая частка лекараў шпіталя маюць 1-ю і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, некаторыя з іх прызнаны заслужанымі лекарамі Рэспублікі Беларусь, многія маюць навуковыя ступені[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першы ў Мінску часовы ваенны шпіталь быў адкрыты паводле ўказу расійскага імператара Аляксандра І 17 жніўня 1805 года. У жніўні 1828 года ўказам імператара Мікалая І было зацверджана палажэнне аб стварэнні ў Мінску сталага ваеннага шпіталя 1-га класа. Праз 8 гадоў ён быў перафарміраваны ў ваенны шпіталь другога класа, а колькасць месцаў павялічылася ад 150 да 310.

Нягледзячы на цяжкасці, злучаныя з эпідэміямі халеры, сыпнога і зваротнага тыфа, медычны склад шпіталя паспяхова спалучаў лячэбную працу з навукова-педагагічнай дзейнасцю. Ужо на працягу першых пятнаццаці гадоў дзейнасці ўстановы былі апублікаваны навуковыя працы яго супрацоўнікаў аб эпідэмічнай халеры, гарачках, ліхаманках, метадах лячэння хвароб, раненняў, воспы і шматлікія іншыя.

Лекары шпіталя актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні і працы Мінскага навуковага таварыства лекараў, што значна спрыяла далейшаму развіццю расійскай і сусветнай медыцыны.

З 1828 па 1917 год шпіталь існаваў як Мінскі ваенны шпіталь для лячэння хворых і параненых вайскоўцаў.

Савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

З 1918-га па 1939 год Мінскі ваенны шпіталь выконваў функцыі гарнізоннага.

У 1939 годзе набыў статус Акруговага клінічнага шпіталя Беларускай адмысловай ваеннай акругі на 350 коек і, фактычна, стаў цэнтрам перадавой медыцынскай думкі — базай для падрыхтоўкі лекараў і малодшага медыцынскага персаналу. Абавязковымі ў шпіталі сталі навуковая праца і ваенна-палявая падрыхтоўка.

У першыя дні вайны шпіталь падвергся бамбаванню нямецкай авіяцыі і 24 чэрвеня 1941 года быў рэарганізаваны ў 432 спецыялізаваны эвакуацыйны шпіталь на 400 коек. Ацалелы асабовы склад, хворыя і параненыя былі эвакуіраваны ў тыл краіны.

У гады Вялікай Айчыннай вайны шпіталь месцаваўся ў Барысаве, Смаленску, Вязьме, Краснауфімску, Варонежскай вобласці, Харкаве. Прасоўваючыся за надыходзячымі войскамі ў складзе Паўднёва-заходняга, Другога Украінскага і Трэцяга Беларускага франтоў асабовы склад шпіталя аказаў хірургічную дапамогу 60 тысячам хворых і параненых, вярнуўшы ў строй больш за 70 % салдатаў і афіцэраў Чырвонай арміі, якія знаходзіліся на лячэнні.

У студзені 1946 года прайшоўшы праз Украіну, Малдавію і Беларусь 432-гі эвакуацыйны шпіталь Трэцяга Беларускага фронту быў рэарганізаваны ў 432 Акруговы ваенны шпіталь Беларускай ваеннай акругі.

У шпіталі былі разгорнутыя першае хірургічнае, тэрапеўтычнае, вочнае і ЛОР аддзяленні, лабараторыя, рэнтгенкабінет. На тэрыторыі ваеннага гарадка ў намётах змесцаваліся другое хірургічнае аддзяленне з аперацыйнай і перавязачнай, ізалятар і санітарны прапускны пункт.

У пасляваенныя гады на базе шпіталя і ваенна-медыцынскай службы Беларускай ваеннай акругі неаднаразова праводзіліся зборы кіраўнічага складу медыцынскай службы Ўзброеных Сіл Савецкага Саюза. Досвед і веды лекараў медыцынскай установы высока шанаваліся і шырока выкарыстоўваліся пры правядзенні шматлікіх даследчых і агульнавайсковых вучэнняў.

У 1975 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за дасягнутыя поспехі ў медыцынскім абслугоўванні вайскоўцаў і ў сувязі з 30-годдзем Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне 432-гі акруговы ваенны шпіталь Беларускай ваеннай акругі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Свае веды і досвед хірургі шпіталя паспяхова ўжывалі пры аказанні дапамогі параненым і пацярпелым, якія ўдзельнічалі ў Афганскай вайне.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Са стварэннем Узброеных Сіл Беларусі 432-гі акруговы ваенны клінічны шпіталь быў рэарганізаваны спачатку ў 432-гі Галоўны ваенны клінічны шпіталь Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а ў лістападзе 2003 года — у дзяржаўную ўстанову «432-гі ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны шпіталь Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Пасля галоўная медыцынская ўстанова Узброеных Сіл атрымала назву: Дзяржаўная ўстанова «432-гі ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» [2].

14 лютага 2023 года 45 байцоў медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага шпіталя УС РБ адправіліся ў Сірыю для аказання дапамогі ў наступствах лютаўскага землетрасення[3].

Арганізацыйная структура[правіць | правіць зыходнік]

У наш час 432 ГВКМЦ — шматпрофільная, спецыялізаваная лячэбная ўстанова, навуковы, навучальны і метадычны цэнтр медыцынскай службы Узброеных Сіл, клінічная база ваенна-медыцынскага факультэта Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Падчас рэфармавання сістэмы ваенна-медыцынскага забеспячэння асноўная ўвага была нададзена максімальнаму развіццю стацыянарна-замяшчальных тэхналогій. У гэтых мэтах блізкія па профілі лячэбныя аддзяленні былі аб’яднаны ў лячэбныя і дыягнастычныя цэнтры. Акрамя таго, створаны новыя структурныя падраздзяленні — медыцынскае аддзяленне (кансультацыйнае), прызначанае для правядзення унутрашпітальных кансультацый хворых, а таксама ваенна-медычнай экспертызы і аддзяленне адмысловых метадаў лячэння (імунатэрапіі).

Зведаў змены і медыцынскі атрад адмысловага прызначэння, арганізацыйна-штатная структура якога стала ў большай меры адказваць яго сучаснаму прызначэнню і задачам.

Больш за 65 % лекараў цэнтра маюць стаж працы па спецыяльнасці больш за 10 гадоў, больш за 40 % вайскоўцаў і каля 30 % лекараў з ліку грамадзянскага персанала маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, сярод іх чатыры Заслужаных лекара Рэспублікі Беларусь, дактары і кандыдаты медыцынскіх навук, шэраг лекараў рыхтуе дысертацыйныя працы.

Лекарамі цэнтра штогод выконваецца каля 40 ваенна-навуковых прац, укараняецца больш за 45 новых метадаў лячэння хворых і дыягностыкі захворванняў, уносіцца ў сярэднім 20-30 рацыяналізатарскіх прапаноў. На базе медыцынскай установы праходзяць навучанне і павялічваюць сваю кваліфікацыю ад 300 да 400 медыцынскіх працаўнікоў Узброеных Сіл, студэнтаў і курсантаў ваенна-медыцынскага факультэта МДМУ ў год.

У апошнія гады шырокі распаўсюд у дзейнасці цэнтра атрымала ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі і вылічальнай тэхнікі. Так у практыку аддзялення функцыянальнай дыягностыкі ўкаранёна 17 праграм розных метадаў даследаванняў. Засвоены і выконваюцца 32 розных метаду дыягностыкі з выкарыстаннем найскладанай сучаснай апаратуры.

Цэнтр займае вышэйшыя пазіцыі ў рэспубліцы па прафесійнай падрыхтоўцы асабовага склада, абсталяванні, укараненні новых метадаў дыягностыкі і лячэнні захворванняў, шматлікія з якіх з’яўляюцца перадавымі ў Рэспубліцы Беларусь. Да іх адносяцца:

  • стварэнне і ўдасканаленне лакальнай агульнашпітальнай камп’ютарнай сеткі;
  • выкарыстанне відэаскапічных метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў у аддзяленнях таракальнай і чэраўной хірургіі, оталарынгалагічным аддзяленні;
  • холтэраўскае манітораванне ў кардыялагічных аддзяленнях;
  • схемы дыягностыкі і лячэння анаэробнай некластрыдыянальнай інфекцыі ў аддзяленні гнойнай хірургіі;
  • схемы дыягностыкі хелікабактэрнай інфекцыі ў гастраэнтэралагічным аддзяленні і цэнтры клінічнай лабараторнай дыягностыкі;
  • шэраг аперацый на вочным яблыку і прыдатках вока (у тым ліку імплантацыя штучных крышталікаў, хірургія катаракты пры дапамозе ўльтрагуку праз малы разрэз);
  • некаторыя метады функцыянальных даследаванняў і анэстэзіі;

Унікальныя аператыўныя ўмяшанні праводзяцца ў аддзяленнях неадкладнай хірургіі, траўматалагічным, ускладненай траўмы і мікрахірургіі і шматлікія іншыя.

Створаныя ў Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл умовы дазваляюць штогод ажыццяўляць лячэнне каля 16 тысяч хворых, у ліку якіх вайскоўцы, пенсіянеры Узброеных Сіл і члены іх сем’яў, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вязні фашысцкіх канцлагераў і ваяры-інтэрнацыяналісты, супрацоўнікі іншых сілавых структур. Падаюцца і платныя паслугі грамадзянскаму насельніцтву.

Экспазіцыі цэнтра, двойчы прымалага ўдзел у міжнароднай выставе «Мінскі салон абароннай прамысловасці» адзначаны ганаровымі дыпламамі.

На працягу шэрагу гадоў высокую адзнаку праца ваенных лекараў атрымлівала падчас праводжаных у Рэспубліцы Беларусь буйнамаштабных вучэнняў Узброеных Сіл.

За заслугі ў ахове здароўя насельніцтва, падвышэнні якасці медыцынскай дапамогі і лекавага забеспячэння вайскоўцаў працоўны калектыў 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[4].

Паслугі[правіць | правіць зыходнік]

Аказанне медыцынскай дапамогі па кірунках:

  • Хірургія:
    • агульная хірургія;
    • судзінкавая хірургія;
    • нейрахірургія;
    • траўматалогія і артапедыя;
    • уралогія;
    • практалогія;
    • гінекалогія;
    • отарыналярынгалогія;
    • афтальмалогія;
    • эндаскапічная і рентгенхірургія;
    • стаматалогія, сківіца-асабовая хірургія і артапедыя;
  • Фізіятэрапія і нетрадыцыйныя метады лячэння;
  • Медыцынская рэабілітацыя і лячэбная фізкультура;
  • Ваенна-медычная экспертыза;
  • Тэрапія:
    • кардыялогія;
    • рэўматалогія;
    • пульманалогія;
    • алергалогія;
    • гастраэнтэралогія;
    • эндакрыналогія;
    • гематалогія;
    • дэрматавенералогія;
    • інфекцыйныя хваробы.
  • Неўралогія:
    • агульная неўралогія;
    • судзінкавая неўралогія;
    • псіхіятрыя;
    • псіхатэрапія.[5]

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Спіс няпоўны:

Зноскі