Аўшра (1883)

З пляцоўкі Вікіпедыя.
(Пасля перасылкі з Aušra (1883))
Перайсці да: рух, знайсці
Аўшра, 1884 г. № 10—11

«Aušra», арыг.: «Auszra» (літ.: Aušra [аўшра́]— світанак) — першая літоўская грамадска-літаратурная штомесячная газета. Выдавалася з лютага 1883 па чэрвень 1886 г., усяго выйшла 40 нумароў (29 кніг): у 1883 г. — 10 (8 кніг), 1884 г. — 12 нумароў (7 кніг), 1885 г. — 12 нумароў (8 кніг), 1886 г. — 6 нумароў (6 кніг). Першыя пяць нумароў былі надрукаваныя ў Рагніце, пачынаючы з 6-га — у Тыльзіце. З-за фармату і перыядычнасці Aušra нярэдка называюць часопісам. Наклад выдання не перавышаў 1 000 асобнікаў. З-за фінансавых цяжкасцей выхад быў спынены ў 1886 г.

Распаўсюджванне[правіць | правіць зыходнік]

«Аўшра» тайна перавозілі і распаўсюджвалі ў Літве і шэрагу іншых абласцей Расійскай імперыі, яе атрымлівалі і літоўцы, якія жылі ў Заходняй Еўропе і ЗША. Колькасць падпісчыкаў з года ў год мянялася. Першапачаткова, у 1883 г. у газеты было 69 падпісчыкаў (64 — у Вялікай і 5 у Малой Літве). У 1884 г. у Сувальскую губернію высылалася 120 экз., у астатнія часткі Вялікай Літвы, галоўным чынам на Жмудзь — 184 экз. Усяго ў 1884 г. разыйшлося недзе 300 экзэмпляраў. У 1885 г. выслана толькі 250 нумароў, а ў 1886 г. — 175. Колькі ж перапраўлялася праз мяжу — невядома. Заставалася нераспаўсюджанай значная частка наклада. бо асобныя нумары выходзілі ў колькасці 1000 экз.

Нераспрададзеныя газеты выдавец Марцінас Янкус аддаваў у антыкварныя крамы Усходняй Прусіі. Да 1903 г. газета была поўнасцю распрадана і зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Папулярнасць выдання аказалася вельмі доўгатрывалай. Яшчэ ў 90-я гг. XIX стагоддзя кніганошы дастаўлялі чытачам «Аўшру» у расійскую Літву[1].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

У газеце былі змешчаны тэксты прыкладна 70 аўтараў, недзе 20 псеўданімаў дагэтуль не раскрытыя. Супрацоўнікі газеты, ці «аўшраўцы» Aušrininkai, паходзілі з сямей заможных сялян, якія сталі з'яўляцца пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе. Большасць з іх атрымала адукацыю ў расійскіх універсітэтах і вольна размащляла па-польску. З-за частых зменаў у рэдакцыі газета не мела яснай і дакладнай праграмы. Басанавічус не прадстаўляў сабе «Аўшру» ў якасці палітычнага выдання; у першым выпуску ён дэклараваў, што газета засяродзіцца на справах культуры. Аднак хутка «Аўшра» стала на нацыяналістычныя рэйкі. Газета дапамагла крышталізаваць многія ідэі, звязаныя з літоўскай нацыяй і самавызачэннем літоўцаў. Яна пачала адмаўляць ідэю аднаўлення Вялікага княства Літоўскага. Аўтары пачалі думаць пра незалежную нацыянальную літоўскую дзяржаву.

У газеце друкаваліся матэрыялы на розныя тэмы — ад звязаных з сельскай гаспадаркай да паведамленняў ад літоўскіх суполак у Злучаных Штатах, але гістарычныя матэрыялы былі самыя папулярныя. Уступам да першага нумара служыла лацінская прымаўка Homines historiarum ignari semper sunt pueri, ці Людзі, якія даўніну не зведваюць — назаўсёды дзеці. Яна засноўвалася на работах Сіманаса Даўкантаса, першага гісторыка, які напісаў гісторыю Літвы на літоўскай мове і намаляваў ідэалізаваную карціну магутнага ВКЛ. Аўшра выступала супраць літоўскай паланізаванай шляхты, аднак імкнулася пазбегнуць канфрантацыі з царскімі ўладамі, спадзеючыся на хуткую адмену забароны на літоўскі друк лацінкай.

Аўтары[правіць | правіць зыходнік]

Газета была заснаваная групай аднадумцаў на чале з Ёнасам Басанавічусам. Друкавалася ў Прусіі, бо ў Расіі лацінкавы літоўскі друк быў забаронены, і таемна кніганошамі перапраўлялася ў Літву, дзе нелегальна распаўсюджвалася. «Аўшра» адыграла значную ролю ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці літоўцаў, удасканаленні літоўскай літаратурнай мовы, развіцці літоўскай літаратуры. У «Аўшры» былі апублікаваныя патрыятычныя вершаваныя творы на тэмы гістарычных лёсаў Літвы — Майроніса, Андруса Вішцяліса, Ксавераса Сакалаўскаса-Ванагеліса, Пятраса Армінаса-Трупінеліса і інш., творы пісьменнікаў папярэдняга пакалення, якія захаваліся ў рукапісах — Дыянізаса Пошкі, Валерыёнаса Ажукальніса, Антанаса Баранаўскаса, гісторыка-літаратурныя артыкулы Мечысловаса Давайніса-Сільвестрайціса, Станісловаса Дагіліса і інш. аўтараў, а таксама рэцэнзіі і іншыя матэрыялы.

Календары[правіць | правіць зыходнік]

Рэклама "Літоўскага каляндара «Аўшры» на 1886 г.

Газета ўплывала, праўда у невялікай ступені, на нацыянальную інтэлігенцыю, аднак распачала і нацыянальнае абуджэнне сялянства. Добрай ідэяй згрупаваных вакол «Аўшры» людзей было выдаванне календароў для народа. Яны выходзілі ў Літве ў перыяд да забароны лацінскага алфавіта, а таксама бесперапынна ва Усходняй Прусіі. Літоўскія сяляне ахвотна іх набывалі. У 1883 г. Марцінас Янкус і Юргіс Мікшас вырашылі выдаць каляндар на 1884 г. Пад назвай «Lietuviszkasis Auszros kalendorius» (бел.: Літоўскі каляндар "Аўшры") ён выйшаў накладам у 5 000 асобнікаў. Нягледзячы на канкурэнцыю з прускімі выданнямі, календары мелі поспех, бо выдаўцы падрыхтавалі на 1885 і 1886 гг. іх ў колькасці 5-6 000 экзэмпляраў.

Календары «Аўшры», акрамя храналагічнага раздзела, утрымлівалі пералік дат і святаў, а таксама літаратурную частку. Там былі весткі пра найцікавейшыя здарэнні на свеце, публікаваліся некаторыя вершы і апавяданні, кароткія артыкулы пра гістарычных асоб (напрыклад Вітаўта і Міндоўга), парады па вядзенні гаспадаркі. Для простых людзей, якія дагэтуль сустракаліся ў асноўным з малітоўнікам, календары былі вельмі цікавымі і карыснымі, заспакойвалі недахоп ведаў пра свет, а тасама ўзмацнялі зацікаўленасць сялян, абуджалі нацыянальны дух[2].

Рэдактары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965, S. 157
  2. Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965, S. 158.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История литовской литературы. — Вильнюс: Vaga, 1977. — С. 113—114.
  • Ochmański J. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku, do 1890 roku, Białystok, 1965.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]