Пласцінажаберныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Elasmobranchii)
Пласцінажаберныя

Звычайная пясчаная акула (Carcharias taurus)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Elasmobranchii

Надатрады

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  159786
NCBI  7778
EOL  1857
FW  54499

Пласцінажаберныя (Elasmobranchii) — адзін з двух падкласаў храстковых рыб. Да пласцінажаберных адносяцца надатряды скатаў і акул.

Косная тканка цалкам адсутнічае. Шкілет храстковы, часта бывае абвапнаваны. Верхняя сківіца прадстаўлена масіўным нёбна-квадратным храстком, які не зліваецца з чарапной каробкай і злучаны з ёй толькі злучальнатканымі звязкамі ці сучляненнямі храсткоў.

Скура звычайна пакрыта плакоіднай луской, якая ўяўляе сабой найбольш старажытны тып лускавага покрыва. Кожная такая луска складаецца з асноўнай пласцінкі, на якой падымаецца канічны ці грыбападобны зубец, пакрыты слоем эмалі, з адным або некалькімі вастрыямі на канцы. Відазмененыя зубцы ўтвараюць плаўніковыя калючкі ў рагатых і калючых акул, хваставыя іголкі ў скатаў-хвастаколаў, пілападобныя зубы на рыле акул-піланосаў. Сківічныя зубы, складзеныя з дэнтына і пакрытыя звонку эмаллю, таксама ўяўляюць сабой мадыфікацыю плакоіднай лускі.

Форма зубоў у пласцінажаберных можа быць вельмі разнастайнай. Яны бываюць плоскімі трохвугольнымі ці завостранымі канічнымі, бугра- ці шылападобнымі, гладкімі ці вышчэрбленымі, аднавяршыннымі ці з дадатковымі верхавінамі. Зубы размешчаны на сківіцах прамымі і касымі шэрагамі, прычым у кожным прамым шэрагу (ад краю сківіцы да яе ўнутранай часткі) маюцца зубы некалькіх генерацый. Функцыянуе звычайна толькі пярэдні рад (часам некалькі пярэдніх радоў), астатнія зубы загнуты ўнутр і замяняюць пярэднія па меры іх зношвання.

Жабернай накрыўкі не бывае, і з кожнага боку навонкі адкрываецца 5—7 жаберных шчылін. У многіх відаў маюцца таксама пырскальцы — невялікія адтуліны, размешчаныя за вокам, якія ўяўляюць сабой рудымент яшчэ адной шчыліны паміж сківічнай і пад'язычнай дугамі. Жаберныя пялёсткі маюць форму пласцін і прымацоўваюцца да дуг па ўсёй сваёй даўжыні (адгэтуль назва падкласа).

Наяўнасць спіральнага клапана ў кішачніку і артэрыяльнага конусу ў сэрцы — важныя анатамічныя асаблівасці пласцінажаберных. Спіральны клапан уяўляе сабою выраст слізістай абалонкі стрававальнага тракту. Ён утварае ад 4 да 50 абаротаў і моцна павялічвае ўсмоктвальную паверхню кішэчніка. Артэрыяльны конус — спецыяльны аддзел сэрца, размешчаны наперадзе жалудачка і забяспечаны некалькімі радамі паўмесяцовых клапанаў. Ён здольны да самастойных рытмічных скарачэнняў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]