Habemus Papam

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Habemus Papam 1417 года пасля выбараў Папы Марціна V

Habemus Papam (літар. у нас ёсць Папа) — лацінская формула, якая ўзвяшчае пра тое, што абраны новы Папа Рымскі:

Annuntio vobis gaudium magnum: habemus Papam — Eminentissimum ac Reverendissimum Dominum, Dominum (імя), Sanctae Romanae Ecclesiae Cardinalem, (прозвішча), qui sibi nomen imposuit (новае імя Папы).

У беларускім перакладзе: Абвяшчаю вам вялікую радасць: у нас ёсць Папа — правялебны і высокашаноўны пан, пан (імя), кардынал Святой Рымскай Царквы (прозвішча), які прыняў сабе імя (новае імя Папы).

Гэту формулу ўзвяшчае кардынал-протадыякан з цэнтральнага балкона (т.зв. «Ложы блаславення») Сабора Святога Пятра. Пасля гэтага выносяць Крыж, і выходзіць новы Папа Рымскі, які абвяшчае «Urbi et orbi» (гораду і свету).

На Канклаве 2013 года — Habemus Papam абвяшчаў кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран 13 сакавіка 2013 пасля абрання Папы Рымскага Францыска.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час прыняцця гэтай формулы невядомы, але ўжо ў 1484 годзе яна выкарыстоўвалася для абрання Джавані Батысты Чыба, які прыняў імя Інакенція VIII. Тэкст складзены ў прыватнасці з Евангелля паводле Лукі (2:10-11), якое ўтрымлівае словы анёла пастухам, якія абвяшчае пра нараджэнне Месіі: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». Адзначым, што ў Вульгаце, лацінскім перакладзе Бібліі Святога Ераніма (прыкладна 382 год), словы, якія выкарыстоўваюцца евангелістам, — «vobis gaudium magnum», у той час як слова «annuntio» было выкарыстана ў папярэдніх перакладах.

Абвяшчэнне імя новага Папы Рымскага[правіць | правіць зыходнік]

Пры абвяшчэнні імя новаабранага пантыфіка імя, дадзенае пры нараджэнні, або першае імя новага Папы Рымскага абвяшчаецца на латыні ў вінавальным склоне (напрыклад, Angelum, Ioannem Baptistam, Albinum, Carolum, Iosephum, Georgium Marium), але прозвішча новага Папы Рымскага даецца ў нескланяльным відзе (напрыклад, Roncalli, Montini, Luciani, Wojtyła, Ratzinger, Bergoglio).

Троннае імя новага Папы Рымскага звычайна даецца на латыні ў родным (напрыклад, Ioannis vicesimi tertii, Ioannis Pauli primi, Benedicti decimi sexti і г.д.) або, радзей, у вінавальным склоне (як у 1963 годзе, калі папскае імя Папы Паўла VI было абвешчана як Paulum sextum і ў 2013 годзе, калі імя Францыска было абвешчана як Franciscum)[1].

Нумарацыя ў папскім імі можа быць апушчана, калі троннае імя новага Папы такое ж, як і ў яго папярэдніка, як гэта было ў кастрычніку 1978 года, калі троннае імя Папы Рымскага Яна Паўла II было абвешчана проста як Ioannis Pauli без нумарацыі[2], з прычыны таго, што яго непасрэдным папярэднікам быў Папа Ян Павел I. Такі ж выпадак адбыўся ў 1939 годзе, калі троннае імя Папы Пія XII, пасля яго абрання, было абвешчана проста як Pium[3], з прычыны таго, што яго непасрэдным папярэднікам быў Пій XI.

У свецкай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Фраза Habemus Papam дала назву фільму рэжысёра Нані Марэці.

Зноскі

  1. elezione Papa Paolo VI (1963). YouTube. Accessed on December 22, 2012.
  2. RAIStoria Elezione Giovanni Paolo II. YouTube. Accessed on December 21, 2012.
  3. Habemus Papam- Pope Pius XII. YouTube. Accessed on December 21, 2012.