I з'езд РСДРП

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Першы з'езд РСДРП — адбыўся нелегальна ў Мінску 1-3 (13-15) сакавіка 1898 г., абвясціў заснаванне РСДРП. На ім прысутнічала 9 джлегатаў ад 6 мясцовых сацыял-дэмакратычных арганізацый: Пецярбургскага (С.І.Радчанка), Маскоўскага (А.К.Ванноўскі), Кіеўскага (П.Л.Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.А.Патрусевіч) "Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа", два ад кіеўскай "Рабочай газеты" (Б.Л.Эйдэльман і М.А.Вігдорчык), трое ад Бунда (А.І.Крэмер, А.Мутнік, Ш.Кац). За 3 дні было праведзена 6 паседжанняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з'езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова "рабочая". Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з'яўляецца з'езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з'ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нацыянальным пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у тым ліку і права на нацыянальную аўтаномію сацыял-дэмакратычных рухаў.

З'езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраванні партыяй. Выбраў ЦК з 3 чалавек (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў "Рабочую газету" афіцыйным органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў падпісаны П.Струвэ і надрукаваны ў падпольнай друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў сацыял-дэмакратычных газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з'езда "Саюзы барацьбы" і сацыял-дэмакратычныя групы пачалі ператварацца ў партыйныя камітэты.

Аднак партыя як адзіная сацыял-дэмакратычная арганізацыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з'езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар "Рабочей газеты" захапіла паліцыя. На II з'ездзе РСДРП (1903) расійская сацыял-дэмакратычная партыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў.

Літаратура[правіць]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 554 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).