Ich bin ein Berliner

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ich bin ein Berliner ([ˈʔɪç ˈbɪn ʔaɪn bɛɐˈliːnɐ], бел.: Я — берлінец) — прамова, якую зрабіў Д. Ф. Кенедзі 26 чэрвеня 1963 г. ў Заходнім Берліне падчас процістаяння паміж камуністычным і паўночнаатлантычным блокамі краін, пасля таго, як была пабудавана Берлінская сцяна. Асноўная мэта выступлення прэзідэнта ЗША — падбадзёрыць жыхароў Заходняга Берліна, заверыць іх у гатоўнасці Злучаных Штатаў змагацца за свабоду берлінцаў, якія апынуліся ў сваеасаблівай аблозе, і за суверэнітэт Федэратыўнай рэспублікі Германія. Таксама Кенедзі асудзіў спробы камуністычнай улады ГДР і СССР не дазволіць сваім грамадзянам бегчы на Захад і ўтрымаць іх з дапамогай Берлінскай сцяны. Але ніякіх новых канцэптуальных ідэй прэзідэнт ЗША ў гэтай прамове не выказаў.

Гэта прамова найбольш вядомая дзякуючы фразе «Ich bin ein Berliner», якую Кенедзі сказаў двойчы. Распаўсюджаная думка, што фраза «Ich bin ein Berliner» выклікала смешачкі і была ўспрынята немцамі як «я булачка з джэмам», не мае пад сабой падставы, бо на нямецкай мове гэта можа азначаць «я адзін з жыхароў Берліна»[1]. Насамрэч гэтая фраза спарадзіла апладысменты і авацыі, што кожны можа праверыць, праслухаўшы аўдыёзапіс прамовы ў інтэрнэце[2].

Тэкст прамовы ў беларускім перакладзе[правіць | правіць зыходнік]

«Я маю гонар быць госцем вашага горада, па запрашэнню вашага выдатнага Мэра, які для ўсяго свету з’яўляецца ўвасабленнем барацьбы, якую вядзе Заходні Берлін. І яшчэ я маю гонар наведаць Федэратыўную Рэспубліку, дзе ўжо столькі гадоў ваш выдатны Канцлер працуе над усталяваннем дэмакратыі, свабоды і прагрэсу ў Германіі; таксама для мяне гонар прыехаць разам з маім суайчыннікам, генералам Клэем, які быў у гэтым горадзе ў самыя цяжкія моманты крызісу і, калі спатрэбіцца, ізноў прыедзе.

Дзве тысячы гадоў таму найбольш пачэсным было казаць "civis Romanus sum"[3]. Цяпер найбольш пачэсным будзе казаць "Ich bin ein Berliner"[4].

Дзякуй перакладчыку, які пераклаў маю нямецкую фразу.

У свеце ёсць шмат людзей, якія не разумеюць ці кажуць, што не разумеюць, розніцу паміж свабоднымі і камуністычнымі краінамі.

Хай яны прыедуць у Берлін.

Ёсць тыя, хто кажуць, што камунізм — гэта тэндэнцыя будучыні.

Хай яны прыедуць у Берлін.

І ёсць тыя, хто кажуць, у Еўропе ці дзе-небудзь яшчэ, што з камуністамі можна супрацоўнічаць.

Хай яны прыедуць у Берлін.

А ёсць нават і некаторыя, якія кажуць, што камунізм — гэта сапраўды ліхая сістэма, але яна дазваляе дасягнуць эканамічнага прагрэсу.

Хай яны прыедуць у Берлін[5].

Свабода мае свае цяжкасці і дэмакратыя не з’яўляецца дасканалай. Але мы ніколі не спрабавалі будаваць сцяну, каб утрымаць людзей у нас, не дазволіць ім пакінуць нас. Ад імя ўсіх маіх суайчыннікаў, якія жывуць за многія мілі адсюль па другі бок Атлантыкі, хачу сказаць, што яны вамі вельмі ганарацца, і яны далучаюцца да вас у гэтай гісторыі, нават нягледзячы на адлегласць, у гэтай гісторыі, што цягнецца ўжо 18 гадоў. Не ведаю аніводнага горада, які б быў у аблозе 18 гадоў і захаваў жыццёвую сілу і дужасць, надзею і рашучасць, якія ёсць у Заходняга Берліна.

Сцяна — гэта найяскравейшая і найбольш відавочная дэманстрацыя недахопаў камуністычнай сістэмы, якую можа толькі бачыць увесь свет, але мы не радуемся гэтаму; бо гэта, як казаў ваш Мэр, злачынства не толькі супраць гісторыі, але і супраць чалавецтва, якое раздзяляе сем’і і разлучае мужа з жонкай, брата з сястрой і народ, які хоча жыць разам.

Усё, што з’яўляецца праўдай пра гэты горад, з’яўляецца праўдай пра Германію: сапраўдны працяглы мір не можа быць забяспечаны, пакуль адзін з чытырох жыхароў Германіі не мае элементарнага права свабоднага чалавека — рабіць самастойны выбар. За 18 гадоў міра і добрасумленнасці гэта пакаленне жыхароў Германіі заслужыла права на свабоду, што ўключае права на ўз’яднанне сямей і народа ў стане працяглага міру і добразычлівасці да кожнага.

Вы жывяце на абароненым востраве свабоды, але ваша жыццё — частка акіяну. Так дазвольце мне папрасіць вас у канцы маёй прамовы падняць вочы ад сённяшняй небяспекі на надзею заўтрашняга дня, ад свабоды, якую мае толькі горад Берлін ці Германія, на свабоду, якая ахопіць увесь свет, ад гэтага шляху да міру і справядлівасці, ад сябе і нас да ўсяго чалавецтва.

Свабода недзялімая, і калі адзін чалавек зняволены і прыгнечаны, усе не маюць свабоды. Калі ўсе свабодныя, тады мы чакаем, можам чакаць дня, калі гэты горад ізноў стане адзіным, і гэта краіна, і гэты вялікі еўрапейскі кантынент на мірнай планеце, якая падае вялікія надзеі. Калі гэты дзень урэшце прыйдзе, а так і будзе, жыхары Заходняга Берліна будуць мець цвярозае задавальненне ад таго, што яны змагаліся за гэта ў першых радах амаль два дзесяцігоддзі.

Усе, усе свабодныя людзі, дзе б яны ні жылі, — грамадзяне Берліна.

А таму, як свабодны чалавек, я маю гонар сказаць "Ich bin ein Berliner"»[6].

Зноскі

  1. “JFK: Ich bin ein Berliner (I am a jelly doughnut)” by David Emer, About.com Giude(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2013. Праверана 8 ліпеня 2013.
  2. Аўдыёзапіс прамовы Кенедзі
  3. Я рымскі грамадзянін (лац.)
  4. Я берлінец (ням.)
  5. Гэту фразу Кенедзі сказаў двойчы: спачатку па-нямецку (Lass' sie nach Berlin kommen), потым па-англійску.
  6. Прамова Д. Ф. Кенэдзі Ich bin ein Berliner

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Андрэй Берастоўскі. Гісторыя ЗША ў апавяданнях і дакументах. — Мінск: выдавец А. М. Вараксін, 2019. — 176 с. ISBN 978-985-7220-59-5