Lincoln Continental SS-100-X

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

SS-100-X — прэзідэнцкі кабрыа-лімузін. Аўтамабіль, у якім быў забіты прэзідэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Створаны кампаніяй Hess & Eisenhardt па заказу Сакрэтнай службы ЗША (US Secret Service)  (англ.). Агульную зборку ажыццяўляў завод кампаніі Lincoln. Прадстаўлены ў студзені 1961 года, паступіў у гараж Белага дома 15 чэрвеня 1961 года.

Асновай машыны стаў серыйны кабрыялет з адкрытым шасцімесным апорным кузавам Lincoln Continental Convertible (мадэль 74А) узору 1961 года. Між дзвярэй была зроблена ўстаўка і ў цэнтральнай частцы салона за пярэднімі сядзеннямі была ўсталявана папярочная перагародка са ссоўным шклом, якая пераходзіла ў дзве трывалыя стойкі з вузкімі бакавымі акенцамі і арку для ўсталявання даху. У задняй частцы пасажырскага салона знаходзілася шырокае сядзенне для першай асобы, якое з дапамогай гідрапрывада магло прыўздымацца на вышыню да 27 сантыметраў. Унутры аб'ёмнай перагародкі меліся два дадатковыя складаныя сядзенні для ахоўнікаў. У салоне таксама меліся асвятленне, ацяпляльнік, кандыцыянер паветра з дзвюма панэлямі кіравання, вогнетушыцель і светлавыя індыкатары адкрыцця і закрыцця дзвярэй. Абіўка была выканана з камбінацыі натуральнай цёмна-сіняй скуры, шэрай ворсавай тканіны і коцікавага футра на поручнях сядзенняў і дзвярных кішэнях.

На машыне была прыменена сістэма зменных элементаў даху, якія па выбары службы аховы можна было аператыўна здымаць або ўсталёўваць на аўтамабіль у залежнасці ад надвор'я ці ступені небяспекі. На выбар меліся тры віды плоскіх празрыстых плексігласавых панэляў для ўстаноўкі над рознымі часткамі салона і чатыры Г-падобныя пластыкавыя або сталёвыя каўпакі для ўсталявання над заднім сядзеннем. З кожнага боку аўтамабіля пад кузавам меліся дзве кароткія высоўныя падножкі, на якіх падчас павольнага прасоўвання прэзідэнцкага картэжу стаялі ахоўнікі. Яшчэ два ахоўнікі стаялі на невялікіх пляцоўках, размешчаных з абодвух бакоў задняга бампера, і трымаліся за сталёвыя поручні на крышцы багажніка.

На пярэдніх крылах мантавалі два флагштокі, на задніх — дзве антэны бартавой радыёсістэмы.

У параўнанні з базавай машынай ўласная маса павялічылася з 2,3 да 3,5 тон.

Прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі і яго жонка Жаклін ў лімузіне SS-100-X у дзень забойства (22 лістапада 1963 года)

Пасля забойства Джона Кенэдзі аўтамабіль быў адпраўлены на фабрыку Hess & Eisenhardt, дзе было ўсталявана браніраванне, куленепрабівальнае шкло. Перабудаваны аўтамабіль быў адпраўлены ў гараж Белага дома і выкарыстоўваўся да 1967 г. У 1967 аўтамабіль зноў быў адпраўлены на дапрацоўку, пасля якой эксплуатаваўся Белым домам да 1977 г., пасля чаго машына адправілася ў музей Генры Форда.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]