Жоўтагаловы каралёк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Regulus regulus)
Жоўтагаловы каралёк
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Regulus regulus Linnaeus, 1758

Арэал
выява

     Цэлы год      Толькі ў сезон размнажэння

     Міграцыі
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  562698
NCBI  68468

Жоўтагаловы каралёк (Regulus regulus) — дробная пеўчая птушка сямейства каральковых атрада вераб’інападобных.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Гэта самы маленькі прадстаўнік арнітафауны ў Еўропе і Беларусі (гутарковая назва «еўрапейскі калібры»). Іншая адметная асаблівасць гэтай птушкі — яркая залаціста-жоўтая палоска на цемені, «карона», дзякуючы якой птушка набыла сваю навуковую і беларускую назву.

Даўжыня цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-эялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па дзве белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Верх галавы ярка-жоўты з чорнымi палоскамi па краях. У самца сярэдзiна галавы бывае наогул аранжавая, у самкi жоўтая пляма менш яркая. Маладыя падобныя да самкi або без жоўтай плямы.

Песня пачынаецца цiха, потым хутчэй i гучней, у канцы шчабятанне «сюіціці-сюіціці-сюіціці-сітр» (чым адрознiваецца ад чырвонагаловага каралька). Позыў — высокае «сi-сi», падобнае да галасоў многіх сiнiц i чырвонагаловага каралька.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджаная ў зоне лясоў Еўразіі. Арэал уключае Еўропу, у Азіі разарваны (на ўсходзе праз Паўднёвую Сібір да Сахаліна і Японіі, у Цянь-Шані, поўначы Ірана і ад Гімалаяў на ўсход да цэнтральнай часткі Кітая). На Беларусі звычайны на гнездаванні аселы і качуючы ўзімку від. Нацыянальная птушка Люксембурга.

Паўночныя папуляцыі мігрыруюць, часам назіраюцца інвазіі. Паўднёвыя папуляцыі аселыя і качуючыя.

Біятоп: сасновыя бары з невялікай колькасцю елак або піхты, радзей у iншых барах, яловыя лясы. У Швейцарыi даходзiць да 2000 м над узроўнем мора. Восенню і ўзімку — розныя тыпы лясоў, парослыя кустамi мясцiны i нават зараснікі чароту.

Адрозніваецца шэраг падвідаў.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.

Вельмі рухавая птушка, пастаянна пырхае з адной галіны на другую, на тонкіх галінках рухаецца жвава, у тым ліку і ўніз галавой. Як правіла, трымаецца ў верхняй частцы кроны дрэў і малапрыкметная з зямлі. Гняздуе ў хвойных і мяшаных лясах, у тым ліку глухой цёмнахваёвай тайзе, а таксама ў вялікіх садах і парках з удзелам старых яловых дрэў. Гнёзды пераважна на елках. Узімку збіваецца ў змешаныя чародкі з дробнымі сініцамі і вандруе па-за межамі гнездавых біятопаў, сустракаючыся ў лісцяных лясах і ў хмызняковых зарасніках. У гнездавы перыяд скрытная птушка, у астатні час года вельмі даверлівая і падпускае чалавека на блізкую адлегласць. Вандроўны, часткова пералётны від, сваім спосабам жыцця шмат у чым нагадвае сініц.

Яйкі (8-11, часам 6-13) авальныя, з адным вузейшым канцом, крэмава-белыя або светла-карычневыя; плямкі вельмі дробныя, светла-карычневыя, чырванаватыя або шэра-карычневыя, звычайна згушчаныя на шырэйшым канцы. Памеры: 13,5 х 10,0 мм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]