Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі
(ІФ НАНБ)
Выява лагатыпа
Міжнародная назва B. I. Stepanov Institute of Physics, NASB
Заснаваны 1959
Дырэктар Сяргей Васільевіч Гапоненка
Супрацоўнікаў
  • 330 чал.
Размяшчэнне Беларусь Мінск
Юрыдычны адрас г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 68-2
Сайт ifan.basnet.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ІФ НАНБ) быў утвораны ў 1959 годзе. Інстытут носіць імя Барыса Сцяпанава, дырэктара інстытута з 1959 па 1985 гады.

Гісторыя інстытута[правіць | правіць зыходнік]

Інстытут быў створаны ў 1959 годзе ў выніку рэарганізацыі Інстытута фізікі і матэматыкі Акадэміі навук БССР. Першапачаткова інстытут насіў назву Інстытута фізікі АН БССР. Інстытут узначаліў Б. І. Сцяпанаў1957-58 гг. — дырэктар Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР). У станаўленні інстытута бралі ўдзел такія вучоныя як М. А. Ельяшэвіч, гэтак жа, як і Сцяпанаў, запрошаны ў Мінск з ленінградскага Дзяржаўнага аптычнага інстытута, і беларускія фізікі М. А. Барысевіч, Ф. І. Фёдараў, А. Н. Сеўчанка.

Асноўнымі кірункамі даследаванняў у інстытуце спачатку сталі спектраскапія і люмінесцэнцыя складаных малекул, оптыка анізатропных і рассейвальных асяроддзяў, спектраскапія і дыягностыка нізкатэмпературнай плазмы і фізіка элементарных часціц. З адкрыццём у 1961 годзе лазераў галоўнымі кірункамі становяцца лазерная фізіка, нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія.

Інстытут актыўна развіваўся. У 1960-я гады XX стагоддзя пры ім быў створаны канструктарска-тэхналагічны аддзел, пазней рэарганізаваны ў самастойную ўстанову Вопытнае канструктарскае бюро «Аксікон».

Са здабыццём у 1991 годзе Беларуссю незалежнасці інстытут змяніў сваю назву на Інстытут фізікі АН Беларусі. У гэты ж час адбываецца чарговая рэарганізацыя інстытута. У 1991 годзе на базе лабараторыі аптычных праблем інфарматыкі створаны Аддзел аптычных праблем інфарматыкі. У 1992 годзе на аснове дзесяці лабараторый Інстытута, якія спецыялізаваліся галоўным чынам у вобласці спектраскапіі і фізікі плазмы, быў створаны Інстытут малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі (ІМАФ АН Беларусі). У гэтым жа годзе магілёўскае аддзяленне інстытута было ператворана ў Інстытут прыкладной оптыкі НАН Беларусі. У 2004 годзе на правах лабараторыі ў склад Інстытута ўвайшоў Аддзел аптычных праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Пазней, у 2007 годзе, ІМАФ быў расфарміраваны, а яго лабараторыі і аддзелы ўвайшлі ў склад Інстытута. У 2008 годзе да Інстытута далучаны лабараторыі і аддзелы расфарміраванага ў тым годзе Інстытута электронікі, рэарганізавана лабараторыя аптычных праблем інфарматыкі. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.10.2011 № 494 «Аб удасканаленні арганізацыйнай структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ўвайшоў у склад новастворанага дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка». З 1 студзеня 2016 ў адпаведнасці з Пастановай Бюро Прэзідыўма НАН Беларусі "Аб перадачы структурных падраздзяленняў Інстытута фізікі НАН Беларусі ў ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» ад 16.02.2015 № 51 у склад Аб’яднання былі ўключаны 4 навуковыя лабараторыі Інстытута фізікі НАН Беларусі — радыёфатонікі, фотаэлектронікі, мікра- і нанасэнсорыкі, рабатызаваных сістэм[1]. З 2017 уваходзіць у склад кластара «Мікра-, нана- і ЗВЧ-электроніка»[2].

Навуковыя кірункі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці інстытута з’яўляюцца[3]:

  • Лазерная фізіка, распрацоўка і стварэнне лазерных сістэм і тэхналогій іх прымянення ў медыцыне, экалогіі, прамысловасці, метралогіі і абароне інфармацыі
  • Фізічная і нелінейная оптыка, раскрыццё і выкарыстанне заканамернасцяў распаўсюджвання магутнага лазернага выпраменьвання ў розных асяроддзях
  • Аптычная спектраскапія, развіццё і прымяненне метадаў і прыбораў даследаванні уласцівасцяў і структуры розных матэрыялаў, уключаючы біятканкі
  • Нанаоптыка і нанаматэрыялы
  • Квантавая оптыка, распрацоўка праблем выкарыстання квантавых уласцівасцяў электрамагнітнага выпраменьвання ў інфарматыцы і крыптаграфіі
  • Даследаванне будовы і ўласцівасцяў атамна-малекулярных структур і стварэнне на іх аснове новых аптычных матэрыялаў, сістэм, прыбораў і тэхналогій
  • Фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі: даследаванне ўзаемадзеяння плазмы з палямі і рэчывам; распрацоўка і прымяненне метадаў дыягностыкі плазмы; развіццё тэхналагічных ужыванняў газаразраднай і лазернай плазмы
  • Мікра- і оптаэлектроніка: святлодыёдная тэхніка, сонечныя элементы, ЗВЧ-тэхніка, мікраэлектрамеханічныя і сэнсарныя сістэмы і прылады
  • Фізіка фундаментальных узаемадзеянняў і ядзерных рэакцый: даследаванне будовы мікрасвету і Сусвету

Структура[правіць | правіць зыходнік]

У склад інстытута ўваходзяць навуковыя цэнтры[4]:

  • Дыягнастычныя сістэмы
  • Нелінейная оптыка і актываваныя матэрыялы
  • Аптычнае дыстанцыйнае зандаванне
  • Цэнтр фундаментальных ўзаемадзеянняў і астрафізікі
  • Фізіка плазмы
  • Фатоніка атамных і малекулярных структур
  • Лазерная тэхніка і тэхналогіі
  • Фатоніка і фотахімія малекул
  • Нанафатоніка
  • Паўправадніковыя тэхналогіі і лазеры
  • Лазерна-аптычныя тэхналогіі для медыцыны і біялогіі
  • Квантавая фатоніка і квантавая інфарматыка
  • Цэнтр выпрабаванняў лазернай тэхнікі
  • Цэнтр аналітычных спектральных вымярэнняў

Дырэктары інстытута ў розныя гады[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1991 годзе. — Мн., 1992.
  • Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1992 годзе. — Мн., 1993.
  • Отчёт о деятельности Национальной академии наук Беларуси в 2019 году. — Минск, 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]