Ў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кірылічны алфавіт
Кірыліца
А Б В Г Ґ Д Ђ
Ѓ Е (Ѐ) Ё Є Ж З
Ѕ И (Ѝ) І Ї Й Ј
К Л Љ М Н Њ О
П Р С Т Ћ Ќ У
Ў Ф Х Ц Ч Џ Ш
Щ Ъ Ы Ь Э Ю Я
Гістарычныя літары
(Ҁ) (Ѹ) Ѡ (Ѿ) (Ѻ) Ѣ
Ѥ ІѢ Ѧ Ѫ Ѩ Ѭ
Ѯ Ѱ Ѳ Ѵ (Ѷ) Ын
Літары неславянскіх моў
Ӑ Ӓ Ә Ӛ Ӕ Ғ Ӷ
Ҕ Ӗ Ҽ Ҿ Ӂ Җ Ӝ
Ҙ Ӟ Ӡ Ӥ Ӣ Ӏ Ҋ
Қ Ҟ Ҡ Ӄ Ҝ Ԟ Ӆ
Ӎ Ҥ Ң Ӊ Ӈ Ӧ Ө
Ӫ Ҩ Ҧ Ҏ Ҫ Ҭ Ӳ
Ӱ Ӯ Ү Ұ Ҳ Һ Ҵ
Ӵ Ҷ Ӌ Ҹ Ӹ Ҍ Ӭ
Заўвага. Знакі у дужках
не маюць статусу
(самастойных) літар.

Ў (у нескладовае) — 22-я літара беларускага кірылічнага алфавіта, якой няма ў іншых кірылічных алфавітах славянскіх моў, хоць літара ёсць і ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры[1], а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасцей былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваны варыянты кірылічнай азбукі (узбекская, дунганская, асецінская, эскімоская мовы).

Гук [ў] — звонкі лабіявелярны паўгалосны (англ.: voiced labiovelar semivowel)[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што падставай з’яўлення гуку [ў] на месцы этымалагічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [w] супраць губна-зубнога [в] (або [v]) у рускіх і палякаў, а прычынаю — падзенне рэдукаваных [ъ], [ь][3][4]. Дакладна невядома, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 года пісалася: оутвєрдять; уꙁдоумалъ; оу риꙁє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оуꙁяти; наоуспять і г.д.[5][6]

Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасля зычных — «у складовае»: «будучи дей у мене» (Акты, 1600 г.), а пасля галосных «в» замест «у нескладовага»: «добре в парсуну познавши» (Акты, 1569 г.); «злого вмыслу» (Акты, 1569 г.)[7].

Прыклад ужывання літары «ў» у «Русалцы Днястровай»
Ф. Багушэвіч, «Немец» — гук [ў] пазначаны літарай «ŭ»

Графічна літара «ў» паходзіць ад зліцця іжыцы з брэвісам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), што выкарыстоўвалася ў некаторых старабеларускіх выданнях XVI — пачатку XVII стагоддзяў[крыніца?]. Пазней гэты сімвал ужываўся ў румынскай кірыліцы  (руск.), адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка Днѣстровая  (укр.)». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі[8]: «…мы прынялі сербскае џ… і валоскае ў…». У гэтай кнізе «ў» выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалагічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва ўкраінскай мове[9].

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [w] з’явілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў беларускай лацінцы ў розных варыянтах — «ú», «курсіўнае u», «u з гачакам» («ǔ»), «», «ŭ». У вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзена ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. У Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча выкарыстоўваецца курсіўнае u (у адрозненне ад звыклага u для галоснага гука [u], напрыклад: jon umieu). Звычайная u на месцы нескладовай змешчаная ў публікацыях Кастуся Каліноўскага 18621863 гадоў. Сустракаюцца таксама варыянты «u з гачакам» («ǔ»)[10]. «W з брэвісам» («») выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). У 1897 выдаецца першы том «Люду беларускага» этнографа Міхала Федароўскага; ва ўсім шматтомніку багата аўтэнтычных тэкстаў, запісаных Федароўскім беларускай лацінкай. У гэтых запісах у пазіцыі пасля галосных гук [w] (у нескладовае) перадаецца як «» (напрыклад: kazau̯; pierapau̯zła; jak u̯ziau̯ by u̯ ruku; uhledzieu̯), у той час як «ŭ» выкарыстоўвалася для вельмі кароткага (і ў шпаркай мове выпадаючага) [у] (напрыклад, pakazŭwaj; padwiazŭwaje; panakruczŭwała, dziakŭwać Bohu).

Доўгі час лічылася, што свой сучасны выгляд — «ŭ» — літара набыла ў кракаўскім выданні «Dudka Białaruskaja» 1891 года Францішка Багушэвіча[10]. Цяпер вядома, аднак, што этнограф і выдавец Аляксандр Рыпінскі ўжываў літару «ŭ» у беларускіх тэкстах кніг, выдадзеных у Лондане ў 1853-54 гг.,[11][12] а яшчэ раней Габрыэль Асоўскі скарыстаўся ёю ў рэпліках беларускамоўнага персанажа ў рамане «Таямнічае даміно» (1845).[13]

Не пазней за 1870 год асобная літара для гука [w] трапляе ў беларускую кірыліцу. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю «у з брэвісам» як адпаведнік лацінкавай «ŭ» для беларускай мовы прапанаваў расійскі даследчык фальклору Пётр Бяссонаў[10] (ён таксама выкарыстоўвае «ў» у кнізе «Белорусские песни», выдання 1871 года, напрыклад: «я чуў, шоўкову хустку, скарбу жаловаў, а нашаму пану ўсё повялося»). У 1874 годзе этнограф Павел Шэйн выдае кнігу «Белорусские народные песни», у якой аўтарскі тэкст на рускай мове, але перадача аўтэнтычных тэкстаў беларускіх песень па-беларуску. Тут паслядоўна ўжываецца літара «ў», напрыклад: «не даў, слаўны, жоўтымъ зярномъ, а ўзяў вутку, заўтра раненька, нясуць намъ бутэлькі поўненькі». Ужываецца «ў» і ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» Уладзіміра Дабравольскага, выдадзеным у 1891 годзе ў Санкт-Пецярбургу: «мужикъ параіў, пра то ня вѣдаў, даўжок, узяў, яны ня ўси». Сярод ранніх выпадкаў ужывання кірылічнай літары «ў» — апублікаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура з вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсць літара «ў» і ў пасмяротным выданні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 года «ў» пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна.

У першай трэці XX стагоддзя, у сувязі з правядзеннем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя дыскусіі, сярод іншых, ставілася пытанне наконт мэтазгоднасці пазначэння ці не пазначэння на пісьме літары «ў». Супраць пазначэння скарачэння на пісьме літары выказваўся, у прыватнасці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 года пастанавіла: не пазначаць у пісанні пазіцыйнага чаргавання «і»/«й» (даволі й гэтага -> даволі і гэтага), але пазначаць чаргаванне «у»/«ў» (за выняткам запазычаных словаў і ўласных найменняў)[14]. Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесены ў новы правапіс.

Вымаўленне[правіць | правіць зыходнік]

Літара «ў» уяўляе сабой звонкі лабіявеларны паўгалосны гук (англ.: voiced labiovelar semivowel). У адрозненне ад галоснага «у», ён з’яўляецца зычным. Вымаўляецца гэты гук прыблізна таксама, як англійскі [w] у [now].

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

Літара «ў» пішацца пасля галосных пры чаргаванні: «у» з «ў», «в» з «ў» і «л» з «ў» — у беларускай мове (умовыва ўмовах, каровакароў, даладаў) ці ў параўнанні з рускай (рус. клоун — бел. клоўн, рус. лавка — бел. лаўка, рус. волк — бел. воўк).

Чаргаванне «у» з «ў»[правіць | правіць зыходнік]

Чаргаванне адбываецца (за выключэннем некаторых выпадкаў):

  • на пачатку слова, незалежна ад яго паходжання: ва ўніверсітэце, сонца ўзімку, ледзьве ўчуў;
  • у сярэдзіне слова, незалежна ад яго паходжання: клоўн, каўчук, аўдыякасета, па-ўдарнаму;
  • пасля злучка ці двукосся: паўночна-ўсходні, пачуў «будзь ласкавы» ўпершыню, па-ўкраінску;
  • у выпадках, калі прыназоўнік «у» ужываецца пасля галосных і вымаўляецца як [ў]: збегла ў край туманных сноў.

У вершаванай мове для захавання рытму часам дапускаюцца адступленні ад нормаў ужывання «у»/«ў»:

На шырокім, на далёкім
      Буйным полі
Вырастаюць згодна кветкі
      І гуголле.

Людзі рвуць і топчуць кветкі
      Без патолі,
А гуголь расце, не дбае,
      Ў поўнай волі.

Ой, ці ж вам не ўцяміць, людзі,
      Ўжо ніколі,
Што не кветкі трэба рваці,
      А гуголле?!

               Я. Купала (1921)

Чаргаванне не адбываецца:

  • пасля знакаў прыпынку;
  • на пачатку слова, пачынаючага сказ;
  • у словах, у якіх на «у» падае націск, і вытворных ад іх: ля урны, трыумф, трыумфальны;
  • на пачатку ўласных імёнаў і назваў: кніга Уладзіміра, ва Узбекістане;
  • на канцы нязменных запазычаных слоў: ноу-хау, шоу, фрау;
  • у запазычаных словах, якія канчаюцца на «-ум», «-ус», і вытворных ад іх: прэзідыум, кансіліум, соус, страусіны.

Чаргаванне «в» з «ў»[правіць | правіць зыходнік]

Чаргаванне адбываецца перад зычнымі і на канцы слоў у большасці славянскіх і неславянскіх слоў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.

Чаргаванне «л» з «ў»[правіць | правіць зыходнік]

Чаргаванне адбываецца перад зычнымі ў большасці славянскіх слоў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўметра; на канцы слоў — у формах мінулага часу: даў.

Распаўсюджанне ў іншых кірылічных алфавітах[правіць | правіць зыходнік]

«У» прысутнічае таксама ў некаторых неславянскіх кірылічных алфавітах.

  • Выкарыстоўваецца ў дунганскім алфавіце, уведзеным у 1953 годзе.
  • Выкарыстоўваецца ў алфавіце эскімосаў.
  • Выкарыстоўваецца ў ніўскім кірылічным алфавіце, уведзеным у канцы 1970-х гадоў.
  • Раней ужывалася ва ўзбекскім алфавіце, дзе пазначала гук [o][15]; у сучаснай узбекскай лацінцы ёй адпавядае літара «o‘».
  • Да лацінізацыі 1923 года ўжывалася для запісу асецінскіх тэкстаў (так званая «шэгрэнаўская азбука») — у прыватнасці, у першай асецінскай газеце «Ирон газет» (1906).
  • У 1961—1964 гадах (у Карачаева-Чаркесіі да 1970-х) выкарыстоўвалася ў карачаева-балкарскім кірылічным алфавіце.
  • У 1989 годзе планавалася ўвесці літару «ў» у татарскі алфавіт.

Помнік[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 2003 года, у час дзясятых святкаванняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадскія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым горадзе Беларусі помнік у гонар гэтай унікальнай літары[16]. Ён зроблены ў выглядзе стэлы, на гранях якой размешчаны рэльефныя выявы літары. Помнік можа служыць сонечным гадзіннікам. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліграфу прафесару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.

Іншыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • У вершаванай мове для захавання рытму паэты часам дапускаюць адступленні ад нормаў ужывання «ў» (часцей гэта звязана з прыназоўнікам «у»).
  • Цікавы факт: прыслоўі «па-узбекску», «па-удмурдску», паводле «Слоўніка беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (пад рэд. М. В. Бірылы, Мінск, 1987), пішуцца з «у складовым» як словы з іншамоўным коранем, аднак у кнізе «Беларускі правапіс» (У. Куліковіч, Мінск, 1998) прыслоўе «па-ўзбекску» ілюструе напісанне «ў» пасля злучка.
  • Гэтую літару можна пісаць праз наступныя камбінацыі клавіш: Num Lock Alt+759 або Num Lock Alt+0161

Табліца кодаў[правіць | правіць зыходнік]

Кадзіроўка Рэгістр Дзесятковы код Шаснаццатковы код Васьмярковы код Двайковы код
Юнікод
(маналітны)
Вялікая 1038 040E 002016 00000100 00001110
Маленькая 1118 045E 002136 00000100 01011110
Юнікод
(раскладанне)
Вялікая 69403398 0423 0306 00410601406 00000100 00100011 00000011 00000110
Маленькая 71500550 0443 0306 00420601406 00000100 01000011 00000011 00000110
ISO 8859-5 Вялікая 174 AE 256 10101110
Маленькая 254 FE 375 11111110
KOI 8
(нек. вар.)
Вялікая 190 BE 276 10111110
Маленькая 174 AE 256 10101110
Windows 1251 Вялікая 161 A1 241 10100001
Маленькая 162 A2 242 10100010

У HTML вялікая літара «Ў» запісваецца «Ў»(«Ў»), маленькая «ў» — «ў»(«ў»).

Беларуская раскладка клавіятуры[правіць | правіць зыходнік]

Стандартная раскладка беларускай клавіятуры мае наступны выгляд[17]:

Літара «Ў» на камп’ютарнай клавіятуры.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гуцульські говірки. Короткий словник, Львів, 1999, с. 9. (укр.)
  2. Прыкладам у англійскай мове для пазначэння гуку [ў] служыць літара «w», у польскай мове — «ł».
  3. Янкоўскі Ф. М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мінск, 1989. С.101.
  4. Rott-Żebrowski T. Gramatyka historyczna języka białoruskiego. Lublin, 1992. S.63. (польск.)
  5. Хрестоматия по истории русского языка. Москва, 1990. С.61—66. (руск.)
  6. Юрый Пацюпа Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісання прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай Архівавана 20 кастрычніка 2015..
  7. Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии: Конец XIV в. — 1648 г.: Сб. документов и материалов. В 3 т. Т.1. Минск, 1988. (руск.)
  8. «…приймилисмо сербскоє џ (виџу wydzu) и волоскоє ў (аў, αυ Erazm. Rotterd., au, еў, ευ: спѣваў, spiwαυ; душеў, dušευ)…». Маркіян Шашкевіч (1837) «Русалка днѣстровая» Архівавана 19 красавіка 2014., с. 5. (укр.)
  9. На сёння, ва ўкраінскай мове выражаецца арфаграфічна літарай в у словах кшталту бачив[ў], вов[ў]к і г.д.
  10. а б в Булыка А. У нескладовае // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.4. Мінск: БСЭ. — 1987.
  11. Packajeu, Mikalaj. Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003] (англ.). Anglo-Belarusian Society (19 студзеня 2017). — Лекцыя Міколы Пачкаева "Спробы беларускага выдавецтва ў Лондане ў XIX стагоддзі вызначылі выгляд сучаснай беларускай графічнай сістэмы", арганізаваная Англа-беларускім таварыствам у Лондане 2 сакавіка 2003 г.. Праверана 11 жніўня 2021.
  12. Packajeu, Mikalaj. "[1853 год, Лёндан]". Facebook. Роднае Слова.
  13. Антон Францішак Брыль. Беларускія фрагменты ў рамане “Таямнічае даміно” Габрыэля Асоўскага. // Роднае слова, №12/2021.
  14. Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Мінск, 1927. С.309—310.
  15. Ходжиев А. П. Узбекский язык // Языки мира: Тюркские языки. — М.: Институт языкознания РАН, 1996. — С. 427. (руск.)
  16. Памятник букве «Ў» в Полоцке, Holiday.by. (руск.)
  17. The most widely used belarusian keyboard layout STB955-94. (англ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пуцявінамі «Бусліка» / аўт.-склад. Т. М. Лапіцкая. — Мінск : Беларус. асац. «Конкурс», 2006. — 64 с.
  • Куліковіч, У. І. Беларуская мова. Правілы арфаграфіі. Беларуска-рускі слоўнік / У. І. Куліковіч, Э. А. Ялоўская. — Мінск : Беларус. асац. «Конкурс», 2010. — 320 с.
  • Мажлай, Г. М. Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання / Г. М. Малажай. — 5-е выд. — Мінск, Аверсэв, 2007. — 368 с.