Выцінанка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выцінанкі ў інтэр'еры.
Выцінанка на паштовай марцы Беларусі.

Выціна́нка, лакальныя назвы: выразанка, выстрыганка — від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай або каляровай паперы. Від і тэхніка традыцыйнага выразання з паперы.

У беларускай культуры найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Узоры геаметрычныя, раслінныя, радзей зааморфныя і антрапаморфныя.

Магчыма, першымі папяровымі ўзорамі былі кустодыі (аздобы для аховы васковых і сургучовых пячатак на дакументах). З даступнасцю паперы для сялян з’яўляецца ўтылітарная выцінанка. Ёй аздаблялі вокны (фіранкі), сцены, мэблю, красны кут, элементы святочных убораў.

У першай палове ХХ ст. выцінанка зазнае кароткачасовы росквіт. Пасля 2-й сусветнай вайны амаль знікае, але з канца 1980-х гадоў вяртаецца ў новым рэчышчы, але з выразным традыцыйным кірункам.

Развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Росквіт выцінанкі[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі ў XIX — першай палове XX стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для афармлення жытла, выкарыстоўваліся як частка аздаблення інтэр’еру на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і падобнае); на захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі ўпрыгожвалі беленыя сцены жытла.

Росквіт выцінанкі прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ ст. У беларускай культуры найбольш пашыраны аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі ў некалькі слаёў рознага колеру. Характэрны простыя кампазіцыі на аснове геаметрычных, раслінных, зааморфных і рэдка прадметных матываў. Выцінанку шырока ўжывалі ў побыце.

Выцінанкамі ўпрыгожвалі вокны, сцены, паліцы, столь і покуць («кут»), аздаблялі абразы. Кожны год выцінанку абнаўлялі, звычайна да Вялікадня. З развіццём лёгкай прамысловасці выцінанку замяніў тэкстыль. Апошні перыяд росквіту выцінанкі прыпадае на 1940-я — 1950-я гады. Потым мастацтва выцінанкі зноў занепадае.

Адраджэнне выцінанкі[правіць | правіць зыходнік]

У 1970—1980 гады адбылося адраджэнне традыцыйнага мастацтва выцінанкі. У Мінску таксама былі майстры, якія спрыялі аднаўленню гэтага віду беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выцінанка набыла сучаснае «гучанне», але не згубіла і традыцыйных рыс. Валянціна Слюнчанка, архітэктар рэстаўрацыйнага навукова-праектнага інстытута Міністэрства культуры БССР, стала адным з ініцыятараў адраджэння страчанай традыцыі мастацкага выразання з паперы ў Беларусі. Уключыла яе ў праграму навучання дзяцей і моладзі ў студыі мастацкай творчасці. У 1987 годзе яе вучні атрымалі дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі БССР, калі ўпершыню прадставілі свае работы ў тэхніцы «выцінанкі» на Рэспубліканскай выстаўцы дзіцячай творчасці.[1]

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У XXI ст. матывы і прыёмы выцінанкі пашыраны ў афармленні кніг, упаковак, паштовак і падобнага. На пачатку 1990-х гадоў калекцыя выцінанак зберагалася ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР.

Асноўныя рысы выцінанкі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя рысы народнай выцінанкі — сіметрыя і дэкаратыўнасць вобразаў (неад’емна высокая ступень стылізацыі, схільнасць да геаметрызацыі прарэзак і падобнага). У беларускай выцінанцы сустракаюцца восевая (люстэркавая), радыяльная і рапортная сіметрыя, а таксама спалучэнне некалькіх яе відаў. У асартыменце ажурных вырабаў з паперы — аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, бэлек столі, рамак для фотаздымкаў, ікон, дзвярных і аконных праёмаў, сурвэткі («сурвэты», «рагавічкі», «вугольнікі»), падузорнікі для ложкаў. Папяровымі або паркалёвымі разнымі карункамі аздаблялі труны на пахаванні.

Месцы знаходжання[правіць | правіць зыходнік]

Месцы знаходжання традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў Мінскай вобласці — Чэрвеньскі, Клецкі, Маладзечанскі, Любанскі раёны.[2]

Арганізацыі, якія спрыяюць практыцы перадачы элемента[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці:

Актуальныя сацыяльныя і культурныя функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Выцінанка — выразанне з паперы — папулярна не толькі сярод дарослых, але выдатна падыходзіць і для працы з дзецьмі, якія ахвотна фантазуюць з лісткамі паперы і нажніцамі.

Каб асвоіць гэты від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, трэба толькі жаданне і крыху цярплівасці, а з матэрыялаў нажніцы, папера і клей. У асноўным, выкарыстоўваюць белую паперу, часам — чорную і каляровую.

Выцінанкі адкрываюць вялікія творчыя магчымасці. Бо з паперы можна выразаць шмат прыгожых і карысных рэчаў: віншавальныя паштоўкі, навагоднія маскі, сняжынкі, валянцінкі і шмат іншага. На пачатку XXI ст. у выцінанцы шырока распаўсюдзіліся архітэктурныя формы, часта выразаюць храмы, а таксама тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя народным святам, мастацкім рамёствам, архітэктурным помнікам даўніны.

Сучасная беларуская выцінанка вылучаецца багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на традыцыйныя народныя матывы.

Маладзечанская выцінанка на сучасным этапе ёсць ідэнтыфікатарам мясцовай культуры. Мастацтву выцінанкі характэрна эстэтычна-дэкаратыўная функцыя. Традыцыя аздаблення інтэр’ераў і вокнаў на святы штогод усё болей распаўсюджваецца ў гарадах. Мала навучальных, адміністрацыйных і жылых будынкаў на вокнах якіх не ўбачыш на зімовыя святы ўпрыгожванні з выцінанак.

Важная функцыя і рэсурс турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Многія турысты ў Маладзечне наведваюць Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, дзе знаходзіцца музей-фонд дыпломных работ аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аглядаюць мноствам выцінанак, якімі аздоблены інтэр’еры каледжа. Мастацтва гэтага віду народнай творчасці мае і выхаваўчую функцыю. Дзеці школьнага ўзросту знаёмяцца з выцінанкай на занятках выяўленчага мастацтва і гуртках устаноў дадатковай пазашкольнай адукацыі.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента[правіць | правіць зыходнік]

Брак у сучасным жыцці побытавай неабходнасці выкарыстання выцінанкі, даступнасць разнастайных гатовых форм упрыгожвання інтэр’еру, павелічэнне колькасці форм баўлення вольнага часу ў гарадах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Н.І. Буракоўская, В.А. Каспяровіч, Н.А. Сухая, В. У. Пярмінава. Выцінанка // Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” = Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” (нявызн.) / Адказны за выпуск Р.І. Вайцяхоўская Рэдактар Н. У. Даўнаровіч Дызайн, вёрстка П.Ю. Цыбін. — Мінск: Выдавец ПУП «Радыёла-плюс», 2009. — С. 38—47. — 162 с. — (Даведачна-метадычнае выданне). — 300 экз.
  2. Мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці - Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь. heritage.gov.by. Праверана 13 красавіка 2024.
  3. Молодечненский музыкальный колледж им. М.К.Огинского(нявызн.). Молодечненский музыкальный колледж им. М.К.Огинского. Праверана 13 красавіка 2024.
  4. https://molmusic.schools.by/
  5. Клецкий Районный Центр культуры - Официальный сайт. kleckrck.by. Праверана 13 красавіка 2024.
  6. Государственное учреждение «Любанский музей народной славы» (руск.). Государственное учреждение «Любанский музей народной славы». Праверана 13 красавіка 2024.
  7. Instagram. www.instagram.com. Праверана 13 красавіка 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Выцінанка // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн: БелСЭ, 1989. — 575 с., іл. — C. 121.
  • Выціна́нка, выстрыганка, выразанка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 182. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Дубінка В. Выцінінкі. [Альбом] / Вячеслаў Дубінка. — Мінск: ООО Издательско-полиграфический центр, 2011. — 112 с., іл.
  • Жабінская М. П. Выцінанка. Метадычны дапаможнік: першы год навучання / М. П. Жабінская. — Мн: Полымя, 1996. — 95 с., іл.
  • Лабачэўская В. А. Зберагаючы самабытнасць. З гісторыі народнага мастацтва і промыслаў Беларусі. — Мінск: Беларуская навука, 1998. — 375 с., іл.
  • Лазука Б. Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. — Мн.: Беларусь, 2001. — ISBN 985-01-0124-5.
  • Сахута, Я. М. Выцінанка // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 121, 122. — 575 с. — ISBN 5-85700-014-9.
  • Сахута Я. М. Выцінанкі // Народныя мастацкія рамёствы Беларусі. — Мн: Беларусь, 2001. — 168 с., іл. — С. 6—65.
  • Сахута Я. М. Беларуская выцінанка. — Мн: Беларусь, 2008. — 230 с., іл.
  • Чырвонцава В. М. Выцінанка. Праграма для аддзяленняў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мастацкіх вучылішчаў. — Мн.: БелДІПК, 2001. — 20 с.
  • Чарвонцава Н. Л. Выцінанка як з’ява духоўнай культуры беларусаў // Народнае мастацтва: мінулае і сучаснае. Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-творчай канферэнцыі (19—20 мая 1999 года). — Мн., 2002. — С. 79—83.
  • Н.І. Буракоўская, В.А. Каспяровіч, Н.А. Сухая, В. У. Пярмінава. Выцінанка // Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” = Даведачна-метадычнае выданне “Народныя рамёствы Міншчыны” (нявызн.) / Адказны за выпуск Р.І. Вайцяхоўская Рэдактар Н. У. Даўнаровіч Дызайн, вёрстка П.Ю. Цыбін. — Мінск: Выдавец ПУП «Радыёла-плюс», 2009. — С. 38—47. — 162 с. — (Даведачна-метадычнае выданне). — 300 экз.
украінская мова
  • Вербицька З. В., Калашник Н. М. Витинанки. Образотворче мистецтво / З. В. Вербицька, Н. М. Калашник. — Тернопіль: Підручники і посібники, 2009. — 112 с., іл.
  • Калініченко Н. Мистецтво польської витинанки / Наталя Калініченко // Народна творчість та етнографія. — 2004. — № 4. — С. 121—123.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]