Говард Картэр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Говард Картэр
англ.: Howard Carter
Дата нараджэння 9 мая 1874(1874-05-09)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 сакавіка 1939(1939-03-02)[1][2][…] (64 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці егіптолаг
Навуковая сфера археалогія
Месца працы
Навуковая ступень honoris causa
Вядомы як здзяйсніў адкрыццё грабніцы Тутанхамона (KV62)
Узнагароды
Order of Leopold II Order of the Nile
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Грабніца Тутанхамона (KV62), адкрытая Картэрам

Говард Картэр (англ.: Howard Carter; 9 мая 1874 года, Бромптан, Кенсінгтон і Чэлсі, Лондан — 2 сакавіка 1939 года, Лондан, Вялікабрытанія) — знакаміты англійскі археолаг і егіптолаг, які адкрыў у 1922 годзе ў Даліне Цароў каля Луксора грабніцу Тутанхамона (KV62), што было прызнана адной з самых вырашальных і найбольш вядомых падзей у егіпталогіі.

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

Говард Картэр быў малодшым з 8 дзяцей Самуіла і Марты Картэраў. Дзяцінства Говарда Картэра прайшло ў Суофеме ў графстве Норфалк, таму ў многіх крыніцах менавіта гэты гарадок пазначаюць як месца нараджэння егіптолага. Бацька Картэра, мастак паводле прафесіі, з дзяцінства займаўся навучаннем сына маляванню, прывіваючы пры гэтым цікавасць да гісторыі культуры.

Пачатак кар'еры[правіць | правіць зыходнік]

Говард Картэр займаўся археалогіяй з 1891 года, уступіўшы ва ўзросце 17 гадоў у Брытанскую арганізацыю археалагічных даследаванняў Егіпта. Да 1899 года ён браў удзел у шэрагу археалагічных экспедыцый у Егіпце, замалёўваючы надпісы, скульптурныя выявы і архітэктуру Старажытнага Егіпта. У прыватнасці, ён працаваў на раскопках у Бені-Хасане, рэзідэнцыі перыяду Сярэдняга царства. Некаторы час егіптолаг-пачатковец працаваў пад кіраўніцтвам вядучага спецыяліста ў вобласці археалогіі Уільяма Фліндэрса Пітры. Вядомасць яму прынеслі праведзеныя ў 18931899 гадах даследаванне Джэсер Джэсеру — пабудаванага ў XV стагоддзі да н.э. архітэктарам Сенмутам для жанчыны-фараона Хатшэпсут тэрасавага памінальнага храма і скальнай грабніцы ў Дэйр-эль-Бахры на захадзе Фіваў.

Поспех, які спадарожнічаў Картэру ў адкрыцці храма Хатшэпсут (Дэйр-эль-Бахры), прадвызначыў яго прызначэнне ў 1899 годзе генеральным інспектарам Егіпецкага аддзела старажытнасцей, адкуль ён звольніўся ў 1905 годзе пасля канфлікту паміж аховай егіпецкіх помнікаў і групай п'яных французскіх турыстаў. У 19021914 гадах Картэр інспектаваў працы амерыканскага археолага Тэадора Дэвіса, які атрымаў дазвол егіпецкага ўрада праводзіць раскопкі ў Даліне Цароў. Дэвіс і Картэр выявілі цэлы шэраг пахавальняў знакамітых фараонаў Новага царства, у прыватнасці, грабніцы царыцы Хатшэпсут, Тутмоса IV, Харэмхеба, Рамсеса Саптаха, а таксама саркафаг з рэшткамі, якія атаясамляюцца з муміяй «фараона-ератыка» Эхнатона.

Супрацоўніцтва з лордам Карнарванам[правіць | правіць зыходнік]

У 1906 годзе Говард Картэр пазнаёміўся з археолагам-аматарам і калекцыянерам старажытнасцей лордам Карнарванам, які вылучыў сродкі на далейшыя археалагічныя пошукі прафесійнага калегі. З 1914 года Картэр і Карнарван прыступілі да сумесных раскопак у Даліне Цароў. У выніку іх супрацоўніцтва пры раскопках фіванскага некропаля былі адкрыты грабніца Аменхатэпа I і пахаванні некалькіх царыц XVIII дынастыі. Далейшыя раскопкі былі спынены з-за пачатку Першай сусветнай вайны, але, як толькі дазволіла сітуацыя, Картэр пераканаў Карнарвана працягнуць даследаванні ў Даліне Цароў.

Адкрыццё грабніцы Тутанхамона[правіць | правіць зыходнік]

Тандэм Картэра і Карнарвана неўзабаве стаў сусветна знакамітым: азартны Карнарван знайшоў храбрага, практычнага і самаадданага энтузіяста, які ідэальна падыходзіў для рэалізацыі ідэі, якой быў апантаны лорд — знаходкі грабніцы невядомага датуль эфемернага фараона канца XVIII дынастыі — Тутанхамона. Навуковая супольнасць скептычна паставілася да пошукаў Картэра і Карнарвана, а неўзабаве і сам лорд страціў цікавасць да няўдалых раскопак. Аднак 4 лістапада 1922 года Картэр знайшоў засыпаны ўваход у грабніцу KV62, прычым пячатка на дзвярах апынуліся некранутай, што ўсяляла надзею на магчымасць найбуйнейшага археалагічнага адкрыцця стагоддзя. Будаўнікі пахавальні фараона XX дынастыі Рамсеса VI, мабыць, засыпалі шлях у грабніцу Тутанхамона, што тлумачыла яе адносную захаванасць.

Дом каля фіванскага некропаля, у якім працаваў Картэр

26 лістапада 1922 года Картэр і Карнарван сталі першымі за тры тысячагоддзі людзьмі, якія спусціліся ў грабніцу (рабаўнікі, якія маглі пабываць у грабніцы, відавочна, спускаліся ў яе яшчэ ў часы XX дынастыі). Пасля працяглых раскопак 16 лютага 1923 года Картэр, нарэшце, спусціўся ў пахавальную камеру грабніцы («Залаты палац»), дзе знаходзіўся саркафаг фараона. Сярод пахаванага з ім начыння і іншых прадметаў было выяўлена мноства ўзораў мастацтва, якія насілі адбітак уплыву Амарнскага перыяду. Грабніца юнака-цара, якая заставалася запячатанай больш за тры тысячы гадоў, апынулася практычна не кранутай раскрадальнікамі грабніц і змяшчала звыш тры з паловай тысячы прадметаў мастацтва, большая частка якіх знаходзіцца цяпер у Каірскім музеі. Самым вядомым экспанатам музея лічыцца знойдзеная ў той жа грабніцы пасмяротная маска Тутанхамона, выкананая з 11,26 кг чыстага золата і мноства каштоўных камянёў.

Адкрыццё грабніцы малавядомага пераемніка знакамітага Эхнатона асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі як самае значнае адкрыццё ў гісторыі егіпталогіі і, магчыма, археалогіі наогул. Уладальнік выяўленых скарбаў, тады яшчэ практычна невядомы юны кіраўнік Егіпта, адразу ж ператварыўся ў аб'ект павышанай увагі, а фенаменальнае адкрыццё не толькі зрабіла яго імя агульнавядомым, але і выклікала чарговы ўсплёск абноўленай цікавасці да ўсіх слядоў егіпецкай цывілізацыі ў сучасным свеце.

«Праклён фараонаў»[правіць | правіць зыходнік]

Лорд Джордж Карнарван, які фінансаваў раскопкі, памёр 5 красавіка 1923 года ў каірскай гасцініцы «Кантыненталь» ад запалення лёгкіх, аднак практычна адразу ўзніклі містыфікацыі вакол яго смерці (гаварылася нават пра «заражэнне крыві з-за ранення брытвай» або «таямнічы ўкус маскіта»). У наступныя гады прэса падагравала чуткі пра «праклён фараонаў», які нібы прывёў да гібелі першаадкрывальнікаў грабніцы, налічваючы да 22 «ахвяр праклёну», 13 з якіх непасрэдна прысутнічалі пры распячатванні грабніцы.

Аднак факты сведчаць пра тое, што доказы «праклёну» былі падагнаны для дасягнення газетнай сенсацыі: абсалютная большасць удзельнікаў экспедыцыі Картэра дасягнулі старэчага ўзросту, а сярэдняя працягласць іх жыцця складае 74,4 года. Говард Картэр, які непасрэдна кіраваў усімі працамі ў грабніцы, здавалася б, павінен быў пасці першай ахвярай «праклёну фараона», аднак ён сканаў апошнім — у 1939 годзе ва ўзросце 64 гадоў, у сваёй пасцелі.

Вынікі дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Раскопкі Картэра ў Даліне Цароў выклікалі паўсюдны рост цікавасці да археалогіі ў цэлым і Старажытнага Егіпта ў прыватнасці.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]