Канада

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канада
Canada
Герб Канады
Сцяг Канады Герб Канады
Дэвіз: «лац.: A mari usque ad mare
Ад мора да мора»
Гімн: «O Canada!»
Дата незалежнасці 1 ліпеня 1867 (Акт аб Брытанскай Паўночнай Амерыцы)
11 снежня 1931 (Вэстмінстэрскі статут, 1931)
17 красавіка 1982 (Акт аб Канадзе 1982) (ад Злучанага каралеўства)
Афіцыйныя мовы англійская і французская
Сталіца Атава 45°24′ пн. ш. 75°40′ з. д.HGЯO
Найбуйнейшыя гарады Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Калгары
Форма кіравання Канстытуцыйная манархія, парламенцкая дэмакратыя
Кароль
Генерал-губернатар
Прэм’ер-міністр
Карл III
Марыя Сіман
Джасцін Трудо
(Ліберальная партыя)
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
2-я ў свеце
9 984 670 км²
8,62 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2022)
Шчыльнасць

39 292 355[1] чал. (37-я)
3,9 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$1798 млрд[2]  (11-ы)
$48 446
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)

$1847 млрд[2]  (15-ы)
ІРЧП (2019) 0,929 (вельмі высокі)[2] (16-ы)
Этнахаронім Канадзец, канадка, канадцы
Валюта Канадскі долар
(CAD, код 124)
Інтэрнэт-дамен .ca
Код ISO (Alpha-2) CA
Код ISO (Alpha-3) CAN
Код МАК CAN
Тэлефонны код +1
Часавыя паясы −3:30 — −8

Канада (англ.: Canada, ІРА: /ˈkænədə/; фр.: Canada, ІРА: /kanaˈda/) — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы, займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі. Абмываецца Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі, мяжуе з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе, таксама мае марскія межы з Даніяй (Грэнландыя) на паўночным усходзе і Францыяй (Сен-П’ер і Мікелон) на ўсходзе. Мяжа Канады і ЗША з’яўляецца самай працяглай агульнай мяжой у свеце. Сталіца Канады — Атава.

Рэльеф Канады змяняецца ад высозных Кардыльераў на захадзе да апрацаванага ледавікамі Лаўрэнційскага ўзвышша ў цэнтры і на ўсходзе. Багаццем мінеральных рэсурсаў Канада вылучаецца нават сярод краін свайго памеру. Хоць клімат Канады і разнастайны, большая яе частка ляжыць у халоднай зоне з працяглай зімой. Канада багатая воднымі рэсурсамі — шырокімі рэкамі і чысцюткімі азёрамі. Большая частка тэрыторыі Канады занята арктычнымі пустынямі, тундрай і тайгой. Канадская тайга шырокай паласой цягнецца ад Ціхага акіяна да Атлантычнага.

За тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI—XVII ст. англійскія і французскія мараплаўцы даследавалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIII ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі, і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4 правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.

Канада — федэратыўная, дэ-юрэ парламенцкая канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы — кароль Вялікабрытаніі, прадстаўлены генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам. Адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.

Насельніцтва пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету ў Канадзе згуртаваныя ў стракатую мультыкультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з’яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,9 чал/км²). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.

Канада — развітая краіна, член Вялікай сямёркі і Вялікай дваццаткі, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Разам з Мексікай і ЗША — сваім галоўным гандлёвым партнёрам — уваходзіць у зону свабоднага гандлю НАФТА. Таксама Канада з’яўляецца актыўным удзельнікам Садружнасці нацый і Франкафоніі. Канада адрозніваецца найвышэйшымі пазіцыямі ў свеце па ІЧР (16 месца), якасці жыцця, грамадзянскіх правах, эканамічнай свабодзе, узроўню адукацыі. Нягледзячы на выразны постіндустрыяльны характар, гаспадарка Канады мае выразны сыравінны твар і абапіраецца на мінеральныя, гідраэнергетычныя, лясныя, рыбныя і іншыя рэсурсы.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Слова «Канада» з вялікай доляй верагоднасці паходзіць ад індзейскага «каната» — вёска ці паселішча[3]. Вядома, што так называлі свае землі індзейцы сучаснага Квебека, з якімі сутыкнуліся першыя французскія заваёўнікі.

Жак Карцье ўжываў слова «Канада» дзеля пазначэння не толькі індзейскай вёскі, якую ён сустрэў, але і ўсёй вобласці пад кантролем мясцовага правадыра Данаконы. З 1545 года еўрапейскія кнігі і карты пазначалі гэты рэгіён і ўсе берагі ракі Св. Лаўрэнція словам «Канада».

У перыяд французскага каланіяльнага валадарства ў XVI—XVII ст. назва Канада ўжывалася нароўні з афіцыйнай — Новая Францыя. Пазней гэтая назва перайшла на большасць суседніх тэрыторый у Паўночнай Амерыцы, якімі кіравала Брытанская імперыя. З 1791 так называліся англійскія калоніі ў раёне сучасных правінцый Квебек і Антарыа, а з 1867 найменне было перанесена на ўсю краіну.

Словы, якія фанетычна і семантычна падобныя на лаўрэнційска-іракезскае «kanata», існуюць і ў мовах, далёкіх ад паўночнаамерыканскіх: старажытнаанглійскае «cynedom» («каралеўства»), англійскае «country» («зямля», «краіна»), «county» («акруга»), «hundred» («сотня»), «kindred» («клан», «род»), валійскае «cantref» («акруга»), «genedl» («клан», «род»), старажытнагрэчаскае «κέντρον» («цэнтр»), ірландскае «ceantar» («акруга»), італьянскае «contado» («вёска»), лацінскае «condo» («абжываць», «насяляць»), «continuus» («прылеглы»), персідскае «кӓнд» («вёска», «паселішча»), старажытнарускае «коньць» (частка горада)[4], рускае «кондавы» («спрадвечны») і г.д.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Карта Канады

Канада займае значную частку мацерыка Паўночная Амерыка і шматлікія астравы, што прымыкаюць да яе. На захадзе абмываецца Ціхім акіянам і мяжуе са штатам Аляска (ЗША), на ўсходзе абмываецца Атлантычным, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам, на поўдні мяжуе з ЗША. Асноўная мацерыковая частка Канады працягнулася на 5400 км ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Крайнія геаграфічныя каардынаты: на ўсходзе — 52°40' з.д., на захадзе — 141° з.д. З поўдня на поўнач прасціраецца на 4 500 км — ад 41°41' пн.ш. на мяжы з ЗША да паўночнай ускраіны (83°06' пн.ш.) вострава Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу.

Ля ўсходняга ўзбярэжжа і ў заліве Св. Лаўрэнція знаходзяцца востраў Ньюфаўндленд, Кейп-Брэтан, Антыкосты, архіпелаг Мадлен, Прынца Эдуарда і інш. На поўначы працягнуліся Бафінава Зямля, астравы Гудзонава заліва і шматлікія астравы Канадскага Арктычнага архіпелага, падзеленыя вузкімі і плыткімі пралівамі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа моцна парэзана вузкімі і доўгімі залівамі са стромкімі схіламі. Недалёка ад заходняга берага ляжыць буйны востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф і карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Скалістыя горы, Нацыянальны парк Банф у Альберце

Большая частка Канады — узгорыстая раўніна, абмежаваная з усходу і захаду горнымі падняццямі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага і Атлантычнага акіянаў. На захадзе краіны ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа цягнецца горная краіна Кардыльераў шырынёй каля 600 км. Усходняя вось Канадскіх Кардыльераў — Скалістыя горы. Іх заходнія схілы пакрытыя хвойнымі лясамі, усходнія аголеныя і сапраўды скалістыя; асобныя вяршыні пераўзыходзяць па вышыні 4000 м. На захад ад Скалістых гор ляжыць вулканічнае плато рэк Фрэйзер і Калумбія. Ціхаакіянскія Берагавыя горы складаюцца з двух субмерыдыянальных хрыбтоў, падзеленых падоўжнай далінай, у паўднёвай частцы затопленай морам. Найбольш высокія ўчасткі заходняга пояса гор на поўдні — прыбярэжныя востраў Ванкувер, астравы Каралевы Шарлоты і інш., а на поўначы, на мяжы з Аляскай, Берагавыя хрыбты заканчваюцца шырокімі масівамі гор Св. Ільі і Логан (5959 м, найвышэйшы пункт Канады), пакрытых магутнымі ледавікамі, якія спускаюцца да мора.

Уздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа цягнуцца невысокія горныя хрыбты, якія працягваюць горы Апалачы ЗША. Паверхня вострава Ньюфаўндленд узвышаная (вышыня да 805 м). На поўнач ад ракі Св. Лаўрэнція і да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна распасціраецца шырокая вобласць Канадскага шчыта — невысокая, складзеная цвёрдымі крышталічнымі пародамі (гранітамі, гнейсамі і сланцамі) зямля. Яе сучасная паверхня носіць сляды геалагічна нядаўняга зледзянення: апрацаваныя лёдам кучаравыя скалы («барановыя ілбы»), шматлікія азёры, хуткія парожыстыя рэкі, тонкі глебавы пласт. Для паўвострава Лабрадор характэрныя крушні і скалы. Па паўднёвым і заходнім узбярэжжы Гудзонава заліва вышыня мясцовасці не перавышае 200 м. Паласа нізіны цягнецца і ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Канады, далёка ўдаючыся ў глыб мацерыка па даліне р. Макензі.

Тэрыторыя Канады багатая на руды каляровых металаў (нікель, медзь, цынк, свінец), жалезную руду; вялікія запасы ўрану, нафты і прыроднага газу, калійных солей, азбесту, вугалю. Казачна багатае на карысныя выкапні Лаўрэнційскае ўзвышша. Тут знаходзіцца ўнікальная рудная зона: радовішчы жалеза, нікеля, серабра, поліметалаў, урану, золата.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

З прычыны вялікай шыротнай працягласці і асаблівасцей рэльефу, клімат Канады надзвычай разнастайны. Змяняецца клімат у асноўным у шыротным напрамку. Ролю значнага мерыдыянальнага кліматападзелу гуляюць Кардыльеры. Галоўная асаблівасць клімату — яго кантынентальнасць: рэзкія пераходы паміж крайнімі тыпамі надвор’я, гарачым улетку і халодным узімку.

Большая частка Канадскага Арктычнага архіпелага ляжыць у вобласці арктычнага клімату. Тут вельмі суровыя зімы (-30 °C), а летам тэмпература толькі зрэдку перавышае адзнаку ў 5 °C. Пралівы паміж астравамі замёрзлыя. Менавіта тут знаходзіцца самы вялікі ненаселены востраў свету — Дэвон. Узбярэжжа Паўночнага Ледавітага акіяна займае субарктычны кліматычны пояс. Зімовыя месяцы па сваёй суровасці тут не саступаюць арктычным, летам жа значна цяплей. На ўсходзе субарктычны пояс выгінаецца далёка на поўдзень і амаль што замыкае Гудзонаў заліў — «мех з лёдам», які разам з халоднымі цячэннямі і ёсць галоўны віноўнік панавання тундры на шыраце Кіева. Паўднёвая Канада — зона ўмеранага клімату, празмерна вільготнага на крайнім захадзе, дастаткова — на ўсходзе і кантынентальнага ў цэнтральнай частцы.

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рака Фрэйзер

Багаццем прэснай вады Канада саступае толькі Расіі і Бразіліі. Рэкі Канады адносяцца да басейнаў трох акіянаў: Макензі і Нельсан нясуць свае спакойныя воды праз зону вечнай мерзлаты да Паўночнага Ледавітага акіяна. Фрэйзер цячэ па лававым плато і праз Берагавыя хрыбты прарываецца да Ціхага акіяна. Вялікія Азёры злучаюцца з Атлантыкай непрацяглай, але шматводнай ракой Святога Лаўрэнція. Невялікая частка паўднёвай Канады належыць да басейна Місісіпі. Буйныя азёры: Вялікае Мядзвежае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, возера Нетылінг. Па чатырох з пяці Вялікіх азёраў праходзіць мяжа з ЗША.

Прыродныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Паўночнага Ледавітага акіяна займаюць арктычныя пустыні. Вялікія плошчы тут занятыя покрыўнымі ледавікамі. Летам на свабодных ад лёду ўчастках у паніжэннях і трэшчынах з’яўляюцца імхі, лішайнікі, холадаўстойлівыя травы і хмызнячкі. Арктычныя глебы амаль не ўтрымліваюць арганічнага рэчыва. Жыццё прадстаўнікоў жывёльнага свету звязана з морам, якое дае ім ежу. На астравах тыповыя птушыныя базары. У водах мораў жывуць цюлені, маржы, грэнландскія кіты. Ва ўзбярэжныя раёны з мацерыка заходзяць белыя мядзведзі, ваўкі, пясцы. У Грэнландыі і на Канадскім Арктычным архіпелагу жыве самае буйное млекакормячае — аўцабык, або мускусны бык.

Арктычная тундра, Нунавут

Тундра і лесатундра займае поўнач мацерыка. Шырока распаўсюджана шматгадовая мерзлата. На поўначы — у Арктыцы — у мохавай і лішайнікавай тундры зрэдку можна сустрэць травы (асака, падвей) і палярныя кветкі — незабудкі, палярныя макі, дзьмухаўцы. На поўдзень, у субарктычным поясе, тундра становіцца хмызняковай: з’яўляюцца нізкарослыя карлікавыя бяроза і вярба, багун, буякі, чарніцы. На поўдзень, па далінах рэк, з’яўляюцца дрэвы — чорная і белая елкі, і пачынаецца лесатундра. Тундравая расліннасць забяспечвае ежай разнастайных жывёл: паўночных аленяў, палярных зайцаў, лемінгаў. На дробных жывёл палююць белы мядзведзь, палярны воўк, пясец. Водзяцца белая курапатка, драпежная палярная сава, летам прылятаюць вадаплаўныя птушкі — гусі і качкі.

Медзведзяняты ў нацыянальным парку Куцяней

Тайга прадстаўлена цёмнахвойнымі лясамі з чорнай і белай елак і бальзамічнай піхты. На сухіх месцах растуць сосны: белая (Веймутава), Банкса (каменная) і чырвоная. Хвойныя лясы ціхаакіянскага ўзбярэжжа растуць ва ўмовах багатага ўвільгатнення, таму іх называюць «дажджавымі». Цэлыя гушчары ў гэтых лясах утвараюць хмызнякі, травы і папараці; імхі пакрываюць ствалы, доўгімі «бародамі» звісаюць з галін. Асноўныя пароды гэтых лясоў — сітхінская елка, дугласія, тсуга, хемлок. Жывёльны свет тайгі разнастайны. Тут шмат буйных капытных: алень вапіці, амерыканскі лось; у гарах сустракаюцца снежная каза і таўстарогі баран. Водзяцца буры і чорны амерыканскі мядзведзі; грызуны — шэрая і чырвоная вавёрка, бурундук; драпежнікі — пума (або кугуар), куніца, воўк, канадская рысь, гарнастай, расамаха, лісіца; па берагах рэк — бабёр, выдра і мускусны пацук (андатра).

На поўнач ад Вялікіх азёр значныя плошчы занятыя змешанымі і шыракалістымі лясамі, дзе пачэснае месца ў відавым складзе займаюць клёны — сімвал Канады. Якіх толькі клёнаў тут няма — і цукровы, і серабрысты, і чырвоны!

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карэнныя народы[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя і генетычныя даследаванні карэнных народаў пацвердзілі прысутнасць чалавека на поўначы Юкана прыкладна 26 500 гадоў таму і ў паўднёвай правінцыі Антарыа 9500 гадоў таму[5][6][7]. Археалагічныя аб’екты Олд Кроў Фэлтс і Блуфіш — два найбольш раннія археалагічныя помнікі чалавечага (палеаіндзейскага) жылля ў Канадзе[8][9][10].

Сярод індзейцаў Канады ёсць восем унікальных міфаў аб стварэнні свету і адаптацый гэтых міфаў. Гэта міфы аб зямлі, аб сусветным бацьку, аб з’яўленні, аб разбоі, аб адраджэнні нябожчыка, аб двух стваральніках і іх спаборніцтве, а таксама міф аб братах[11]. Культуры канадскіх абарыгенаў уключалі ў сябе аселыя ці гарадскія паселішчы, вясковую гаспадарку, грамадскія і гістарычныя помнікі архітэктуры і складаную сацыяльную іерархію[12]. Некаторыя з гэтых цывілізацый зніклі яшчэ да з’яўлення першых еўрапейскіх паселішчаў (канец XV — пачатак XVI ст.) і былі знойдзеныя ў працэсе археалагічных даследаванняў.

Карэннае насельніцтва, паводле ацэнак, складала ад 200 тысяч да 2 мільёнаў чалавек каля 1400 года[13], у цяперашні час Каралеўскай камісіяй Канады па ахове здароўя карэннага насельніцтва прынята лічба ў 500 тысяч чалавек[14]. Эпідэміі еўрапейскіх інфекцыйных захворванняў (грып, адзёр, воспа), да якіх індзейцы не мелі імунітэту, у спалучэнні з іншымі эфектамі кантактаў з еўрапейцамі, у выніку прывялі да вымірання ад 40 % да 80 % карэннага насельніцтва[15].

Першыя еўрапейцы[правіць | правіць зыходнік]

Жак Карцье высаджваецца на Гаспэ, 1534.

Першымі еўрапейцамі на зямлі Канады сталі нарвежскія вікінгі, якія пасяліліся ў Л’Анс-о-Медаўз на Ньюфаўндлендзе каля 1000 года[16][17]. Пастаянныя сутычкі з негасціннымі індзейцамі вымусілі нарманаў хутка развітацца з новай калоніяй, і да канца XV стагоддзя вядомых нам экспедыцый у Амерыку не было. Чаканне ў пяць стагоддзяў было вартым наступнага імклівага ходу геаграфічных адкрыццяў. У 1497 годзе італьянскі мараплаўца на англійскай службе Джавані Кабота (Джон Кабат) дасягнуў атлантычнага ўзбярэжжа Канады (Ньюфаўндленд) і нанёс яго на карту[18]. У 1498 годзе партугалец Жаау Лаўрадор (João Fernandes Lavrador) адкрыў (ці, дакладней, пераадкрыў) берагі паўвострава, пазней названага яго тытулам (парт. «землеўладальнік»). Паміж 1498 і 1521 гадамі баскскія і партугальскія маракі асвоілі ўзбярэжжа ўсходняй Канады і заснавалі аселыя кітабойныя і рыбацкія паселішчы[19]. У 1524 годзе ўсходнія берагі Канады даследвала экспедыцыя фларэнтыйскага мараплаўца Джавані Верацага, які знаходзіўся на службе ў французскага караля. У 1534 годзе французскі даследчык Жак Карцье даследуе заліў Святога Лаўрэнція і на паўвостраве Гаспэ ўсталёўвае 10-метровы крыж са словамі «доўгія гады каралю Францыі», такім чынам аслупоўваючы гэтую зямлю, названую ім Новай Францыяй, за сваёй радзімай. Трэба адзначыць, што пасяленні XVI ст. існавалі нядоўга: бедная паўночная прырода не пасылала багатага ўмалоту, а трывалыя сувязі з Еўропай так і не ўсталяваліся.

Французская і Брытанская Канада[правіць | правіць зыходнік]

Паўночная Амерыка ў 1750

У 1583 годзе сэр Хэмфры Гільберт, згодна з прэрагатывай каралевы Лізаветы І, засноўвае пасяленне Сент-Джонс на востраве Ньюфаўндленд — першую брытанскую калонію ў Канадзе (раней, чым у ЗША!). У 1603 годзе пачынаецца канадская старонка біяграфіі французскага падарожніка Самюэля Шамплейна, які ў 1605 засноўвае Порт-Раял (Новая Шатландыя), а ў 1608 — Квебек. Спачатку французская каланізацыя распаўсюджвалася на Акадыю (вобласць паўвострава Новая Шатландыя і сучаснага Нью-Брансуіка), з цягам часу каланісты прасунуліся да вярхоўяў Святога Лаўрэнція, ажно да Вялікіх азёр. З сярэдзіны XVII стагоддзя, пры змяшэнні індзейцаў і інуітаў з еўрапейскімі каланістамі, узнікла культура метысаў[20].

Карціна Б.Уэста Смерць Генерала Вулфа, брытанскі генерал Джэймс Вулф памірае пасля перамогі ў бітве на Палях Абраама ў 1759 годзе

Першапраходцы — каталікі і траперы — асвойвалі ваколіцы Гудзонава заліва, сваім промыслам вывеўшы Канаду ў сусветныя лідары вытворцаў каштоўнага футра. Менавіта праз футра перыяд 1640—1701 быў адзначаны Бабровымі войнамі — серыяй канфліктаў паміж канфедэрацыяй індзейцаў-іракезаў з іншымі індзейцамі, якім дапамагала Францыя. Узрастала напружанасць і паміж вялікімі дзяржавамі. У 1688—1763 ў Паўночнай Амерыцы адбыліся 4 англа-французскія канфлікты. У выніку апошняга — падчас еўрапейскай Сямігадовай вайны — Францыя страціла ўсе канадскія калоніі, што было занатавана ў Парыжскім мірным дагаворы 1763 года. У тым жа дзесяцігоддзі Канада была падзелена на правінцыі, найбуйнейшай з якіх стаў Квебек. Каб папярэдзіць магчымыя канфлікты ў Квебеку, англічане Квебекскім актам 1774 года пашырылі тэрыторыю правінцыі да Вялікіх азёр і даліны Агая. Улагоджаныя квебекцы, якім вярнулі афіцыйную французскую мову і каталіцкую веру, не пайшлі праз два гады следам за трынаццаццю калоніямі супраць Брытанскай кароны. З іншага боку, Квебекскі акт стаў каталізатарам вайны за незалежнасць ЗША. Пасля ўтварэння ЗША у Канаду лінуў паток лаялістаў — тых, хто змагаўся супраць незалежнасці 13 калоній. Гэта паўплывала на размеркаванне насельніцтва ў краіне. У выніку Нью-Брансуік вылучыўся са складу Новай Шатландыі, а Сент-Джон стаў першым канадскім горадам. У 1791 калонія на захад ад Нью-Брансуіка была падзелена на франкамоўную Ніжнюю Канаду (Квебек) і англамоўную Верхнюю Канаду (пазней — Антарыа) пад агульнай назвай The Canadas.

Брытанская Канада ў XIX стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Ніжняя і Верхняя Канада, 1812

У 1812 Канада стала галоўнай арэнай ваенных дзеянняў англа-амерыканскай вайны. Мірны дагавор 1815 года закрыў палітычныя амбіцыі ЗША па авалоданні тэрыторыяй Канады і ўзнавіў прыток мігрантаў з Брытанскіх астравоў. У 1815—1850 у Канаду перасялілася 960 000 брытанцаў. Асабліва магутнай была ірландская хваля, узнятая страшэнным голадам 1845—1849 гг. На тле эканамічнага крызісу і нежадання брытанскіх уладаў праводзіць рэформы, а таксама вечнага франка-брытанскага супрацьстаяння, успыхнулі паўстанні 1837—1838 гадоў. Гэта падштурхнула англічан стварыць Адказны ўрад (1849) і паскорыць асіміляцыю франкамоўных канадцаў: у 1840 «Акт саюзу» аб’яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канады ў Брытанскую Паўночную Амерыку.

Абвяшчэнне Канадскай Канфедэрацыі

У 1846 годзе Арэгонскі дагавор канчаткова вызначыў мяжу паміж Брытанскай Паўночнай Амерыкай і ЗША, якая з таго часу ідзе на захад ад Верхняга возера і ажно да праліва Георга раўнютка па 49 паралелі, і дазволіў брытанцам уключыць у склад калоніі Брытанскую Калумбію і востраў Ванкувер. У 1867 Вялікабрытанія выразіла намер набыць у Расіі і далучыць да Канады Аляску, аднак гэты ладны паўночны кавалак у тым жа годзе перахапілі ЗША, і, нягледзячы на тое, што заставалася правесці дэмаркацыю і вырашыць колькі пытанняў, сучасныя межы Канады былі акрэслены.

Эвалюцыя правінцый і тэрыторый Канады

1 ліпеня 1867 года прыняты пасля некалькіх канферэнцый Канадскі акт абвясціў стварэнне з трох правінцый — Канада, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік — Канадскай канфедэрацыі. Пры гэтым правінцыя Канада зноў падзялілася — цяпер на Антарыа і Квебек. Новы дамініён з чатырох правінцый не ахопліваў і пятай часткі сучаснай Канады, аднак паступова да яго прырошчваліся новыя землі. Неўзабаве былі далучаны зямля Руперта і Паўночна-Заходнія тэрыторыі. Паўстанне Рэд-Рывер вылілася ў стварэнне правінцыі Манітоба ў 1870 годзе. Праз год (1871) да Канады далучылася Брытанская Калумбія, у 1873 — востраў Прынца Эдуарда. Цягам наступных трох дзесяцігоддзяў існуючыя правінцыі пашыраліся, а са складу Паўночна-Заходніх тэрыторый вылучаліся новыя правінцыі.

У 1871—1896 чвэрць насельніцтва Канады пераехала ў ЗША. Каб стымуляваць асваенне еўрапейскімі мігрантамі — на той час ужо стракатай шматэтнічнай групай — неабсяжнага і дзікага захаду, улады ініцыявалі будаўніцтва Канадскай Ціхаакіянскай чыгункі, што адкрыла перасяленцам шлях у прэрыі. У 1898 падчас залатой ліхаманкі на Кландайку была створана тэрыторыя Юкан. Альберта і Саскачэван сталі правінцыямі ў 1905.

Канада ў XX стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі Вялікабрытанія, згодна з актам 1867 года, працягвала кантраляваць знешнюю палітыку Канады, у 1914 тая была аўтаматычна ўцягнута ў Першую сусветную вайну. Канадскія валанцёры, што паехалі на Заходні фронт, сталі асновай для фарміравання Канадскага корпуса, які праславіўся ў 1917 у бітве пры Вімі. Гэты ж год адзначыўся Крызісам вайсковага прызыву, калі тысячы канадцаў (асабліва франка-) выйшлі на вуліцы, выказваючы нежаданне паміраць на палях Еўропы. З 625 000 канадцаў-удзельнікаў той вайны каля 60 000 загінулі, 172 000 былі паранены. Удзел у вайне пашырыў міжнародную ролю Канады, у прыватнасці, у 1919 яна нароўні з Вялікабрытаніяй стаяла ля вытокаў Лігі Нацый.

У 1931 Вэстмінстэрскі статут даў Канадзе шырокія правы, ператварыўшы яе ў дэ-факта незалежную дзяржаву. Вялікая дэпрэсія вельмі балюча адгукнулася канадскай эканоміцы. З іншага боку, крызіс паспрыяў стварэнню сістэмы ўсеагульнага сацыяльнага дабрабыту ў 1940-х — 1950-х (ініцыятарам і натхняльнікам выступіў палітык і святар Томі Дуглас, губернатар Саскачэвана).

Канадскі сцяг, што папярэднічаў «кляноваму»

10 верасня 1939 года — праз 7 дзён пасля Вялікабрытаніі, каб падкрэсліць сваю незалежнасць, — Канада аб’явіла вайну нацысцкай Германіі. У саюзных аперацыях было задзейнічана каля мільёна канадцаў, з іх 42 000 загінулі, 55 000 атрымалі раненні. Канадцы паўдзельнічалі ў няўдалай бітве за Д’еп 1942 г., паспяховых вызваленні Італіі, высадцы ў Нармандыі і бітве за Нармандыю, бітве на Шэльдзе 1944 г. Падчас вайны Канада дала прытулак галандскай каралеўскай сям’і. За гэта і за ўдзел у вызваленні Нідэрландаў Галандыя шчодра адплаціла Канадзе крэдытамі і інвестыцыямі. Вайна прынесла Канадзе не толькі чалавечыя ахвяры, але і небывалы прамысловы бум.

Сімвалы Нунавута

У 1949, пасля двух складаных рэферэндумаў, да Канады ў якасці дзясятай правінцыі далучыўся Ньюфаўндленд. Пасляваенныя дзесяцігоддзі былі адзначаны эканамічнымі поспехамі, ростам сацыяльнага дабрабыту, узаемапаразуменнем нацый. Фарміраванне канадскай нацыянальнай свядомасці выразілася ў прыняцці ў 1965 годзе кляновага сцяга, увядзенні афіцыйнага двухмоўя ў 1969 і інстытуту мультыкультуралізму ў 1971. Былі рэалізаваны такія праграмы, як канадскі пенсійны план, праграма студэнцкага крэдытавання, праграма аховы здароўя. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі федэрацыі (напрыклад, Альберта) ад некаторых з іх адмаўляліся. З іншага боку, глыбокія эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні ў Квебеку («Ціхая рэвалюцыя») выклікалі рост франкаканадскага сепаратызму. Квебекскія нацыяналісты праводзілі акцыі, у тым ліку тэрарыстычныя. Былі ініцыяваны два рэферэндумы (1980 і 1995), і ў выніку другога з іх Квебек быў на самай мяжы незалежнасці — 49,4 % галасоў за[21]. З таго часу хваля сепаратызму сцішылася.

Канстытуцыйны акт 1982 года аформіў поўную незалежнасць Канады. 1 красавіка 1999, з мэтай пашырыць аўтаномію эскімосаў, астравы Канадскага Арктычнага архіпелага і кавалак мацерыковага ўзбярэжжа Ледавітага акіяна былі выдзелены ў трэцюю тэрыторыю, што атрымала назву Нунавут (Наша зямля). У 1980-х — 1990-х Канада прайшла праз цяжкія выпрабаванні — авіякатастрофы, тэракты, масавыя забойствы, канфлікты з карэннымі жыхарамі. У 1990-х — 2010-х канадскія экспедыцыйныя сілы ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА, такіх як Бура ў пустыні, вайна ў Югаславіі, баявыя дзеянні ў Іраку і Афганістане, змаганне супраць Ісламскай дзяржавы.

Дзяржаўны лад і палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Канада — федэратыўная парламенцкая дзяржава; дэ-юрэ канстытуцыйная манархія, фактычна — рэспубліка; прававая дэмакратычная дзяржава, прытрымліваецца ўмеранай эгалітарнай ідэалогіі. Адметнай рысай канадскай палітычнай культуры з’яўляецца сацыяльны ўхіл. Канада ўваходзіць у склад Садружнасці нацый. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982 года, палажэнні Акта аб Брытанскай Паўночнай Амерыцы (1867), а таксамы нормы звычаёвага права. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканадаўчыя і выканаўчыя органы.

Парламенцкі ўзгорак

Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр Канады. Губернатар — з 2 кастрычніка 2017 г. па 2020 гэтую пасаду займала Жулі Пает (Julie Payette) — падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра Канады (у тым ліку ўсе былыя міністры, старшыня Вярхоўнага суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад Канады. Губернатар ад імя брытанскага манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 члены, якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. У Канадзе барацьбу за ўладу вядуць дзве найбуйнейшыя палітычныя партыі, абедзве адносна цэнтрысцкія: левацэнтрысцкая Ліберальная партыя Канады (партыя Трудо, з 2015 фарміруе ўрад) і правацэнтрысцкая Кансерватыўная партыя Канады (з 2015 у апазіцыі). Іншыя партыі, прадстаўленыя ў парламенце: левая Новая дэмакратычная партыя, Квебекскі блок і Партыя зялёных Канады. Ні лева-, ні праварадыкалы папулярнасцю сярод канадцаў ніколі не карысталіся.

Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам (з 2015 — Джасцін Трудо), якога фармальна прызначае губернатар: каб пазбегнуць палітычнага крызісу, губернатар заўсёды спыняе свой выбар на лідары палітычнай партыі, што мае бальшыню ў палаце абшчын. Кіраўнік другой найбуйнейшай партыі становіцца «лідарам афіцыйнай апазіцыі» (англ.: the Leader of His Majesty’s Loyal Opposition), што мае на мэце кантраляваць дзейнасць урадавай партыі.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Джасцін Трудо і прэм’ер Індыі Нарэндра Модзі, 23.02.2018

Канада праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, накіраваную на мірнае суіснаванне і ўзаемную павагу з усімі іншымі краінамі. Канада паслядоўна адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці і па ўсіх міжнародных справах — нават калі ёй пагражаюць эканамічныя страты — займае прынцыповую пазіцыю. За прапанову падчас Суэцкага крызісу 1957 года стварыць Міратворчыя сіл ААН і ключавую ролю ў іх арганізацыі будучы канадскі прэм’ер Лестэр Пірсан атрымаў Нобелеўскую прэмію міру (1957). У XXI стагоддзі Канада праз членства ў міжнародных арганізацыях працягвае актыўную міратворчую дзейнасць і аказанне шырокай гуманітарнай дапамогі па ўсім свеце.

Канада была сярод краін-заснавальніц ААН. Сёння яна ўваходзіць у Вялікую сямёрку і Вялікую 20, Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Канада імкнецца пашырыць сувязі з лацінаамерыканскімі і карыбскімі партнёрамі праз удзел у ААД, з краінамі ціхаакіянскага кальца — праз АЦЭС. Найбліжэйшым партнёрам і сябрам Канады застаюцца ЗША, з якімі Канада мае неахоўваемую мяжу, агульную сістэму бяспекі; удзельнічае ў вучэннях і ваенных аперацыях. З еўрапейскіх нацый Канада найбольш цесна сябруе са сваімі «прашчурамі» — Францыяй і Вялікабрытаніяй, а таксама з Нідэрландамі (дзякуючы прытулку, дадзенаму галандскай манархіі падчас другой сусветнай вайны).

Беларуска-канадскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Канадай усталяваны 15 красавіка 1992 года. З красавіка 1997 года ў Атаве пачало працу Пасольства Рэспублікі Беларусь. Канадскія інтарэсы ў Беларусі прадстаўляе пасольтва Канады ў Польшчы. З 2008 года па цяперашні час дыпламатычная прысутнасць Беларусі ў Канадзе застаецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У перыяд з 2006 па 2015 гады афіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і Канадай абмяжоўваліся па ініцыятыве канадскага боку[22]. Пазней намецілася нармалізацыя двухбаковых адносін. 12 ліпеня 2017 года Канада адмяніла абмежаванні на ажыццяўленне паставак канадскіх тавараў і паслуг на рынак Беларусі. У снежні 2016 у Гамбургу на саміце АБСЕ адбылася сустрэча паміж міністрамі замежных спраў Канады (Крысця Фрыланд) і Беларусі (Уладзімір Макей), праз год яны размаўлялі ў Вене. У лютым і верасні 2018 Канаду наведаў намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і пачаў працаваць сайт Канады ў Беларусі[23].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Канада — адна з трох у Паўночнай Амерыцы федэрацый, адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі. Правінцыі займаюць населены поўдзень Канады, на тэрыторыі падзелена паўночная, амаль ненаселеная частка краіны. Гісторыя сучаснага АТП пачалася з 1867 года, апошняй прыяднанай правінцыяй стаў Ньюфаўндленд (1949), апошняй з тэрыторый быў выдзелены Нунавут (1999). Правінцыі і тэрыторыі маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю. Пры гэтым тэрыторыі, у адрозненне ад правінцый, падпарадкаваны федэральнаму ўраду.

Дзесяць сучасных правінцый: Альберта, Брытанская Калумбія, Квебек, Манітоба, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Ньюфаўндленд і Лабрадор, Антарыа, Востраў Прынца Эдуарда і Саскачэван. Тры тэрыторыі: Нунавут, Паўночна-Заходнія тэрыторыі і Юкан.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Насельніцтва Канады на пачатак 2019 года складае 37,5 мільёнаў чалавек (38-е месца ў свеце). Перапіс 2001 зарэгістраваў 30.007.094 канадцаў. Такім чынам, за 18 гадоў жыхароў краіны стала амаль на чвэрць больш. У другой палове 2010-х для Канады характэрныя невысокія, але стабільныя дадатныя тэмпы росту насельніцтва — каля 0,7 % штогод. Натуральны прырост блізкі да нуля (1,4 на 1000 у 2018)[24]. 70 % канадцаў жывуць у сем’ях. Сярэдні памер канадскай сям’і — 2,5 чалавекі. Нараджальнасць змяншаецца, і насельніцтва — як і паўсюль у развітым свеце — старэе. Сярэдняму канадцу ў 2018 было 42,5 гады. Да такой статыстыкі спрычынілася і вялікая працягласць жыцця, якая ў 2018 склала 82 гады.

У XXI стагоддзі прырост адбываецца, як і калісьці, у асноўным за кошт іміграцыі (5,7 чалавек на 1000 у 2018, адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце). Такім чынам, доля мігрантаў у агульным прыросце складае больш за 75 %. Варта дадаць, што і канадскае грамадства, і канадскі ўрад падтрымліваюць іміграцыю, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла выразныя азіяцкія вытокі. Перасяленцы аддаюць перавагу буйным гарадам, асабліва Ванкуверу і Таронта. Канада ахвотна дае прытулак і бежанцам — на краіну кляновых лісцяў прыходзіцца 10 % іх сусветнага прыёму[25].

Калідор Квебек-Уінсар, найбольш густазаселены і высокаўрбанізавны раён Канады

Паводле перапісу 2016 года, у Канадзе жывуць 43 этнічныя групы, якія складаюцца як мінімум са 100 000 чал. Самая вялікая этнічная група называе сябе канадцамі (32,3 %). Далей ідуць англічане (18,3), шатландцы (14), французы (13,6), ірландцы (13,4), немцы (9,6), італьянцы, кітайцы, украінцы, галандцы, палякі, індыйцы, беларусы (10505 чалавек)[26]. Да карэннага насельніцтва адносяцца індзейцы (каля 4 %) і эскімосы — прадстаўнікі мангалоіднай расы. За апошнія паўстагоддзя з 2 да 22 % (паводле перапісу 2016) вырасла доля так званых visible minorities. Так называюць жыхароў краіны, вонкава адрозных ад еўрапейскіх мігрантаў і карэннага насельніцтва. Сярод visible minorities найбольшую ўдзельную вагу маюць кітайцы, паўднёваазіяты (па 5 %) і афраканадцы (3,5 %). Многія жыхары Канады не могуць вызначыцца з этнічнай прыналежнасцю і называюць адразу некалькі групаў, што робіць суму нацый нашмат большай за 100 %.

Мовы Канады (1 — англійская, 3 — французская, 2 — двухмоўны пояс)

У Канадзе выкарыстоўваецца мноства моў, але галоўных дзве: англійская, родная для 56 % канадцаў, і французская, матчына мова для 21 %[27]. Гэтыя мовы з’яўляюцца ў Канадзе афіцыйнымі, на іх вядуцца ўсе дзяржаўныя і прыватныя справы. Тым не менш, кожная правінцыя мае адну «афіцыйную» мову: 8 — англійскую, 1 (Квебек) — французскую. Адзінай афіцыйна двухмоўнай правінцыяй з’яўляецца Нью-Брансуік. Больш за 20 % жыхароў Канады назвалі роднай нейкую іншую мову, найбуйнейшыя сярод якіх — кітайская (1,23 млн носьбітаў), пенджабская, іспанская, тагальская, арабская (кожная па 0,4—0,5 млн). Нацыяльным меншасцям гарантаваныя школы на родных мовах ва ўсіх правінцыях і на ўсіх тэрыторыях.

Са стракатага этнічнага складу вынікае выключная рэлігійная разнастайнасць Канады, дэмакратычны лад гарантуе свабоднае веравызнанне і павагу да правоў усіх вернікаў. Царква ў сучаснай Канадзе аддзелена ад дзяржавы і мае ўсё меншую ролю ў паўсядзённым жыцці людзей. Пры гэтым большасць канадцаў верыць у Бога. Згодна з апытаннем 2011, 68 % жыхароў Канады — хрысціяне, з іх большая палова — каталікі, яшчэ дзве пятых — пратэстанты (найбуйнейшая пратэстанцкая дэнамінацыя — Аб’яднаная царква Канады, следам ідуць англікане і баптысты). Колькасць атэістаў і агностыкаў у 2001—2011 павялічылася з 16 да 22 %. Разам з іміграцыяй расце кольскасць мусульман, індуістаў, сікхаў (3,2 %, 1,5 %, 1,4 % у 2011 адпаведна)[28].

Канада вылучаецца вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва (каля 4 чал. на км²) і даволі нераўнамерным яго размяшчэннем. Нягледзячы на вялікую плошчу, прыблізна ¾ насельніцтва Канады пражывае ў межах 160 км ад мяжы з ЗША, а 95 % — на поўдзень ад 55° пн.ш.[29] Найбольш населеныя правінцыі — Антарыа і Квебек. Палова канадцаў жыве ў калідоры Квебек-Уінсар уздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. Вялізныя абшары поўначы Канады маюць рэдкае тубыльскае (эскімосы) насельніцтва, дзе-нідзе сустракаюцца пасёлкі гарнякоў, метэастанцыі.

Панарама Манрэаля, Канада

Канада адносіцца да высокаўрбанізаваных краін свету. Гарадское насельніцтва, якое складае 81 %, сканцэнтравана ў калідоры Квебек-Уінсар (у прыватнасці, гарадскія агламерацыі Таронта-Гамільтан, Манрэаль і Атава-Гатына), на кантынентальных раўнінах Брытанскай Калумбіі (ад ваколіц Ванкувера да канца даліны ракі Фрэйзер) і ў калідоры Калгары-Эдмантан у Альберце[30]. Каля 40 % гараджан жывуць у трох найбуйнейшых агламерацыях: Таронта (ў агламерацыі жыве 5,9 млн), Манрэалі (4,1), Ванкуверы (2,5). Усяго мільённых агламерацый 6: ад 1,3 да 1,5 млн жыхароў перапіс 2016 адзначыў таксама ў Калгары, Атава-Гатына, Эдмантане.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Таронта — фінансавы цэнтр Канады

Канадзе — паводле права адной з самых багатых краін свету і адной з самых маштабных эканомік (замыкае першую дзясятку краін па намінальным ВУП) — належыць пачэснае месца ў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і Вялікай сямёрцы. Фондавая біржа Таронта з 1500 зарэгістраванымі кампаніямі агульнай капіталізацыяй у 2 трлн долараў — сёмая ў свеце. Эканоміка Канады вельмі шчыльна інтэграваная з гаспадаркай ЗША. Канадска-амерыканскае пагадненне аб свабодным гандлі 1988 года ліквідавала тарыфы паміж дзвюма краінамі, а Паўночнаамерыканскае пагадненне аб свабодным гандлі (НАФТА) ў 1992 годзе распаўсюдзілася і на Мексіку. На вялікага паўднёвага суседа прыходзіцца 75 % канадскага экспарту і 58 % імпарту[31]. У 2015—2016 гг. ВУП Канады падрос усяго на 2 %, за 2017 — на 3 %. Станам на 2017 год агульнанацыянальны ўзровень беспрацоўя ў Канадзе быў 6,3 %. Федэральны доўг Канады ацэньваецца ў 1,6 млрд долараў (не канадскіх!). Грашовая адзінка — канадскі долар.

лагатып НАФТА

Як і ў іншых развітых краінах, у канадскай эканоміцы пераважае сфера паслуг, дзе занята амаль тры чвэрці эканамічна актыўнага насельніцтва[32]. Нягледзячы на тое, што ў XX стагоддзі рост прамысловасці і сектара паслуг ператварыў краіну з пераважна сельскагаспадарчай у індустрыяльную і гарадскую, сярод іншых развітых краін свету Канада вылучаецца важнасцю свайго сыравіннага сектара, у якім самымі прыбытковымі галінамі з’яўляюцца лесанарыхтоўка і нафтавая прамысловасць[33]. Многія гарады на поўначы Канады, дзе ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі неспрыяльныя, існуюць дзякуючы шахтам або крыніцам драўніны.

Канада займае першае месца ў свеце па здабычы калійных солей, цынку і ўрану, а таксама высокае месца па здабычы такіх металаў, як золата, нікель, алюміній і свінец. Радовішчы металаў на Лаўрэнційскім узвышшы распрацоўваюцца ў асноўным адкрытым спосабам. Канада з’яўляецца буйным пастаўшчыком мінеральнай сыравіны ў ЗША і іншыя індустрыяльна развітыя краіны.

Завод кампаніі Syncrude па перапрацоўцы бітумінозных пяскоў, Альберта

Велізарныя запасы бітумінозных пяскоў у раёне возера Атабаска робяць Канаду трэцяй краінай у свеце па запасах нафты (169 млрд барэляў у 2016) пасля Венесуэлы і Саудаўскай Аравіі[34]. Здабыча нафты вядзецца збольшага на захадзе Канады. Кампанія Syncrude Canada Ltd. займаецца перапрацоўкай бітумінозных пяскоў у правінцыі Альберта, за кошт якіх Канада забяспечвае 14 % сваіх нафтавых патрэбаў. Па гадавым аб’ёме здабычы прыроднага газу Канада знаходзіцца на 5-м месцы ў свеце (4,3 % сусветнай здабычы ў 2016). Канада займае першае месца ў свеце па вытворчасці ўранавага канцэнтрату. Большая частка электраэнергіі (3/5) выпрацоўваецца на ГЭС, 15 % — на АЭС, па 10 % — на газавых і вугальных ЦЭС. На беразе возера Гурон працуе другая па велічыні дзеючая АЭС у сучасным свеце — Брус (большую магутнасць мае толькі паўднёвакарэйская Коры). Багатая на гідраэнергію Канада не вельмі зацікаўлена ў развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі, таму па долі энергіі, атрыманай на ВЭС (1,8 % у 2013), яна саступае большасці развітых краін свету. Частку нафты, прыроднага газу і электраэнергіі Канада экспартуе ў ЗША, з’яўляючыся адной з нямногіх развітых краін — нета-экспарцёраў энерганосьбітаў[35].

Bombardier CSeries CS100 у швейцарскім «убранні»

Развітая апрацоўчая прамысловасць Канады канцэнтруецца на поўдні правінцый Антарыа і Квебек[36]. Аснову апрацоўчай прамысловасці складае машынабудаванне, якое спецыялізуецца на вытворчасці транспартных сродкаў і кантралюецца ў асноўным кампаніямі ЗША. У аўтамабілебудаванні шырокае прадстаўніцтва таксама маюць японскія фірмы. У Манрэалі (Квебек) базуецца нацыянальная аэракасмічная прамысловасць (кампанія Bombardier Inc., якая, дарэчы, акрамя самалётаў выпускае яшчэ цягнікі метро і трамваі). Канада — адзін з вядучых сусветных вытворцаў Hi-Fi і Hi-End кампанентаў і акустычных сістэм. Металургія працуе на мясцовай сыравіне і прадстаўлена пераважна выплаўкай каляровых металаў (нікелевая, медная і інш.). Буйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы знаходзяцца ў Ванкуверы, Манрэалі, Эдмантане. Канада ўваходзіць у лік буйнейшых экспарцёраў калійных і азотных угнаенняў. Канада — вядучая лесапрамысловая дзяржава свету: па экспарце піламатэрыялаў і паперы Канада займае 1-е месца ў свеце.

Канола і лён, Саскачэван

Канада з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў сельскагаспадарчай прадукцыі; канадскія прэрыі выдатна падыходзяць для вырошчвання пшаніцы, кукурузы і іншых збожжавых. Канада ўваходзіць у першую дзясятку краін свету па валавой вытворчасці збожжа. Экспартная палітыка ў гэтай сферы вызначаецца Канадскай збожжавай камісіяй. Асноўныя вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі — фермерскія гаспадаркі, высокаспецыялізаваныя прадпрыемствы (пераважна збожжавыя і жывёлагадоўчыя з мясной і малочнай спецыялізацыяй). Большая частка апрацаваных зямель сканцэнтравана на поўдні, у стэпавай зоне. У прыазёрных раёнах развіваецца малочная гаспадарка і пладаводства. Усё большае распаўсюджанне канолы (канадскага рапсу) выводзіць Канаду ў сусветныя лідары па вытворчасці біяпаліва. Вялікае значэнне маюць рэсурсы пушнога звера і прамысловай рыбы (ласось, селядзец, палтус, траска).

У Канадзе развіты ўсе віды транспарту, для яе характэрна значная працягласць транспартных шляхоў. У апошнія дзесяцігоддзі найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся аўтамабільны, трубаправодны і авіяцыйны транспарт. Чыгунка дамінуе ва ўнутраных перавозках масавых грузаў. Вялікае значэнне ва ўнутраных грузаперавозках маюць водныя шляхі, перш за ўсё Вялікія азёры і рака Святога Лаўрэнція.

Канада уваходзіць у дзясятку лідараў сусветнага гандлю[37]. У 2015—2016 гг. Канада дэманстравала адмоўнае гандлёвае сальда (30-45 млрд долараў). Канада з’яўляецца буйным пастаўшчыком сыравіны і харчавання на сусветны рынак. Акрамя металаў, пшаніцы, электраэнергіі, драўніны, Канада экспартуе аўтамабілі і самалёты. Найбуйнейшымі імпарцёрамі канадскай прадукцыі з’яўляюцца Злучаныя Штаты (74,7 %), Кітай (4,3 %), Вялікабрытанія (2,6 %) і Японія (2,2 %). У 2016 годзе Канада імпартавала тавараў на суму больш за $ 429 млрд. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі ў краіну кляновага ліста былі ЗША (58,3 %), Кітай (10,8 %), Японія (2,6 %), Германія (2,5 %). Імпарт вельмі разнастайны, пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукцыя хімічнай прамысловасці, спажывецкія тавары шырокага попыту.

Агульны аб’ём беларускага экспарту тавараў ў Канаду за 2017 год склаў 13,3 млн долараў ЗША. Гандлёвае сальда было адмоўным і склала 33,8 млн долараў. Асноўным артыкулам беларускага экспарту ў 2017 годзе былі азотныя ўгнаенні (42,4 %), мэбля, клееная фанера, вадкасныя помпы, шкловалакно, прылады на вадкіх крышталях, лазеры, прадукты харчавання. Канадскі імпарт у Беларусь па выніках 2017 года склаў 47,1 млн долараў ЗША. У нашу краіну пастаўляліся лекавыя сродкі і вакцыны, марожаная рыба, перадаткавыя механізмы машын, абсталявання і транспартных сродкаў, моцныя спіртныя напоі, пілы, дыягнастычныя рэагенты, камп’ютары. Варта зазначыць, што і Беларусь, і Канада з’яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі калійных солей у свеце. У экспарце паслуг — за кошт транспартных і інфармацыйных — Беларусь мае дадатнае сальда (8,9 млн даляраў у 2017 годзе)[38].

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Cirque du Soleil (з фр. — «Сірк дзю салей» — «Цырк сонца») — канадская кампанія, якая працуе ў сферы забаў і вызначае сваю дзейнасць як «мастацкае спалучэнне цыркавога мастацтва і вулічных імпрэзаў».

Зноскі

  1. https://www150.statcan.gc.ca/t1/tbl1/en/tv.action?pid=1710000901
  2. а б в http://hdr.undp.org/en/composite/HDI
  3. The Canadian Encyclopedia, Art. Canada von W. Kaye Lamb Архівавана 30 кастрычніка 2013.
  4. «Новгород составился из нескольких слобод или поселков… Следы этого… сохранялись и позднее в распределении города на концы» (Ключевский В. О. Русская история. Полный курс лекций. — M.: Олма-ПРЕСС Обр., 2005. — Л. 23).
  5. Y-Chromosome Evidence for Differing Ancient Demographic Histories in the Americas (PDF). University College London 73:524–539 (2003). doi:10.1086/377588. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 22 студзеня 2010.
  6. Cinq-Mars, J (2001). "On the significance of modified mammoth bones from eastern Beringia" (PDF). The World of Elephants – International Congress, Rome. Праверана 2010-02-25.
  7. Wright, JV. A History of the Native People of Canada: Early and Middle Archaic Complexes. Canadian Museum of Civilization Corporation (27 верасня 2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 19 кастрычніка 2009.
  8. Griebel, Ron. The Bluefish Caves(недаступная спасылка). Minnesota State University. Архівавана з першакрыніцы 13 лістапада 2003. Праверана 18 верасня 2009.
  9. Beringia: humans were here (re-published online by Canada.com). Gazette (Montreal). CanWest MediaWorks Publications Inc. (17 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 верасня 2009.
  10. Cinq-Mars, Jacques. Significance of the Bluefish Caves in Beringian Prehistory. Canadian Museum of Civilization (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 15 красавіка 2010.
  11. Dickason, Olive, рэд. (1995). The Native Imprint: The Contribution of First Peoples to Canada's Character. Vol. 1. Athabasca: Athabasca University Educational Enterprises. pp. 114–117.
  12. Peter Turchin; Leonid Grinin; Andrey Korotayev; Victor C. de Munck, рэд-ры (2006). History & Mathematics: Historical Dynamics and Development of Complex Societies. Moscow: KomKniga/URSS. ISBN 5484010020.
  13. Thornton, Russell (2000). "Population history of Native North Americans". In Michael R. Haines, Richard Hall Steckel (рэд.). A population history of North America. Cambridge: Cambridge University Press. p. 13. ISBN 0521496667.
  14. «Handbook of North American Indians: Indians in contemporary society». Garrick Alan Bailey (2008). Government Printing Office. p.285. ISBN 0-16-080388-8
  15. Wilson, Donna M; Northcott, Herbert C (2008). Dying and Death in Canada. Toronto: University of Toronto Press. pp. 25–27. ISBN 9781551118734. Праверана 2010-06-20.
  16. Pálsson, Hermann (1965). The Vinland sagas: the Norse discovery of America (Digitized online by Google books). Penguin Classics. p. 28. ISBN 0140441549. Праверана 2010-04-15.
  17. Reeves, Arthur Middleton (2009). The Norse Discovery of America (Digitized online by Google books). BiblioLife. p. 82. Праверана 2010-04-15.
  18. John Cabot's voyage of 1498. Memorial University of Newfoundland (Newfoundland and Labrador Heritage) (2000). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 12 красавіка 2010.
  19. The Portuguese Explorers. Memorial University of Newfoundland (2004). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 27 чэрвеня 2010.
  20. What to Search: Topics-Canadian Genealogy Centre-Library and Archives Canada. Ethno-Cultural and Aboriginal Groups. Government of Canada (27 мая 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 2 кастрычніка 2009.
  21. https://books.google.by/books?id=JIuO9HmX_8QC&pg=PA112&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
  22. http://canada.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/
  23. Сайт Канады ў Беларусі
  24. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ca.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  25. https://books.google.by/books?id=K0YwAJ7MpswC&pg=PA92&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
  26. Ethnic origins, 2006 counts, for Canada, provinces and territories — 20 % sample data Архівавана 11 снежня 2020.
  27. https://www12.statcan.gc.ca/census-recensement/2016/dp-pd/prof/details/page.cfm?Lang=E&Geo1=PR&Code1=01&Geo2=PR&Code2=01&Data=Count&SearchText=canada&SearchType=Begins&SearchPR=01&B1=All&TABID=1
  28. http://www.pewforum.org/2013/06/27/canadas-changing-religious-landscape/
  29. Custred, Glynn (2008). "Security Threats on America's Borders". In Alexander Moens (рэд.). Immigration policy and the terrorist threat in Canada and the United States. Fraser Institute. p. 96. ISBN 0889752354.
  30. Urban-rural population as a proportion of total population, Canada, provinces, territories and health regions. Statistics Canada (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 23 красавіка 2009.
  31. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=39&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  32. Employment by Industry(недаступная спасылка). Statistics Canada (8 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 19 кастрычніка 2009.
  33. Easterbrook, WT (March 1995). "Recent Contributions to Economic History: Canada". Journal of Economic History. Economic History Society. 19: 98.
  34. https://www.bp.com/content/dam/bp/business-sites/en/global/corporate/pdfs/energy-economics/statistical-review/bp-stats-review-2018-full-report.pdf
  35. Brown, Charles E (2002). World energy resources. Springer. pp. 323, 378–389. ISBN 3540426345.
  36. Leacy, FH (ed.). Vl-12. Statistics Canada (1983). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 18 студзеня 2010.
  37. Latest release. World Trade Organization (17 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 3 ліпеня 2008.
  38. http://canada.mfa.gov.by/ru/bilateral_relations/trade_economic/(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Геаграфія мацерыкоў і краін : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.] ; пад рэд. П. С. Лопуха ; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 2014. — 230 с. : іл. ISBN 978-985-03-2206-7.