Культавыя збудаванні
Культавыя збудаванні — збудаванні, прызначаны для адпраўлення рэлігійных абрадаў. Тыпалогія і гісторыя развіцця культавых збудаванняў абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання (канфесіі), а таксама ходам развіцця архітэктуры і будаўнічай тэхнікі.
Асноўныя тыпы культавых збудаванняў: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/60/Saqqara_BW_5.jpg/220px-Saqqara_BW_5.jpg)
Найбольш раннія культавыя збудаванні — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету, у т.л. ў Англіі, Скандынавіі, Італіі, Францыі, Індыі, Кітаі і на Каўказе. У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў, напрыклад, піраміда Джасера ў Егіпце (2800 год да н.э.), храмы-зікураты, напрыклад, зікурат Этэменанкі ў Вавілоне (т. зв. Вавілонская вежа; сярэдзіна VII ст. да н.э.). У часы Новага царства (XVI—XI ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам, напрыклад, храм Гора ў Эдфу (237—57 да н.э.).
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/da/The_Parthenon_in_Athens.jpg/220px-The_Parthenon_in_Athens.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/22/Hagia_Sophia_Mars_2013.jpg/220px-Hagia_Sophia_Mars_2013.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/33/Pantheon_in_Rome_%281%29.jpg/220px-Pantheon_in_Rome_%281%29.jpg)
У Старажытнай Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордараў культавых збудаванняў становяцца самымі багатымі і манументальнымі будынкамі гарадоў, як, напрыклад, Парфенон у Афінах (447—438 да н.э.) і Пантэон у Рыме (118—128 н.э.). Найбольш пашыраны тыл культавых збудаванняў у Рымскай імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура культавых збудаванняў Візантыі. Сярод найбольш грандыёзных збудаванняў Візантыі — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/15/Petersdom_von_Engelsburg_gesehen.jpg/220px-Petersdom_von_Engelsburg_gesehen.jpg)
У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў культавых збудаванняў рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да антычнага ордара. Яскравы прыклад культавага збудавання гэтага перыяду — сабор Святога Пятра ў Рыме (1506—1614). У перыяды барока і класіцызму, у якім пабудаваны, напрыклад, Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу, ажыццяўляецца перапрацоўка ордарнай сістэмы.
Культавыя збудаванні XX стагоддзя адметныя выкарыстаннем новых канструктыўных і пластычных вырашэнняў, мастацкай выразнасцю, да такіх належыць царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—1954) працы архітэктара Ш. Э. Ле Карбюзье.
Беларусь[правіць | правіць зыходнік]
На Беларусі найбольш пашыраны праваслаўныя і ўніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з XI стагоддзя. Асноўны іх тып — крыжова-купальны храм.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a0/%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%8C%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%A1%D1%8C%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%AF%D0%BD%D0%B0_%D0%A5%D1%80%D1%8B%D1%81%D1%8C%D1%86i%D1%86%D0%B5%D0%BB%D1%8F%2C_%D0%B2._%D0%9A%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D1%96%2C_foto_2_by_futureal.jpg/220px-%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%8C%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%A1%D1%8C%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%AF%D0%BD%D0%B0_%D0%A5%D1%80%D1%8B%D1%81%D1%8C%D1%86i%D1%86%D0%B5%D0%BB%D1%8F%2C_%D0%B2._%D0%9A%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D1%96%2C_foto_2_by_futureal.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/20/%D0%90%D0%BD%D1%81%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D0%BB%D1%8C_%D0%B1%D1%8B%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%BA%D0%BB%D1%8F%D1%88%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0_%D0%B1%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BD%D1%86%D0%B0%D1%9E.jpg/220px-%D0%90%D0%BD%D1%81%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D0%BB%D1%8C_%D0%B1%D1%8B%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%BA%D0%BB%D1%8F%D1%88%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0_%D0%B1%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BD%D1%86%D0%B0%D1%9E.jpg)
У XIII—XVI стст. культавыя збудаванні звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы XVI—XVII стст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя галоўныя фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У XVII—XVIII стст. асноўным мастацкім кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна, сярэдзіна XVIII стагоддзя). У гэты час пашырыліся 1- і 3-нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта культавыя збудаванні ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці).
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/45/Belarus-Minsk-Church_of_Alexander_Nevsky-37.jpg/220px-Belarus-Minsk-Church_of_Alexander_Nevsky-37.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f6/%D0%93%D0%BE%D0%BC%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D0%B0%D0%B2%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D0%BA%D0%BE%D0%BC%D0%BF%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81._%D0%91%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D1%84%D0%B0%D1%81%D0%B0%D0%B4_%D1%81%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D1%80%D0%B0.jpg/220px-%D0%93%D0%BE%D0%BC%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D0%B0%D0%B2%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D0%BA%D0%BE%D0%BC%D0%BF%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81._%D0%91%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D1%84%D0%B0%D1%81%D0%B0%D0%B4_%D1%81%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D1%80%D0%B0.jpg)
У першай палове XIX стагоддзя архітэктура культавых збудаванняў набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны XIX стагоддзя — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага і псеўдавізантыйскага (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/8d/Orda_Veiselga_monastery.jpg/220px-Orda_Veiselga_monastery.jpg)
Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя культавыя збудаванні: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым галоўным фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самастойным крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У XVII — першай палове XIX стагоддзя пашыраны манументальныя 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя культавыя збудаванні з планам у выглядзе грэчаскага або лацінскага крыжа (Ільінская царква ў Віцебску).
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/5f/Belarus-Palanechka-Church_of_George-1.jpg/220px-Belarus-Palanechka-Church_of_George-1.jpg)
Драўляныя культавыя збудаванні канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланечка Баранавіцкага раёна, 1899)[1].
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Сергачоў С. А., Габрусь Т. В. Культавыя збудаванні // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Культавыя збудаванні