Тапінамбур

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Helianthus tuberosus)
Тапінамбур
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Helianthus tuberosus L., Sp. Pl. 2: 905 (1753)


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  36691
NCBI  4233
EOL  468029
GRIN  t:?27946
IPNI  329252-2
TPL  gcc-4823

Тапіна́мбур, земляна́я гру́ша, слане́чнік клубняно́сны[3]; даўней: бульва (ад фр.: topinambour; Helianthus tuberosus) — від кветкавых клубняносных раслін роду Сланечнік (Helianthus) сямейства Астравыя (Asteraceae).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Шматгадовая травяністая расліна. Сцябло прамое вышынёй да 2 метраў і больш (да 3 м), з вялікай колькасцю лісця. Лісце зубчаствае. Суквецце — кошык. Клубні — цыліндрычнай, круглай або грушападобнай формы, белыя, жоўтыя, фіялетавыя або ружовыя. Утрымліваюць 1—3 % бялку, вітаміны C, B1, карацін, фосфар, жалеза, каля 16—18 % вугляводаў (у асноўным інулін), менш за 0,5 % тлушчу. Мякаць пяшчотная, сакавітыя, з прыемным саладкаватым смакам.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Суквецце тапінамбуру

Радзіма — Атлантычнае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, спажывалася ў ежу мясцовымі індзейцамі, на пачатку XVII стагоддзя прывезеная ў Еўропу французамі. У Рэчы Паспалітай «бульва» распаўсюдзілася ў першай палове XVIII стагоддзя — яе варылі, абіралі, падавалі з белым або муштародовым соусам. У канцы XVIII стагоддзя тапінамбур быў выцеснены падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла ягоную назву (у літоўскай мове «бульба» — bùlvė).

Біялагічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Цвіце ў жніўні — кастрычніку. Марозаўстойлівая і засухаўстойлівая культура. Тапінамбур — вельмі трывалая да ўмоў вырошчвання культура, лёгка пераносіць маразы (пры гэтым клубні набываюць яшчэ больш салодкі смак). Таму пэўную частку клубняў пакідаюць зімаваць.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі вырошчваецца галоўным чынам на корм жывёле, часам дзічэе, ужываецца ў кулінарыі. Ураджайнасць зялёнай масы да 500, клубняў да 250 цэнтнераў з гектара.

Клубні тапінамбуру

Спажываць тапінамбур належыць неўзабаве пасля выкопвання: варыць, запякаць, з сырых робяць салаты, гатуюць заменнік кавы, квас.

У народнай медыцыне салатай лечаць дыябет, малакроўе. Настой з тапінамбуру ўжываюць пры хваробах сэрца, адвары — як мачагонны і слабіцельны сродак. Сцябло таксама можна выкарыстаць — увосень яго нарыхтоўваюць на зіму, каб у адвары парыць рукі і ногі пры адкладанні соляў, поліартрыце і шпорах на нагах. Свежы сок ужываюць для зніжэння кіслотнасці, асабліва пры пякотцы, пры галаўным болі. Мае процізапаленчае дзеянне, паніжае боль і рэзі ў кішэчніку пры коліках і запорах. Сталовая лыжка соку з тапінамбуру знімае млоснасць. Яго рэкамендуюць пры лячэнні язвавай хваробы страўніка, дванаццаціперснай кішкі, асабліва ўвосень. Сіроп і фруктозу з тапінамбуру выкарыстоўваюць на прыгатаванне макароны, якую выдаюць як спецпаёк тым, хто працуе ў зоне павышанай радыяцыі[4].

Кармавая каштоўнасць зялёнай масы ў два разы большая, чым бульбоўніку. Клубні ідуць на корм жывёле, зялёная маса — на сілас. Клубні любяць трусы і нутрыі.

Агратэхніка[правіць | правіць зыходнік]

Тапінамбур — холадаўстойлівая расліна. Расце на любых глебах. Размнажаецца клубнямі. Высаджваюць яго ранняй вясной ці ўвосень да самых замаразкаў, можна нават па снезе на глыбіню не больш як 10 см. Увосень садзяць цэлымі клубнямі, а вясной іх можна разрэзаць папалам, каб на кожнай палавіне былі роставыя вочкі. Тапінамбур не любіць загушчэння. Пасадка і догляд такія, як бульбы. Захоўваюць яго ў склепе ў пяску. Клубні можна выкапаць і вясной (зімой яны не змерзнуць).

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн., 1993.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]