Ваўчаягадавыя[3] (Thymelaeaceae) — сямейства двухдольных раслін, якое належыць да парадку мальвакветных (раней уключалася ў асобны парадак ваўчаягадакветных).
Кусты, дрэвы, радзей паўкусты і травяністыя расліны з чаргаваным або супраціўным суцэльным без прылісткаў лісцем. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя ці зрэдку няправільныя, безпялёсткавыя, звычайна 5- або 4-членныя, радзей 6- ці 3-членныя. у пазушных або пазапазушных суквеццях, іншы раз адзіночныя. Тычынак аднолькавая колькасць з чашалісцікамі або (часцей) удвая больш. Гінецэй з 2—12 пладалісцікаў.
Завязь верхняя, часцей 1-гнездавая, з 1 вісячым семязародкам. Плод — ягада, касцянка (з мясістым слоем) ці каробачка. Насенне звычайна з бедным эндаспермам.
Вылучаецца больш за 50 родаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары за выключэннем палярных абласцей. На Беларусі вядомыя 2 дзікарослыя і 2 інтрадукаваныя віды з роду ваўчаягада.