Ніл Гілевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ніл Сымонавіч Гілевіч
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Нінел Сымонавіч Гілевіч
Псеўданімы Адась Абабак, Антось Кудзеля, Бандысь Папруга, Дзед Архіп, Мікола Сведка і Францішак Вядзьмак-Лысагорскі
Дата нараджэння 30 верасня 1931(1931-09-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 сакавіка 2016(2016-03-29) (84 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства СССР, Беларусь
Бацька Сымон Пятровіч Гілевіч[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, фалькларыст, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, палітык, пісьменнік, літаратар
Гады творчасці 19462016
Кірунак паэзія
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1980)[1], Міжнародная прэмія імя Х. Боцева  (балг.) (1986)
Узнагароды

Заслужаны дзеяч навукі БССР

Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн Дружбы народаў
Народны паэт Беларусі
Народны паэт Беларусі
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Ніл Сымо́навіч Гіле́віч (30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён, Мінская вобласць — 29 сакавіка 2016[2]) — беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980 г.). Народны паэт Беларусі (1991 г.)[3]. Пасля смерці Рыгора Барадуліна ў 2014 годзе Ніл Гілевіч застаўся апошнім жывым, хто меў званне Народнага паэта Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям'і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў, бацька быў старшынёй сельсавета. Бацькі вырашылі назваць сына Нінел (гэта значыць «Ленін» наадварот), у будучыні Гілевіч зменіць гэтае імя на Ніл[4].

Першыя гады пасля 2-ой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954 года. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956), пасля аспірантуру пры ім, кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 год — супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 года — першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981—1991 гг. сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. У 1989—1997 гг. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова».

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1985—1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990—1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990—1995)[5].

Памёр 29 сакавіка 2016 года. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай[6].

Творчасць

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946[3] годзе. Аўтар кніг паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Як дрэва карэннем» (1986), «Повязь» (1987). Асноўны змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыцыйныя формы класічнай паэтыкі, тэмы гістарычнай повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў[7].

Выдаў зборнік п'ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Выдаў кнігі паэзіі «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004). Боль і гнеў, надзея і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Ніла Гілевіча апошніх гадоў[8].

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956—1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). Аўтар зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчаслівыя хвіліны» (2001). Яму належаць таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). У 1975 годзе свет пабачыла ананімная паэма «Сказ пра Лысую Гару», падпісаная яна была «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі»; у 2003 годзе Ніл Гілевіч агучыў, што гэты твор напісаў ён, а ідэі для сюжэтаў яму падкідваў Мікола Аўрамчык, сам Аўрамчык сцвярджае, што гэты твор яны пісалі разам з Гілевічам[9].

Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава  (руск.) «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова  (балг.) «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі М. Вапцарава  (руск.) «Песня пра чалавека» (1982), Х. Радзеўскага  (балг.) «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава  (балг.) «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава  (руск.) «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава  (руск.), Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава?!, Д. Методзіева  (руск.), А. Стаянава, Геа Мілева  (руск.) і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі 19-20 ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 — зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 — кніга лірыкі О. Жупанчыча  (руск.) «У вечным дазоры». Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў[3].

У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка. Творы Н. Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і інш.

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалем Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца  (балг.).

Бібліяграфія

  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1981;
  • Родныя дзеці. Раман у вершах. Мн., 1985;
  • Выбраныя творы. Т. 1-2. Мн., 1991;
  • Любоў прасветлая. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Мн., 1996;
  • Збор твораў. У 6 т.
    • Т. 1. Мн., 1996;
    • Т. 2. Мн., 1999;
    • Т. 3. Мн., 2001.

Зноскі

  1. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы
  2. Памёр Ніл Гілевіч
  3. а б в Гилевич Нил Семёнович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 146-147. — 737 с.
  4. nn.by
  5. Ніл Гілевіч // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 139—141.
  6. Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам
  7. БЭ. У 18 т. Т. 5
  8. БЭ. У 18 т. Т. 5
  9. nn.by

Літаратура

Спасылкі

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Ніла Гілевіча

Шаблон:Пісьменнікі і паэты Беларусі