Будзівід
Будзівід | |
---|---|
Нараджэнне | XIII стагоддзе |
Смерць | 1295 |
Род | Гедзімінавічы |
Бацька | Трайдзень |
Дзеці | Віцень[1], Гедзімін, Фёдар[d], Воін і Маргірыс[d] |
Дзейнасць | палітык |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будзіві́д (аг.-усх.-слав.: Боудивидъ, лац.: Pucuwerus; ? — да 1295) — вялікі князь літоўскі (1291—1295).
Паходжанне
Звестак пра паходжанне Будзівіда няма, разам з Будзікідам, большасць даследчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Выснова робіцца з таго, што вял.кн. Трайдзень меў дзяцей[2], а таксама значныя сілы пад канец жыцця, каб забяспечыць ім атрыманне спадчыны па сабе. Вял.кн. Трайдзень не загінуў праз змову, як паведамляе пазнейшая «Хроніка Быхаўца»[3], а памёр натуральнай смерцю[4] і не вядома пра ўнутраныя канфлікты ў ВКЛ пасля гэта. Крыніцы называлі вял.кн. Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам ВКЛ, ужо ў 1286 годзе яны згадваюць іншага «караля Літвы». Зяць вял.кн. Трайдзеня — плоцкі кн. Баляслаў, падтрымліваў цесныя сувязі з цесцям і захаўваў іх з ВКЛ пасля яго смерці, а таксама назваў Трайдзеням свайго сына, народжанага ў 1284—1286 гадах. Таму паведамленне пазнейшых крыніц, што пасля смерці вял.кн. Трайдзеня запанавала новая дынастыя, наўрад ці верагоднае і болей праўдападобна, што ўладу атрымалі яго нашчадкі, напэўна, сыны, адзін з якіх Будзівід.
Альтэрнатыўны погляд выказаў Е. Ахманьскі, ён адзначыў, што ў паэтычным творы «Задоншчына» Альгердавічы называюць сябе «ўнукамі Гедымінавымі, праўнукамі Скаламендавымі» і выказаў меркаванне, што бацькам Будзівіда (і Будзікіда) быў князь Скаламенд[5]. На думку Сцівена Роўэла, Скаламенд мог быць і цесцям Гедыміна[6]. На думку В. Насевіча слова «праўнукі» магло быць ужыта ў значэнні «аддаленыя нашчадкі», а імя Скаламенд быць змененай формай імя Скамонт (Скоманд), якое мелі вядомыя з летапісаў два яцвяжскія князі, у прыватнасці князь Скоманд (Комант)[7]. Т. Баранаўскас не згаджаецца з інтэрпрэтацыяй Ахманьскага і лічыць, што Альгердавічы паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, потым дзеда Гедзіміна і прадзеда Скаламенда, і пераскок праз прыступку дынастыі надуманы. На думку Т. Баранаўскаса, князь Комант (Скоманд), калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцям Гедзіміна і другое больш верагодна зыходзячы з іншых крыніц.
Дзейнасць
Упершыню кн. Будзівід упамінаецца красавіком-маем 1289 года, калі разам са старэйшым братам кн. Будзікідам перадае Ваўкавыск уладзіміра-валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір.
«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[8]
Напэўна, ён жа (гл. падр. Праблемы ідэнтыфікацыі) згадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 годам як «Pucuwerus rex Lethowie», які паслаў войска на чале са сваім сынам кн. Віценем супраць палякаў у Куяўскую зямлю. «Pucuwerus rex Lethowie» памёр да 1295 года, калі ўжо Віцень названы «rex Lethowie».
Праблемы ідэнтыфікацыі
Ю. Пузына атаясняе вышэйзгаданага Pucuwerus rex Lethowie з адным з князёў, згаданых Іпацьеўскім летапісам пад 1289 годам — Будзівідам.[9]
З-за графічных асаблівасцяў шрыфту друкаванага ў XVII ст. выдання хронікі Дусбурга магчыма яшчэ некалькі чытанняў імя князя — Putuwerus і Lutuwerus. Lutuwerus болей не згадваецца ў верагодных крыніцах, толькі Тэадор Нарбут згадвае яго пад імем Lutawor у кантэксце фантастычных звестак і спасылаецца на Раўданскі рукапіс і нейкія паданні[10], напэўна, свае ж фальсіфікаты. Напэўна, на аснове нарбутавых звестак Адам Міцкевіч у творы «Гражына» адным з герояў выводзіць князя Літавора, чыім набліжаным баярынам быў нібыта продак аўтара Рымвід (Гл. таксама Адам Міцкевіч).
Самы ранні варыянт імя, з тых што дайшлі да нас — Pucuwerus, варыянты Putuwerus і Lutuwerus з’явіліся толькі ў друку XVII ст. Апошнія варыянты, узяліся выдаўцамі ад чытання таго ж арыгіналу, што быў і крыніцай чытання Pucuwerus, але да нашага часу не дайшоў. Нейкі спіс з гэтага арыгіналу бачыў М. Стрыйкоўскі і прачытаў там Utinuerus. З гэтага даследчыкі робяць выснову, што ўжо да сярэдзіны XVI ст. арыгінал блага чытаўся, а ў XVII ст., калі з’явіліся Putuwerus і Lutuwerus, напэўна, чытаўся яшчэ горш.
У сувязі з гэтым, адзначаюць, што ў гатычным напісанні літары P, L і B вельмі падобныя і невялікае пашкоджанне можа ўнесці няпэўнасць, а пашкоджанне першай літары і тэксту наогул напэўна было, бо перапісчык крыніцы для Стрыйкоўскага першай літары імя наогул не бачыў. Таксама адзначаюць, што перапісчыкі Дусбурга часта пісалі c замест t арыгінала. Такім чынам, адно з чытанняў выдаўцоў XVII ст. — Putuwerus, ці не самае блізкае да праўды. Як заўважыў Э. Гудавічуса, у гатычным напісанні r і t адрозніваюцца толькі вышынёй аднаго элементу, т.б. ведаючы благую захаванасць тэксту, можна ўзнавіць напісанне ў арыгінале і як Putuwetus. Таксама вядома, што немцы часта і звычайна чаргавалі як b/p, так і d/t, напрыклад, Gyntsche Pudewiten son[11] на праўдзе сын айрагольскага баярына Бутвіда (Butvydas). У кожным разе, Putuwetus або Buduwedus, пагатоў у гістарычным кантэксце, добра атаясняецца з вядомым тым жа часам Будзівідам, асабліва зважаючы на перадачу немцамі імя яго брата Будзікіда як Butegeyde.
Зноскі
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Вядома яго дачка Гаўдэмунда-Сафія, адпаведна, маглі быць і сыны.
- ↑ ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. М., 1975. С.136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
- ↑ ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 869.
- ↑ Охманьский Е. Гедиминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь. — М., 1974. — С. 358—364.
- ↑ Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001. — P. 58.
- ↑ Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы… С. 70.
- ↑ ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 933.
- ↑ Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina//Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. s.1-43;
- ↑ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. t.4. s.310-313;
- ↑ CEV, p. 128.
Літаратура
- Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina // Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. — S. 1-43.
- Гудавичюс Э. По поводу так называемой «диархии» в Великом княжестве Литовском // Feodalisms Baltijas regiona. — Riga, 1985. — С. 35-44.
- Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М. Ладомир. 1997.
- Насевіч В. Путувер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мінск, 2001. — С. 8.
- Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы — Мінск : Полымя, 1993. — 160 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).