Ашока

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 16:03, 11 кастрычніка 2019, аўтар Хомелка (размовы | уклад) (афармленне)
Ашока
अशोक
3-і Імператар імперыі Маур'яў
273 да н.э. — 232 да н.э.
Папярэднік Біндусара
Пераемнік распад дзяржавы

Нараджэнне 304 да н.э.
Смерць 232 да н.э.
Род Дынастыя Маўр'яў[d]
Бацька Біндусара[d]
Маці Субхадрангі[d]
Жонка Tishyaraksha[d], Karuvaki[d], Devi[d], Padmavati[d] і Asandhimitra[d]
Дзеці Kunala[d], Mahinda[d], Sangamitta[d], Tivala[d] і Charumati[d]
Веравызнанне джайнізм, перайшоў у будызм
Дзейнасць палітык, імператар, бхікшу
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ашока Вялікі (санскр.: अशोक, Aśoka IAST, «[народжаны] без болю») — валадар імперыі Маур’яў з 273 да н. э. — 232 да н. э. Пасля рада ваенных поспехаў Ашока падпарадкаваў сабе значную частку Паўднёвай Азіі ад сучаснага Афганістана да Бенгаліі і далей на поўдзень да Майсура. Ашока вядомы распаўсюджаннем будызму, з часоў яго валадарання засталося шмат гістарычных помнікаў.

Паходжанне, дзяцінства

Ашока быў унукам Чандрагупты і сынам Біндусары. Мацерай Ашокі была Субхадрангі, дачка беднага браміна па імені Чампаканагар. Па легендзе, бацька аддаў яе ў гарэм, таму што атрымаў прадказанне, што сын яго дачкі стане вялікім кіраўніком. Статус Ашокі ў гарэме быў вельмі нізкі, у яго было шмат братоў ад больш знатных жонак цара, і яшчэ старэйшы брат ад той жа маці.

У дзяцінстве Ашока быў вельмі жывым і жвавым дзіцем, і зладзіць з ім было вельмі цяжка. Адзінае да чаго ў яго ляжала сэрца, — гэта паляванне, неўзабаве ён стаў адмысловым паляўнічым. Ашока не быў прыгожы, але ні адзін прынц не пераўзыходзіў яго ў доблесці, адвазе, годнасці, любові да прыгод і майстэрстве кіравання. Таму Ашоку любілі і паважалі ўсе чыноўнікі і просты люд. Біндусара заўважыў яго здольнасці да кіравання, і хоць Ашока быў яшчэ малады, прызначыў яго намеснікам Аванці.

Прыход да ўлады

Прыбыўшы ў Уджайн, сталіцу Аванці, Ашока паказаў сябе выдатным кіраўніком. Ён ажаніўся з Шак’я Кумар — дачкою багатага гандляра, якая нарадзіла яму двух дзяцей, якіх звалі Махендра і Сангхамітра.

Грамадзяне Таксілы паўсталі супраць праўлення Магадхі. Старэйшы сын Біндусары Сусіма не быў здольны супакоіць народ. Тады Біндусара паслаў Ашоку падавіць паўстанне. Хоць Ашока і не меў дастатковых сіл, але ўсё ж смела падышоў да горада і аблажыў яго, і горад быў узяты. Грамадзяне Таксілы не сталі процістаяць Ашоку, а наладзілі яму вялікі прыём.

Паўстанне ў Таксіле паказала няздольнасць Сусімы кіраваць краінай. На нарадзе дарадцаў стала ясна, што калі Сусіма стане царом, то ў імперыі не будзе справядлівасці, з-за чаго дзяржава будзе калаціцца ад паўстанняў і прыйдзе ў заняпад. Таму яны паведамілі Ашоку, што ягоны бацька пры смерці, і каб ён спяшаўся да ложа бацькі.

Імператар Біндусара памёр у 272 годзе да н. э. Ашока, які прыбыў у Паталіпутру з Уджайна па просьбе Радхагупты, кіраўніка ўрада, быў каранаваны як цар Магадхі пасля смерці свайго бацькі.

Аб далейшых падзеях крыніцы прыводзяць супярэчлівую інфармацыю. Магчыма, Сусіма даведаўся пра смерць бацькі і зразумеў, што Ашока мог быць каранаваны як цар. Але ён быў забіты пры спробе захапіць горад. Цэйлонскія хронікі паведамляюць, што гэта саперніцтва працягвалася і пасля таго, як Ашока захапіў магадхаўскі прастол. У выніку афіцыйная каранацыя Ашокі адбылася толькі праз чатыры гады пасля захопу ім ўлады. У пяты дзень трэцяга месяца Джустамас 268 году да н. э. адбылася каранацыя Ашокі.

Як кажуць легенды, Ашока забіў усіх сваіх братоў дзеля ўмацавання ўлады над імперыяй, хаця, з другога боку, няма ніякіх гістарычных сведчанняў для пацвярджэння гэтых звестак. У надпісах на камені, зробленых па ягоным распараджэнні, браты Ашокі ўпамінаюцца з любоўю.

Калінга

Стэла с чакраварцінам

Праз восем гадоў пасля ўзыходу на трон Ашока абвясціў вайну дзяржаве Калінга (Арыса). У сваім эдыкце Ашока паведамляе, што ў час вайны было ўзята ў палон 150 тыс. і забіта звыш 100 тыс. чалавек. Далучэнне Калінгі, важнай у стратэгічных і гандлёвых адносінах вобласці, спрыяла ўзмацненню імперыі.

Калінга аказала Ашоку ўпартае супраціўленне. Гэтая вобласць уваходзіла ў імперыю Нанда, а затым ёй удалося дабіцца незалежнасці. У спецыяльным эдыкце, прысвечаным заваяванню Калінгі, Ашока сам прызнаваў, што суровыя меры пакарання ўжываліся і да простага народу, і да знаці, якая таксама не захацела змірыцца з уладай Маурыяў. Ашоку нават давялося прымаць асаблівыя меры, каб разрадзіць абстаноўку ў заваяванай вобласці. Калінзе была даравана пэўная самастойнасць, але імператар асабіста правяраў дзейнасць мясцовых чыноўнікаў, сочачы, па ягоных уласных словах, за тым, «каб не было беспрычыннага зняволення ў турму гарадскіх жыхароў і беспрычыннага прычынення пакут».

Традыцыя лічыць, што, убачыўшы мноства трупаў, прычыненыя пакуты і разбурэнні, Ашока адчуў моцнае раскаянне, што прывяло яго да прыняцця будызму і ўмацавання веры.

… Дэванампія Піядасі праз восем гадоў пасля ўзыходжання на прастол заваяваў Калінгу. Сто пяцьдзясят тысяч было выгнана, сто тысяч было забіта, і яшчэ мноства памерла. Пасля таго, як Калінга была заваявана, Дэванампія адчуў моцную цягу да Дхармы, адчуў прыхільнасць да Дхармы і настаўленняў у ёй. Цяпер жа Дэванампія глыбока смуткуе аб пакарэнні Калінгі.

Наскальны эдыкт 13, 256 г. да н. э.

Унутраная палітыка

Ашока забараніў ахвярапрынашэнні. Выкарыстанне прымусовых работ таксама было скасавана. Быў складзены спіс ахоўных жывёл, было забаронена паляванне дзеля задавальнення і бязмэтнае выпальванне лясоў. Была наладжана вытворчасць і экспарт медыцынскай сыравіны з мэтай ужывання не толькі для медыцынскых патрэб, але і ў ветэрынарыі, а таксама створана сетка адпаведных медыцынскіх устаноў. Перад забавамі ранейшых кіраўнікоў Ашока аддаваў перавагу паломніцтвам, раздачы падарункаў і сустрэчам з простымі людзмі.

Па ўсёй імперыі Ашока пачаў будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Была створана сетка ўніверсітэтаў, бясплатных гасцініц, каналаў, ірыгацыйных сістэм і інш. Была таксама абноўлена і агульнаіндыйская сістэма дарог. Але самай вялікай сваёй заслугай Ашока лічыў дзейнасць, накіраваную на выпраўленне нораваў, якую ён разгарнуў сярод падданых.

… Уздоўж дарог я пасадзіў баньян, каб ён даваў цень, і заклаў мангавыя гаі. Праз кожныя восем кросаў зрабіў калодзежы і гасцініцы, і ў розных месцах водныя рэзервуары для людзей і звяроў. Але гэта толькі дробныя дасягненні. Падобныя даброты рабілі і ранейшыя цары. Я ж зрабіў гэта для таго, каб людзі трымаліся Дхармы.

… Дхарма прымнажалася двума сродкамі: дзякуючы заснаваным на Дхарме загадам, і дзякуючы перакананню. З гэтых двух, загады даюць мала, тады як перакананне дае многа. Грунтуючыся на Дхарме, я загадаў абараняць жывёл, і многае іншае. Але іменна дзякуючы перакананню ў народзе ўзрасла Дхарма не забіваць жывых істот і не шкодзіць ім.

Дэлі-Топра, эдыкт 7, 242 г. да н. э.

Ашока нават стварыў нешта падобнае інстытуту праваабаронцаў. Для гэтага ён пашырыў склад вярхоўных дзяржаўных чыноўнікаў (махаматр), дадаўшы да іх «махаматр дхармы». Іх абавязкамі былі настаўленні ў практыцы дхармы, а таксама клопат аб падтрыманні справядлівасці ва ўсіх кутках імперыі. У тым ліку і інспекцыя турмаў:

… Яны сочаць за належным утрыманнем зняволеных і іх вызваленнем, і калі Махаматры лічаць: «Гэтаму неабходна ўтрымліваць сям’ю», «Гэтага абгаварылі», «Гэты стары», то яны сочаць, каб такіх зняволеных вызвалілі.

Наскальны эдыкт 5, 256 г. да н. э.

Пашырэнне граніц імперыі Маурыяў

Ашоцкая імперыя
Двухмоўны эдыкт цара Ашокі на грэчаскай і арамейскай з Кандагара. Кабульскі музей

Імперыя Маурыяў уключала велізарную тэрыторыю. У рамках адзінага дзяржаўнага ўтварэння былі аб’яднаны народы і плямёны, якія былі рознымі ў этнічных, лінгвістычных і культурных адносінах і прытрымліваліся розных рэлігійных вераванняў, традыцый, звычаяў. Мяркуючы па надпісах Ашокі, а таксама «Артхашастры», к гэтаму перыяду ўжо склаліся ўяўленні аб значнай па тэрыторыі дзяржаве на чале з «кіраўніком зямлі, улада якога распаўсюджвалася на вялізныя вобласці — ад паўднёвага акіяна да вяршынь Гімалаяў». Аўтарамі палітычных трактатаў ужо падрабязна распрацоўвалася вучэнне аб межах дзяржавы, яго ўзаемаадносінах з блізкімі і далёкімі суседзямі.

Для вызначэння граніц імперыі Маурыяў пры Ашоку асноўнымі матэрыяламі з’яўляюцца эдыкты імператара. Некаторыя звесткі захаваліся і ў паведамленнях антычных аўтараў аб перыядзе Чандрагупты. Пэўную каштоўнасць уяўляюць звесткі кітайскіх падарожнікаў, асабліва ў тым выпадку, калі яны пацвярджаюцца эпіграфічнымі ці археалагічнымі матэрыяламі.

У эдыктах Ашокі некалькі разоў упамінаюцца іоны і камбоджы як народы, якія жывуць на захадзе краіны. Пад іонамі разумеліся грэкі, паселішчы якіх знаходзіліся ў Арахосіі. Для грэчаскага насельніцтва і прызначаліся версіі эдыктаў на грэчаскай мове. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ёны перыяду Ашокі былі нашчадкамі тых грэчаскіх пасяленцаў, якія тут асталяваліся яшчэ пры Аляксандры Македонскім.

Эдыкт Ашокі быў знойдзены і ў Лампацы, каля сучаснага Джэлалабада), што пацвердзіла факт уваходжання Парапаміса ў імперыю Маурыяў (раней аб гэтым было вядома толькі з антычных крыніц, якія расказваюць аб выніках перамір’я паміж Чандрагуптай і Селеўкам).

Зыходзячы са сведчанняў позняй кашмірскай хронікі «Раджатарангініberu» і дзённікаў кітайскіх пілігрымаў, можна меркаваць, што ў імперыю Ашокі ўваходзіла і частка Кашміра. Згодна з традыцыяй, пры Ашоку быў пабудаваны галоўны горад Кашміра — Шрынагар. У склад яго дзяржавы ўваходзілі таксама і некаторыя вобласці Непала. Дадзеныя эпіграфікі і пісьмовых крыніц сведчаць аб уключэнні ў імперыю тэрыторыю сучаснай Бенгаліі.

Знаходкі эдыктаў Ашокі ў Паўднёвай Індыі дапамаглі ўстанавіць паўднёвы рубеж імперыі. Умоўна яго можна правесці на поўдзень ад сучаснай акругі Чыталдруг. На поўдні імперыя межавала з дзяржавамі Чола, Кералапутра і Сат'япутра, якія ўпамінаюцца ў эдыктах як вобласці, якія неўваходзяць у склад яго дзяржавы. Аднак Маурыі падтрымлівалі з гэтымі дзяржавамі цесныя сувязі. Там будаваліся будыйскія ступы, туды пасылаліся прапаведнікі. Дыпламатычныя сувязі падтрымліваліся з многімі краінамі, у тым ліку з эліністычнымі дзяржавамі Захаду, з Цэйлонам, некаторымі краінамі Цэнтральнай Азіі і г.д.

У адным са сваіх эдыктаў Ашока, даючы настаўленні чыноўнікам, кажа:

… Людзі незаваяваных тэрыторый могуць падумаць: «Якія намеры цара адносна нас»? — Мой адзіны намер у тым, каб яны жылі без страху перада мной, маглі мне давяраць, і каб я мог даць ім шчасце, а не гора. Больш таго, яны павінны зразумець, што цар даруе тым, каму можна дараваць.

… Вы ж павінны выконваць свае абавязкі і запэўніць іх так: «Цар як бацька. Ён адчувае ў адносінах да нас тое ж, што ён адчувае ў адносінах да сябе. Мы для яго, як яго ўласныя дзеці».

Наскальны эдыкт 2, 256 г. да н. э.

Ашока падтрымліваў цесныя дыпламатычныя адносіны з многімі краінамі. У яго эдыктах упамінаецца селеўкідскі цар Антыёх II Тэас, кіраўнік Егіпта Пталамей II Філадэльф, цар Македоніі Антыгон Ганатberu, цар Кірэны Магbeen і цар Эпіра Аляксандрbeen. У розныя краіны былі пасланыя маурыйскія паслы, мэтай якіх было распаўсюджванне будызму.

…З гэтага часу перамогу Дхармы лічыць Дэванампія найлепшай перамогай. І яна была здабыта ўнутры, на межах, і нават на адлегласці ў шэсцьсот ёджан, дзе кіруе грэчаскі цар Антыёх, і далей, дзе кіруюць чатыры цары, а іменна Пталамей, Антыгон, Маг і Аляксандр.

Наскальный эдикт 13, 256 г. до н. э.

Вельмі цеснымі былі сувязі з Цэйлонам, куды Ашока накіраваў спецыяльную місію на чале са сваім сынам Махендрамbeen дзеля распаўсюджвання будызму. Цар Цэйлона Тысаbeen ў адказ на гэта ў гонар Ашокі прыняў ягоны тытул — «мілы багам» (Дэванампія) і накіраваў сваё пасольства ў Паталіпутру.

Прыняцце будызму

Манета дзяржавы Маурыяў з колам дхармы і сланом, III стагоддзе да н. э.
Будыйскі празелітызм у час імператара Ашокі (260—218 гг. да н. э.)

З маурыйскім перыядам звязана шырокае распаўсюджванне ў Індыі будызму, які ўзнік за некалькі стагоддзяў да эпохі Маурыяў, як невялікая секта вандроўных манахаў. К III стагоддзю да н. э. будызм стаў адною з галоўных плыней у духоўным жыцці старажытнаіндыйскага грамадства. У гэты час існавала арганізаваная будыйская суполка — сангха, былі створаны асноўныя кананічныя сачыненні.

Мяркуючы па розных крыніцах, Ашока не адразу прыняў будызм. Пры двары свайго бацькі ён займаўся з навукоўцамі розных школ — артадаксальных і так званых ератычных напрамкаў. Затым Ашока наведаў будыйскую суполку, высвятліў асновы вучэння Буды і стаў упасакам, гэта значыць свецкім паслядоўнікам будызму. У эдыктах ён сам расказвае пра эвалюцыю сваіх поглядаў. Спачатку імператар не надаваў асаблівай увагі будыйскай суполцы, але затым, пасля асабістага знаёмства з жыццём будыйскіх манахаў у сталіцы, стаў актыўна падтрымліваць будыстаў і дапамагаць ім. Асаблівая цікавасць да будыйскага вучэння і яго этычных норм узмацнілася пасля вайны з Калінгай, калі спецыяльнае значэнне набыла палітыка дхармавіджаі — распаўсюджвання асноўных норм паводзін (дхармы), аднак паслядоўнікам будызму Ашока стаў яшчэ да пачатку вайны.

Ашока быў будыстам, але на працягу ўсяго валадарання заставаўся свецкім чалавекам і працягваў кіраваць імперыяй. Меркаванне некаторых навукоўцаў аб тым, што Ашока быццам бы быў царом-манахам, які сышоў у канцы праўлення ў будыйскі манастыр, супярэчыць наяўным матэрыяльным крыніцам. Таксама памылковым з’яўляецца меркаванне, што будызм пры Ашоку быў дзяржаўнай рэлігіяй.

Падтрымліваючы будыйскую суполку, Ашока не зрабіў будызм дзяржаўнай рэлігіяй. Галоўнай рысай яго рэлігійнай палітыкі была верацярпімасць, і ён прытрымліваўся гэтай палітыкі на працягу амаль ўсяго перыяду свайго валадарання.

… Той, хто ўсхваляе сваю рэлігію, па прычыне залішняй адданасці, і ганіць іншыя, маючы думку: «праслаўлю так сваю рэлігію», толькі шкодзіць уласнай рэлігіі. Таму карысна дыскусіраваць. Варта слухаць і паважаць дактрыны, якія прапаведуюць іншыя. Дэванампрыя Прыядасі загадвае, каб усе разбіраліся ў карэнных дактрынах іншых рэлігій.

Наскальны эдыкт 12, 265 г. да н. э.

У сваіх эдыктах Ашока выступае за аб’яднанне ўсіх сект, але не шляхам гвалту, а ў выніку развіцця галоўных прынцыпаў іх вучэнняў. Мяркуючы па эдыктах, Ашока дарыў пячоры аджывікам, якія былі ў гэты перыяд аднымі з галоўных сапернікаў будыстаў і карысталіся значным уплывам у народзе. З эдыктаў вядома і пра тое, што цар пасылаў сваіх прадстаўнікоў у суполкі джайнаў і да брахманаў. Іменна палітыка рэлігійнай памяркоўнасці пры ўмелым кантролі дзяржавы над жыццём розных рэлігійных сект дазволіла Ашоку пазбегнуць канфлікту з моцнай праслойкай брахманаў, з аджывікамі, джайнамі і разам з тым асабліва ўзмацніць будызм. Калі ж у апошнія гады валадарання Ашока адступіў ад палітыкі верацярпімасці і стаў праводзіць відавочна прабудыйскую палітыку, гэта выклікала рашучую апазіцыю ў прыхільнікаў іншых рэлігій і прывяло да цяжкіх для цара і яго ўлады наступстваў.

У канцы свайго валадарання Ашока ўваходзіць ў вельмі цесны кантакт з будыйскай супольнасцю і, па некаторых звестках, адступіўшы ад сваіх ранейшых прынцыпаў, пачынае нават ганенні супраць аджывікаў і джайнаў.

Узаемаадносіны будыстаў з прадстаўнікамі іншых рэлігій у гэты перыяд рэзка пагоршыліся. Пэўныя цяжкасці ўзнікалі і сярод саміх будыстаў: крыніцы расказваюць аб сутыкненнях паслядоўнікаў розных будыйскіх школ. У сувязі з гэтым імператар уважліва сачыў за цэласнасцю будыйскай суполкі. Ён выдаў адмысловы ўказ аб барацьбе супраць раскольнікаў — манахаў і манашак, якія падрывалі адзінства сангхі. Згодна з указам, іх трэба было выгнаць з суполкі. Разам з тым Ашока рэкамендаваў будыйскім манахам пільна вывучаць будыйскія тэксты і называў шэраг будыйскіх кананічных твораў, прысвечаных пераважна дысцыплінарным пытанням. Згодна з будыйскай традыцыяй, у перыяд панавання Ашокі ў Паталіпутры адбыўся Трэці будыйскі сабор.

Ашока быў першым царом Індыі, які зразумеў важнасць будызму ва ўмацаванні імперыі і спрыяў яго распаўсюджванню. Большая частка яго эдыктаў была звернута не да манахаў, а да свецкіх асоб. Таму ў надпісах не ўпамінаецца аб нірване, чатырох высакародных ісцінах, васмярковым шляху і іншых спецыяльных паняццях. Галоўнае — гэта практычная накіраванасць надпісаў, якія сам імператар называў «эдыктамі аб Дхарме».

Апошнія гады кіравання і спадчыннікі

Крыніцы расказваюць, што к канцу свайго кіравання цар Ашока, падаючы шчодрыя дары на карысць будыйскай суполкі дзеля росквіту вучэння Буды, спустошыў дзяржаўную казну. У гэты перыяд унук Ашокі — Саміраці стаў будучым спадчыннікам прастола. Царскія саноўнікі паведамілі яму аб празмерных дараваннях імператара і запатрабавалі іх неадкладна адмяніць. Па загадзе Саміраці распараджэнні Ашокі аб наданнях сродкаў будыйскай суполцы не выконваліся. Фактычна ўлада засяродзілася ў руках Саміраці. Ашока, як расказваюць крыніцы, з горыччу павінен быў прызнаць, што яго загады сталі толькі мёртвай літарай, а ён пазбавіўся царства і ўлады, нягледзячы на тое, што фармальна і заставаўся царом.

Па паведамленнях некаторых крыніц, Саміраці быў паслядоўнікам джайнізму, яго падтрымлівалі значныя саноўнікі. У краіне ў гэты час стварылася цяжкае фінансавае становішча, успыхвалі паўстанні. Адно з найбуйнейшых хваляванняў адбылося ў Таксіле, дзе на чале незадаволеных стаў мясцовы кіраўнік.

У змове супраць цара, як апавядаюць крыніцы, прымала ўдзел і царыца Тыш'яракшыта, якая таксама была праціўніцай будызму. Паказальна, што ў адным з самых позніх эдыктаў загад аддаецца не ад імя Ашокі, як раней, а ад імя царыцы. Загад тычыўся розных дароў, гэта значыць таго вострага пытання, якое, мяркуючы па будыйскіх тэкстах, фармальна і прывяло да канфлікту цара з яго асяроддзем. Можна меркаваць, што супадзенні эпіграфічнага сведчання і звестак будыйскай традыцыі далёка не выпадковыя. Яны адлюстроўваюць сапраўдную карціну апошніх гадоў панавання Ашокі.

Яго спадчыннікам, відавочна, не ўдалося захаваць адзінства імперыі. На аснове крыніц можна меркаваць, што імперыя распалася на дзве часткі — усходнюю з цэнтрам у Паталіпутры і заходнюю з цэнтрам у Таксіле. Сведчанні крыніц аб прамых нашчадках Ашокі супярэчлівыя, але ёсць падставы меркаваць, што ў Паталіпутры царом стаў Саміраці, або Дашаратха, якога некаторыя пураны лічылі сынам і пераемнікам Ашокі. Як і Ашока, Дашаратха насіў тытул «мілы багам» і аказваў падтрымку аджывікам, аб чым сведчаць яго эдыкты аб дараванні ім пячор. У далейшым імперыя Маурыяў паступова прыйшла ў заняпад і перастала існаваць у 180 годзе да н. э. у выніку змовы.

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Ашока // Новый энциклопедический словарь: В 48 томах (вышло 29 томов). — СПб., Пг.: 1911—1916.
  • Маурийская империя при Ашоке — История Индии (Антонова К. А., Бонгард-Левин Г. М., Котовский Г. Г.)
  • Ahir, D. C. Asoka the Great. — Delhi: B. R. Publishing, 1995.
  • Bhandarkar, D. R. Aśoka. — 4th ed. — Calcutta: Calcutta University Press, 1969.
  • Bongard-Levin, G. M. Mauryan India. (Stosius Inc/Advent Books Division, May 1986). ISBN 0-86590-826-5.
  • Chauhan, Gian Chand (2004). Origin and Growth of Feudalism in Early India: From the Mauryas to AD 650. — Munshiram Manoharlal, Delhi. ISBN 978-81-215-1028-8.
  • Durant, Will. Our Oriental Heritage. — New York: Simon and Schuster, 1935.
  • Falk, Harry. Asokan Sites and Artefacts — A Source-book with Bibliography. (Mainz: Philipp von Zabern, [2006]). ISBN 978-3-8053-3712-0.
  • Gokhale, Balkrishna Govind (1996). Asoka Maurya. (Twayne Publishers). ISBN 978-0-8290-1735-9.
  • Hultzsch, Eugene (1914). The Date of Asoka. — The Journal of the Royal Asiatic Society of Great Britain and Ireland (Oct., 1914), pp. 943—951. Article stable URL
  • Keay, John. India: A History. (Grove Press; 1 Grove Pr edition May 10, 2001). ISBN 0-8021-3797-0.
  • Mookerji, Radhakumud. Aśoka. — 3rd ed. — Delhi: Motilal Banarsidas, 1962.
  • Nikam, N. A.; McKeon, Richard. The Edicts of Aśoka. — Chicago: University of Chicago Press, 1959.
  • Sastri, K. A. Nilakanta (1967). Age of the Nandas and Mauryas. — Reprint: 1996, Motilal Banarsidass, Delhi. ISBN 978-81-208-0466-1.
  • Swearer, Donald. Buddhism and Society in Southeast Asia. — Anima Books. Chambersburg, PA. 1981. ISBN 0-89012-023-4.
  • Thapar, Romila (1973). Aśoka and the decline of the Mauryas. 2nd ed. — Oxford University Press, Reprint, 1980. ISBN 0-19-560381-8.

Спасылкі