Полацкі кадэцкі корпус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 01:04, 16 сакавіка 2020, аўтар Паўлюк Шапецька (размовы | уклад) (Новая старонка: '{{Школа | Назва= Полацкі кадэцкі корпус | Выява = Połacak, Rynak, Jezuicki. Полацак, Рынак, Езуіцкі (1910).jp...')
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Полацкі кадэцкі корпус
Заснавана 1835
Закрыта 1920
Тып Кадэцкі корпус
Вучняў 400

Полацкі кадэцкі корпус — пачатковая вайскова-навучальная ўстанова ў горадзе Полацку. Знаходзіўся на Корпуснай плошчы (да 1830 года Парадная плошча), зараз Плошча Свабоды.

Гісторыя

Гісторыя стварэння Полацкага кадэцкага корпуса непасрэдна звязана з Полацкай езуіцкай акадэміяй. Рашэнне аб адкрыцці ў Полацку езуіцкай акадэміі было прынята ў студзені 1812 года і праіснавала да 1820 года, калі была забаронена дзейнасць ордэна езуітаў. Пасля гэтага, на месцы езуіцкай акадэміі было створана Вышэйшае піярскае вучылішча.

3 мэтай «проведения на Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела» царскім урадам 26 красавіка 1830 года было прынята рашэнне на месцы піярскага вучылішча заснаваць Полацкі кадэцкі корпус. Афіцыйнае адкрыццё корпуса адбылося ў дзень нараджэння імператара Мікалая I — 25 чэрвеня 1835 года.

У корпусе выкладаліся наступныя дысцыпліны: Закон Божы, руская, нямецкая i французская мовы, руская i агульная гісторыі, геаграфія, матэматыка (арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, аналітычная геаметрыя), фізіка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, мінералогія, фізіялогія, батаніка, касмаграфія, маляванне, музыка, спевы, танцы. Шмат yвaгi надавалася страявым заняткам, плаванню, гімнастычным практыкаванням, фехтаванню. Сярод ваенных навук выкладаліся тактыка, артылерыя, ваенная гісторыя i фартыфікацыя.

Згодна з правіламі прыёму навучэнцы кадэцкага корпуса падзяляліся на 2 катэгорыі: інтэрнаў (штатныя i звышштатныя) i экстэрнаў (прыходзячыя вучні). У сваю чаргу інтэрны падзяляліся на казённакоштных (утрымліваліся за дзяржаўныя сродкі), сваякоштных (утрымліваліся за кошт бацькоў), стыпендыятаў, якія вучыліся на стыпендыі дваранства, арганізацый, прыватных асоб.

Акрамя агульных правіл прыёму для дваранства беларускіх губерняў існавалі некаторыя абмежавaннi: у адпаведнасці з загадам Мікалая I у Полацкі кадэцкі корпус было забаронена прымаць тых дваранскіх дзяцей, чые бацькі ўдзельнічалі ў паўстанні 1830—1831 гадоў, але былі памілаваны. Такіх падлеткаў было рэкамендавана накіроўваць у навучальныя ўстановы, якія знаходзіліся ўнутры імперыі.

Полацкі кадэцкі корпус належаў да ліку губернскіх кадэцкіх карпусоў, а гэта азначала, што ў ім былі толькі падрыхтоўчыя (2 гады) i агульныя (4 гады) курсы. Пасля заканчэння курса навук полацкія кадэты пераводзіліся ў Пецярбург у Дваранскі полк, дзе працягвалі адукацыю.

У 1857 годзе былі створаны спецыяльныя класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі афіцэрскае званне i накіроўваліся ва ўсе віды сухапутных войскаў. А ў 1863 годзе гэтыя класы былі закрыты, i кадэты, пасля паспяховага заканчэння навучання, накіроўваліся ў Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу.

У сувязі з ваеннай рэформай, якая пачалася ў 1862 годзе, замест Полацкага кадэцкага корпуса ў 1865 годзе была створана Полацкая ваенная гімназія з шасцігадовым курсам вучобы (з 1873 года — сямігадовым) i штатам у 350 выхаванцаў. Курс ваеннай гімназіі быў набліжаны да курса рэальнага вучылішча, але перавышаў яго па колькасці гадзін на вывучаемыя дысцыпліны.

22 чэрвеня 1882 года Полацкая ваенная гімназія зноў была рэарганізавана ў кадэцкі корпус, які праіснаваў пад першапачатковай назвай да 1917 года. Поўны курс навучання складаў 7 гадоў. Пасля заканчэння вучобы большая частка выхаванцаў накіроўвалася ў ваенныя вучылішчы.

У жніўні 1917 года корпус быў перайменаваны ў Полацкую гімназію ваеннага ведамства. Згодна з новымі правіламi прыёму, зацверджанымі ваенным міністрам у жніўнi 1917 года, у гімназіі ваеннага ведамства дазвалялася прымаць дзяцей ваеннаслужачых (генералаў, афіцэраў, салдат, ваенных чыноўнікаў), якія загінулі на фронце або cтaлі інвалідамі.

У 1918 годзе гімназія ваеннага ведамства была закрыта. У 1919—1920 гадах рэшткі кадэцкіх корпусаў (у тым ліку Полацкага) былі аб’яднаны ў Крымскі i Феадосійскі кадэцкія корпусы. У 1920 годзе яны былі вывезены за мяжу[1].

Дырэктары

  • генерал-маёр Павел Кесаравіч Хвашчынскі (1834—1842)

Зноскі

Літаратура

  • Арлоў, У. Гісторыя Беларусі: год за годам (1835 г. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса) / У. Арлоў, Г. Сагановіч // Беларуская мінуўшчына. — 1996 — № 2 — С. 19-20.
  • Арлоў, У. Полацкія кадэты / У. Арлоў // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 28-40.
  • Лукашэвіч, А. Полацкі кадэцкі корпус / А. Лукашэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1999. — Т. 5 : М-ПУД. — С. 535—536.
  • Лукашэвіч, А. М. Полацкі кадэцкі корпус / А. М. Лукашэвіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст.: Э. Э. Жакевіч, А. М. Хількевіч. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 12 : Палікарт-Праметэй. — С. 463.
  • Шайкоў, В. І. Полацкі кадэцкі корпус/ В. І. Шайкоў, А. М. Лукашэвіч // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. С. С. Чарняўская; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2002. — С. 288—292.