Мельхіёр Гедройц
Мельхіёр Гедройц | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Melchior Giedroyć | |||||||
| |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Царква | Рымска-каталіцкая царква | ||||||
Папярэднік | Юрый Пяткевіч | ||||||
Пераемнік | Мікалай Пац | ||||||
|
|||||||
Адукацыя |
|
||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, каталіцкі біскуп | ||||||
Нараджэнне | 1536 | ||||||
Смерць |
6 красавіка 1609 |
||||||
Пахаванне | |||||||
Дынастыя | Гедройцы | ||||||
Бацька | Мацей Гедройц | ||||||
Маці | Ганна з Крошынскіх | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мельхіёр Гедройц (~1536 — 6 красавіка 1609, Ворні, цяпер Варняй у Літве) — вялікалітоўскі магнат і рэлігійны дзеяч, біскуп жамойцкі, апякуп літоўскага пісьменства.
Біяграфія
Паходзіў з літоўскага княжацкага роду Гедройцаў, які ў 16 ст. ужо не меў значнай палітычнай ролі ў дзяржаве. Бацька Мельхіёра, Мацей Гедройц, служыў пры двары каралевы Боны, з яе пратэкцыі быў намеснікам у Кернаве і Майшаголе, пазней маршалкам гаспадарскім. Маці — княгіня Ганна з Крошынскіх. Вучыўся ў Кёнігсбергскім, Вітэнбергскім, Цюбінгенскім, Лейпцыгскім універсітэтах, навуковай ступені не атрымаў.
Невядома, ці быў Мельхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я напэўна быў каталіком, а ў 1571 стаў святаром. Апекаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам, у 1572 атрымаў ад яго прызначэнне кусташам капітула. Пасля смерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліп. 1574) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца М. Гедройца. Быў рукапаложаны ў сан жамойцкага біскупа 22 красавіка 1576 у Вільні, пры прызначэнні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалогіі.
Прымаў актыўны удзел ў грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Як сенатар вызначыўся на сеймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленні дзяржаўных межаў і міру з Масквой. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сепаратыст» (Станіслаў Хербст), «літоўскі патрыёт» (З. Івінскіс), адной з важнейшых мэтаў лічыў захаванне дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі.
Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў контррэфармацыі, «другім хрысціцелем Жамойці». Згодна з пастанаўленнямі Трыдэнцкага сабору, шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касцёле, спрыяў падрыхтоўцы літоўскамоўных святароў, выданню літоўскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 у Жамойці быў заснаваны першы бернардынскі кляштар. Падараваў уласную бібліятэку (~100 кніг) езуіцкаму калегіуму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-літоўску, сам слухаў споведзі вернікаў.
Пахаваны ў кафедральным саборы ў Ворнях.
Культурная дзейнасць
Для культурнай дзейнасці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, літоўская накіраванасць. Сваім коштам выдаў «Пастылу» (1599) Мікалая Даўкшы — першую літоўскую кнігу надрукаваную ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама пераклад Катехізіса езуіта Лядэсмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму.
Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на смерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), праз змест твору бачна добрае веданне аўтарам антычнай і хрысціянскай літаратуры.
Зноскі
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Ivinskis Z. Merkelis Giedraitis arba Lietuva dviejų amžių sąvartoje // Rinktiniai raštai, T. 4. — Roma, 1987;
- Jonas Boruta, Didysis Žemaičių ganytojas Merkelis Giedraitis, in: Mikalojaus Daukšos «Katekizmui» — 400. — Klaipėda, 1995, p. 15-23;
- Rabikauskas P. Krikščioniškoji Lietuva. Vilnius, 2002, p. 157—159;
- Ulčinaitė E., Merkelis Giedraitis — vyskupas, mecenatas, poetas // Naujasis židinys, 1999, Nr. 9/10, p. 444—453.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мельхіёр Гедройц
- Выпускнікі Цюбінгенскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Вітэнбергскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта
- Нарадзіліся ў 1536 годзе
- Памерлі 6 красавіка
- Памерлі ў 1609 годзе
- Памерлі ў Літве
- Пахаваныя ў Тракайскім раёне
- Гедройцы
- Асобы
- Род Гедройцаў
- Біскупы жамойцкія
- Маршалкі гаспадарскія
- Памерлі ў Варнеі