Эліза Ажэшка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эліза Ажэшка
польск.: Eliza Orzeszkowa
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні польск.: Elżbieta Pawłowska
Псеўданімы E. O., Bąk (z Wa-Lit-No), Li…ka, Gabriela Litwinka і Eliza Orzeszkowa
Дата нараджэння 6 чэрвеня 1841(1841-06-06)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 18 мая 1910(1910-05-18)[1][2][…] (68 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Бенядзікт Паўлоўскі[d]
Маці Францішка з Каменскіх[d]
Муж Станіслаў Нагорскі
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці празаік
Гады творчасці 18661910
Кірунак рэалізм
Жанр нарыс, аповесць, апавяданне, раман
Мова твораў польская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Альбом-гербарый, створаны Э. Ажэшка. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Эліза Ажэшка (польск.: Eliza Orzeszkowa; 6 чэрвеня 1841, Мількаўшчына — 18 мая 1910, Гродна) — польская пісьменніца беларускага паходжання.

Біяграфічны нарыс

Эльжбета Паўлоўская (Elżbieta Pawłowska), малодшая дачка багатага памешчыка і адваката Бенедыкта Паўлоўскага (па-польску. Benedykt Pawłowski) і яго другой жонкі Францыскi (у дзявоцтве Каменскай). Эліза Ажэшка нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў сямейным маёнтку Мількаўшчына, каля Гродна. З дзесяці год выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе знаходзілася да 1857 года. Тут пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, у далейшым — Канапніцкай.

Пасля заканчэння выхавання ў 1858 годзе была хутка выдадзена замуж за Пятра Ажэшку, пачала жыць у Людвінове ў Кобрынскім павеце (цяпер — вёска ў Драгічынскім раёне), дзе ў 1862 годзе стварыла, разам з малодшым братам мужа, школу для дваццаці вясковых дзяцей[4]. Брала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў, з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам, Э. Ажэшка пакінула мужа і выехала ў Варшаву.

На час Паўстання 1863—1864 гг. вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам, у маі-чэрвені 1863 хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 Пётр Ажэшка быў арыштаваны, а ў сакавіку 1865 высланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Э. Ажэшка была вымушана прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей. З таго часу датуюцца яе першыя захаваныя літаратурныя творы. Першым надрукаваным творам, які з'явіўся ў 1866, было апавяданне «Малюнак з галодных гадоў».

Тым часам вярнуўся з Пярмі Пётр Ажэшка. Э. Ажэшка не магла знайсці паразумення з мужам, пачала працэс аб ануляванні шлюбу і дабілася гэтага ў 1869 годзе. У 1870 г. Э. Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пераехала на сталае жыхарства ў Гродна. Пасля дваццаці гадоў сяброўства з С. Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб (1894).

Дзве яе найлепшыя аповесці «Над Нёманам» і «Хам» з'явіліся ў 1886—1888 гг. Сваю багатую бібліятэку перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым членам якога была. Сябравала з удзельнікам Паўстання 1863—1864 гг. Людамірам Абрэмбскім і яго сынам Максімільянам, дапамагала апошняму збудаваць дом у Гродне (цяпер па адрасе вул. Ажэшкі № 19).

Памерла Э. Ажэшка ў Гродне і там пахавана.

Творчасць

Літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка пачала ў 1866 годзе (апавяданне «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869-70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманістычных пазіцый адстойвала інтарэсы лрацоўных (зборнік апавяданняў «3 розных сфер», т. 1-3, 1879-82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай беларускай вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888-91). У 1890-я г. у яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зборнік апвяданняў «Меланхолікі», 1896). Апошні зборнік навел «Gloria vicis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863-64.

Самыя раннія пераклады твораў Э. Ажэшкі выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне «Гэдалі» (Вільня, «Наша ніва», 1907, перакладчык не пазначаны, выходзіла кірыліцай і лацінкай). Пазней на беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Янка Брыль, Анатоль Бутэвіч, Я. Бягомская, Галіна Тычка.

Беларускія пераклады

  • Аповесці, апавяданні, нарысы / Прадм. В. Гапавай. — Мн., 2000.
  • Выбраныя творы. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2000.
  • Раман «Над Нёманам» — пераклад Анатоля Бутэвіча (выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2003).
  • Эсэ «Gloria victis» — пераклад Анатоля Бутэвіча (часопіс «Дзеяслоў» № 4, 2008) з яго ж артыкулам пра паўстанцкія матывы ў творчасці Э. Ажэшкі.
  • Над Нёманам. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2020. У выданне ўключаны таксама навелістычны цыкл «Gloria Victis».
Здымак 1870-х гг., зроблены ў Гродне ў фотамайстэрні Садоўскага.

Ацэнкі, ушанаванне памяці

Дом-музей Элізы Ажэшкі, Гродна

У 1904 годзе Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Яе кандыдатуру прапанаваў Аляксандр Брукнер, прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Члены Нобелеўскага камітэта, азнаёміўшыся з яе творамі, высока ацанілі яе пісьменніцкі талент; у адным з дакументаў напісана: «Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б'ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшкі б'ецца сэрца чалавека». Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а невялікая колькасць прапанавала падзяліць прэмію. У 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

На пахаванні пісьменніцы адзін з прамоўцаў, Ёзаф Катарбіньскі, зазначыў: «Яна была жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі». У доме ў Гродне, дзе пісьменніца правяла апошнія гады жыцця, створаны Дом-музей Элізы Ажэшкі, яе імем названая адна з цэнтральных вуліц горада, на якой пісьменніцы пастаўлены помнік.

Зноскі

  1. а б Eliza Orzeszkowa // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Eliza Orzeszkowa // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Ожешко Элиза // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. В. Гапава (2000)

Літаратура

  • Эліза Ажэшка: жыццё і творчасць: [пераклад з рускай мовы] / Валянціна Гапава. — Мінск: Беларусь, 1969. — 230, [2] с., [1] л. партр.
  • Творчасць Элізы Ажэшкі і беларуская культура: Зборнік навуковых прац. Гродна, 2002.
  • Tworczosc Elizy Orzeszkowej / Red.: Krzysztof Stepnik. — Lublin: Wyd-wo Uniw. Marii Curie-Sklodowskiej, 2001. — 277 s. — (Obrazy kultury polskiej).

Спасылкі