Уладзімір Караткевіч

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Караткевіч
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Файл:Uladzimir Karatkievič.jpeg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 26 лістапада 1930(1930-11-26)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 1984(1984-07-25)[1] (53 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства СССР
Жонка Валянціна Браніславаўна Караткевіч
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, драматург
Гады творчасці 19511984
Кірунак гістарычная проза
Жанр раман, аповесць
Мова твораў беларуская, руская
Дэбют «Тут будет канал», «Якубу Коласу» (1951)
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Уладзі́мір Сямё́навіч Каратке́віч (26 лістапада 1930, Орша, цяпер Віцебская вобласць — 25 ліпеня 1984, Мінск, БССР) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш яскравых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст.[2]. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву[3].

Творчасць Уладзіміра Караткевіча адрозніваецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам[4]. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі»[5][6].

Біяграфія

Паходжанне. Сям'я. Маленства

Родныя Уладзіміра Караткевіча: цётка Яўгенія Васілеўна, бацька Сямён Цімафеевіч, дзед Васіль Юллянавіч Грынкевіч, маці Надзея Васілеўна, сястра Наталля і брат Валерый. 1928 г.
Бацькі У. Караткевіча: Надзея Васілеўна і Сямён Цімафеевіч (у чыне калежскага сакратара). 1915 г.
Ул. Караткевіч у дзяцінстве з маці і сястрой Наталляй, г. Орша. 1937 г.

Продкі Караткевіча былі шляхецкага саслоўя[7] і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды — Тамаш Грыневіч, браў удзел у паўстанні 1863—1864 гг.[8]. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове[9]. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці «Предыстория» (бел.: Перадгісторыя), і ў пралогу рамана «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

Дзядулеў дом у Рагачове, куды Караткевіч прыязджаў на летнія вакацыі да сваёй бабулі Людмілы Антонаўны Барысевіч

Нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям'і інтэлігентаў. Бацька — Сямён Цімафеевіч (18871959), закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у казначэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці — Надзея Васілеўна (18931977), з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля выхаду замуж занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру[7]. У сям'і было трое дзяцей — Уладзімір, яго старэйшы брат Валерый (1918 — загінуў у 1941 г.), старэйшая сястра Наталля (у шлюбе — Кучкоўская; 19222003)[10]. У дзіцячыя гады сваяцкае асяроддзе шмат у чым уздзейнічала на Уладзіміра. Вялікі ўплыў аказаў дзед па лініі маці Васіль Юллянавіч Грынкевіч (18611945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, у свой час даслужыўся да губернскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды. Пазней дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743—1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцай для будучых твораў Уладзіміра[11].

Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе[12]. Таксама моцна ён любіў прыроду; у дзяцінстве адной з яго любімых кніг была кніга А. Брэма «Жыццё жывёл». У доме Караткевічаў было шмат кніг — і дзядулі, і кнігі бацькоў, і яго[K 1]. У шэсць гадоў ім былі напісаны першыя вершы[13]. Яшчэ трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Акрамя вучобы хадзіў у музычную школу. Яшчэ ў даваенныя гады адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.

У 1938 г. пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы[13].

Гады вайны і акупацыі

Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Рабіў спробы ўцячы на фронт. Праз пэўны час высветлілася, што бацькі Уладзіміра змаглі эвакуіравацца і жылі ў горадзе Чкалаве (Арэнбургу). Туды ж дабралася і сястра. Толькі ў жніўні 1943 г. яна змагла прывезці Валодзю да бацькоў у Арэнбург, дзе ён скончыў 6 класаў. У кастрычніку 1941 г. на фронце загінуў старэйшы брат Валодзі Валерый. Жонку Валерыя Вольгу, якая заставалася на захопленай нямецкімі войскамі тэрыторыі, загубілі акупанты. Летам 1944 г. пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехаў у нядаўна вызвалены горад, дзе жылі сваякі. Восенню 1944 г. сям'я вярнулася ў Оршу.

Паваенны час

У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, адзначаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапедычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі[14]. У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці — пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Акрамя таго ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў[7]. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п'есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 г.)[14].

Кіеўскі перыяд

Уладзімір Караткевіч у студэнцкія гады

У 1949 г. Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 г.[15]. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў — у кола яго чытацкіх інтарэсаў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863—1864 гадоў.

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: пра творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых. У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863—1864 гадоў. Летам 1950 г. у Оршы, пасля першага курса філфаку, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха»[14].

На радзіме ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» у 1951 г. былі надрукаваны два вершы Уладзіміра Караткевіча: «Тут будет канал» (бел.: Тут будзе канал) (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове). Летам 1952 г. пад уражаннем паездкі ў Вязынку — родныя мясціны Янкі Купалы — быў напісаны нарыс «Вязынка», які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Францаўне. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.

Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі, і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцыповасці[16]. Пра свае студэнцкія гады, і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці «У снягах драмае вясна» (1957), ў эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «I будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Украінку «Saxifraga» (1971), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1982)[17].

У 1954 г. Уладзімір Караткевіч закончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму «Казка. Легенда. Паданне» выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 г. ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 г., але так яе і не скончыў[15]. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму[16].

Пасля ўніверсітэта

Файл:Нарада маладых пісьменнікаў.jpg
У. Караткевіч (стаіць крайні злева) з удзельнікамі нарады маладых пісьменнікаў. Верасень 1955

Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 19541956 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе[15], у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 19561958 гг. працаваў настаўнікам у Оршы[15]. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (19581960), сцэнарных курсах (1962) і Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.

Мінск

МанаЛІТ — дом у Мінску (вул. Карла Маркса, 36), у якім жыў Уладзімір Караткевіч з 1973 г. На фасадзе — мемарыяльная дошка У. Караткевічу
Магіла Уладзіміра Караткевіча на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску

У пачатку 1963 г. Уладзімір Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 г. яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 г., увосень, у часе чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» ў Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай (у дзявоцтве Ватковіч, 1934—1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 г. ён ажаніўся[18]. Ажаніўся Караткевіч даволі позна — амаль у 41 год[19].

Вясной 1973 г. яны абмянялі кватэру Караткевіча на вул. Веры Харужай і яе пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36[20], дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча[21].

Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю»[21]. Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, мела высокі аўтарытэт у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР[22].

У другой палове 1970-х гг. Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі[15].

Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979)[20].

Апошнія дні лютага 1983 г. былі вельмі трагічнымі для пісьменніка — у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі — Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 г. Кіеве[23]. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні «адчуваў сябе на мяжы нервовага надлому»[22]. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.

У пачатку чэрвеня Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. У пачатку лютага 1984 г. ім былі напісаны некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной пачаў адчуваць сябе лепш[22].

Незадоўга да смерці Караткевіч наведаў блізкія і дарагія яму мясціны. Ён з'ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1984 г. ён з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск[20].

Памёр 25 ліпеня 1984 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Творчасць

Аўтабіяграфія з асабістай справы пісьменніка. 25 красавіка 1957 г.

Як паэт Караткевіч дэбютаваў у 1951 г.[7] — апублікаваў у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» два вершы: «Тут будет канал» (на рускай мове) і «Якубу Коласу» (на беларускай мове)[15].

У пачатку творчага шляху Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы «Казкі і легенды маёй Радзімы», «Лебядзіны скіт», казка «Вужыная каралева». Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы «Надзвычайная котка», якую ён пазней дапрацаваў і назваў «Чортаў скарб». У гэтай казцы пісьменнік традыцыйны фальклорны сюжэт напоўніў арыгінальнымі вобразамі і дэталямі, мяккім лірызмам і дабрадушным гумарам[24].

Уладзімір Караткевіч вывучаў, запісваў, і шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці фальклор. Будучы студэнтам ён даследаваў у сваёй дыпломнай працы сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У другой палове 1950-х гг. ён выношваў ідэю стварэння нацыянальнай эпапеі — ён планаваў напісаць каля 100 тамоў[25][26], у якіх павінны былі быць «Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Г. К. Андэрсена» і «Запісы фальклору»[25]. Некалькі старажытных легенд пра святых Міколу і Касьяна, звязаных з беларускім фальклорам, у перакладзе Караткевіча, былі змешчаны ў кнізе Аляксандра Назарэўскага «Из истории русско-украинских связей» (Кіеў, 1963 г.).

Шэраг арыгінальных казак ім былі створаны ў 1970-я — пачатку 1980-х гг. На аснове адной з беларускіх казак узнікла казка «Верабей, сава і птушыны суд». Несправядлівасць, як самая ганебная для грамадства з'ява, ім асуджаецца ў казцы «Кацёл з каменьчыкамі», у якой арганічна аб'ядналіся эпічная апавядальнасць і праніклівая эмацыйнасць[27].

У казцы «Нямоглы бацька» пісьменнік звяртае ўвагу на неабходнасць у павазе і любові да бацькоў. У старажытныя часы на беларускай зямлі быў закон, паводле якога старых бацькоў адводзілі ў лес паміраць. Так спярша абышоўся са сваім бацькам і герой казкі Пятро. Аднак неўзабаве, насуперак усталяванаму закону, ён уначы ўпотай забраў бацьку. І ў галодны год мудры бацька падказвае сыну, як трэба зрабіць, каб выратаваць людзей ад голаду. Пры стварэнні гэтай казкі Караткевіч, верагодна, абапіраўся на казку «Стары бацька» Аляксандра Сержпутоўскага, аднак пры гэтым ім была выказана ўласная аўтарская пазіцыя. У казцы аўтар у тактычнай і далікатнай дыдактычнай форме кажа пра неабходнасць цаніць дабрыню і мудрасць[28].

Заява Караткевіча аб уступленні ў Саюз пісьменнікаў БССР. 26 красавіка 1957 г.

У 1958 г. ён напісаў сатырычна-гумарыстычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства». Матэрыялам для аповесці паслужыў нарыс гісторыка Адама Кіркора «Народнасці Літоўскага Палесся і іх жыццё», які быў апублікаваны ў 3 томе «Маляўнічай Расіі» ў 1882 г. Пісьменніку ўдалося насычана, у духу фламандскай школы, славеснымі фарбамі апісаць стравы і гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага[29]. У гэтай аповесці Караткевіч не толькі з'едліва характарызуе цыганскае «каралеўства» і недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, кранаючы тагачасныя сацыяльна-грамадскія і нацыянальныя праблемы[30].

Уладзімір Караткевіч з'яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабытак сусветнай культуры, і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычным сюжэтам (вершы «Машэка», «Матчына душа», «Паўлюк Багрым»). У «Баладзе пра Вячка, князя простых людзей» (1957) пісьменнік звярнуўся да вобраза князя Вячка, які ў першай палове XIII ст. змагаўся супраць нямецкіх рыцараў. У баладзе князь паказаны як сапраўдны патрыёт сваёй бацькаўшчыны. Нават параненым, ён біўся супраць мноства ворагаў, і загінуў у баі. Ідэя самаахвярнай барацьбы характэрна для творчасці Караткевіча[31].

Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гг. была раскрыта Караткевічам у апавяданні «Кніганошы» (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы[32]. Таксама яго прозе ўласцівая рамантычная паэтыка. Радасцю жыцця напоўнена апавяданне «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя Палессю і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды раскрыты ім у рамане «Каласы пад сярпом тваім», аповесці «Чазенія», нарысах «Званы ў прадоннях азёр», «Абдуванчык на кромцы вады». Як пісьменнік-анімаліст паказаў сябе ў апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі»[33].

Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863—1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1965), драмы «Кастусь Каліноўскі» (1965), і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў. Часткова гэтая цікавасць абумоўлена і тым, што ў сям'і захоўвалі памяць пра сваяка па матчынай лініі, аднаго з кіраўнікоў паўстання на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, расстралянага ў Рагачове[34]. Гэты факт лёг у аснову пралога да рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць» (1962)).

У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае палявання караля Стаха» пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гг. у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада радзімы, нацыянальнае і сацыяльнае зло[30]. Выкарыстаныя прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. аўтар асэнсоўвае лёс Айчыны.

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з'яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім»[35]. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўленая шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання. Падзеі рамана адбываюцца ў 18501861 гг., тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль цэлага стагоддзя і ў цэлым асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар[36].

У 1966 г. Караткевіч напісаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях[37]. Штуршком для напісання паслужыў запіс з «Хронікі...» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з'явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. У рамане адлюстраваны лятунак беларускага народа аб з'яўленні Хрыста як збаўцы і выратавальніка. Раман уяўляе сабой прытчу, філасофскія роздумы пра прызначэнне чалавека[29].

У 1973 г. пісьменнік напісаў аповесць «Лісце каштанаў», якая стала адной з самых аўтабіяграфічных з яго твораў[38]. Аповесць уяўляе сабой хвалюючыя і сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшліся на час вайны.

Па-мастацку падрабязнай распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1977). У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гг., закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 г., Люблінская унія 1569 г., і іншыя важныя моманты з гісторыі Беларусі[35]. Глыбокімі разважаннямі над сэнсам жыцця і лёсам роднай зямлі насычана аповесць «Ладдзя Роспачы» (1978). У аповесці выкарыстана многа алегарычных сімвалаў. Так, сама ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая пераадольвае змрок забыцця і непрытомнасці, уваскрашаецца і адраджаецца[39].

Караткевіч таксама напісаў шэраг п'ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п'есах «Кастусь Каліноўскі» (1963), «Званы Віцебска» (1974), «Калыска чатырох чараўніц» (1982), «Маці ветру» (1985)[30].

Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Г. В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко, Махтумкулі, М. Карыма, Э. Гашпаравай.

Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа[40].

Творы Караткевіча перакладзеныя на англійскую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую, славацкую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, эстонскую мовы[41].

Ацэнка і значэнне творчасці

Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы

Апублікаваная ў 1964 г. адна з першых аповесцей Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», у якой аўтар заявіў пра сябе як пра пісьменніка-гісторыка, прынесла яму некаторую папулярнасць. Пазней яна нават была экранізаваная. Але раман «Леаніды не вернуцца да зямлі» быў падвергнуты рэзкай крытыцы. «Афіцыйны» крытык Якаў Гярцовіч на старонках «Советской Белоруссии» папракнуў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, а яго герояў назваў адарванымі ад жыцця фармалістамі, якіх мала цікавіць змест савецкага мастацтва і яго ідэйная накіраванасць[42]. Падобна адгукнуўся маскоўскі рэцэнзент Віктар Чалмаеў. Праблема была ў тым, што выказванне ўласнага меркавання аўтараў гэтых артыкулаў было ўспрынятае як дырэктыўнае ўказанне[K 2]. У самім апавяданні ідзе гутарка пра метэорны паток — Леаніды, але ў тыя гады краінай кіраваў Леанід Брэжнеў, і ў гэтым убачылі крамолу. Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтваў у катэгарычнай форме патрабавала змяніць назву. У самога Караткевіча не запыталі на гэта дазволу, і ў часопісе «Полымя» раман быў пераназваны ў «Нельга забыць». А ў 1965 г. ў тым жа журнале быў апублікаваны раман «Каласы пад сярпом тваім», адным з герояў з'яўляецца Кастусь Каліноўскі. Кніга вельмі дакладна адлюстроўвала жыццё Беларусі XIX ст., але цэнзары прад'явілі так шмат прэтэнзій, што яны была выдадзена толькі пасля вялікай колькасці правак. Падобны лёс чакаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А творы «У снягах драмае вясна» (1957) і «Зброя» былі надрукаваны толькі пасля смерці пісьменніка[42].

Адзін з даследчыкаў творчасці Уладзіміра Караткевіча, літаратуразнаўца Анатоль Верабей назваў Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы[43].

Народны пісьменнік Беларускай ССР Янка Брыль характарызаваў Караткевіча як нястомнага працаўніка, літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіцё, усёй душой любіў родных людзей і родную зямлю[2].

Беларуская пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская кажа, што цэлае пакаленне беларускіх літаратараў, да якога належыць і яна сама, «выйшла з творчасці Уладзіміра Караткевіча, прыняўшы сэрцам яго гістарычны рамантызм, яго трагічны і прыгожы міф пра Беларусь»[44].

Караткевіч стаў адной з найбольш яркіх фігур беларускай літаратуры XX ст. Асаблівая яго заслуга — распрацоўка гістарычнай тэматыкі. Ён падняў у сваіх творах шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаўшы дух мінуўшчыны[2].

Казкам Караткевіча ўласцівыя натуральнасць гучання, займальны сюжэт, багацце фантазіі і пазнавальнасць. У іх арганічна змешчаныя фальклор і фантастычнасць, таямнічасць і рэальнасць. Яму ўдалося абнавіць казачныя сюжэты, паэтычна і ўзнёсла перадаць народную мараль і этыку, закрануць філасофскія праблемы[45].

Яго паэзіі ўласцівыя патрыятычны пафас, асацыятыўнасць мыслення, праніклівы лірызм і філасафічнасць. Таксама паэзіі Караткевіча ўласцівыя падвышаная экспрэсіўнасць, эмацыйнасць, напружанасць дзеяння, кантрастнасць і яркасць вобразаў. Яго вершы напоўнены радасцю і святлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму і трагізму[46].

Шматгранна і непаўторна раскрыўся яго талент у прозе, якой уласцівыя праніклівая лірыка, эпічная апавядальнасць і псіхалагічная паглыбленасць. У сваёй прозе Караткевіч падняў шырокія пласты беларускай гісторыі, стварыў пазнавальныя характары, раскрыў багаты духоўны свет персанажаў беларускай гісторыі[46].

Бібліяграфія

Раманы

Аповесці

Апавяданні

  • Рябина (Новелла) (1946)
  • Богун-трава (1946)
  • Любовь Моав (Легенда) (1950)
  • «Собачья радость» (1950)
  • Бетховен (Этюд) (1950)
  • Профорг Королев (1950)
  • «Это была старая-старая комната…» (1950)
  • Скрипка поет (1950)
  • Клен (1950)
  • Руки (Музыка)(1950)
  • Девушка из Быхова (1950-я)
  • «Когда бароны поняли…» (1950-я, першая палова)
  • Письмо из развалин Пиллен (Историческая миниатюра) Ягица, трепетная моя лань!.. (1950-я)
  • Дзядуля (1952)
  • Паляшук (1952)
  • Венус паўночная (З цыкла «Вандраванні ўвосень») (1950-я)
  • Нямыя браты (1956)
  • Завеі (1958)
  • Карней — мышыная смерць (1958)
  • Лятучы галандзец (1958)
  • Лясная гісторыя (1958)
  • Госць прыходзіць на золкім світанні (1959)
  • Подыхі продкаў (Імпрэсія) (1959)
  • Аліва і меч (1959)
  • Пасмяротная гісторыя аднаго цецерука (1959)
  • Белае Полымя (1959)
  • Як звяргаюцца ідалы (1959)
  • Лісты не спазняюцца ніколі (1959)
  • Ідылія ў духу Вато (19591960)
  • У шалашы (1960)
  • Блакіт і золата дня (1960)
  • Маленькая балерына (1961)
  • Вось і ўсё (1962)
  • Як поле перайсці (1962)
  • Кніганошы (Навела) (1962)
  • Барвяны шчыт (1963)
  • Залаты бог (З цыкла «Казкі мора») (1963)
  • Сіняя-сіняя (1964)
  • Краіна Цыганія (1969)
  • Былі ў мяне мядзведзі (1970)
  • Вока тайфуна (1970)
  • Вялікі Шан Ян (Песня пра баявыя калясніцы) (1970)
  • Калядная рапсодыя (1973)

Нарысы

  • Зямля пад белымі крыламі (1977)
  • Вільнюс — часцінка майго сэрца
  • Вязынка
  • Званы ў прадоннях азёр
  • Казкі Янтарнай краіны
  • Мой се гарадок!
  • Рша камен...

Зборнікі вершаў

  • Матчына душа (1958)
  • Вячэрнія ветразі (вершы і паэмы, 1960)
  • Мая Іліяда (1969)
  • Быў. Ёсць. Буду. (1986)
  • Паэзія розных гадоў (1987)

Казкі

  • Лебядзіны скіт (1952)
  • Вужыная каралева (1952)
  • Аўтух-дамоўнік (1952)
  • Казка пра Пятра-разбойніка (1952)
  • Надзвычайная котка (1952)
  • Мужык і дзіва аднавокае (1952)
  • З вобразаў казак (1952)
  • Чортаў скарб (1973)
  • Верабей, сава і птушыны суд (1973)
  • Пасварыліся — памірыліся (1977)
  • Бліны на дрэве, грушы на вярбе (1977)
  • Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў (1977)
  • Кацёл з каменьчыкамі (1977)
  • Нямоглы бацька (1980)
  • Вясна ўвосень (1980)
  • Жабкі і Чарапаха (1980)
  • Пра Пана Галавана (сумесна з Алегам Лойкам) (1981)

Легенды

  • Маці Ветру (1956)
  • Легенда аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны (1961)

Публіцыстыка

  • Абдуванчык на кромцы вады
  • Людзям простым к добраму навучанню
  • Гэта было 10-га сакавіка 1864 года...
  • З вадой і без вады
  • Коласаўцы
  • Мова (што я думаю пра цябе)
  • Наш агульны клопат
  • Родная мова
  • Ці дажывем да ста год, або пасмяротнае рыданне

П'есы і сцэнарыі

П'есы

  • Млын на Сініх Вірах (пастаўленая на тэлебачанні ў 1959)
  • Трошкі далей ад Месяца (напісаная 19591960)
  • Званы Віцебская (1974, пастаўленая ў 1977)
  • Кастусь Каліноўскі (напісаная ў 1963, пастаўленая ў 1978)
  • Калыска чатырох чараўніц (апублікаваная і пастаўленая ў 1982)
  • Маці ўрагану (1985, пастаўленая ў 1988)

Сцэнарыі

Пасмяротныя выданні

Кіраўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура» В. Шніп прэзентуе «Збор твораў Караткевіча». XX Міжнародная кніжная выстаўка, Мінск, 2013 г.

Выдадзены Збор твораў у 8-мі тамах (19871991). Выдадзены зборнік яго перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993). Выдадзеная кніга «Творы» (1996), куды ўключана тое, што не друкавалася пры жыцці пісьменніка. Надрукаваныя лісты мастака да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, латышскіх, украінскіх, польскіх, славацкіх i некаторых іншых пісьменнікаў, навукоўцаў, сяброў i знаёмых[47].

У 2011 г. выдавецтва «Мастацкая літаратура» пачало 25-томнае выданне твораў пісьменніка пад рэдакцыяй Анатоля Вераб'я[48]. Апрача іншага, у збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв'ю, выступленні[49]. Тэксты друкуюцца з адмененымі нематываванымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. Да збору твораў будуць прыкладзеныя два CD-дыскі: на першым будуць змешчаныя вершы і песні ў выкананні Караткевіча, на другім — яго выступленні на радыё, тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, здымкі ў мастацкім фільме «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»)[50]. Плануецца, што апошні том выйдзе ў 2020 г., да 90-гадовага юбілею Караткевіча.

Экранізацыі

Мастацкія фільмы

Дакументальныя фільмы

  • Сведкі вечнасці (1964)
  • Памяць (1966)
  • Чырвоны агат (1973)

Мультыплікацыйныя фільмы

  • Ладдзя роспачы (1987)

Оперы

Уладзімір Караткевіч з'яўляецца аўтарам лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі» (1973)[43].

Узнагароды

  • Ордэн Дружбы Народаў (1980)
  • прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1983) — за раман «Нельга забыць» (Леаніды не вернуцца да зямлі)
  • Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1984 — пасмяротна) — за раман «Чорны замак Альшанскі»[51].

Ушанаванне памяці

Памятная дошка ў Мінску, вул. Карла Маркса, 36

Пра Караткевіча створана дакументальная стужка «Быў. Ёсць. Буду» (1989), відэафільмы «Успамін» і «Рыцар і слуга Беларусі» (абодва — 1991).

Графіці на жылым доме ў Рагачове

Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску[52], бібліятэка-філія № 6 у Наваполацку[53], дзіцячая бібліятэка ў Оршы[54], грамадская бібліятэка ў Таліне (Эстонія)[55].

У Оршы (вул. Леніна, 26) існуе музей пісьменніка, адкрыты ў 2000 г. Экспазіцыя складаецца з дзвюх залаў; адна прысвечана біяграфіі пісьменніка, другая — творчасці. Экспазіцыя ўключае ў сябе абстаноўку пасляваеннага дома на вуліцы Касманаўтаў у Оршы, з мэбляй пісьменніка і яго рэчамі. Таксама тут узноўлены фрагмент кабінета мінскай кватэры Караткевіча[56]. Матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі[15].

У Віцебску ўсталяваны помнік у 1994 г. (скульптар І. Казак, архітэктар В. Рыбакоў). Помнік у Оршы адкрыты 27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя Оршы. Першапачаткова помнік размяшчаўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям'я Караткевіча засялілася ў 1939 г., але пазней помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. 14 красавіка 2011 г. быў усталяваны помнік Караткевічу ў Кіеве. Аўтарамі скульптуры сталі беларусы Кастусь Селіханаў і Алег Варвашэня, архітэктар — Аляксандр Корбут[57]. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гг., і ў Мінску, дзе была яго кватэра, усталяваныя памятныя дошкі[15]. Памятная дошка ўсталяваная на будынку школы № 8 у Оршы, у якой Караткевіч працаваў у 1956—1958 гг[58].

Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура»[15].

Імем Уладзіміра Караткевіча названыя вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне[59], Рагачове , Оршы[K 4][15]

Заўвагі

  1. Хатняя бібліятэка згарэла ў часе вайны разам з домам.
  2. У СССР у канцы 1962 г. паднялася хваля барацьбы з «фармалізмам», распачатая з таго, што М. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх. «Фармалістаў» пачалі шукаць ва ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў БССР, у Інстытуце літаратуры АН БССР.
  3. Першапачатковая назва «Леаніды не вернуцца да Зямлі», так заўсёды яго называў сам Караткевіч, у тым ліку і ў запісных кніжках апошніх гадоў жыцця. Упершыню пад назвай «Нельга забыць» раман быў апублікаваны ў часопісе Полымя, 1962, № 5, 6. Кніжнае выданне рамана — 1982 г.
  4. Тут у 1950-х гадах жыла сям'я Караткевіча.

Зноскі

  1. а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
  2. а б в Верабей 2005, с. 3.
  3. Алег Грушэцкі Беларусі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і Мастацтва : газета. — Мн.: Выдавецкі дом «Звязда», 2014-07-18. — В. 4777. — № 28. — С. 6.
  4. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 459—460.
  5. Короткевич Владимир Семенович. Энциклопедический словарь (25 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2014. Праверана 1 красавіка 2014.
  6. Гардзіцкі А. К. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X.
  7. а б в г Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 460.
  8. Верабей 2005, с. 4.
  9. Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  10. Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 190—191
  11. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 5.
  12. Караткевіч У. С. «Дарога, якую прайшоў» // у кн. Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў., Мн., 1966. С. 192
  13. а б Верабей 2005, с. 6.
  14. а б в Верабей 2005, с. 7.
  15. а б в г д е ё ж з і Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць. Сайт «Архівы Беларусі». Праверана 11 снежня 2014.
  16. а б Верабей 2005, с. 10.
  17. Верабей 2005, с. 7-8.
  18. Верабей 2005, с. 14.
  19. Вольга Анціповіч. Тайная любовь писателя Владимира Короткевича (руск.). kp.by (30 ліпеня 2009). Праверана 29 снежня 2014.
  20. а б в Верабей 2005, с. 15.
  21. а б Верабей 2005, с. 218.
  22. а б в Верабей 2005, с. 219.
  23. Верабей 2005, с. 214.
  24. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 462.
  25. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 463.
  26. Верабей 2005, с. 13—14.
  27. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 465.
  28. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 465—466.
  29. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 479.
  30. а б в Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 480.
  31. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 467.
  32. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 469.
  33. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 472—473.
  34. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 474.
  35. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 478.
  36. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 478—179.
  37. Уладзімір Караткевіч (руск.). Лабаратория Фантастики. fantlab.ru. Праверана 29 снежня 2014.
  38. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 477.
  39. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 476.
  40. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 481.
  41. Біяграфія Уладзіміра Караткевіча на who.bdg.by («Хто ёсць хто ў Беларусі») (руск.)
  42. а б Надзея Белахвосцік. Пра Уладзіміра Караткевіча (руск.). Сельская Газета (26 снежня 2010). Праверана 29 снежня 2014.
  43. а б Верабей 2005, с. 206.
  44. Людміла Рублеўская. Гений, странник, комета, или Портрет писателя в стиле коллаж... (руск.). Советская Белоруссия (26 лістапада 2005). Праверана 29 снежня 2014.
  45. Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 466—467.
  46. а б Макарэвіч, Яфімава 2008, с. 468.
  47. Верабей 2005, с. 204.
  48. Ларыса Цімошык Быць Караткевічам // Звязда : газета. — 26 лістапада 2010. — № 228 (26836). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  49. Збор1 et al.
  50. Збор1 et al.
  51. Верабей 2005, с. 207.
  52. Библиотека-филиал № 14 им. В. Короткевича ГУ «Централизованная библиотечная система г. Витебска» (руск.)
  53. Библиотека-филиал № 6 им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Новополоцка (руск.)
  54. Детская библиотека им. В. Короткевича сети публичных библиотек г. Орша (руск.)
  55. Общественная библиотека им. Владимира Короткевича в Таллинне (руск.)
  56. Яўгенія Каркіяйнен. Последний рыцарь белорусской истории. Фоторепортаж из Оршанского музея Владимира Короткевича (руск.). TUT.BY (2 ліпеня 2014). Праверана 30 снежня 2014.
  57. У Кіеве ўсталявалі помнік У. Караткевічу
  58. Музей, Дняпро і родная хата. Вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. TUT.BY (26 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2015. Праверана 29 студзеня 2015.
  59. Рашэнне Гродненскага раённага савета дэпутатаў 26 мая 2011 г. № 82 (руск.). pravo.by.

Літаратура

  • Верабей А. Л. Абуджаная памяць: нарыс жыцця i творчасці Уладзіміра Караткевіча. — Мн., 1997. — 256 с.
  • Верабей А. Л. Жывая повязь часоў. — Мн., 1985.
  • Верабей А. Л. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская энцыклапедыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 57 — 58.
  • Верабей А. Л. Уладзімір Караткевіч. Жыццё і творчасць / Пад рэд. Гарбачэўскай Т. А.. — 2-е. — Мн.: Беларуская навука, 2005. — 271 с. — ISBN 985-08-0666-4.
  • Верабей А. Л. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Рэдкал.; Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 111—112.
  • Гардзіцкі А. К. Караткевіч Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Грушэцкі А. Л. Беларускі дэтэктыў. Міфы і рэальнасць // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: Выдавецкі дом «Звязда», 2014-07-18. — В. 4777. — № 28. — С. 6.
  • Грушэцкі А. Л. Душа і сэрца Беларусі. Уладзімір Караткевіч (1930—1984) // Настаўніцкая газета : газета. — Мн.: Міністэрства адукацыі РБ, 29 ліпеня 2014. — В. 7537. — № 89. — С. 24.
  • Лойка А. А. Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1972. — Т. V.
  • Мальдзіс А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990. — 230 с.
  • Макарэвіч А. М., Яфімава М. Б., і інш. Уладзімір Караткевіч // Беларуская дзіцячая літаратура / Пад рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. — Мн.: Вышэйшая школа, 2008. — С. 459—481. — 688 с. — 3 500 экз. — ISBN 978-985-06-1440-7.
  • Марціновіч Д. «Донжуанскі спіс» Караткевіча: Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2012. — 114 с. (Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Серыя «Мінскія маладыя галасы»). — ISBN 978-985-7026-43-2
  • Марціновіч Д. Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2014. — 178 с.: іл.; [2] л. укл. — ISBN 978-985-7058-53-2
  • Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. — Мн., 2000. − 300 с.
  • Штэйнер І. Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…: паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі. — Мн., 2008. — 120 с.
  • Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. — Мн., 1995.
  • Яршоў І. Зямля Караткевіча / І. Яршоў, В. Сіднякова. — Орша, 1997. — 238 с.
  • Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. — Мн., 2005. — 518 с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).
  • Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы / Уклад.: А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2010.
  • Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах / прад., падрыхт. тэкстаў і камент. А. Верабей; рэд. тома В. Рагойша. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — Т. 1. — 533 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1333-4.
  • Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах / прад., падрыхт. тэкстаў і камент. А. Верабей; рэд. тома Т. Шамякіна. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2014. — Т. 3. — 774 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-02-1522-2.

Спасылкі

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Уладзіміра Караткевіча
Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Уладзімір Караткевіч

Шаблон:Пісьменнікі і паэты Беларусі