Ёда
Ёда | |
---|---|
Дзейнасць | Гранд Майстар-Джэдай |
Родная планета | невядомая |
Раса | невядомая |
Пол | мужчына |
Рост | 66 см |
Валасы | карычневыя, пасля сівыя |
Вочы | карычневыя |
Зброя | кароткі светлавы меч зялёнага колеру |
Прыналежнасць |
Ордэн Джэдаяў, Галактычная Рэспубліка |
Акцёр | Лялька, камп'ютарная графіка |
Агучка |
|
Ё́да (англ.: Yoda; 896 ДБЯ — 4 ПБЯ) — персанаж і адзін з галоўных герояў сусвету «Зорных войнаў», наймацнейшы і наймудрэйшы джэдай. Фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне і раса Ёды невядомыя. Ён навучаўся джэдайскаму майстэрству ў майстроў, выхаваных непасрэдна ў традыцыі часоў Новых войнаў сітхаў . Пасля гэтага шмат стагоддзяў сам займаўся навучаннем рыцараў-джэдаяў, разам з мабільнай акадэміяй Чу’унтар лётаў па галактыцы ў пошуках новых адэптаў Сілы, пакуль карабель не разбіўся на Датаміры.
З часам Ёда стаў наймагутнейшым і найстарэйшым джэдаем у галактыцы, увайшоў у Савет джэдаяў на Карусанце, дзе працягваў трэніраваць падаванаў і маладзейшых адэптаў. Большасць джэдаяў перыяду канцу старой рэспублікі на тым ці іншым этапе навучання праходзілі праз яго рукі. Ёда навучаў найбольш магутных джэдаяў: графа Дуку, Мейса Вінду, Кі-Адзі-Мундзі, Кіта Фіста і Люка Скайуокера.
У фільмах
[правіць | правіць зыходнік]На экране Ёда ўпершыню з’яўляецца ў V эпізодзе як настаўнік Люка Скайуокера, а ўвогуле фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.
У «Атацы клонаў» Ёда выпраўляецца на планету Каміна з мэтай узяць на ўзбраенне Рэспублікі войска клонаў. На чале вялізнай арміі Ёда прыбывае на Геанозіс — прытулак сепаратыстаў, — такім чынам распачынаючы клянічныя войны. Тут адбываецца яго паядынак з правадыром сепаратыстаў Дартам Тыранусам, які завяршаецца ўцёкамі сепаратыста.
У заключнай фазе клянічных войнаў, прадстаўленай у III эпізодзе, Ёда з батальёнам клонаў выпраўляецца на родную планету вукаў — Кашыіік — дзеля каардынацыі дзеянняў супраць сепаратыстаў. Акурат у гэты час канцлер Палпацін уводзіць у дзеянне загад 66, накіраваны на вынішчэнне джэдаяў, аднак Ёда здолеў ацалець, забіўшы пасланых да яго клонаў-асасынаў.
Пасля ўтварэння імперыі і паражэнні ў бітве з Палпацінам, у якой ён страціў свой светлавы меч, Ёда сыходзіць у падполле на забагненую планету Дагоба. Тут у 3 годзе ПБЯ яго адшуквае Люк Скайуокер, прысланы духам Обі-Вана Кенобі дзеля навучання джэдайскаму майстэрству. Ёда працягвае яго навучанне да ўласнага скону ў «Вяртанні джэдая» ва ўзросце 900 гадоў. Па смерці аб’яднаўся з Моцай і ператварыўся ў дух, які можа з’яўляцца жывым асобам, што прадэманстравана пад канец VI эпізоду.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Паводле задумкі Лукаса, Ёда мусіць заставацца загадкавай асобай, таму пра яго амаль нічога не вядома. Імя Ёды можа быць узята са старажытнае зямное мовы; так, на санскрыце «yoddha» азначае «жаўнер», а «yodea» на іўрыце — «той, хто ведае».
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Выклікае цікавасць таксама своеасаблівая гаворка Ёды, багатая на разнастайныя інверсіі. На галактычнай асноўнай мове ён размаўляе, выкарыстоўваючы парадак словаў «Аб'ект — суб'ект — дзеяслоў». Напрыклад, сябе ён характарызуе Люку Скайуокеру так:
Памер значэння не мае. Паглядзі на мяне. Мяркуеш пра мяне па росце ты? Га? Гм… А не павінен ты. Бо мой саюзнік — Сіла, і магутны саюзнік гэта. Ёда «Зорныя войны: Імперыя наносіць удар у адказ» |
Size matters not. Look at me. Judge me by my size, do you? Hmm? Hmm. And well you should not. For my ally is the Force, and a powerful ally it is.
Здымкі
[правіць | правіць зыходнік]У першай трылогіі ролю Ёды выконвала лялька, якою кіраваў і агучваў Фрэнк Оз. У першай серыі трылогіі-прыквела Ёда часткова быў анімаваны камп’ютарна, часткова выкананы лялькай. У наступных серыях ён ужо выключна згенераваны камп’ютарна.
Узнагароды і адзнакі
[правіць | правіць зыходнік]- У 2008 годзе Ёда заняў 25 месца ў спісе найвялікшых кінаперсанажаў усіх часоў і народаў, складзеным часопісам «Empire»[1].
Цікавосткі
[правіць | правіць зыходнік]- Ёда не браў удзелу ў «Новай надзеі», але яго імя згадвалася ў сцэнары.
- Паводле задумкі Лукаса, Ёда павінен заставацца загадкаваю, нераскрытаю цалкам істотаю. Яго паходжанне і мінулае забаронена апісваць ва ўсіх кнігах, мультфільмах, гульнях і іншых твораў па матывах «Зорных войнаў».
- Італьянскія прыхільнікі «Зорных войнаў», асабліва дзеці, часта называюць Ёду «першым сардзінцам» або «тым, хто гаворыць па-сардзінску». Гэта тлумаччыца тым, што пры перакладзе фільмаў на італьянскую мову манера размовы Ёды вельмі нагадвала сардзінскі акцэнт, які лічыцца ў Італіі дзіўным і нават бязглуздым.
Зноскі
- ↑ Empire's The 100 Greatest Movie Characters (англ.). Empire Magazine. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2012. Праверана 15 лютага 2015.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ёда
- Ёда у Вукіпедыі — вікі-энцыклапедыі «Зорных войнаў». (бел.)}