Перайсці да зместу

Іанізавальнае выпраменьванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іанізавальнае выпраменьванне

Іанізавальнае выпраменьванне — патокі электрамагнітных хваль або элементарных часціц, здольныя пры ўзаемадзеянні з рэчывам ствараць у ім іоны. Да іанізавальнага выпраменьвання адносяцца альфа-, бэта-, гама-прамяні, рэнтгенаўскае выпраменьванне, а таксама іншыя высокаэнергетычныя зараджаныя часціцы накшталт пратонаў і іонаў, атрыманыя ў паскаральніках.

Трыліснік

Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. Іанізавальнае выпраменьванне разбуральна Уздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хімічныя рэакцыі пад уплывам іанізавальнага выпраменьвання ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і тэмпературах. У выніку дзеяння выпраменьвання можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін.

Знакі радыяцыйнай небяспекі

[правіць | правіць зыходнік]

Небяспечныя ўзроўні іанізавальнага выпраменьвання абазначаюцца знакам чорны трыліснік («вентылятар») на жоўтым фоне, ён мае форму трох сектараў шырынёй 60°, расстаўленых на 120° адзін адносна другога, з невялікім кругам у цэнтры. Звычайна іх размяшчаюць на мяжы радыяцыйна-кантралюемай зоны ці ў любым месцы, дзе ўзровень радыяцыі значна перавышае фонавы з прычыны ўмяшання чалавека.

Новы знак радыяцыйнай небяспекі

У табліцы Унікод ёсць сімвал знака радыяцыйнай небяспекі — ☢ (U+0x2622).

У 2007 годзе прыняты новы знак радыяцыйнай небяспекі — «трыліснік» дапоўнены знакамі «смяротна» («чэрап з косткамі») і «сыходзь!» (сілуэт беглага чалавека і стрэлка). Новы знак закліканы стаць больш зразумелым для тых, хто не знаёмы са значэннем традыцыйнага «трыліснік». Чырвоны сімвал папярэджання пра іанізавальнае выпраменьванне (ISO 21482) быў прыняты ў 2007 годзе і прызначаны для крыніц 1, 2 і 3 катэгорый радыяцыйнай небяспекі (па класіфікацыі МАГАТЭ), якія вызначаюцца як небяспечныя крыніцы, здольныя прывесці да смерці або сур’ёзных траў (у тым ліку харчовыя апраменьвальнікі, апараты тэрапіі для лячэння рака і прамысловая рэнтгенаграфія). Сімвал павінен размяшчацца на прыстасаванні (прыладзе), дзе знаходзіцца крыніца, як папярэджанне не разбіраць і не набліжацца.

Некаторыя навукоўцы спрабуюць распрацаваць сістэму доўгатэрміновых папярэджанняў пра ядзерныя адкіды, якая была б зразумелай людзям і праз тысячы гадоў.[1]

Зноскі

  1. Pandora's Box: How and Why to Communicate 10,000 Years into the Future. www.mat.ucsb.edu. Праверана 28 студзеня 2025.
  • Берастаў А. Б. Іанізавальнае выпраменьванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Моисеев А. А., Иванов В. И. Справочник по дозиметрии и радиационной гигиене. 2-е изд., перераб. и доп. — М., Атомиздат. — 1974
  • Кудряшов Ю. Б. Радиационная биофизика. — М: Физматлит. — 2004. — С. 136.