Іван Іванавіч Цвікевіч
Іван Іванавіч Цвікевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 1891 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 ліпеня 1938[1] |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | урач, інтэлектуал |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іван Іванавіч Цвікевіч (лістапад 1891, Брэст — 1 жніўня 1938, Усць-Канск, Алтайскі край) — беларускі медык, грамадскі і навуковы дзеяч, публіцыст. Выкарыстоўваў псеўданімы Іван Трызна, І. Яцвяг.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў лістападзе 1891 года ў Брэсце ў сям’і фельчара Івана Цвікевіча, які працаваў у чыгуначнай лякарні. Меў старэйшага брата Аляксандра Цвікевіча, які стаў прэм’ер-міністрам БНР і якому быў заўсёды паплечнікам. Як і брат, вучыўся ў мужчынскай гімназіі ў Брэсце (цяпер у гэтым будынку адзін з карпусоў БрДУ імя А. Пушкіна). У 1914 скончыў медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.
Жывучы ў Маскве, доктар Іван Цвікевіч разам з братам А. Цвікевічам быў сярод кіраўнікоў мясцовай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, актыўна працаваў у складзе Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэта, які аб’ядноўваў беларускіх уцекачоў, што жылі ў розных кутках Расіі. Спрычыніўся да стварэння ў Маскве Беларускай народнай грамады.
У 1917—1921 гг. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў дывізіённым урачом. У 1920 дывізія, у якой ён служыў, была інтэрнавана ў Германіі. У 1921—1923 гг. працаваў у Берліне ў савецкім пасольстве ў Германіі, падтрымліваў кантакты з дзеячамі БНР. У 1924 годзе пераехаў у Мінск. З’яўляўся сябрам калегіі Наркамату аховы здароўя БССР, працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Доктар Іван Цвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую медыцынскую тэрміналогію. Разам з вядомымі дзеячамі БНР Вацлавам Ластоўскім і Клаўдзіем Дуж-Душэўскім Іван Цвікевіч у 1923 годзе падрыхтаваў першы беларускамоўны падручнік у галіне медыцынскіх ведаў — «Фізыологія і анатомія чалавека» (перакладзены ім з расійскай), які прызначаўся для школ і які быў выдадзены Бюро па ўкладанні і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асветы БНР.
З 1924 г. ён узначальваў Медыцынскую секцыю Інбелкульта (з 1928 г. — у складзе Інстытута навуковай мовы Беларускай Акадэміі навук) і Тэрміналагічную камісію пры ёй. Плёнам працы камісіі пад яго кіраўніцтвам стала праца, выдадзеная ў 1926—1929 гг.,- «Nomina Anatomica Alborutenica — Анатамічныя назвы» (у 3-х тамах). Была распачата таксама праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана і засталася ў рукапісах.
Іван Цвікевіч — аўтар гістарычнага нарысу «Канстанцін Каліноўскі», які быў надрукаваны пад псеўд. Іван Трызна ў часопісе ўраду БНР «Беларускі сцяг» у 1922 г. Гэта была адна з першых прац пра кіраўніка паўстання 1863 г. у Беларусі, у якой абгрунтоўвалася думка пра К. Каліноўскага як свядомага змагара за незалежнасць беларускага народа. Іван Цвікевіч займаўся таксама перакладамі мастацкіх твораў на беларускую мову (Рабіндранат Тагор і інш.).
Арышт і пакаранні
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1929 падчас «чысткі» кіруючых органаў БССР ад нацдэмаў не пабаяўся на адкрытым сходзе ў Наркамаце асветы выступіць у абарону першага старшыні ўрада БССР, беларускага пісьменніка Змітра Жылуновіча. Гэтая мужная пазіцыя была кваліфікавана сталіністамі як «чарговая вылазка беларускага нацыянал-дэмакратызму» і ў хуткім часе адгукнулася рэпрэсіямі супраць яго самога.
Доктар Іван Цвікевіч быў арыштаваны 18 ліпеня 1930 па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Асуджаны 10 красавіка 1931 года на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у Нарыме, з’яўляўся начальнікам санчасці Нарымлага. Затым пасяліўся ў Усць-Кане Алтайскага края, дзе працаваў урачом у раённай бальніцы. Паўторна арыштаваны 5 сакавіка 1938 года і 1 жніўня 1938 года прыгавораны да расстрэлу Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 19 верасня 1960 года.
Зноскі
- ↑ Міхнюк У. М. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.17: Хвінявічы — Шчытні — С. 92.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Збор паштовак «Берасцейцы — дзеячы БНР». Аўтар тэкстаў — Ігар Бараноўскі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Славутыя постаці Берасцейшчыны: Іван Цвікевіч
- Іван Цвікевіч (?.11.1891 — 1.08.1931)(недаступная спасылка)
- ЦВІКЕВІЧ Іван Іванавіч // Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Т2.
- Іван Трызна. Канстанцін Каліноўскі
- Нарадзіліся ў 1891 годзе
- Нарадзіліся ў Брэсце
- Памерлі 1 ліпеня
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў СССР
- Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
- Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Памерлі 1 жніўня
- Памерлі ва Усць-Канску
- Публіцысты Беларусі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Рэабілітаваныя ў СССР