Іван Іванавіч Ціцянкоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Іванавіч Ціцянкоў
1-ы кіраўнік справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
4 жніўня 1994 — 6 снежня 1999
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Кіраўнік урада Міхаіл Чыгір (да 18 лістапада 1996), Сяргей Лінг
Пераемнік Уладзімір Ганчарэнка
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь
15 мая 1990 — 14 мая 1995
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч (да 21 ліпеня 1994), Міхаіл Чыгір

Нараджэнне 5 лістапада 1953(1953-11-05) (70 гадоў)
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць палітык

Іва́н Іва́навіч Ціцянко́ў (нар. 5 лістапада 1953, в. Клеявічы, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць) — беларускі палітык. 1-ы кіраўнік справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994—1999).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1973 года скончыў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум (Магілёўская вобласць). У 1973—1975 гадах служыў у Савецкім войску. У 1975—1976 гадах працаваў заатэхнікам у саўгасах «Дуброва» (в. Белая Дуброва, Касцюковіцкі раён) і «Брацкі» (в. Брацькавічы, Касцюковіцкі раён), калгасе «Ленінская іскра» (в. Муравілле, Пралетарскі сельсавет, Касцюковіцкі раён). У 1976—1977 гадах — галоўным заатэхнікам, а ў 1977—1985 гадах — кіраўніком саўгаса «Каўгарскі» (в. Каўгары, Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць). У 1981 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (Горкі, Магілёўская вобласць). У 1985—1990 гадах — на савецка-партыйных пасадах.

З траўня 1990 года па травень 1995 года — дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання ад Краснапольскай выбарчай акругі № 300, на пасаду якога абраўся як 1-ы сакратар Краснапольскага раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі. На пасадзе дэпутата быў сакратаром Камісіі па праблемах ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 19921994 гадах адначасна быў камерцыйным кіраўніком фонду «Спадчына Чарнобыля» (Венгрыя). Таксама выступіў заснавальнікам сумесных прадпрыемстваў «Эспрэс-Сэрвіс-Брама» і «ТаймІнвест». Тым часам, артыкул 1 Закона аб барацьбе са злачыннасцю ў сферы эканомікі ад 15 чэрвеня 1993 года забараняў дзяржаўным службоўцам займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю[1].

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года быў даверанай асобай і спонсарам Аляксандра Лукашэнкі. 17 чэрвеня 1994 года пад Лёзнам (Віцебская вобласць) быў саўдзельнікам інсцэніроўкі абстрэлу свайго «Мэрсэдэса», на якім вёз Лукашэнку[1]. 4 жніўня 1994 года заняў толькі створаную пасаду кіраўніка справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[2], на якой заставаўся да адстаўкі 6 снежня 1999 года. 16 траўня 1995 года, праз 2 дні пасля рэфэрэндума аб змене дзяржаўных герба і сцяга, зняў з будынка Рэзідэнцыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на той час яшчэ дзяржаўны бела-чырвона-белы сцяг, разарваў яго, і на яго кавалках паставіў свой подпіс з датай. Пасля ўзняў над рэзідэнцыяй чырвона-зялёны сцяг[3]. У жніўні 1995 года стварыў у падпарадкаванні Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі прадпрыемства «ГандальЭкспа» («ТоргЭкспа»), якое да закрыцця ў 1999 годзе пазбегла падаткаабкладання ў Беларусі і Расіі ($4 млрд) на больш як $4,5 млрд у выніку адмысловага прэзідэнцкага распараджэння[4]. З лютага 2000 года па 2001 год быў кіраўніком аддзела лагістыкі ў расійскім прадпрыемстве «Ітэра» (Масква). У наступным перайшоў на працу ў будаўнічае прадпрыемства. У 2011 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе ўладкаваўся ў прыватнае прадпрыемства[5]. Два сыны засталіся ў Расіі.

Затым пенсіянер, жыве ў Тарасаве пад Мінскам[6].

ГандальЭкспа[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 1995 года Іван Ціцянкоў стварыў у падпарадкаванні галоўнай гаспадарчай управы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўнае гандлёва-экспазіцыйнае прадпрыемства «ГандальЭкспа» («ТоргЭкспа») са статутным капіталам 59 млн рублёў ($5,12 тыс.)[7] і сядзібай за Мінскім заводам халадзільнікаў «Атлант» па праспекце Машэрава, д. 61 (цяпер пр-т. Пераможцаў)[8]. 22 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне № 230 «Аб падатковых ільготах дзяржаўнаму гандлёва-экспазіцыйнаму прадпрыемству „ГандальЭкспа“» пад грыфам «Не для друку» з 2 пунктаў. Першы пункт абвяшчаў: «З мэтай забеспячэння насельніцтва Рэспублікі Беларусь таварамі народнага спажывання напярэдадні новага года вызваліць прадпрыемства „ГандальЭкспа“ ад выплаты мытаў, акцызаў і падатку на дададзеную вартасць … на падставе кантрактаў, узгодненых з Упраўленнем справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Другі пункт распараджэння прадпісваў: «накіроўваць сродкі, захаваныя „ГандальЭкспа“, у спецыяльны фонд прэзідэнта»[4]. 23 лістапада «ГандальЭкспа» заключыў з англійскай кампаніяй Union Distribution дамову пра пастаўку ў Беларусь 50 відаў тавараў на агульную суму $500 млн. У спісе тавараў значыліся: аўтамабілі, малако, мяса і «іншыя прамысловыя тавары». Адзін з пунктаў кантракта прадугледжваў: «На даручэнне Пакупніка плацяжы могуць ажыццяўляцца трэцімі асобамі на рахункі, названыя Прадаўцом, з пісьмовай згоды абодвух бакоў», што дазволіла выкарыстаць падатковыя льготы староннімі прадпрыемствамі. 30 лістапада 1-ы намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Вікенцій Макарэвіч падпісаў распараджэнне «Аб пропуску грузаў фірмы „ГандальЭкспа“». Бальшыня пастаўленых тавараў склалі падакцызныя заходнееўрапейскія алкагольныя напоі і цыгарэты, што «ГандальЭкспа» рээкспартаваў у Расію. Вызваленне ад падаткаабкладання перавысіла $320 млн, што раўнялася каля 10 % даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі і перавысіла агульныя выдаткі дзяржаўнага бюджэту на асвету, навуку і культуру[9].

За студзень — сакавік 1996 года «ГандальЭкспа» ўвезла ў Беларусь тавараў на суму $176 млн, што склала 24 % ад $732 млн агульнага імпарту ў краіну за 1-ы квартал года. У тым ліку за люты 1996 года «ГандальЭкспа» паставіла ў Беларусь тавараў на $113,6 млн, з якіх алкагольных напояў (пераважна гарэлкі) на $100 млн (88 %), рэшту сумы склалі раскошныя аўтамабілі[10]. 29 лютага 1-ы намеснік Дзяржаўнага мытнага камітэта Расіі Валерый Круглікаў падпісаў Указ № 01-14/220ДСП «Аб афармленні тавараў, што ўвозяцца з Рэспублікі Беларусь» у сувязі са «звесткамі аб масавым увозе на мытную тэрыторыю Расійскай Федэрацыі з Рэспублікі Беларусь тавараў, раней імпартаваных туды арганізацыяй „ГандальЭкспа“ без аплаты мыта, прадугледжаных Пагадненнем пра Мытны саюз». У выніку ў красавіку на чыгуначных станцыях Калодзішчы, Мачулішчы (Мінскі раён) і Радошкавічы (Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) сабралася 380 вагонаў з гарэлкай, якія ахоўвалі ўнутраныя войскі Беларусі, бо на расійскай граніцы часова сталі патрабаваць аплаты мыта[9]. Наступствам стаў 17-кратны рост гандлю алкаголем у Беларусі за 1996 год, хоць яго вытворчасць у краіне скарацілася на 1/3. Мытны саюз з Расіяй, які прадугледжваў адсутнасць дагляду на беларуска-расійскай граніцы, дазволіў «ГандальЭкспа» пазбегнуць выплаты звыш $4 млрд расійскага мыта, акцызу і падаткаў да закрыцця прадпрыемства ў 1999 годзе[11]

Зноскі

  1. а б Сяргей Антончык. Даклад на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі 20 сьнежня 1994 г. // Свабода : газэта. — сьнежань 1994. — № 49.
  2. А. Лукашэнка. "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 1994 г. № 19 «Аб стварэнні Упраўлення справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»" [руская]. Валерый Леванеўскі. Праверана 12 снежня 2015.
  3. "Ціцянкоў рве бел-чырвона-белы сцяг". Газета «Наша ніва». 13 траўня 2012. Праверана 12 снежня 2015.(недаступная спасылка)
  4. а б Канстанцін Скуратовіч. Чаго няма, таго і не будзе // Новы час : газета. — 22 жніўня 2014. — № 31 (400). — С. 6. — ISSN 2218-2244.
  5. Уладзімір Глод (23 чэрвеня 2014). "Ад Антановіча да Янчэўскага, альбо Дваццаць паплечнікаў Лукашэнкі". Радыё «Свабода». Праверана 12 снежня 2015.
  6. nashaniva.by
  7. "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 1995 год (11 525 руб. за $)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2000. Праверана 12 снежня 2015.
  8. Аляксандр Кур’яновіч (29 лістапада 2015). "Рэферэндум-1996 у Беларусі паміж бяздарным Шарэцкім і гатовым на ўсё Лукашэнкам". Газета «Наша ніва». Праверана 12 снежня 2015.(недаступная спасылка)
  9. а б Газета «Беларускі час» (9 жніўня 2001). "Гаманец Лукашэнкі" [руская]. «Хартыя’97». Праверана 12 снежня 2015.
  10. Ася Трацюк. Кансерванты і фарбавальнікі як складовыя часткі беларускай антыкарупцыйнай стравы(руск.) = Консерванты и красители как составные части белорусского антикоррупционного блюда // БелГазета : газета. — 9 ліпеня 2001. — № 26 (292). — ISSN 1684-4742.
  11. "Расейскія дэпутаты прапануюць расследаваць карупцыю ў асяроддзі Лукашэнкі". «Хартыя’97». 7 кастрычніка 2010.