Іван Ігнатавіч Крамко
Іван Ігнатавіч Крамко | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 4 студзеня 1931 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 лістапада 2019 (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | мовазнавец, linguistics teacher |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
Іва́н Ігна́тавіч Крамко́ (4 студзеня 1931 в. Беражна, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства — 30 лістапада 2019, Мінск) — беларускі мовазнавец.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Другой сусветнай вайны з восені 1943 г. да ліпеня 1944 г. быў сувязным атраду «Камсамолец» на тэрыторыі Мірскага раёна.
Пасля заканчэння ў 1950 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Мір паступіў на філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1955 годзе. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, пасля заканчэння якой з кастрычніка 1958 года да снежня 2004 года працаваў у сектары (аддзеле) гісторыі беларускай мовы на пасадах малодшага і старшага навуковага супрацоўніка.
У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сінтаксіс складанага сказу Слонімскіх актаў другой паловы XVI стагоддзя» (навуковы кіраўнік — М. А. Жыдовіч). У 1970 годзе яму было прысвоена навуковае званне старшага навуковага супрацоўніка.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Займаўся самымі рознымі аспектамі гісторыі беларускай мовы, але ў першую чаргу яго цікавілі пытанні гістарычнай лексікалогіі і лексікаграфіі, гістарычнага сінтаксісу, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, культуры беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасці сталі звыш ста трыццаці навуковых работ, сярод якіх манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (Т. 2, Мінск, 1968; у суаўтарстве), («Сінтаксіс Слонімскіх актаў XVI ст. (складаны сказ)» (Мінск, 1970), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (Мінск, 1970; у суаўтарстве), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (Мінск, 1979, у суаўтарстве), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст.» (Мінск, 1988, у суаўтарстве) і інш.), артыкулы ў навуковых зборніках, перыядычных выданнях («Беларуская лінгвістыка» і інш.). Даследаваў лексіку роднай вёскі Беражаны, пра што друкаваў дыялекталагічныя нататкі ў зборніках «З народнага слоўніка» (Мінск, 1975), «Жывое слова» (Мінск, 1978), «Народная словатворчасць» (Мінск, 1979); Народнае слова (Мінск, 1986), «Жывое народнае слова» (Мінск, 1992).
Прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага з'езду славістаў (Варшава, 1973).
Пад кіраўніцтвам К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) удзельнічаў у падрыхтоўцы другога выдання «Русско-белорусского словаря» (Мінск, 1982). Ён уваходзіў у склад рабочай групы, якая папаўняла рэестр слоўніка новымі словамі і праводзіла іх лексікаграфічную апрацоўку.
З'яўляўся сябрам калектыву па падрыхтоўцы да выдання «Статуту Вялікага Княства Літоўскага» 1588 года, выконваў адаптацыю тэксту Статута («Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведеднік. Каментарыі» [Мінск, 1989]).
Але адной з галоўнейшых спраў у навуковым жыцці стала праца над «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы». Ён быў сярод тых, хто распачынаў гэту дзейнасць, і прайшоў усе этапы работы над гэтым сапраўды ўнікальным і фундаментальным выданнем беларускай мовазнаўчай навукі.
Для слоўніка расчытаў і апрацаваў тэксты пісьменнасці розных жанраў: «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Арыстоцелевы вароты» (60-я гады XVI ст.), «Метрыка Вялікага Княства Літоўскага», дакументы, змешчаныя ў «Актах, издаваемых Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов» (Т. XIX, XX, XXXVI, XXXIX), зборнік жыцій святых другой паловы XVII ст. і інш. Прымаў удзел у стварэнні картатэкі слоўніка. Выпісаў 126 тысяч картак-цытат з вышэйназваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці. Распрацаваў слоўнікавыя артыкулы для дваццаці васьмі выпускаў слоўніка (2, 6-9, 12, 15, 16, 18-37). Увёў у навуковы ўжытак і адпаведна ў кола крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» раней невядомы помнік «Гистория, або Повесть людей розных веры годных о образе чудовным пренайсвятейшей девы Маріи Жировицком…», упершыню надрукаваны сумесна з А. І. Мальдзісам у зборніку «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (Мінск, 1985. С. 128—132).
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Медаль «Партызану Айчыннай вайны» II ступені (1949, за подпісам сакратара Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР А. Ф. Горкіна).
- Медаль «Ветэран працы» (1987).
- Ганаровая грамата НАН Беларусі за вялікі ўклад у падрыхтоўку «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» і ў сувязі з 70-годдзем з дня заснавання Інстытута.
- Падзяка Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У. Р. Гусакова за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць і значны ўклад у стварэнне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37-мі выпусках.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Пайшоў з жыцця Крамко Іван Ігнатавіч, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа
- Нарадзіліся 4 студзеня
- Нарадзіліся ў 1931 годзе
- Нарадзіліся ў Стаўбцоўскім павеце
- Памерлі 30 лістапада
- Памерлі ў 2019 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
- Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Узнагароджаныя медалём «Ветэран працы»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Беларусісты
- Пісьменнікі Беларусі
- Мовазнаўцы Беларусі