Перайсці да зместу

Іван Аляксандравіч (князь смаленскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Аляксандравіч
Смерць смаленскага князя Івана Аляксандравіча і ўкняжанне яго сына Святаслава (мініяцюра Ліцавога зводу, 1560-я).
Смерць смаленскага князя Івана Аляксандравіча і ўкняжанне яго сына Святаслава (мініяцюра Ліцавога зводу, 1560-я).
Смерць 1359
Род Рурыкавічы
Бацька Аляксандр Глебавіч[d]
Маці NN[d]
Дзеці Святаслаў Іванавіч і Васіль Іванавіч[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іван Аляксандравіч (? — 1359, Смаленск) — вялікі князь смаленскі (не пазней 1333—1359).

З дынастыі смаленскіх Рурыкавічаў — Расціславічаў. Малодшы сын вялікага князя смаленскага Аляксандра Глебавіча. Пасля гібелі ў 1300 годзе невядомага імем брата ў Дарабужы і смерці яшчэ аднаго брата — бранскага князя Васіля Аляксандравіча ў 1314 годзе, Іван Аляксандравіч быў адзіным прадстаўніком старэйшай галіны Расціславічаў.[1]

На думку Андрэя Кузьміна, Іван Аляксандравіч заняў смаленскі сталец пасля смерці свайго дзядзькі Усевалада Глебавіча, пра вялікае княжанне якога вядома толькі з сінодзіка роду Усевалажых[ru]. Наймацнейшымі іншымі прэтэндэнтамі на вялікае смаленскае княжанне былі сыны бранскіх князёў Рамана Глебавіча і Святаслава Глебавіча, яны абапіраліся на палітычную і ваенную падтрымку Залатой Арды, Вялікага княства Маскоўскага і Наўгародскай рэспублікі.[1]

Зімой 1333/1334 гадоў бранскі князь Дзмітрый няўдала спрабаваў захапіць Смаленск пры падтрымцы ардынскіх сіл на чале з цемнікамі Калантаем і Чырычам, але вымушаны быў заключыць мір з Іванам Аляксандравічам. Каб умацаваць свае пазіцыі, Іван Аляксандравіч прыняў сюзерэнітэт вялікага князя літоўскага Гедыміна, прызнаўшы яго «старэйшым братам» (у адным са сваіх дагавораў Іван Аляксандравіч называе і сваю «брацію», полацкага князя Глеба і віцебскага князя Альгерда). Падтрымка Вялікага Княства Літоўскага дапамагла Івану Аляксандравічу ўтрымаць смаленскі сталец, але ад Смаленскага княства да Вялікага Княства Літоўскага адышлі гарадкі Расна і Асуга[ru] (да 1334/1335), Таропец (да 1346) і Белая (да 1359), намінальнай стала і палітычна залежнасць ад Івана Аляксандравіча Бранскага княства (да зімы 1333/1334).[1]

Тэрыторыя, якую кантраляваў Іван Аляксандравіч абмяжоўвалася, апроч уласна Смаленскага ўдзела, шэрагам удзелаў — на поўдні, у басейне Сажа — Мсціслаўскім і Рослаўскім, на паўднёвым усходзе — Ельненскім, праз які праходзіў гандлёвы шлях па Дзясне, а на ўсходзе — Вяземскім і Дарагабужскім.[1]

Да саюзу з Вялікім Княствам Літоўскім Івана Аляксандравіча таксама матывавала патрэба выхаду да Балтыйска-Дняпроўскага шляху. У 1-й палове 1330-х гадоў Іван Аляксандравіч заключыў гандлёвы дагавор з Рыгай (у ім згадваецца яго залежнасць ад вялікага князя літоўскага). Саюз паміж Івана Аляксандравіча з Гедымінам заклапочваў хана Узбека, на загад якога ў канцы 1339 года арганізаваны маштабны паход на Смаленскае княства ардынска-уладзімірскіх войск пад камандаванне цемніка Таўлубія. Яны некалькі дзён штурмавалі Смаленск, аднак, не нанёсшы гораду значнай шкоды і самі не пацярпеўшы значных страт, знялі аблогу. У 1341 годзе віцебскі князь Альгерд у падтрымку Івана Аляксандравіча пачаў паход у вярхоўі ракі Масквы, аблажыў Мажайск і спаліў яго пасад 1 кастрычніка 1341 года.[1]

Пасля смерці вялікага князя Гедыміна (1341) Іван Аляксандравіч, імаверна, арыентаваўся на саюз з новым вялікім князем Яўнутам, які пасля свайго звяржэння ў 1345 годзе збег з дружынай з Вільні спачатку ў Смаленск, а затым у Маскву. Неўзабаве Іван Аляксандравіч прызнаў уладу вялікага князя Альгерда, пасылаў яму на дапамогу смаленскія войскі — у 1348 годзе яны ўдзельнічалі ў няўдалай бітве з крыжакамі на Стрэве.[1]

У 1351 годзе, на думку Андрэя Кузьміна, ва ўмовах аслаблення Вялікага Княства Літоўскага[2], вялікалітоўскія паслы да вялікага князя ўладзімірскага Сямёна Іванавіча, адмовіліся ад імя вялікага князя Альгерда ад сюзерэнітэту над Смаленскім княствам. Даведаўшыся пра паход войск вялікага князя ўладзімірскага на Смаленск, Іван Аляксандравіч выслаў сваіх паслоў, якія каля Угры заключылі перамір’е з вялікім князем Сямёнам Іванавічам. Для яго зацвярджэння смаленскія і маскоўскія паслы ездзілі ў Смаленск да Івана Аляксандравіча, і толькі пасля гэтага вялікі князь Сямён распусціў войскі, прастаяўшы на Угры восем дзён. Пра сур’ёзнасць ваеннай пагрозы Смаленску сведчыць тое, што хоць аблогі і не было, але горад ахапіла эпідэмія з прычыны шматлікасці і цеснаты людзей, якія ў ім схаваліся. Гэтыя падзеі сталі прычынай пераарыентацыі Івана Аляксандравіча на саюз з Масквой як у палітычнай, так і ў царкоўнай сферы. На думку Андрэя Кузьміна, імаверна, сярод галоўных умоў выпрацаванага ў складаных і працяглых перамовах пагаднення былі гарантыі прызнання сыноў Івана Аляксандравіча спадчыннікамі на смаленскім вялікакняскім стальцы, а таксама ваенная і палітычная дапамога ад Вялікага княства Маскоўскага і Арды ў вяртанні кантролю над страчанымі раней землямі, у першую чаргу — Бранскім княствам.[1]

У адказ на прамаскоўскую арыентацыю Івана Аляксандравіча вялікі князь Альгерд прыняў захады па паслабленні яго ўплыву ў смаленскіх удзелах. У 1356 годзе стаўленік Альгерда, сіжскі князь Іван захапіў Ржэву, а сам Альгерд напаў на Смаленск і Бранск, узяўшы ў палон унука Івана Аляксандарвіча — князя Івана Васілевіча. У адказ, у 1357 годзе ярлык на Бранскае княства ў Ардзе атрымаў сын Івана Аляксандарвіча — Васіль Іванавіч (? — 1357), а ў 1358 годзе войскі з Мажайска і Валока-Ламскага вярнулі з-пад вялікалітоўскага кантролю Ржэву.[1]

  • Го­лу­бов­ский П. В. Ис­то­рия Смо­лен­ской зем­ли до на­ча­ла XV сто­ле­тия. К., 1895;
  • Гор­ский A. A. Брян­ское кня­же­ст­во в по­ли­ти­че­ской жиз­ни Вос­точ­ной Ев­ро­пы (ко­нец XIII — на­ча­ло XV в.) // Сред­не­ве­ко­вая Русь. М., 1996. Вып. 1;
  • Кузьмин А. В. Восточная Европа и поражение войск Великого Княжества Литовского в битве на р. Страве 2 февраля 1348 г .: военные и внешнеполитические итоги // Studia Historica Europae Orientalis. — Мн.: 2012. — № 5. — С. 84-115.
  • Кузь­мин А. В. Иван Александрович // Большая российская энциклопедия: [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов.. — М.: Большая российская энциклопедия, 2008. — Т. 10. — С. 627.
  • Кузь­мин А. В. Фа­ми­лии, по­те­ряв­шие кня­же­ский ти­тул в XIV — пер­вой тре­ти XV в. (Ч. 1: Все­во­лож За­бо­лоц­кие, Во­лын­ские, Ли­пя­ти­ны) // Гер­ме­нев­ти­ка древ­не­рус­ской ли­те­ра­ту­ры. М., 2004. Вып. 11;
  • Кузь­мин А. В. Кня­зья Мо­жай­ска и судь­ба их вла­де­ний в XIII—XIV в.: Из ис­то­рии Смо­лен­ской зем­ли // Древ­няя Русь. 2004. № 4(18).
  • Фло­ря Б. Н. Борь­ба мо­с­ков­ских кня­зей за смо­лен­ские и чер­ни­гов­ские зем­ли во вто­рой по­ло­ви­не XIV в. // Про­бле­мы ис­то­ри­че­ской гео­гра­фии Рос­сии. М., 1982. Вып. 1;