Іван Дубовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іван Дубовіч
Архімандрыт Дзерманскі
1634 — паміж 1655-1656
Царква: Грэка-Каталіцкая Царква
Папярэднік: Мялецій Сматрыцкі
Пераемнік: Пракоп Хмялеўскі
Абшчына: Кіеўская уніяцкая мітраполія

Прафесія: пісьменнік, святар
Нараджэнне: 2-я пал. XVI ст.
Смерць: не раней за 1655 і не пазней за 1656
Бацька: Ігнат Дубовіч
Маці: Ганна Бандзюкевіч

Іван Дубовіч (польск.: Jan Dubowicz, укр.: Іван Дубович; 2-я пал. XVI ст., Вільня — паміж 16551656, Дзерманскі манастыр(укр.) бел., Валынскае ваяводства)[1] — дзеяч Грэка-Каталіцкай Царквы ў Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, базыльянін.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з сям’і заможных мяшчан. Сын віленскага бурмістра Ігната Дубовіча і Ганны Бандзюкевіч, брат Аляксея Дубовіча[2]. Прыняў манаства ў базыліянскім ордэне. Намеснік полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў Магілёве (1619)[3].

На базыльянскай кангрэгацыі 1623 года выбраны на пасаду правінцыяла ордэна[4]. У тым жа годзе па даручэнні Іосіфа Руцкага вёў перамовы ў Кіеве з праваслаўным мітрапалітам Іовам Барэцкім і Мялеціям Сматрыцкім. Абмяркоўвалася пытанне аб’яднання праваслаўных з уніятамі і стварэння ў Рэчы Паспалітай асобнага патрыярхату, падпарадкаванага Папу[5].

Архімандрыт базыльянскіх манастыроў у Жыровіцах (1627—1629), пінскім прадмесці Лешчы (1634), Дзермані(укр.) бел. на Валыні (1634—1656)[6][1]. У 1638 г. быў адхілены ад кіравання Дзерманскім манастыром холмскім епіскапам Мяфодзіям Цярлецкім(укр.) бел., але праз год вярнуўся на ранейшую пасаду.[7]

Ёсць сведчанне пра пераход Івана Дубовіча ў лацінскі абрад. У актах Кангрэгацыі Прапаганды Веры ад 20 лістапада 1643 года ён згадваецца як манах ордэна бернардзінцаў. Змена абраду не была ўхвалена ўніяцкім мітрапалітам Антонам Сялявам і Апостальскай Сталіцай. Каля 1645 года Іван Дубовіч зноў вярнуўся ў базыльянскі ордэн і працягваў выконваць абавязкі архімандрыта Дзерманскага манастыра да смерці.[8]

Дзерманскі манастыр. Малюнак А. Яжова. 1845

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пісаў на польскай і старабеларускай мовах. Літаратурную дзейнасць пачаў з панегірыка «Казанне на пахаванне Яснавельможнай пані Барбары Нарушэвіч» (1627). Астатнія творы так ці інакш звязаны з багаслоўем і царкоўнай гісторыяй. У працы «Іерархія або аб вяршэнстве ў Божай Царкве» (1644) абгрунтоўваецца каталіцкі погляд на сутнасць царкоўнага адзінства, даказваецца неабходнасць заключэння царкоўнай уніі. У палеміцы з праваслаўнымі апанентамі аўтар карыстаўся як багаслоўскай аргументацыяй, так і фактамі царкоўнай гісторыі. У творы змешчаны храналагічны нарыс з біяграфіямі ўсіх кіеўскіх мітрапалітаў, які пазней выкарыстоўвалі іншыя ўніяцкія пісьменнікі. Іван Дубовіч паказвае вялікую эрудыцыю, спасылаецца на разнастайныя крыніцы: «рускія і маскоўскія летапісы», саборнікі, пралогі, творы гісторыкаў (Мацея з Мяхова, Марціна Кромера, Мацея Стрыйкоўскага, Цэзара Баронія ды іншых).

Апублікаваў ліст патрыярха Александрыйскага Кірыла Лукарыса(руск.) бел. 1601 года, які знайшоў у архіве Львоўскага кафедральнага сабора.

Праца «Сапраўдны каляндар Хрыстовай Царквы» (1644) звязана з дыскусіяй сярод уніятаў наконт мэтазгоднасці пераходу на грыгарыянскі стыль. Аўтар выступае ў падтрымку каляндарнай рэформы. Царкоўныя догматы спалучаюцца ў творы з рацыяналістычнай аргументацыяй: фактамі астраноміі, матэматыкі, фізікі, гісторыі.

Літаратурная спадчына Івана Дубовіча не абмяжоўваецца друкаванымі выданнямі. Засталіся ў рукапісах наступныя творы:

  1. «Кормчя, або Номаканон» (каля 1634) — збор кананічнага права старажытнабеларускай рэдакцыі.
  2. «Абарона царквы саборнай апостальскай супраць усіх ератыкаў» (Obrona Cerkwi Sobornej Apostolskiej przeciw wszytkim heretykom, 1639) — частка матэрыялаў з гэтай працы перадрукавана пазней у кнізе «Іерархія або аб вяршэнстве ў Божай Царкве» (1644).
  3. «Хроніка, або сумарыуш» (Kronika czyli sumarius) — кампілятыўны зборнік па гісторыі царквы, у тым ліку ў Рэчы Паспалітай, з 34 па 1600 год.
  4. «Способ размышленя повседневного» — зборнік медытацый на «рускай» і лацінскай мовах.
  5. «Вобраз Праваслаўнай Царквы» (Obraz Prawoslawnej Cerkwi, 1645).
  6. Невядомы твор, накіраваны супраць Касіяна Саковіча(укр.) бел., пра які пісаў Пётр Магіла ў працы «Літас»[9]. Сам Іван Дубовіч аспрэчыў сваё дачыненне да яго напісання ў луцкім гродскім судзе 19 чэрвеня 1645 года[10].

Пераважная частка рукапіснай спадчыны пісьменніка (каля 1500 аркушаў) у 1920—1930-я гады захоўвалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы (Варшава). Падчас Другой сусветнай вайны рукапісы зніклі.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Довбищенко Михайло. Повернення з небуття: рукописна та друкована спадщина дерманського архимандріта Івана Дубовича // Озстрозький краєзнавчий збірник. — Вип. 10. — Острог, 2018. — Стар. 183.
  2. Георгі Галенчанка. Ян Дубовіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. — Вып. 2. — Мінск: Беларускі Фонд культуры. — Стар. 128.
  3. Описание документов архива западнорусских униатских митрополитв. — Том 1. — СПб, 1897. — Стар. 170—171.
  4. Археографический сборник документов относящихся к истории Северо-Западной Руси. — Том XII. — Вильна, 1900. — Стар. 24.
  5. Шмурло Е. Ф. Римская курия на русском православном востоке в 1609—1654 годах. — Прага, 1928. — Стар. 53-57, 305—316.
  6. Stebelski I. Ostatnie prace // Archiwum Komissyi Historycznej. — Tom 1. — Kraków, 1878. — S. 367, 371.
  7. Сhodynicki Kazimierz. Dubowicz Jan // Polski Słownik Biograficzny.— Kraków, 1939-46.— t. 5.— S. 436—437.
  8. Архів Української Церкви. — Том 3. — Випуск 1. — Документи до історії унії на Волині і Київщині кінця XVI — першої половини XVII ст. — Київ, 2001. — Стар. 73.
  9. Архив Юго-Западной России. — Часть 1. — Том 9. — Кіев, 1893. — Стар. 53, 69, 278.
  10. Галенчанка Георгі. Ян Дубовіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. — Вып. 2. — Мінск: Беларускі Фонд культуры. — Стар. 138.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.