Іван Мікітавіч Серада

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іван Мікітавіч Серада
Іван Мікітавіч Серада
Старшыня Народнага сакратарыята БНР
22 ліпеня 1918 — 11 лістапада 1918
Папярэднік: Раман Скірмунт
Пераемнік: Антон Луцкевіч
Народны сакратар замежных спраў БНР
22 ліпеня 1918 — 11 лістапада 1918
Папярэднік: Раман Скірмунт
Пераемнік: Антон Луцкевіч
Старшыня Рады БНР
18 сакавіка 1918 — 14 траўня 1918
Папярэднік: пасада заснавана
Пераемнік: Язэп Лёсік
Народны сакратар гаспадаркі БНР
21 лютага 1918 — ліпень 1918
Папярэднік: пасада заснавана
Пераемнік: Тодар Вернікоўскі
 
Партыя: Беларуская сацыялістычная грамада і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў
Адукацыя: Варшаўскі ветэрынарны інстытут (1903)
Дзейнасць: палітык
Нараджэнне: 1 (13) мая 1879
Задзвея, Навагрудскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць: пасля 19 лістапада 1943
СССР
Жонка: Ксенія Сцяпанаўна Серада[1]
Дзеці: Мікалай (1908—1993)
Наталля (1909—1991)

Іва́н Мікі́тавіч Серада́, (Ян, Янка Серада) (13 траўня 1879, в. Задзвея, Навагрудскі павет, цяпер Баранавіцкі раён — пасля 19 лістапада 1943) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог, публіцыст. Першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дзеячы БНР у 1918 годзе. Іван Серада сядзіць другі злева.
Фота з крымінальнай справы

Нарадзіўся 13 траўня 1879 года ў вёсцы Задзвея Навагрудскага павета ў сям’і святара[2][3].

У 1903 годзе скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. У 19051906 гадах у расійскім войску на Маньчжурскім фронце. У 19071911 гадах працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, тады ж выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы[2].

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, з 1914 года публікаваў допісы і артыкулы на сельскагаспадарчую тэматыку ў часопісе «Саха»[2].

У Першую сусветную вайну на фронце, вайсковы ветэрынар. З 1917 года ўдзельнічае ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. У снежні 1917 года абраны старшынём Усебеларускага з’езда[2]. Пасля разгону З’езда бальшавікамі, быў арыштаваны разам з яшчэ 27 актыўнымі ўдзельнікамі, але ўсіх хутка адпусцілі. Увайшоў у Выканкам Савета З’езда. У лютым 1918 года ў складзе беларускай дэлегацыі разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім і Аляксандрам Цвікевічам на мірных перамовах у Брэст-Літоўску. 20 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага З’езда сфарміраваў першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят. Янка Серада быў прызначаны сакратаром (міністрам) народнай гаспадаркі. Першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (18 сакавіка14 траўня 1918). Увайшоў у створаную ў траўні 1918 года Раду старэйшын (Сеньёрэн-канвент)[4]. Пад кіраўніцтвам Янкі Серады Рада БНР на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года бальшынёй галасоў прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 22 ліпеня 1918 года Рада БНР даручыла Яну Серадзе сфармаваць трэці ўрад. У ім Серада заняў пасаду Старшыні Народнага Сакратарыята і быў народным сакратаром замежных спраў да 11 лістапада 1918 года. Быў адхілены з пасады па абвінавачванні ў супольных з Менскім губернскім земствам дзеяннях, некарысных для Рады Рэспублікі[5].

Сябра ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У 19191920 гадах уваходзіў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт, прэзідыум Найвышэйшай рады БНР[2].

У 19211925 гадах навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі Інбелкульта, выкладчык Менскага беларускага педагагічнага тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Менскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума ў 19231924 гадах. У ліпені 1925—снежні 1929 гадоў дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 годзе навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Выступаў з артыкуламі па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі[2].

4 ліпеня 1930 года быў арыштаваны АДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на пяць гадоў. 27 снежня 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19 лістапада 1943 года з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы[2].

Па першым прыгаворы рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10 ліпеня 1988 года, па другім — паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 16 студзеня 1989 года[2].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Як трэба каваць коні. Мн., 1926;
  • Ветэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1-2. Мн., 1927—1928;
  • Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930.

Зноскі

  1. Андрэй Шулаеў Прэзыдэнт Рады БНР першы Прэзыдэнт Беларусі. inbelhist.org (5 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2015. Праверана 12 сакавіка 2018.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 2,7 Васілеўскі Ю., 2001, с. 291
  3. Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  4. Міхалюк Д., 2014, с. 205
  5. Міхалюк Д., 2014, с. 284

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ю. Васілеўскі Янка Серада // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. с. — 10000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]