Іван Трафімавіч Гаўрыс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іван Трафімавіч Гаўрыс
Фатаграфія
Іван Гаўрыс, 1920 г.
Дата нараджэння 14 снежня 1890(1890-12-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 лістапада 1937(1937-11-04) (46 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта, настаўнік
Месца працы
Вучоба
Мастацкі кірунак супрэматызм і рэалізм[d]
Уплыў Казімір Севярынавіч Малевіч і Вера Міхайлаўна Ермалаева
Член у

Іван (Янка) Трафімавіч Гаўрыс (14 снежня 1890, Кухчыцы, цяпер Клецкі раён4 лістапада 1937, Віцебск, НКУС) — беларускі мастак. Сябра віцебскага авангарднага аб’яднання УНОВИС.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 14 снежня 1890 года ў вёсцы Кухчыцы Клецкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні ў беларускай сялянскай сям’і. Па атрыманні пачатковай асветы паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1909 годзе. Працаваў настаўнікам народных школ. У 1912 годзе паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт, аднак не паспеў скончыць яго праз пачатак Першай сусветнай вайны[1].

З пачаткам вайны прызваны ў расійскае войска, служыў на пасадзе інтэнданта ў штабе 16-га армейскага корпуса ў Дзвінску і Гарадку Віцебскай губерні, потым у Віцебску. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у Віцебску. Займае пасаду кіраўніка справаводства аддзела забеспячэння Віцебскага губернскага ваеннага камісарыята[2].

У верасні 1918 года падае прашэнне аб прыёме яго ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. У архіве інстытута адзначаецца, што ён меў чатырохгадовы стаж выкладання настаўнікам і скончыў 2 курсы Віленскага настаўніцкага інстытута да пачатку вайны. З верасня 1918 года да красавіка 1920 года Іван Гаўрыс вучыўся на фізіка-хімічным аддзяленні Віцебскага настаўніцкага інстытута, адначасова працаваў настаўнікам у віцебскіх школах. У інстытуце развіццю мастацкіх здольнасцяў Гаўрыса спрыяе педагог малявання Дзмітрый Рохлін. У красавіку 1920 года Гаўрысу выдадзенае пасведчанне аб заліку работ па маляванні за поўны курс інстытута, падпісанае Рохліным. Паводле Гаўрыса, у настаўніцкім інстытуце навучанне «вялося ў такім напрамку, каб навучыць студэнтаў замалёўваць прадметы з натуры»[2]. Яшчэ ў пачатку 1919 года Гаўрыс паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якім на той час кіраваў спачатку Мсціслаў Дабужынскі, а потым Марк Шагал. У вучылішчы ён трапляе ў майстэрню да мастачкі Веры Ермалаевай. У вучылішчы стаў сябрам выканкама навучэнцаў, у майстэрні Ермалаевай выконваў абавязкі старасты і першага памочніка. У траўні 1920 года прызначаны на штатную пасаду бібліятэкара вучылішча. У чэрвені 1920 года Ермалаева становіцца кіраўніцай вучылішча, замест Марка Шагала, які з’ехаў з Віцебска. Вучылішча атрымала назву Віцебскія вышэйшыя мастацкія майстэрні[2].

Сябры УНОВИС перад ад’ездам у Маскву. Іван Гаўрыс у левым ніжнім вуглу з кнігай. Віцебск, 5 чэрвеня 1920 г.

У студзені 1920 года Казімір Малевіч, выкладчык Віцебскага мастацкага вучылішча, стварае групу УНОВИС, якая займалася стварэннем супрэматычнага мастацтва. Іван Гаўрыс увайшоў у творчы камітэт групы. У траўні 1920 года супрэматычная суполка збіралася ў Маскву для ўдзелу ва Усерасійскай канферэнцыі выкладчыкаў і навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў. Для канферэнцыі быў падрыхтаваны «Альманах Уновиса», Іван Гаўрыс стаў аўтарам хронікі аб’яднання «Примечания к движению УНОВИСА». Казімір Малевіч распрацаваў для Віцебска праграмы мастацкай адукацыі, дзякуючы ягоным намаганням Наркамасветы дазволіў прыняць найбольш вопытных вучняў да працы ў якасці выкладчыкаў малодшых груп. У 1921 годзе Іван Гаўрыс быў зацверджаны адным з кіраўнікоў майстэрняў малодшых вучняў, застаючыся навучэнцам ён займаўся выкладаннем. У траўні 1922 года Гаўрыс атрымаў пасведчанне аб заканчэнні вучылішча.

Сябры УНОВИС у Віцебску, 1920 г. За сталом злева направа — К. Малевіч, В. Ермалаева, І. Гаўрыс, Н. Коган, Л. Лісіцкі

Улетку 1922 года значная частка выкладчыкаў на чале з Казімірам Малевічам і вялікая частка студэнтаў з’ехалі з Віцебска. 15 жніўня 1922 года сышла кіраўніца Вера Ермалаева, перадаўшы абавязкі Івану Гаўрысу. На пасадзе кіраўніка Гаўрыс запрасіў на выкладчыцкую пасаду акадэмічнага мастака Юдаля Пэна і яго вучняў Саламона Юдовіна, Абрама Бразера і Яўхіма Мініна. На пасадзе рэктара Віцебскага мастацкага практычнага інстытута Гаўрыс быў вымушаны адмовіцца ад выкладчыцкай сістэмы Малевіча і вярнуцца да класічнай. Фінансавая праверка кантрольных органаў увесну 1923 года абвінаваціла Гаўрыса ў недахопах і злоўжываннях у дзейнасці ВНУ, ён быў звольнены з пасады рэктара, а інстытут рэарганізаваны ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Гаўрыс вярнуўся да працы школьнага настаўніка малявання[3].

У сакавіку 1924 года ў выніку ўзбуйнення БССР горад Віцебск быў перададзены са складу РСФСР у склад БССР, распачалася беларусізацыя. У кастрычніку 1924 года Іван Гаўрыс звяртаецца ў Віцебскі акруговы аддзел асветы з заявай адхіліць яго ад выкладання мастацтва і даць «грунтоўную пасаду настаўніка беларускай мовы і літаратуры», у выніку чаго стаў выкладчыкам беларусазнаўства ў некалькіх школах: Першай віцебскай сямігодцы, Школе імя У. І. Леніна, Першай яўрэйскай школе, Вячэрняй школе імя К. Лібкнехта[4]. Янка Гаўрыс увайшоў у кола актыўных удзельнікаў Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, створанага інспектарам акружнога аддзела асветы Міколам Каспяровічам. У першым выпуску краязнаўчага зборніка «Віцебшчына» надрукаваны тэкст Гаўрыса «Беларускае мастацтва», у другім зборніку апублікаваныя яго ўспаміны пра мастацтва паслярэвалюцыйнага Віцебска. Удзельнік Першай Усебеларускай выстаўкі 1925 года ў Менску. Былі паказаныя тры карціны Гаўрыса: «Кветкі (Партрэт дачкі)», «Затока», Маёўка ў 1905 годзе», у якіх ён адмовіўся ад фармалістычных вышукаў і звярнуўся да рэалістычных пазіцый. на Другой Усебеларускай выстаўцы была паказаная праца «Вячэрні пэйзаж». Творы Гаўрыса не былі адзначаныя ў друку, рэпрадукцыі не былі апублікаваныя і дагэтуль невядомыя[5].

У 1932 годзе працуе ў Віцебскім кінатэхнікуме выкладчыкам, пазней загадчыкам навучальнай часткі. Вядома, што Іван Гаўрыс удзельнічаў у палітычных чыстках нядобранадзейных студэнтаў. У красавіку 1933 года была ўтвораная камісія навучальнай часткі на чале з Гаўрысам дзеля праверкі бібліятэкі і выяўлення «ідэалагічна шкоднай літаратуры». 20 кастрычніка 1937 года асуджаны па сфабрыкаванай справе «Польскай арганізацыі вайсковай» да найвышэйшай меры пакарання. 4 лістапада 1937 года расстраляны непадалёк ад Віцебска[6].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У часе сяброўства ў групе УНОВИС Іван Гаўрыс стварае супрэматычныя творы. Пазней звярнуўся да рэалізму.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лісаў А. Янка Гаўрыс: «прыродны беларус» у асяродку віцебскіх супрэматыстаў // ARCHE. — 2014. — № 3 (124). — С. 190—203.
  • Ленсу Я. Лёс апошняга рэктара // Культура. — 2019. — № 11 (1398).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]