Іван Фёдаравіч Крук (актывіст)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Іван Фёдаравіч Крук
Дата нараджэння:

27 кастрычніка 1944(1944-10-27) (73 гады)

Месца нараджэння:

Кажан-Гарадок, Брэсцкая вобласць, Беларусь

Грамадзянства:

Беларусь

Адукацыя:

Калінінградскі дзяржаўны ўніверсітэт

Партыя:

АГП, Рух «За Свабоду»

Бацька:

Фёдар Аляксандравіч Крук

Маці:

Усціння Канстанцінаўна Крук

Іван Фёдаравіч Крук (нар. 27 кастрычніка 1944 вёска Кажан-Гарадок, Брэсцкай вобласці) – дэпутат Астравецкага райённага савета, кандыдат у дэпутаты на парламенцкіх выбарах ў 2016 г., праваабаронца, член ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву», каардынатар грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная – гэта злачынства!», сябра АГП, актывіст Руху «За Свабоду», палітвязень Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Іван Крук, сын рэпрэсаванага святара. Пасля школы паехаў у Валгаградскую вобласць – у пасёлак Суравікіна, дзе паступіў у вучылішча і атрымаў спецыяльнасць механізатара. Вярнуўся дадому, некаторы час прапрацаваў матарыстам. Быў прызваны ў войска. Служыў у Гродзенскім палку сувязі. Затым скончыў мінскую школу міліцыі, пазней – Калінінградскі дзяржаўны ўніверсітэт. Юрыст. Больш за трыццаць гадоў працаваў у праваахоўных органах. Быў намеснікам начальніка крымінальнага вышуку ў Гродна, начальнікам крымінальнага вышуку ў Астраўцы, працаваў у Ваўкавыску.

Цяпер на пенсіі, займаецца праваабарончай дзейнасцю.

У 1995 г. быў абраны ў Астраўцы дэпутатам мясцовага Савета. Выступаў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 г. Пачаў займацца праваабаронай. Падтрымаў яго ў гэтым вядомы беларускі праваабаронца Барыс Звозскаў.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2006 г. збіраў подпісы за А. Мілінкевіча і А. Казуліна. У гэты час была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні на сына І. Крука – Аляксандра, нібыта за крадзёж. У сувязі з гэтым у кватэры І. Крука міліцыянты праводзілі ператрус. Было канфіскавана некалькі асобнікаў дэмакратычных бюлетэняў. Пры спробе канфіскацыі кампутара, І. Крук кінуў сістэмны блок на падлогу і разбіў яго. 03 лютага 2006 г. супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа. Пасля таго, як І. Крук быў асуджаны, крымінальная справа супраць яго сына Аляксандра была спыненая.

15 мая 2006 г. Лідскім раённым судом І. Крук  быў абвінавачаны ў здзяйсненні гвалтоўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі па арт.363 ч. 2 КК РБ (супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак), і асуджаны на шэсць месяцаў арышту. Беларускія праваабаронцы палічылі асуджэнне І. Крука палітычна матываваным.[1]

10 ліпеня 2006 г. з Астравецкага раённага аддзела міліцыі быў накіраваны ў Смаргонскі следчы ізалятар. Затым  адбываў пакаранне ў калоніі строгага рэжыму  №13 у г. Глыбокае. 18 кастрычніка 2006 г., падчас зняволення, у І. Крука памерла маці, з якой ён не змог развітацца.

10 студзеня 2007 г. быў вызвалены. Каб прадухіліць яго сустрэчу з сябрамі і паплечнікамі пры выхадзе з калоніі, быў вызвалены на гадзіну раней прызначанага тэрміну, вывезены міліцыяй за 50 кіламетраў у Пастаўскі раён і там адпушчаны. Быў вымушаны дабірацца дадому ў Астравец самастойна.

19 ліпеня 2008 г. І. Крук быў затрыманы на аўтадарозе ў г. Ашмяны і дастаўлены ў Ашмянскі РАУС. Збіраўся балатавацца на парламенцкіх выбарах па Іўеўскай акрузе, куды ўваходзяць і Ашмяны. З сабой меў улёткі са зваротам Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі і сваім здымкам на другім баку. Улёткі былі канфіскаваныя.

26 чэрвеня 2009 г. суд Астравецкага раёна (суддзя Дзямешчык) палічыў адміністратыўным правапарушэннем факт перадачы І. Круком свайму суседу бюлетэняў «Мірны атам», «Астравецкі веснік», «Глоток воздуха» і газеты «Новы час», якія ўтрымлівалі матэрыялы, датычныя праблемы пабудовы АЭС у рэгіёне. Затым газеты былі канфіскаваныя міліцыяй.

Суд аштрафаваў І. Крука на 700000 рублёў за «распаўсюд друкаваных перыядычных выданняў без выходных дадзеных выдаўца». І. Крук палічыў, што парушанае яго права на інфармаванне насельніцтва аб праблемах раёна, і звярнуўся са скаргай у абласны суд. Абскарджванні у Гродзенскім абласным і Вярхоўным судах станоўчых вынікаў не прынеслі. Вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны І. Крук звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Увосень 2015 г. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў  у гэтай справе парушэнне права І.Крука на свабоду распаўсюду інфармацыі. Камітэт падкрэсліў, што накладаючы на ​​чалавека, які не з’яўляецца выдаўцом абавязацельствы, выкладзеныя ў артыкуле 22 Закона аб сродках масавай інфармацыі, дзяржава тым самым абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў. Камітэт рэкамендаваў беларускаму ўраду прадаставіць І. Круку эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыццё судовых выдаткаў і панесенай ім сумы штрафу. Дзяржава павінна прыняць меры па недапушчэнні аналагічных парушэнняў у будучыні. На жаль, беларускія ўлады не выканалі гэтае рашэнне.[2]

16 мая 2010 г. на І.Крука склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9. АК РБ за распаўсюд бюлетэня «Прававая дапамога насельніцтву» без выходных даддзеных. Суддзя Астравецкага раёна Янкоўскі 17 чэрвеня вынес пастанову пра спыненне адміністрацыйнай справы паводле артыкула 22.9 КоАП ў адносінах да І. Крука ў сувязі з адсутнасцю склада правапарушэння і сканчэннем тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання.[3]

06 ліпеня 2010 г. І. Крук быў асуджаны Астравецкім раённым судом на 1 міліён 50 тысяч рублёў за паклёп падчас выбарчай кампаніі ў парламент у 2010 г. Кіраўнік спраў райвыканкаму М.Зімніцкі аказваў ціск на аднаго з выбаршчыкаў, які паставіў подпіс за вылучэнне І. Крука ў кандыдаты ў дэпутаты, з тым каб той адмовіўся ад свайго подпісу. Калі на чыноўніка райвыканкаму была напісана скарга ў абласную выбарчую камісію, той падаў на І. Крука ў суд.

У лютым 2011 г. І. Крук ініцыяваў збор подпісаў у Астраўцы пад адкрытым лістом да генеральнага пракурора РБ, ЦВК і еўрапейскіх структураў з фактамі парушэнняў выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2010 г. і з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі адносна ўдзельнікаў падзей 19 снежня ў Мінску. Ліст падпісала 49 чалавек.[4]

Кандыдат у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання ў 2012 г. Паводле рашэння партыі АГП зняў сваю кандыдатуру і заклікаў да байкоту выбараў.[5]

22 верасня 2012 г. быў затрыманы ў Астраўцы разам з калегам па партыі Мікалаем Уласевічам  за распаўсюд улётак з заклікам да байкоту выбараў.

Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Гродзенскага абласнога і Астравецкага раённага Савета дэпутатаў у 2014 г., аднак не быў зарэгістраваны. 28 сакавіка 2014 г. Іван Крук накіраваў адкрытую заяву пракурору Астравецкага раёна А.І. Марцінчыку па факце незаконных дзеянняў членаў Астравецкай раённай выбарчай камісіі па адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.[6]

Кандыдат у дэпутаты на парламенцкіх выбарах ў 2016 г па Гродзенскай Цэнтральнай акрузе № 51.[7]

І. Крук актыўны ўдзельнік антыядзернага супраціву. Удзельнічаў у стварэнні аргкамітэта руху «Астравецкая АЭС – гэта злачынства», збіраў подпісы грамадзян супраць АЭС.[8] Лічыць пабудову Беларускай АЭС – ваенна-палітычным праектам Расіі, накіраваным супраць Еўрапейкага Саюзу, які робіць Беларусь і палітычна і эканамічна яшчэ больш залежнай ад Расіі.

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты, мае двух сыноў. Жонка - Вольга Крук.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адзін дзень палітвязьня – 2009. С. 310 – 317.

Зноскі

  1. http://spring96.org/files/reviews/be/2006_review_by.pdf Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе
  2. http://gomelspring.org/be/news/4356 Восень у Жэневе: рашэнні КПЧ ААН па скаргах супраць Беларусі
  3. http://pyx.by/rus/news/94/ Актывіст Руху «За Свабоду» здолеў давесці суддзі, што распачатая ў адносінах яго адміністрацыйная справа за распаўсюд газет без выходных дадзеных не адпавядае працэсуальнаму кодэксу.
  4. https://www.svaboda.org/a/2311935.html У Астравецкім раёне патрабуюць вызваліць палітзьняволеных
  5. http://www.moyby.com/news/93979/ В Островце задержаны экс-кандидаты в «депутаты»
  6. http://pyx.by/rus/news/3538/ Местные власти пошли на противоправные действия, чтобы не допустить регистрации кандидатом в депутаты Гродненского областного и Островецкого районного советов активиста Движения «За Свободу» Ивана Крука, об этом заявил он сам в открытом обращении к жителям Островецкого района.
  7. http://ucpb.org/news/society/ivan-kruk-maryts-vyarnuts-demakratyyu Іван Крук марыць вярнуць дэмакратыю
  8. http://k.mihck.info/node/478 Репресии против участников антиядерного сопротивления

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

http://pyx.by/rus/news/444/

http://nn.by/?c=ar&i=26699 https://docs.rferl.org/be-BY/2010/03/22/adzin_dzen_palitviaznia.pdf

http://www.ucpb.org/news/partynews/ivan-kruk-vystupil-v-zashchitu-zhitelej-gudogaya

http://udf.by/news/main_news/62466-ivan-kruk-sistema-mvd-serezno-bolna.html

http://spring96.org/ru/news/10030

http://naviny.by/article/20161015/1476523783-belorusskaya-aes-zona-sekretnosti-no-1

http://naviny.by/rubrics/society/2012/11/27/ic_news_116_406180 https://spring96.org/be/news/5778

https://www.svaboda.org/a/772156.html

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.