Іван Яцкавіч Стрэжаўскі
Іван Яцкавіч Стрэжаўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | не пазней за 1518 |
Дата смерці | не раней за 5 чэрвеня 1569 |
Грамадзянства | |
Бацька | Яцка Сенькавіч[d][1] |
Маці | Ульяна з Ямантавічаў-Падбярэзскіх[1] |
Жонка | Алена з Корсакаў[d] |
Дзеці | Людміла са Стрэжаўскіх[d] і Аўдоцця са Стрэжаўскіх[d] |
Іван Яцкавіч Стрэжаўскі (каля 1513 — пасля 1569) — земянін полацкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З роду полацкіх баяр Радковічаў, сын баярына Яцкі Сенькавіча Радковіча і княжны Ульяны з Ямантавічаў-Падбярэзскіх. Шлюб з Яцкам быў для Ульяны другім і адбыўся каля 1513 года, у першым шлюбе яна была з родным братам Яцкі — Міхаілам, які памёр неўзабаве па вяселлі ў 1511—1512 гадах. Такім чынам, шлюб Ульяны з Яцкам зыходна быў некананічным, але асвечаным, магчыма, праз няведанне сужэнцаў і святара. Праблемы з законнасцю шлюбу выявіліся калі ў ім ужо нарадзілася трое сыноў, у 1518 годзе мітрапаліт Іосіф Солтан прызнаў шлюб незаконным, але дзяцей у ім законнымі дзецьмі і спадкаемцамі Яцкі. Прызналі іх і бліжэйшыя родзічы Яцкі, але некаторыя іншыя сваякі — не, што прычынілася працягламу працэсу Ульяны за правы і спадчыну сыноў, які ўрэшце скончыўся на іх карысць. Пасля безпатомнай смерці брата — князя Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага, Ульяна атрымала спадчыну па ім і перадала яе сынам.
Пэўны час дзядзькаў маёнтак Падбярэззе быў асноўным для братоў Рыгора і Івана Яцкавічаў, абодва яны зваліся па ім Падбярэзскімі (у дакуменце ад 5 мая 1542 года)[2]. Па раздзеле спадчыны (9 ліпеня 1542 года) Рыгор атрымаў «двор» Падбярэззе з вёскамі Станкіна, Хомкава, Курапава, Жаміева, Астрашапкі, Сіманава, Башарова, Палюдава, Замосце, Біклачы, даннікаў у Ельнянах і на Грушцы ў Забчыжыне, на Лагах у Жарэмцах, Белічанах і Чарневічах, а таксама другі «двор» за Дняпром — Басею з вёскамі Пагост, Навасёлкі, Безерава, Гарадзішча, Кішчыцы, Казловічы, Хамінічы, таксама ў Полацкім павеце «двор» Бачэйкава з вёскамі і да гэтага матчыны фальварак Сяльцо «ў замку Полацкім» (так дае Ю. Вольф), сёлы Дохнары і Обаль. Іван Яцкавіч за падзелам атрымаў Стрэжава з сёламі Давідовічы, Пятыверск, Саўрасеўск, палову Чалнышкавічаў і Плясканава, таксама 800 коп грошаў брат мусіў яму выплаціць. Абодва ад маці атрымалі па двары ў Полацку.[3]
Неўзабаве паміж братамі здарыўся канфлікт, на пачатку 1540-х гадоў Рыгор не паведаміў брату і прадаў каралю Жыгімонту Старому частку маёнтка Басеі і некаторых іншых, якія мусілі належаць Івану[4]. У 1547 годзе Іван Яцкавіч спрабаваў адсудзіць у брата сваю долю — Басею і Казечыцы, але яна засталася за гаспадаром.
Паводле Рэвізіі 1552 года, Іван называўся ўжо Стрэжаўскім па сваім маёнтку Стрэжава ў Полацкай зямлі. На думку В. Вароніна, магчыма, змяніў прыдомак праз вышэйзгадаваны маёмасны канфлікт з братам[5]. У 1552 годзе са сваіх маёнткаў у Полацкім павеце мусіў выстаўляць 10 «коней», то бок, па мерках павета быў даволі заможным. Маці запісала 23 чэрвеня 1555 года, напэўна, тастаментам, Івану свае маёнткі Дохнары, Обальцы і Прасемянец «на вечнае ўладанне», гэты акт цяпер вядомы толькі у пазнейшым частковым пераказе, магчыма, нешта яна запісала і Рыгору[5]. У 1556 годзе Іван зноў давялося судзіцца з сялянамі Магільна, гэтым разам магільняне не здолелі давесці свой статус гаспадарскіх сялян і былі прысуджаны Івану Стрэжаўскаму. Таксама ў 1556 годзе Іван адстойваў свае правы на Водву — маёнтак, які належаў яшчэ яго маці.[6]
Неўзабаве Іван Стрэжаўскім невядома якім чынам трапіў у маскоўскі палон, пэўны час яго лічылі загінулым, прынамсі дакумент ад 1 мая 1558 года называе яго нябожчыкам[6]. Пасля гэтага яго жонка Алена Васілеўна з Корсакаў узяла другі шлюб — з полацкім баярынам Яцкам Быстрэйскім — і распараджалася маёмасцю першага мужа, падзяліўшы яе з дзвюма дочкамі са шлюбу з ім. Аднак да 1569 года Іван вярнуўся з палону, пра далейшыя падзеі і яго лёс цяпер нічога пэўна не вядома.[7]
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У першым шлюбе з Аленай Васілеўнай з Корсакаў меў дачок Аўдоццю і Людмілу. Але паміж 1558—1569 гадамі, калі Іван Стрэжаўскі лічыўся загінулым, Алена ўзяла другі шлюб[7].
Напэўна нашчадкі з другога шлюбу вядомы пазней як шляхецкі род Стрэжаўскіх, які валодаў маёнткамі ў Наваградскім ваяводстве[7].
Зноскі
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 152.
- ↑ Воронин 2017, с. 98.
- ↑ Wolff 1895, s. 152-153.
- ↑ Чарняўскі 2013, с. 95.
- ↑ а б Воронин 2017, с. 99.
- ↑ а б Воронин 2017, с. 100.
- ↑ а б в Воронин 2017, с. 101.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa: Drukiem J. Filipowicza, 1895.
- Воронин В. А. Ульяна Подберезская: история жизни // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы : науч. сб.. — Минск: РИВШ, 2017. — В. 10. — С. 87-104.
- Чарняўскі Ф. Нататкі да генеалогіі князёў Адзінцэвічаў і Падбярэзкіх // Герольд Litherland № 19, 2013. — С. 67—102.