Ігба (народ)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ігба
(Ndị Ìgbò)
Igbo family in traditional attire.jpg
Агульная колькасць 30591600 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of Nigeria.svg Нігерыя 
Мова ігба (мова)
Рэлігія політэізм, хрысціянства, іўдаізм
Блізкія этнічныя групы ідома, ёруба, біні

Ігба (саманазва Ndị Ìgbò) — заходнеафрыканскі народ на паўднёвым усходзе Нігерыі. Агульная колькасць (2021 г.) — 30 591 600 чал.[1].

Продкі ігба аднымі з першых у трапічнай Афрыцы пачалі здабываць і апрацоўваць металы. У XVIIXIX стст. яны актыўна ўдзельнічалі ў трансатлантычным гандлі рабамі. Выхадцы з зямель ігба актыўна ўплывалі на фарміраванне культуры негрыцянскага насельніцтва Паўночнай Амерыкі і Вест-Індыі.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ама Ігба на карце Афрыкі

На працягу XX ст. на аснове антрапалагічных назіранняў і абрывістых вусных паданняў саміх ігба было высунута некалькі тэорый іх паходжання[2]. Усе яны былі заснаваны на гіпотэзе аб міграцыі з розных рэгіёнаў у Ама Ігба, сучасную тэрыторыю, населеную гэтым народам, і паступовай узаемнай асіміляцыі. У позніх легендах ігба таксама паведамлялася пра Ігба Нгіды, прабацьку народа, які жыў у гістарычны час. Аднак археалагічныя раскопкі ў Ама Ігба паказваюць, што яго насельніцтва вырабляла кераміку, падобную на сучасныя пасудзіны ігба, ужо каля 2500 гадоў таму. Генетычныя даследаванні пачатку XXI ст.[3] падцвярджаюць блізкасць ігба да іншых народаў рэгіёна.

Адной з прычын ранніх міграцый старажытных людзей у Ама Ігба былі прыродныя багацці, у тым ліку запасы металаў. Здабыча волава пачалася ў IX ст. да н. э. Археолагі знайшлі старажытныя рудні, дзе здабывалі цынк, гематыт, свінец, медзь[4]. Важную ролю ў кансалідацыі насельніцтва адыграла тэакратычная дзяржава Нры, створаная ў 948 г.[5] Да XV ст., калі ігба пачалі кантактаваць з партугальцамі, яны стварылі шэраг іншых дзяржаў. У некаторых з іх дамінавалі рэспубліканскія формы кіравання.

У канцы XIX — пачатку XX ст. Ама Ігба трапіла ў залежнасць ад Вялікабрытаніі, а ў 1961 г. увайшла ў склад Нігерыі. Далейшай кансалідацыі ігба садзейнічалі з'яўленне інтэлектуалаў, што з'яўляліся носьбітамі ідэй нацыяналізму, супольная антыкаланіяльная барацьба і спроба стварэння самастойнай дзяржавы Рэспубліка Біяфра.

Супольная назва ігба выкарыстоўваецца з XVIII ст. Этымалогія гэтага слова заставецца спрэчнай[6]. Мяркуецца, што яно можа значыць «народ», «абаронцы» або нават паходзіць ад слова onigboраб»). У якасці саманазвы ігба канчаткова замацавалася толькі ў XX ст.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба. Фота 1967 г.

Ігба здаўна займаюцца земляробствам. Для забеспячэння харчам яны вырошчваюць пераважна клубневые культуры, бананы, кукурузу, гародніну. У XIX ст. асноўнай таварнай культурай стала алейная пальма. Жывёлагадоўля з-за недахопу пашы і эпізаотый мае выключна дадатковае значэнне, абмежавана трыманнем дробнай жывёлы, часцей свойскай птушкі. Адсутнасць цяглавых жывёл прывяла да распаўсюджання ручной сельгаспадарчай вытворчасці. Мужчына лічыцца адказным за апрацоўку асноўнай часткі палеткаў, жанчыны атрымоўваюць дадатковы «жаночы ўраджай»[7]. Найчасцей на палетках працуе ўся сям'я, у тым ліку і дзеці.

Відавочна, што ўжо ў старажытнасці ў якасці асобнага рамяства вылучылася здабыча і апрацоўка металаў. Да XIX ст. металургія ператварылася ў найбольш спецыялізаваную вытворчасць. Акрамя таго, вядомы такія прафесійныя рамёствы як ткацтва і ганчарства[8]. Важную ролю ў развіцці грамадства адыгрывае гандаль. З XVII ст. да першай траціны XIX ст. ігба актыўна ўдзельнічалі ў трансантлантычным гандлі рабамі. Пазней — гандлі алеем, спецыямі і драўнінай.

Традыцыйныя паселішчы ігба ўяўляюць сабою сямейныя і родавыя комплесы з некалькіх хацін ulo aja oto, злучаных разам. Яны схаваны за тынам з цыновак і трыснёгу. Сцены будуюцца з гліны. Дахі каркасныя, з нахіламі, крытыя саломай і пальмавым лісцем[9][10]. Комплекс уключае жылыя пакоі, якія падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя, а таксама вялікі пакой obi для сустрэч і супольных рытуалаў.

Народная вопратка вельмі змянілася за некалькі стагоддзяў. У нашы дні яе апранаюць пераважна на вяселле, яна развіваецца пад моцным уплывам еўрапейскай моды. У далёкім мінулым чырвоныя часткі вопраткі насілі толькі правадыры, былі шырока распаўсюджаны насцегнавыя повязі, упрыгожаныя бісерам з ракавін. У нашы дні вопратку шыюць з раслінных тканін akwete, якія вырабляюць у аднайменнай мясцовасці на ручных станках[11]. Мужчынскае адзенне складаецца з кашулі isiagu і капелюша agwu. Жаночая вопратка ўключае блузу з аб'ёмнымі рукавамі, дзве накідкі і хустку[12]. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваюцца пацеркамі.

Кухня ігба ўключае мноства страў з клубневых культур. Прычым, выкарыстоўваюцца не толькі клубяні, але часцяком і іх лісце. Так, ялкаватае лісце ямса дадаецца ў салату, спалучаецца з арэхамі і спецыямі. Рыс і іншае збожжа ўжываюцца пераважна дзецьмі, дарослыя называюць іх «птушынай ежай»[13]. Мяса і рыбу ядуць пераважна варанымі, дадаюць іх у супы, поліўкі і салаты. Суп — асноўная ежа ў сельскай мясцовасці. Традыцыйны алкагольны напой — пальмавае віно. Гарадскія жыхары таксама любяць піва.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Жанчыны ігба, пачатак XX ст.

Ужо ў дакаланіяльны перыяд грамадства ігба было стратыфікаваным. Вылучаліся наступныя пласты насельніцтва[14]:

  • Асабіста свабодныя nwa-afo і diala
  • Рабы ohu
  • Выгнаннікі osu

Выгнаннікамі станавіліся тыя, хто здзейсніў найбольш пагарджальныя злачынствы накшталт забойства сваякоў, інцэста, знявагі да багоў. Яны ператвараліся ў недатыкальных, ніжэй па статусу, чым рабы. Толькі ў некаторых выпадках выгнаннікі атрымоўвалі заступніцтва ў іншых абшчынах, але пры гэтым ператвараліся ў рабоў. Колькасць апошніх таксама папаўнялася за лік меней небяспечных злачынцаў, ваеннапалонных і дзяцей рабоў. Часам свабодныя бацькі прадавалі ў рабства сваіх дзяцей[15]. У Ама Ігба рабы складалі асобны пласт грамадства. Яны не маглі ўступаць у шлюб са свабоднымі, іх статус перадаваўся па спадчыне. Нават, калі гаспадар даваў рабу волю, ён у вачах астатніх свабодных усё роўна заставаўся рабом і мог у любы час быць вернуты ўладальніку. Некаторыя рабы жылі і працавалі ў сядзібах гаспадароў, але значная частка мела свае надзелы і сядзібы. Здараліся выпадкі, калі рабы багацелі і набывалі сваіх рабоў. Тым не меней, іх правы заставаліся вельмі абмежаванымі. Характэрна, што нават у нашы дні, калі рабства даўно адменена, нашчадкі рабоў працягваюць пакутваць ад знявагі[16]. У XVII — першай траціне XIX стст. многія рабы прадаваліся еўрапейскім гандлярам і вывозіліся імі за акіян. Канчаткова рабства было адменена пасля ўсталявання брытанскага каланіяльнага панавання.

У дакаланіяльны перыяд асноўнай палітычнай адзінкай была пашыраная тэрытарыяльная супольнасць. У некаторых выпадках яна магла займаць значную плошчу, так што ўяўляла сабою дзяржаву або канфедэрацыю абшчын. Усяго іх налічвалася 33. Кожная мела асобную назву. У большасці выпадкаў супольнасці кіраваліся радамі свабодных diala. Прычым, існавалі мужчынская і жаночыя рады, якія дзейнічалі самастойна. Брытанская каланіяльная адміністравцыя не ўлічыла гэтай акалічнасці і болей звяртала ўвагу на дзейнасць мужчынскіх рад. У выніку ў 1929 г. жанчыны ігба распачалі антыкаланіяльны выступ, што ўвайшоў у гісторыю пад назвай Ogu Umunwayi («жаночая вайна»)[17]. Меньшасць супольнасцей мелі манархічную форму кіравання. Адначасова кіравалі мужчына-манарх obi і жанчына-манарх omu[18]. Знутры супольнасцей дзейнічалі мужчынскія і жаночыя карпарацыі. Яны фарміраваліся па ўзрастоваму, прафесійнаму, рытуальнаму прынцыпам. Прыналежнасць да іх давала дадатковы шанц да павелічэння сацыяльнага статусу. Мужчыны маглі атрымаць прэстыжныя тытулы Nze і Ozo, жанчыны — тытулы Omu, Ekwe і Lolo.

Асноўнай сучаснай грамадскай адзінкай з'яўляецца вялікая пашыраная сям'я. У сельскай мясцовасці яе існаванне абумоўлена ручной працай, калі патрабуюцца супольныя высілкі для апрацоўкі палеткаў. У гарадах — недахопам жылля і абмежаванымі магчымасцямі асобных чальцоў знайсці працу. Сем'і аб'яднаны родавымі калектывамі, што аб'ядноўваюць да 9 пакаленняў. Сваяцтва звычайна перадаецца па лініі бацькі. Аднак, калі муж не выплаціў сваякам жонкі выкуп, яго дзеці належаць да роду маці. Некаторыя тэрытарыяльныя групы вядуць адлік сваяцтва як па бацьку, так і па маці[19]. Шлюбы знутры рода забаронены. Да распаўсюджання хрысціянства шырока практыкавалася палігінія.

Прыкладное мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Майстры ігба — выдатныя скульптары. Вылучаюцца надмагільныя статуі ikenga, якія вырабляюць з драўніны або металаў. Найстаражытнейшая металічная ikenga захавалася на могілках у вёсцы Іба Укву. Яна была адліта ў IX ст., мае антрапаморфныя рысы, прапорцыі адпавядаюць чалавечаму целу[20]. Вялікія ikenga належаць цэлым абшчынам і выстаўляюцца падчас святаў. Другі від статуй — невялікія alusi. Яны маюць рытуальны характар і знаходзяцца ў сямейных свяцілішчах. Металургі ўпрыгожвалі выявамі людзей, жывёл і фантастычных істот нават звычайныя пабытовыя рэчы — бронзавыя пасудзіны і масіўныя нажныя бранзалеты.

Другое распаўсюджанае мастацтва mbari — упрыгожванне гліняных сцен жыллёвых пабудоў і магільняў рэльефамі, скульптурамі і малюнкамі[21]. Росквіт гэтага мастацтва прыйшоўся пераважна на першую палову XX ст. Дамы, упрыгожаныя mbari, прысвечаны традыцыйным бажаствам, але на выявах не толькі багі, а таксама мясцовыя выдатныя асобы, продкі, духі і г. д. Рэльефы і малюнкі таксама наносяць на сцены звычайных хацін, дзверы ўпрыгожваюць разьбой.

Ігба з даўніх часоў вырабляюць маскі, што выкарыстоўваюцца падчас святочных відовішчаў, прысвечаных мужчынскай ініцыяцыі. Лічыцца, што маска злучае чалавека са светам продкаў, адасабляе мужчын ад жанчын, палягчае міжгендарныя зносіны[22].

Музычнае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Фальклор ігба ўключае мноства песень, што ўмоўна падзяляюцца на мужчынскую і жаночую лірыку, рытуальныя і святочныя спевы, калыханкі, эпічныя гісторыі. Народныя танцы маюць рознае прызначэнне. Найбольш папулярны танец mmanwu суправаджае святочныя маскарады[23]. Роля жанчын у танцах вызначаецца іх шлюбным і сацыяльным статусам[24]. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: барабаны, флейта, гонг, клавішна-струнны ubo, дудкі odu mkpalo і okike, бразготкі. Адным з незвычайных музычных інструментаў з'яўляецца керамічны барабан udu[25], з дапамогай якога прайграюць басавыя гукі. Сярод ігба надзвычай папулярны розныя галіны сучаснай музыкі, у іх культурным асяроддзі склаліся такія музычныя напрамкі, як odumodu і ігба-хайлайф. Яны сумяшчаюць традыцыйныя заходнеафрыканскія і еўрапейскія матывы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Ігба маюць багаты вусны фальклор, прадстаўлены казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі, прымаўкамі і г. д. У першай траціне XX ст. дзякуючы высілкам хрысціянскіх місіянераў пачалося навуковае вывучэнне мове ігба, была складзена граматыка, пачалося выкладанне пісьмовай мовы ў школах. У 1933 г. быў апублікаваны першы мастацкі твор Omenuko на мове ігба[26]. Пасля II Сусветнай вайны ўзнікла літаратура ігба на англійскай мове. Найбольш вядомыя пісьменнікі ігба: Чынуа Ачубэ, Эмануэль Чуквуды Эзэ, Флора Нвапа, Крыс Абані, Воле Шайінка і інш.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова ігба адносіцца да заходняй галіны бенуэ-кангалезскай моўнай сям'і. Падзяляецца на 13 буйных дыялектаў. Першыя запісы на ёй вядомы з XVIII ст., прычым яны былі зроблены ў Новым Свеце пры выяўленні культуры рабоў афрыканскага паходжання. У 1882 г. брытанскія місіянеры склалі першы слоўнік на мове ігба. У 1999 г. Чынуа Ачубэ прадставіў «стандарт» літаратурнай мовы[27]. У сучаснасці мова ігба развіваецца і вывучаецца не толькі ў Нігерыі, але і за яе межамі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнае свяцілішча

Комплекс традыцыйных вераванняў і рытуалаў ігба мае назву Ọ̀dị̀nàlà. Ён заснаваны на веры ў шматлікіх багоў і духаў. У пантэон найбольш магутных багоў уваходзяць бог грома Amadioha, бог сонца Anyanwu, бог гандлю Ekwensu, багіня зямлі Ala, бог ураджаю клубневых Njoku Ji і інш. Для іх шанавання будуюць свяцілішчы mbari. Ніжэй за іх знаходзяцца малодшыя багі і вышэйшыя духі álúsí. Іх шанаванне адбываецца знутры сям'і або рода. Да багоў звяртаюцца з малітвамі, прыносяць ахвяры. У нашы дні практыкуюцца жывёльныя ахвярапрынашэнні. У мінулым былі вядомы і чалавечыя[28]. Злымі духамі лічаць akalogolu, душы нябожчыкаў, пасля смерці якіх не былі выкананы пэўныя рытуалы, і ogbanje, духі памерлых дзяцей. У адрозненні ад багоў духі могуць прысутнічаць як у духоўным, так і чалавечым сусвеце. У міфалогіі ігба таксама сустракаецца постаць адзінага бога Chúkwú. Верагодна, што яна ўзнікла адносна позна пад уплывам іслама і хрысціянства. У Chúkwú няма асобных месцаў шанавання.

У ігба не склалася саслоўя жрацоў. Рэлігійнымі лідарамі з'яўляюцца манархі і старэйшыны. Волю багоў вызнаюць у вешчуноў, існуюць таксама розныя катэгорыі духоўных лекараў і чараўнікоў. Рэлігійнасць ігба вызначаецца канцэпцыямі ọfọ (сусветнага парадку рэчаў, які забяспечвае справядлівасць) і ogu (індвыідуальных намаганняў)[29]. Падтрымка ọfọ намагае прытрымлівацца шматлікіх рытуалаў, у тым ліку ініцыяцыі, узрастовых пераходаў, сямейных абрадаў, супольных свят. Гэта адначасова падвышае ogu. У той жа час праз ogo магчыма магічнае ўздзеянне на чалавека, у тым ліку адмоўнае. Другая важная крыніца рэлігійнасці ігба — вера ў замагільны свет. Ігба мяркуюць, што пасля выканання пэўных рытуалаў да і пасля смерці могуць ператварыцца ў духаў-заступнікаў сваіх сям'і і рода або нарадзіцца зноў у целе нашчадкаў. Адзін з найбольш важных рытуалаў — наяўнасць помніка ikenga. Яго імкнуцца набыць ужо пры жыцці.

З 1841 г. сярод ігба актыўна распаўсюджваецца хрысціянства[30]. У нашы дні большасць вернікаў адносяцца да той ці іншай хрысціянскай канфесіі. Тым не меней, захоўваюцца традыцыйныя рэлігійныя вераванні. Вернікі часцяком наведваюць, як хрысціянскі касцёл, так і mbari.

Сярод ігба існуе адносна невялікая іўдаісцкая абшчына. Прыхільнікі іўдаізму сцвярджаюць, што гэта рэлігія вядома ў Заходняй Афрыцы са старажытных часоў[31]. На самой справе, іўдаізм пачаў распаўсюджвацца толькі з сярэдзіны XX ст. пад уплывам амерыканскіх місіянераў. Яны, у сваю чаргу, будавалі свае сцверджанні на перакананнях канца XVIII ст.

Уплыў[правіць | правіць зыходнік]

У XVII — першай траціне XIX стст. заліў Біяфра з'яўляўся адным з найважнейшых месцаў вывазу чорных рабоў у амерыканскія калоніі. Дзяржаўныя ўтварэнні ігба ў ніжняй плыні Нігера актыўна супрацоўнічалі з еўрапейскімі гандлярамі рабамі. У выніку з гэтага рэгіёна толькі на Ямайку ў XVIII ст. трапіла 218 942 чалавекі[32]. Канчатковым месцам прызначэння караблёў з жывым таварам часцей была Вірджынія. У XVIII ст. тут сфарміравалася ўстойлівая група крэолаў па паходжанню ігба[33]. Рабы ігба, што траплялі ў амерыканскія калоніі, аказалі актыўны ўплыў на фарміраванне асаблівасцей афраамерыканскай і вест-індскай культуры. У прыватнасці, на крэольскія гаворкі, у якіх зафіксавана лексіка мовы ігба. Рэлігійны культ духаў абеа ў карыбскіх краінах генетычна звязаны з вяшчунамі ọbiạ, здаўна вядомымі сярод ігба[34].

Олаўда Эквіяна (каля 17451797 гг.)[35], вызвалены раб-ігба з Паўднёвай Караліны, прыняў хрысціянства, атрымаў еўрапейскую адукацыю, удзельнічаў у абаліцыянісцкім руху. Ён заставіў пасля сябе ўспаміны, у тым ліку пра дзіцячыя і юнацкія гады ў Заходняй Афрыцы. Дзякуючы яму еўрапейскія навукоўцы здолелі бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнай культурай афрыканскіх народаў. О. Эквіяна меркаваў, што назва ігба (eboe) паходзіць ад старажытных яўрэяў. У XX ст. гэтая ідэя была падхоплена прыхільнікамі гарвіізму і растафары, што сцвярджалі сувязь негрыцянскага насельніцтва са старажытнымі блізкаўсходнімі народамі. Свае ўспаміны пра радзіму, а потым жыцці ў рабстве таксама заставіў ямаец Арчыбальд Монтэйт[36],

Выбітныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Igbo
  2. Katharine Slattery, The Igbo People - Origins & History
  3. Little genetic differentiation as assessed by uniparental markers in the presence of substantial language variation in peoples of the Cross River region of Nigeria
  4. Nigeria’s Archaeological Heritage: Resource Exploitation and Technology
  5. Kingdom of Nri – the history of Nigeria
  6. Language Learning: Igbo
  7. Igbo - Economy
  8. Joseph C. Chukwu, Traditional Igbo Economy: Challenges to Growth and Development
  9. Chidimma Berne Okoye and Obinna E. Ukanwa, Igbo Traditional Architecture: A Symbol of Igbo Cultural Identity
  10. Chidimma Berne Okoye and Obinna E. Ukanwa, Igbo Traditional Architecture: A Symbol of Igbo Cultural Identity ADEBAYO MAYOWA EBENEZER, Pre-Colonial Traditional Architectures Of Nigeria
  11. Akwete cloth: An Igbo textile art
  12. Igbo Culture - Igbo Community Association of Nigeria
  13. The Igbo traditional food system
  14. SOCIAL CONTROL IN PRECOLONIAL IGBOLAND OF NIGERIA
  15. Slavery among the Igbo
  16. Nigeria's slave descendants prevented from marrying who they want
  17. Korieh, Chima J., The land has changed: history, society and gender in colonial Eastern Nigeria
  18. Igbo - Sociopolitical Organization
  19. Igbo - Kinship
  20. African Art Museum
  21. Radiocarbon Dating and Preservation of Cultural Heritage: A Study of Igbo Mbari Culture
  22. VICTOR IKECHUKWU UKAEGBU, THE COMPOSITE SCENE: THE AESTHETICS OF IGBO MASK THEATRE
  23. Top 5 Traditional Dances of the Igbo Tribe of Nigeria
  24. The Igbo Dance Positioning in Nigerian Culture
  25. Igbo musical instruments and their names Read more: https://www.legit.ng/1126026-igbo-musical-instruments-names.html
  26. OMENUKO. THE FIRST IGBO NOVEL by Pita Nwana
  27. A History of the Igbo Language compiled by Frances W. Pritchett
  28. The power of the alusi
  29. Conflicts Between African Traditional Religion and Christianity in Eastern Nigeria: The Igbo Example
  30. IGBO RELIGION
  31. Hebrew Qaraim Community "Igbo Bene Israel"
  32. Joseph Farquharson, THE AFRICAN LEXIS IN JAMAICAN: ITS LINGUISTIC AND SOCIOHISTORICAL SIGNIFICANCE
  33. Douglas Brent Chambers, Murder at Montpelier
  34. Obeah
  35. Olaudah Equiano (c.1745-1797): The Former Slave, Seaman & Writer
  36. Travelling to his African home